Мельнікава прыляцела на Шры-Ланку, але пасля паляцела далей — Цімур Алеўскі
Зніклая спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава адправілася з Лондану на Шры-Ланку з дзецьмі, а з Шры-Ланкі вылецела далей. Пра гэта расказаў у эфіры «Белсата» Цімур Алеўскі, суаўтар расследавання пра Мельнікаву, якое выйшла ў польскім часопісе Polityka. Ён таксама анансаваў працяг расследавання.

Суаўтар расследавання польскага часопісу Polityka, шэф-рэдактар расійскага выдання The Insider Цімур Алеўскі расказаў «Белсату», што расследаванне працягваецца і ў хуткім часе выйдзе яго другая частка.
«Больш поўная, з расказам пра перамяшчэнне Анжалікі Мельнікавай з Варшавы туды, дзе яна цяпер знаходзіцца. Мы думаем, што мы з вялікай доляй упэўненасці ведаем дзе. Яна перамяшчаецца, па-першае. Па-другое, мы, на жаль, не разумеем дасюль матывы яе ўчынкаў. Сёння гэта асноўнае пытанне», — сказаў Алеўскі.
Пакуль ён асцерагаецца казаць, дзе можа быць Мельнікава, бо гэта можа вельмі моцна паўплываць на ейны лёс. Журналіст дадае, што станам на 7 мая вядома больш, чым калі тэкст аддавалі ў друк 3 мая.
«Мы ведалі, што яна вылецела з Лондану на Шры-Ланку. Затым яна далей лятала. Яна была з дзецьмі. Далей нічога расказваць не магу, бо гэта пытанне і яе асабістай бяспекі, і паспяховага заканчэння расследавання», — дадае Алеўскі.
Пра знікненне спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай яе калегі паведамілі ўвечары 28 сакавіка. У заяве Паўла Латушкі гаварылася, што сувязь адсутнічае з 25 сакавіка, аднак гаворка ідзе пра анлайн-камунікацыю. Насамрэч Мельнікаву ўжывую не бачылі ўжо даўным-даўно. Пазней стала вядома, што Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Еўрасаюза 26 лютага, а яе былы муж з'ехаў з Польшчы ў Беларусь 3 сакавіка.
7 красавіка журналістам «Люстэрка» ўдалося паразмаўляць з былым мужам Анжалікі Мельнікавай, які пацвердзіў, што знаходзіцца ў Беларусі, а дзеці — пры ім. Бацькі Мельнікавай у размове з журналістам «Еўрарадыё» таксама пацвердзілі, што дзеці знаходзяцца ў Беларусі, а пра месцазнаходжанне самой Анжалікі яны самі нічога не ведаюць і трывожацца.
8 красавіка віцэ-спікерка Каардынацыйнай рады Станіслава Гліннік, якая цяпер выконвае абавязкі спікеркі, паведаміла, што 13 сакавіка з акаўнта Анжалікі Мельнікавай былі спампаваныя файлы, да якіх яна мела доступ у рамках працы Каардынацыйнай рады. Сярод іх — стратэгічны план, бюджэт, унутраныя даклады і іншыя аперацыйныя матэрыялы пачынаючы з ліпеня 2024 года.
10 красавіка тэлеканалу «Белсат» стала вядома, што з рахунка фонду Białoruś Liberty, заснаванага Анжалікай Мельнікавай, знялі грошы. Зрабіла гэта яна сама ці хто іншы, пакуль невядома.
14 красавіка стала вядома, што расследаванне знікнення Анжалікі Мельнікавай у Польшчы перавялі на больш высокі ўзровень — замест Варшаўскай акруговай пракуратуры гэтым будзе займацца Нацыянальная пракуратура. На думку следчых, справу павінны расследаваць пракуроры, якія займаюцца найбольш важнымі справамі, у тым ліку пытаннямі шпіянажу.
6 мая 2025 года на сайце польскага выдання «Палітыка» выйшла расследаванне «Zniknięcie Anżeliki». Яго аўтары — паляк Павел Рэшка і расіяне Ціму́р Алеўскі і Яўгенія Тамарчанка — сцвярджалі, што знікненне Анжалікі Мельнікавай можа быць звязана з грашыма, якія былі на рахунку фундацыі Bialorus liberty. У тым жа артыкуле ўпершыню была агучаная версія, што з Лондана Анжаліка Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, пры гэтым яе суправаджаў каханак-беларус спартыўнага выгляду, які можа быць супрацоўнікам КДБ.
«Кіберпартызаны»: Мы не ведаем, адкуль у «Палітыкі» інфармацыя пра Мельнікаву
З Лондана Мельнікава вылецела на Шры-Ланку, у яе быў каханак спартовага выгляду з Беларусі
Азараў: Думаю, Мельнікава паехала адпачываць на Кубу
«Вылецела з Лондана ў трэцюю краіну». Што вядома пра знікненне Мельнікавай праз месяц пошукаў
Каментары