У веткаўскім лясгасе бунт з-за нізкіх заробкаў — давялося ўмяшацца генеральнаму дырэктару аб'яднання
Работнікі веткаўскага лясгаса напісалі калектыўную скаргу на кіраўніцтва. Гендырэктар мясцовага ГВЛГА аператыўна прыехаў, каб «тушыць пажар».

Работнікі Веткаўскага спецлясгаса 10 красавіка адправілі калектыўную скаргу на сваё начальства. На ліст адрэагаваў гендырэктар Гомельскага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Ігар Дзягцярык.
У той жа дзень ён прыехаў на прадпрыемства і сабраў работнікаў. Размова працягвалася дзве з паловай гадзіны, піша «Флагшток» са спасылкай на лясгас.
Судзячы па ўсім, работнікі скардзіліся на нізкія заробкі, паламаныя бензапілы і аўтатранспарт.
«Як высветлілася падчас зносін, шэраг пытанняў, узнятых у звароце, быў пацверджаны. Як вынік — адразу ў рамках правядзення сустрэчы кіраўніцтву спецлясгаса былі пастаўленыя канкрэтныя задачы, хаця, як выявілася, усе пытанні маглі быць вырашаныя ўнутры калектыву і не патрабуюць адмысловых намаганняў», — адзначаецца ў паведамленні лясгаса.

Гендырэктар аб’яднання даручыў да канца тыдня разабрацца з арганізацыяй рамонту транспарту Веткаўскага лясніцтва, забяспечыць максімальна аператыўны рамонт бензапілаў, давесці да ведама работнікаў пастаўленыя планавыя заданні, а «ключавое пытанне — дастойныя заробкі работнікаў».
На сайце Веткаўскага спецлясгаса ёсць вакансіі з заробкамі. Так, вальшчыку лесу абяцаюць 1000—1300 рублёў у залежнасці ад выканання нормы выпрацоўкі, майстру лесу — 900—1100 рублёў, электраманцёру і электразваршчыку — 1200—1300 рублёў.
Пры гэтым тэрмінова патрабуюцца на працу спецыялісты па шасці вакансіях. На самую нізкую аплату працы — усяго ад 700 да 1000 рублёў — шукаюць лесавода.
Каментары