Перамовы па ўкраінскім пытанні з амерыканцамі вядзе «самы небяспечны чалавек Расіі»
Нават на піку халоднай вайны шпіёны не падмянялі сабой дыпламатаў. Пуцін змяніў усё. Хто такі генерал-палкоўнік Сяргей Бяседа, які стаў галоўным сакрэтным перамоўнікам Крамля?

Гісторыю генерал-палкоўніка Сяргея Бяседы, які яшчэ летась ананімна сустракаўся з амерыканцамі ў гатэлях, забраніраваных пад фальшывымі імёнамі, каб дамовіцца аб абмене зняволенымі, а цяпер ператварыўся ў публічнага перагаворшчыка Крамля па ўкраінскім пытанні, расказваюць журналісты The Wall Street Journal.
Каб стварыць яго партрэт, яны пагаварылі з цяперашнімі і былымі дыпламатамі і супрацоўнікамі разведкі з Расіі, ЗША, Еўропы і Блізкага Усходу, якія працавалі з генералам на працягу трох дзесяцігоддзяў.
Аналітыкі адзначаюць: тое, што замест МЗС перамовы вядуць спецслужбы — унікальны выпадак. Нават на піку халоднай вайны шпіёны не падмянялі сабой дыпламатаў. Пуцін змяніў усё.
Паводле слоў разведчыкаў і дыпламатаў, якія сядзелі з ім за сталом перамоваў, сам факт удзелу Сяргея Бяседы — чалавека, што дапамагаў планаваць уварванне ва Украіну, — з’яўляецца выразным сігналам для Кіева: Пуцін не адмовіўся ад сваёй мэты — дамагчыся палітычнага кантролю над Украінай. І гэтая мэта непрымальная ні для Кіева, ні для большасці еўрапейскіх сталіц.
Кіеў вінаваціць Бяседу ў тым, што ён узначальваў кампанію па падрыве намаганняў Украіны вызваліцца з-пад уплыву Крамля. Паводле ўкраінскіх звестак, перад пачаткам поўнамаштабнай вайны ўпраўленне ФСБ пад кіраўніцтвам Бяседы збірала сацыялагічную інфармацыю з Украіны, каб падмацаваць у Крамлі рашэнне пра ўварванне.
Яшчэ раней, падчас падзей 2014 года, як сцвярджаюць былыя ўкраінскія чыноўнікі, Бяседа быў задзейнічаны ў аперацыі, якая скончылася расстрэлам дзясяткаў мірных, праеўрапейскіх пратэстоўцаў. Крэмль жа сцвярджаў, што ён знаходзіўся ў Кіеве толькі дзеля аховы расійскага пасольства.
Калі кіраўніка ўкраінскай вайсковай разведкі генерал-лейтэнанта Кірылу Буданава ў 2023 годзе спыталі, каго з расійцаў ён лічыць найбольш небяспечным, той спачатку адмовіўся адказаць, а потым назваў Бяседу: «Ён зрабіў для Украіны шмат зла».

Хто ён — «Барон» з ФСБ
Бяседа пачынаў у КДБ яшчэ ў 1970-я, прыкладна тады ж, што і Пуцін. У 1980-х малады афіцэр Бяседа працаваў у «амерыканскім аддзеле» КДБ, які сачыў за агентамі ЗША ў Маскве. Праз гэтую працу Бяседа фактычна ўдзельнічаў у стварэнні сакрэтнага канала сувязі паміж КДБ і ЦРУ. Гэта быў нефармальны, неафіцыйны канал, праз які, нягледзячы на напружанне халоднай вайны, можна было ўрэгуляваць нейкія крытычныя пытанні ці перадаваць інфармацыю па-за публічнай дыпламатыяй.
Адзін з амерыканскіх чыноўнікаў, які сустракаўся з Бяседай у штаб-кватэры КДБ на Лубянцы, назваў яго «куратарам варвараў» — чалавекам, да якога ЗША маглі звярнуцца, каб ён стрымаў самых агрэсіўных і некантралюемых афіцэраў ФСБ.
Паводле звестак расійскага расследвальнага сайта Agentura.ru, у розны час Бяседа працаваў у сакрэтным падраздзяленні Дэпартамента кантрразведвальных аперацый, якое, як раскрыла The Wall Street Journal, стаяла за арыштамі журналіста выдання Гершковіча і іншых амерыканцаў.
Пасля таго, як Уладзімір Пуцін стаў прэзідэнтам, Бяседа перайшоў на працу ў дэпартамент, які курыруе Адміністрацыю прэзідэнта. З мінулага года генерал з’яўляецца дарадцам дырэктара ФСБ Аляксандра Бортнікава.
Раней ён узначальваў Пятае ўпраўленне ФСБ — менавіта яно адказвае за сувязі спецслужбы з замежнымі партнёрамі, у тым ліку з амерыканскімі ведамствамі. У склад гэтага ўпраўлення ўваходзіць Дэпартамент аператыўнай інфармацыі — падраздзел знешняй разведкі ФСБ, які, паводле звестак ЗША і былых расійскіх сілавікоў, адыграў ключавую ролю ў планаванні ўварвання Расіі ва Украіну.
Бяседа ўваходзіць у вузкае кола чыноўнікаў, якія маюць прамы выхад на Пуціна, які з’яўляецца адзіным цэнтрам прыняцця рашэнняў.
Ён добра размаўляе на іспанскай мове, якой навучыўся падчас службы на Кубе. Сваю мянушку «Барон» генерал атрымаў дзякуючы любві да індывідуальнага пашыву касцюмаў і звычцы курыць цыгары — таксама вынік яго службы на Кубе.
Ключавая фігура самых сакрэтных місій
На Захадзе пра яго мала што вядома, але журналісты WSJ высветлілі, што Бяседа адыграў важную ролю ў некаторых самых сакрэтных місіях Расіі.
Так, калі ў 2022 годзе ў Славеніі былі арыштаваны расійскія шпіёны Дульцавы, якія выдавалі сябе за звычайных аргенцінцаў, ён асабіста паляцеў у краіну, каб дамагчыся лепшага абыходжання з імі. Генерал угаварыў мясцовыя спецслужбы размясціць дзяцей на прасторнай віле і даць магчымасць штодзённых відэазванкоў маці.

Яго роля ва ўзаемадзеянні з амерыканцамі асабліва вырасла пасля таго, як традыцыйныя дыпламатычныя каналы абрынуліся з пачаткам вайны ва Украіне. Сяргей Бяседа стаў адным з нешматлікіх расійскіх чыноўнікаў, якім было дазволена наўпрост кантактаваць з амерыканцамі.
Яго сустрэчы з прадстаўнікамі ЦРУ праходзілі таемна — у канферэнц-залах гатэляў па ўсёй Еўропе і Блізкім Усходзе, без тэлефонаў. У выніку гэтых перамоваў у 2022 годзе адбыліся гучныя абмены зняволенымі: расійскі гандляр зброяй Віктар Бут і наркакур’ер Канстанцін Ярашэнка былі вярнутыя ў Расію, а ЗША атрымалі баскетбалістку Брытні Грайнер і былога марпеха Трэвара Рыда.
У 2024 годзе Бяседа арганізаваў найбуйнейшы абмен, у выніку якога былі вызвалены 24 чалавека, уключаючы журналіста WSJ Эвана Гершковіча.

У адрозненне ад яго, кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў і яго намеснік Сяргей Рабкоў былі фактычна адсунутыя ад удзелу ў перамовах аб абмене зняволенымі.
Пасля таго, як расійскі бліцкрыг ва Украіне праваліўся, з’явіліся звесткі, што Пуцін нібыта пакараў Бяседу і адправіў у знакамітую турму Лефортава. Але праз некалькі тыдняў ён зноў з’явіўся на перамовах, пажартаваўшы цытатай з Марка Твэна: «Чуткі пра маю смерць моцна перабольшаныя».
Расійскі МЗС і ФСБ не каментуюць ролю Бяседы. Афіцыйна ён не фігуруе ў спісе кіраўнікоў спецслужбы, і ягоныя фатаграфіі — рэдкасць. Але менавіта гэты генерал цяпер — цэнтральная фігура ў кантактах паміж Крамлём і Захадам.
І, як адзначае The Wall Street Journal, яго вяртанне сведчыць пра тое, што Пуцін па-ранейшаму ставіць на людзей спецслужбаў — нават у пытаннях, ад якіх залежыць вайна і мір.
Як на замову ФСБ планавалі выкрасці Хрыста Грозева — дэталі шпіёнскай аперацыі, якая цягнулася два гады
Выкрытыя ў Брытаніі шпіёны збіраліся вывезці ў Расію журналіста Хрыста Грозева, які дапамагаў Навальнаму
У Італіі арыштавалі расійскіх шпіёнаў. Адной з задач было стварэнне карты месцаў, не ахопленых відэаназіраннем
Каментары