Грамадства77

«Узяў наган 1917 года». Польшча развярнула 3D-мастака на мяжы з-за хобі і забараніла ўезд на 5 гадоў. Дома таксама праблемы

Хлопец падзяліўся з devby.io сваёй нетрывіяльнай (і драматычнай) гісторыяй пераезду.

— Гэта было ў снежні 2024 года. Мне тады было 22 гады, і я, 3D-мастак у геймдэве, цвёрды джун (пачатковец), выязджаў з Беларусі. Можна сказаць, я дагэтуль не быў у Еўропе і вельмі туды хацеў трапіць. Сябры чакалі мяне, быў варыянт добрай працы — здавалася, усё схоплена, трэба было толькі прыехаць.

Але дурная галава не давала спакою. З 15 гадоў у мяне хобі: я калекцыянаваў макеты зброі, сігнальную зброю, бронекамізэлькі — увогуле тое, што ў нас цалкам легальна і не падлягае рэгістрацыі. Пры гэтым мае даволі вялікую гістарычную каштоўнасць. Да 18 гадоў у мяне ўжо была невялікая калекцыя, да 22-х яна вырасла да вялікай.

Каб вы лепш разумелі, у маёй калекцыі быў дэактываваны наган 1917 года, на які я меў усе паперы з пячаткамі РБ.

Я не змог яго пакінуць і ўначы перад ад’ездам закінуў у сумку, а разам з ім яшчэ ўсякую «дробязь»: пеналы для чысткі АК, жалезную скрынку, процівагаз, кабуру і яшчэ ўсякую фігню.

Разважаў я так: усё, што я вязу, свабодна прадаецца і ў Беларусі, і ў Еўропе без дазволаў, значыць, усё будзе нармальна. У той момант я быў вельмі наіўны. Ну і самі разумееце, што ў выніку атрымалася. Калі на польскім баку я зразумеў, што ўсе пасажыры аўтобуса ідуць з сумкамі на сканер, я дастаў свае дакументы і паказаў іх памежніку

Ён пачаў крычаць «Oh, k…wa!», збеглася чалавек дзесяць, усе пачалі мяне шманаць і апытваць. Потым мяне завялі ў нейкае памяшканне з канапай і пакінулі там да ранку, а з раніцы зноў пачаліся допыты.

Я гаварыў усё як ёсць, паказваў ім свой інстаграм з мадэлямі, тлумачыў, што захапляюся 3D-графікай і геймдэвам. У перапынках паміж допытамі гуляў у прыстаўку (яе мне аддалі). Гэта цягнулася каля сутак. У цэлым да мяне ставіліся нармальна, адзінае — на мяжы мяне ні разу не кармілі, далі толькі банан.

Да вечара мяне перадалі паліцыі, там сказалі, што я павінен аплаціць 1500 злотых (370 еўра).

У паліцыі мяне нарэшце накармілі, далі патэлефанаваць і вярнулі мой тэлефон пасля праверкі. Перад начлегам яшчэ раз накармілі, далі пакурыць — увогуле стаўленне было добрым.

На наступную раніцу ў мяне знялі адбіткі пальцаў і павезлі да пракурора, якая сказала, што мера стрымання ў дачыненні да мяне не абраная і, значыць, я магу знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы. Хтосьці нават дадаў, што, можа, калі б я ішоў праз чырвоны калідор, то ўсё было б інакш. [не раім правяраць і гэты сцэнар — devby.io].

І вось я, ужо без кайданкоў і з валізкай, выходжу з будынка паліцыі, як раптам пад’язджае бус, мне загадваюць сесці і вязуць на мяжу з рашэннем аб дэпартацыі. У рашэнні напісана, што мне забаронена ўязджаць на тэрыторыю Польшчы і шэнгенскай зоны на працягу пяці гадоў.

[Журналісты паглядзелі гэта рашэнне, у ім сярод іншага ёсць спасылкі на «разважанні аб абараназдольнасці або дзяржаўнай бяспецы, або абароне бяспекі і грамадскага парадку» — devby].

Так я зноў апынуўся ў Беларусі.

А праз некалькі дзён да мяне прыйшлі з вобшукам і забралі ў мяне ўсё, нават пнеўматыку і страйкбольны аўтамат, і накіравалі на экспертызу. У выніку мне вярнулі большасць калекцыі, за выключэннем некалькіх экзэмпляраў, якія прызналі халастымі, а не сігнальнымі, і ўтылізавалі. Па мне вынеслі рашэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы.

У сябра ў Польшчы таксама быў працяг.

Падчас допытаў у мяне ўзялі кантакты трох сяброў, што жывуць у Польшчы, і да аднаго з іх у камунальную кватэру прыйшлі «маскі-шоу». А ён увогуле не займаецца ніякімі макетамі, тым не менш яму давялося перажыць некалькі непрыемных дзён на допытах. Пасля гэтага гаспадары выгналі яго з здымнага жылля і пакаралі на 500 еўра паводле дамовы арэнды.

Непрыгожа атрымалася, з-за гэтай гісторыі мы з сябрам пасварыліся. Яго палохалі таксама дэпартацыяй з Польшчы, але ўсё абышлося.

Да двух іншых сяброў не прыходзілі.

«З моманту дэпартацыі сувязі з польскімі службамі ў мяне не было. Толькі месяц таму мне прыйшло заказное пісьмо з польскага раённага суда Бялай Падляскі, якое паведамляе, што аплачаныя мной 1500 злотых пайшлі ў залік нейкай дэбіторскай запазычанасці. І ўсё. Вядзецца ці ў Польшчы нейкая справа ў дачыненні да мяне, калі суд і ці вернуць мне канфіскаваныя рэчы, незразумела».

А рэчаў у мяне канфіскавалі шмат. Акрамя двух сігнальных пісталетаў (праштыфтаваныя, дэактываваныя, прапіленыя, да таго ж з дакументамі), кабуры, макета глушыцеля, прыцэла, забралі жорсткі дыск (там увесь мой камп’ютар, партфоліа і асабістыя здымкі), дзве камеры.

Мне хочацца вярнуць хаця б дыск і камеры. Цікава, куды яны гэта перададуць. Чакаю ліста. Зараз я шукаю працу.

Невялікі камерцыйны досвед у мяне ёсць: паўтара года таму знаёмы пацягнуў мяне на праект. Тады я яшчэ не ўмеў рабіць палову стадый (стварэнне комплекснай 3D-мадэлі — шматузроўневы працэс, трэба ведаць як мінімум чатыры праграмы), але добра справіўся з тэставым і атрымаў за яго аплату.

У выніку мяне ўзялі на праект, дзе я ствараў аптымізаваныя LP-мадэлі і высокапаліганальныя HP-мадэлі, рабіў UV-развёртку. А запяканне і афарбоўку рабіў ужо іншы чалавек. З цягам часу я асвоіў і гэтыя стадыі — так і працаваў, пакуль задачы на праекце не скончыліся. З тых часоў я пракачваў свае навыкі, збіраў партфоліа, працаваў над дробнымі замовамі, рабіў візу і рыхтаваўся да пераезду.

Зараз мой інтарэс да зброі трохі аціх. Вядома, зусім гэта захапленне не кіну, але буду значна спакайнейшы.

Я зразумеў, што 3D у цэлым цікавейшае, чым «жалеза», прычым і ў гэтым занятку я не збіраюся замыкацца на зброі.

Так, мой новы праект — гэта машына, я ўжо прыстасаваў яе для імпарту ў рухавік, каб на ёй можна было пакатацца. Зараз я на стадыі афарбоўкі, працы яшчэ хоць адбаўляй.

Канешне, мець узоры «жалеза» пад рукой для мастака — гэта крута, але зусім не абавязкова. Мне моцна дапамаглі веды ў частцы асаблівасцей зброі, нанясення маркіровак, прынцыпу дзеяння і г. д. Гэта значна палягчае пошук рэфэрэнсаў, але саму працу за цябе не зробіць. Таму наяўнасць пад рукой узораў не мае значэння, іх можна кампенсаваць матэрыяламі з інтэрнэту.

Калі якой-небудзь студыі патрэбны матываваны 3D-мастак у Беларусі ці за мяжой, дайце ведаць ([email protected]) — я дашлю рэзюмэ і партфоліа.

На краіны ЕС, праўда, у бліжэйшыя пяць гадоў я магу працаваць толькі дыстанцыйна. Але калі трэба пераехаць, напрыклад, у Сербію ці Арменію, я магу. Калекцыю абяцаю не браць.

Каментары7

  • Цім
    14.04.2025
    Сапраўды цікавая гісторыя :))) Але ўсё, што здарылася, было прадказальна. Толькі я не зразумеў: як пра ўсё даведаліся "органы" у РБ? Палякі ім данеслі?
  • Brannon Kessler
    14.04.2025
    ду...нь абсалютны
  • М-да
    14.04.2025
    Поляки боятся айтишных джунов больше, чем реальную агентуру, которая годами свободно живет в Польше.

Цяпер чытаюць

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам4

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам

Усе навіны →
Усе навіны

Расіяне, набліжаныя да Крамля, сотнямі атрымліваюць сербскія пашпарты, якія даюць бязвіз у Еўрасаюз13

Ракета «Барс»: што вядома пра новую ўкраінскую распрацоўку і ў чым яе галоўная перавага2

Палітычны чат, у які пісаў Ігар Тур, прызналі экстрэмісцкім10

Цана за самую дарагую кватэру, прададзеную ў Мінску ў сакавіку, блізкая да мільёна даляраў1

Экс-муж Мельнікавай: Пра знікненне Анжалікі нікуды не звяртаўся, не бачу сэнсу29

Што значыць прыезд 150 тысяч мігрантаў з Пакістана ў Беларусь: погляд Ігара Тура30

Ні бульбы, ні капусты. У многіх крамах знікла гародніна, на базарах цэны зашкальваюць28

У Расіі затрымалі былога губернатара Курскай вобласці

Японскі вытворца матацыклаў прэзентаваў робата-каня4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам4

Украінскія войскі адбілі моцную расійскую атаку пад Запарожжам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць