Мэра Даўгаўпілса злавілі на махлярстве з электрычнасцю. Лукашысты злараднічаюць, забыўшыся, што ён «свой»
Латвійскія СМІ паведамілі, што мэр Даўгаўпілса Андрэйс Элксныньш трапіў у непрыгожую гісторыю з незаконным карыстаннем электраэнергіяй. Адносна гэтага эпізоду завялі крымінальную справу, з якой цешыцца лукашэнкаўская прапаганда. Забываючыся пра тое, як нахвальвала гэтага дзеяча раней.

У канцы сакавіка ў шыкоўным сямейным маёнтку мэра Даўгаўпілса Андрэйса Элксныньша было выяўлена нелегальнае падключэнне да электрасеткі. Гэты маёнтак аформлены на маці і жонку палітыка, але некаторы час там жыў і сам мэр.
Спецыялісты латвійскіх электрасетак прыбылі ў маёнтак у суправаджэнні паліцыі і выявілі там пад зямлёй прыладу, якая дазваляла пераключацца з легальнага электразабеспячэння на нелегальнае. Кіраванне прыладай адбывалася дыстанцыйна з кацельні дома. У выніку расход энергіі быў нашмат меншы, чым мусіў бы быць у аб'екце нерухомасці такога памеру.
Сам мэр адмаўляе сваю датычнасць да хітрыкаў з электрычнасцю, спасылаючыся на тое, што не жыве ў тым месцы і нічога не ведае. Ён гаворыць, каб пытанні задавалі ягоным жонцы і цесцю.
У дачыненні да здарэння распачаты крымінальны працэс, які вядзе не даўгаўпілская паліцыя, а праваахоўнікі іншага рэгіёна — Земгаліі, каб пазбегнуць канфлікту інтарэсаў.
З гэтага выпадку напоўніцу злараднічаюць лукашэнкаўскія прапагандысты. У адным з іх каналаў яны пішуць:
«Там, дарэчы, не сціплы дамок, а нармальная такая двухпавярховая даміна на ўчастку ў 8 тыс кв. м. кажуць, нават з антуражам у стылі графскай сядзібы. У тым сэнсе, што гасцей сустракаюць здаравенныя скульптуры львоў на варотах. Ёсць абаграваны басейн. Праўда, для бяспекі запісаны дом на маму, але вядома, што мэр там дакладна жыве з жонкай».
А далей праз асобу даўгаўпілскага мэра лукашысты навальваюцца на ўсю «латвійскую вярхушку», згадваючы пра нядаўняе адключэнне Латвіі разам з іншымі краінамі Балтыі ад агульнай з Беларуссю і Расіяй энергасістэмы:
«Ну, гэта значыць латвійская вярхушка кажа «Гудбай, Ленін!» і потым адразае правады, якія вядуць да таннай электраэнергіі ў Беларусі і Расіі. А самі робяць нелегальныя абыходы да слупа і дзівяцца, чаго гэта чэлядзь так абураецца дзікімі тарыфамі на святло».

Тут, аднак, ёсць адзін пікантны момант. Андрэйс Элксныньш акурат з тых латвійскіх палітыкаў, якіх лукашэнкаўскі рэжым — як і пуцінскі ў Расіі, — мае ўсе падставы лічыць «сацыяльна блізкімі». Так, у ліпені 2022 года, ужо не толькі пасля пратэстаў 2020-га, а нават пасля пачатку вайны ва Украіне Элксныньш прыняў прапанову беларускага консульства ў Даўгаўпілсе і ўзяў удзел у зладжаным ім прыёме з нагоды «Дня незалежнасці» 3 ліпеня.
Той жа самы канал, які цяпер злараднічае з праблем даўгаўпілскага мэра, тады лічыў Элксныньша рэдкім у Латвіі экземплярам з ліку «няўпоратых палітыкаў з цудоўным пачуццём гумару».

Восенню таго ж года Андрэйс Элксныньш, адказваючы журналістам на пытанне пра Крым, сказаў, што «Крым з'яўляецца часткай Расійскай Федэрацыі». Пасля заўвагі, што амаль уся міжнародная супольнасць не прызнала акупацыю паўвострава, ён адказаў, што гэта так, але «немагчыма адмаўляць факт, што яго ўключылі ў склад РФ, і што ўвесь свет працягнуў пасля гэтага супрацоўнічаць з Расіяй».
Адказваючы на пытанне аб адказнасці Расіі за забойствы цывільных у Бучы, мэр Даўгаўпілса сказаў, што «за ўсё, што адбылося, адказныя і Расія, і Украіна, і ЗША».
Урэшце, у мінулым годзе, як і ў папярэднія Элксныньш дэманстратыўна святкаваў дзень Перамогі 9 мая, называючы тую вайну па савецка-расійскай традыцыі «Вялікай Айчыннай». І ў тым самым прапагандысцкім тэлеграм-канале, які сёння праз Элксныньша крытыкуе «латвійскую вярхушку», яго з задавальненем усхвалялі і цытавалі як чалавека, які «трэці год прымушае латышоў не забывацца пра Дзень Перамогі».

Андрэйс Элксныньш з'яўляецца прадстаўніком сацыял-дэмакратычнай партыі Saskaņa («Згода»), якая традыцыйна мела значную падтрымку сярод рускамоўных жыхароў Латвіі, і толькі на апошніх выбарах у Сейм восенню 2022 года не змагла пераадолець 5-працэнтны бар'ер.
Мэр латвійскага Даўгаўпілса назваў Крым расійскім і абвінаваціў у забойствах у Бучы ў тым ліку Украіну і ЗША. У Кіеве яму адказалі
Хто такі Мацвей Бяляй, якога нібыта дэпартавалі ў Беларусь? Расказваем гісторыю дзіўнага актывіста з падазроным мінулым
Азаронак: Не хачу адчуваць сябе хутаранінам у вышыванцы
Прапагандысты згенеравалі голыя здымкі Ментусавай і загрузілі на порнасайт
Каментары