Сезон фантанаў у сталіцы стартуе 25 красавіка.

Як паведамілі Мінск-навінам у Мінскзелянбудзе, традыцыйна сезон фантанаў у сталіцы адкрываецца ў апошнюю пятніцу красавіка і доўжыцца да апошняй пятніцы верасня. На балансе прадпрыемства знаходзяцца 39 фантанаў.
Рэжым працы большасці фантанаў: з 11:00 да 21:00.
Але ёсць і выключэнні: «Свіслач» на рацэ ў парку імя Я. Купалы — працуе з 16:00 да 23:00 штодня. «Моладзевы» (перакрыжаванне вул. Пуліхава і Першамайскай) — да 22:30, па суботах і нядзелях уключаецца ўжо а 10:00. «Жасмінавы» (вул. Жасмінавая) — працуе да 22:00. «Шырма» (вул. Ф. Скарыны) — завяршае працу раней за ўсіх — а 18:00.
«Мінскзелянбуд» папярэджвае: пры асаблівых умовах надвор’я фантаны могуць быць адключаныя. Да такіх умоў адносяцца: дождж больш за 5 мм/гадзіну, тэмпература паветра ніжэй за +10 °C, парывы ветру больш за 10 м/с.
Улічваючы прагноз на рэзкае пахаладанне з 26 красавіка, на доўгія выходныя гарадскія фантаны могуць узяць «паўзу».
Каментары