«Мы ніколі не вернемся сабою ранейшымі». Віталь Рыжкоў вярнуўся да творчасці і сабраў поўную залу на паэтычны стэндап
Беларускі паэт і перакладчык, рэпер і блогер Віталь Рыжкоў зладзіў у варшаўскім кінатэатры Atlantic паэтычны стэндап пра сваё жыццё ў паэзіі. Паэт сабраў аншлаг і прызнаўся, што гатовы дзяліцца ідэяй такой імпрэзы з іншымі пісьменнікамі — у якасці франшызы. Між тым усе 14 радоў глядзельнай залы ператварыліся пад канец вечарыны ў… вершаваныя радкі, піша «Белсат».

Спачатку Віталь Рыжкоў просіць слухачоў цалкам не атаясамліваць ягонай асобы з лірычным героем, якога ён прэзентуе падчас літаратурнай вечарыны. «Гэта будзе, можна сказаць, монаспектакль», — удакладняе паэт.
Шакаладны чэлес і сутнасць паэзіі
Праз 45 хвілін пасля пачатку сустрэчы ў суседняй зале запускаюць фільм The Last Showgirl з секс-бомбаю 1990-х Памелай Андэрсан у галоўнай ролі. Стужку хваляць крытыкі, але з пэўнасцю можна было сцвярджаць, што на «Прэзентацыю» Віталя Рыжкова гледачоў прыйшло больш, чым на ашаламляльную Андэрсан.
Зала амаль запоўненая. Больш за 100 чалавек. Беларуская паэтычная вечарына. Нейкая фантастыка.
Віталь Рыжкоў паказаў, што беларуская паэзія, а дакладней, аповед пра яе і свой лёс у ёй таксама можа быць захапляльны. Можа быць бомбаю. Сэкс-бомбаю — у тым ліку.
Чаго была вартая хаця б гісторыя пра шакаладны чэлес, які ў якасці ўзнагароды лірычнаму герою ўручылі за перамогу ў слэме на ужгарадскім фестывалі «ЭротАртФэст». 300-грамовая статуэтка ў выглядзе мужчынскага палавога органа з шакаладу спрычыніцца пазней да паэтычна-эратычнага скандалу. Герой артыкула падорыць яе (паводле дамоўленасці) у канцы чарговага слэму, які праходзіў ужо ў Мінску, вядомай паэтцы Валярыне К., якую тады перамог.
«Гісторыя не завяршылася. Аднойчы я даведаўся, што адзін жывы беларускі класік, які прысутнічаў на тым спаборніцтве, усё гэта пабачыў і, не зразумеўшы, бо не ведаў пра нашую дамоўленасць, зрабіў першую ў гісторыі Беларусі спробу «закэнсэліць» чалавека. І гэтым чалавекам быў я. Ён разаслаў ліст: маўляў, вось гэты ваш модны малады Віталь Рыжкоў — ён не паэт і не джэнтльмен, таму што ён — х… падарыў такой дзяўчыне… Таму я за Някляева не галасаваў», — зала выбухае смехам.
Гэта гісторыя з ужо далёкага 2010 года. Стасункі лірычнага героя і славутага беларускага паэта Уладзіміра Някляева наладзіліся, калі высветліліся ўсе нюансы той сітуацыі. Але пытанне пра сутнасць паэзіі і месца паэта ў гэтым свеце («Паэзія — х**ня ці не?») робіцца лейтматывам паэтычнага монаспектаклю Віталя Рыжкова, у якім уласна вершы выступалі, як настойваў аўтар, толькі як ілюстрацыі да «цэльнай гісторыі».

Дваццаць гадоў і тры дні таму. Магілёў
«Я не змог сабе да канца адказаць на пытанне, навошта людзям паэзія, — прызнаваўся ў пачатку вечарыны Віталь Рыжкоў. — Сёння і ў цэлым. Навошта яна людзям, якія не любяць літаратуры, і ці можна з яе скарыстацца хоць як-небудзь? Але я думаю, што прынамсі на гэты вечар паэзія — гэта яшчэ адзін сродак паразмаўляць. Пагаварыць разам пра штосьці. І я страшна рады, што гэта не фестываль, дзе за 10 хвілін, якія даюць паэту, ты проста не маеш магчымасці выгаварыцца».
Паэзія як камунікацыя. Але ў першую чаргу — гэта інтанацыя, сцвярджае паэт, расказваючы пра свае першыя вершы: яны былі прысвечаныя вайне ў Чачні і маці («Мама, прыйдзе час, перастанем мы, перабесімся, станем сталымі, а пакуль, калі ласка, адстань ад мяне — я яшчэ пажыву ў хістанні»).
Эпізоды пра сустрэчу з першым жывым паэтам, які невядома з якой прычыны прыехаў выступіць у Магілёў са Смаленска (ягонае прозвішча сцерлася з памяці), пра паэтычнае сталенне і перамогу ў конкурсе «Пластылінавы бусел» таксама сустракаюцца смехам.
Воплескі рэдкія, але, як падаецца шчырыя: Рыжкоў адразу папярэджвае, што пасля смаленскага паэта не любіць ніякіх авацый.
Дарэчы, пра Магілёў («Магілёў — суворы горад…»). Не адбылася б «Прэзентацыя» ў варшаўскім «Атлантыку», калі б «дваццаць гадоў і тры дні таму» паэт не здабыў у Магілёве «Пластылінавага бусла». 20-годдзю той перамогі і быў прысвечаны канцэрт у Варшаве.
«І калі мне ўручылі дыплом, маё жыццё цалкам памянялася», — пасміхаецца са сцэны Віталь Рыжкоў. Паэзія аказалася нечым нашмат большым за нейкую там «х**ню». Прычым настолькі не х**ня, што, як прызнаецца паэт, за ўвесь час ён спаліў некалькі тысяч сваіх вершаў («Я вам столькі часу зэканоміў, мае дарагія!»).

«Я хацеў бы, каб з маімі персанажамі можна было размаўляць…»
Паводле Рыжкова, паэты («гэтыя дзіўныя людзі») дзеляцца на дзве катэгорыі. На паэтаў-нарцысаў, якія любяць сябе ў паэзіі і якім лёгка выступаць. І на паэтаў-неўротыкаў, паэтаў-батанікаў, «якія ўмеюць пасадзіць сябе на дупу і напісаць штосьці», але, часцей за ўсё, не ўмеюць чытаць сваіх вершаў. Бо так шмат уклалі ў іх, што гэта ўжо «гатовы прадукт», гэта — «словы масавага знішчэння», і іх не трэба прыгожа дэкламаваць.
Да якой катэгорыі адносіць сябе лірычны герой, Віталь Рыжкоў не прызнаецца (але мы здагадваемся) і чытае свой пераклад верша «Я магу быць паэтам» амерыканца Тэйлара Мэйлі, імітуючы галасы беларускіх паэтаў Алеся Разанава, Віктара Жыбуля і Андрэя Хадановіча. Як бы потым гэтаму ні пярэчыў, зала зноў выбухае воплескамі.
Потым паэт чытае творы са свайго magnum opus — вершы 2009—2010 гадоў. Гучаць знакамітыя «Дзверы, замкнёныя на ключ», верш, які даў назву першай і пакуль адзінай паэтычнай кнізе Рыжкова (2010, прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча). З настальгічнай усмешкай расказвае, як збіраў на яе выданне грошы (пазычылі іншыя беларускія паэты).
«Мой метад, пра які я пастараюся вельмі каротка і не душна распавесці, заключаецца вось у чым… Паэзія мусіць быць цікавай, як мінімум. Інтэлектуальнай. Я хацеў бы, каб з маімі персанажамі можна было размаўляць…» — кажа Віталь Рыжкоў.
У нейкі момант падалося, што са слухачамі сапраўды размаўляе не Віталь Рыжкоў, а персанажы ягоных твораў. Магія. Яму ўдалося.
«Нам трэба толькі прагнаць страх»
Вяртаючыся да асноўнага пытання — «А што ж такое паэзія?» — у канцы імпрэзы (монаспектакль доўжыўся больш за паўтары гадзіны), Віталь Рыжкоў згадвае свайго бацьку, нармальнага чалавека, не паэта. Цяпер, калі таты ўжо няма, паэт Рыжкоў — ягоны працяг і помнік яму.
«А гэта значыцца, што мне ніколі-ніколі не трэба было даводзіць бацьку, што той занятак, які я выбраў, не фігня. Бо мне як ягонаму працягу гэта відавочна. І ўся гэтая гісторыя з нашымі ранейшымі спробамі штосьці камусьці давесці, уключна з бацькамі, нам не патрэбная. Нам трэба толькі прагнаць страх. Страх, што штосьці можа не атрымацца. Як, напрыклад, страх, што не атрымаецца сабраць 100 сяброў у кінатэатры на паэтычны вечар», — падсумоўвае Віталь Рыжкоў і чытае верш «Унутраны горад».
«Унутраны горад» заканчваецца радкамі: «Аднойчы я пасялюся ў верш… каб зрабіцца ўсім, што навокал, і аднойчы ператварыцца ў кропку». Гэтак ставіць кропку ў сваім выступе паэт. Але Рыжкоў у кропку не ператвараецца (чытаем далей). Выслухоўвае-такі апладысменты і выкрыкі з залы.
А тым часам не пакідае ўражанне, што нейкім магічным чынам выступоўца «пасяліў у верш» усе 14 радоў кіназалы «Атлантыку». 14 добрых радкоў, амаль без прабелаў і знаку прыпынку (санет?)…

«Паэзія пакідала мяне на 9 гадоў»
Як раней казалася, у кропку Рыжкоў не ператвараецца і чытае на развітанне верш, які напісаў у 2025-м, пасля 9-гадовага перапынку («Паэзія пакідала мяне на 9 гадоў»).
Чытае верш, які пачынаецца так: «Мы ніколі не вернемся, бо вяртацца не будзе куды…» А заканчваецца словамі «мы ніколі не вернемся сабою ранейшымі».
Зала на момант сціхае…
Кропку Віталь Рыжкоў не ставіць нават на гэтым. І дзеліцца планамі. Абяцае выданне другой паэтычнай кнігі. Абяцае аўдыторыі да канцы гэтага года завяршыць працу над матэрыяламі да двух музычных альбомаў, адзін з якіх — для сольнага праекта Angst (у спектаклі толькі адзін эпізод, у якім задзейнічаная белая кепка, прысвячае сваёй творчасці рэпера).
«І яшчэ я планую падарыць ідэю такіх сустрэчаў іншым пісьменнікам. Таму што мы сталі ахвярамі з'явы, якая нас усіх замучыла, — фестываляў… дзе беларускаму пісьменніку хутчэй нальюць, чым заплацяць. І гэта не выгадна нікому: ні паэтам, ні людзям, якія цікавяцца паэзіяй. Бо з гэтага немагчыма нешта зрабіць. І гэтыя выступы — культурніцкі прадукт, які не можа існаваць толькі на гранты і толькі чаканнем запрашэння на яго. Дык вось: гэтую франшызу «Прэзентацыі» я з задавальненнем ахвярую і дасылаю ў літаратурны космас — усім астатнім пісьменнікам», — прапануе Віталь Рыжкоў.
Прапанова падабаецца слухачам. З залы гучаць прозвішчы іншых паэтаў і пісьменнікаў, з якімі аўдыторыя з задавальненнем пагутарыла б у фармаце рыжкоўскай «Прэзентацыі». Можа, мы і праўда троху стаміліся ад фестываляў і выбіванняў грантаў на іх?..
Білет на «Прэзентацыю» Рыжкова каштаваў, дарэчы, 80 злотых (троху больш за 18 еўра) — даражэй, як на The Last Showgirl з Памелай Андэрсан. Але была вартая таго.
І нарэшце — кропка. Віталь Рыжкоў (невядома, жартам ці не) абяцае зрабіцца дзіцячым пісьменнікам («Бо кан'юнктура! Добра прадаецца, асабліва ў Польшчы»). І прэзентуе «першы верш для сваёй першай дзіцячай кнігі».
«Наш маленькі сын Вадзім сёння дупку застудзіў. Бо адразу дзве бабулі яму ў дупу дзьмулі… » — так гэта гучыць.
Ведаючы Рыжкова, можна здагадвацца, што «дупка Вадзіма» — гэта, можа быць, яшчэ і якая-небудзь «відзежная метафара» паэта. Толькі вось што за ёю крыецца?.. Ператвараемся ў кропку.
Каментары