«Гаворка пра сотні чалавек». За год у спісе «экстрэмісцкіх фармаванняў» з’явіліся сем адукацыйных праектаў
Ініцыятывы, якія прапаноўвалі настаўнікам абменьвацца канспектамі заняткаў, дзяліцца карыснымі матэрыяламі і вучыцца адзін ад аднаго працы са штучным інтэлектам, прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Чаму так адбылося?

З мінулага года як мінімум сем адукацыйных праектаў КДБ дадаў да спісу «экстрэмісцкіх фармаванняў». Частка з іх ніяк не была звязана з палітыкай — ініцыятывы накшталт «Адукаванкі» ці Nastaunik.info распавядалі пра самыя новыя прынцыпы для эфектыўнага выкладання і, напрыклад, прапаноўвалі настаўнікам дапаможнік па працы з чатам GPT.
У спісе таксама апынуліся «Васьміног» — платформа для школьнікаў і іх настаўнікаў, праект для жанчын «Школа лідарства», ініцыятыва «Гэта моладзь», створаная прадстаўніцай Святланы Ціханоўскай Маргарытай Ворыхавай, Вольны Беларускі Універсітэт і іншыя. Сацсеткі сайта з адукацыйнымі магчымасцямі adu.place суд Чашніцкага раёна палічыў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Кіраўнік праекта «Васьміног» Аляксей Канстанцінаў патлумачыў «Нашай Ніве», што, нягледзячы на тое, што КДБ дадаў ініцыятыву да «экстрэмісцкіх фармаванняў» у красавіку 2025 года, платформа фактычна спыніла сваю працу яшчэ летась. Сайт з карыснымі матэрыяламі пры гэтым усё яшчэ дасяжны.
«На размовы выклікалі амаль усіх настаўнікаў, якія былі хоць неяк актыўныя»
Стваральніца яшчэ адной адукацыйнай ініцыятывы, якая трапіла пад прызнанне «экстрэмісцкім фармаваннем», у размове з «Нашай Нівай» падкрэсліла, што ініцыятыва ніколі не была афіляваная з палітычнымі структурамі і працавала на стварэнне супольнасці настаўнікаў унутры краіны.
Інга (імя актывісткі зменена) пачала ствараць праект яшчэ ў 2019 годзе, а ў 2021-м занялася ім больш актыўна. Пакрысе ініцыятыва пашыралася і да 2024 года аб’ядноўвала ўжо каля 1200 настаўнікаў па ўсёй Беларусі. Асноўны ціск з боку сілавікоў на каманду пачаўся ўлетку 2024 года.
«На размовы выклікалі амаль усіх настаўнікаў, якія былі хоць неяк актыўныя. Гаворка пра сотні чалавек. Палітыка сілавых органаў была такая: памахаць пальчыкам, маўляў, адпісвайцеся, не трэба вам з імі супрацоўнічаць, яны нехарошыя людзі. Запужвалі», — кажа яна.
У нейкі момант паведамленні з заклікам не давяраць арганізатарам пачалі з’яўляцца і ў чаце ініцыятывы — рабілася гэта з акаўнтаў тых, хто нядаўна далучыўся да абмеркавання.
«Калі Офіс пра іх піша, значыць, гэта іх»
На размовах КДБ ці звычайныя міліцыянеры пыталіся ў выкладчыкаў, чаго ім не хапае ў дзяржаўнай адукацыі. І так было па ўсёй Беларусі, кажа Інга, — танальнасць размоў залежала яшчэ ад рэгіёну. Перад выбарамі настаўнікам казалі, што праз незалежныя адукацыйныя праекты ім збіраюцца «прамываць мазгі і казаць, каб яны зрабілі рэвалюцыю».
«Мы дыстанцыянаваліся ад любых палітычных і квазі-палітычных калабарацый, прасілі пра нас ніяк не пісаць і не ўзгадваць. У КДБ была прэтэнзія, што калісьці на сайце Офіса па адукацыі каманды Святланы Ціханоўскай, калі там рабілі агляд магчымасцяў, згадваўся наш праект. Казалі: вось, калі Офіс пра іх піша, значыць, гэта іх. Мы адказвалі, што пра нас піша не толькі Офіс, але і Акадэмія паслядыпломнай адукацыі і рэгіянальныя інстытуты».
На думку Інгі, ціск на незалежныя адукацыйныя праекты ў Беларусі звязаны не столькі з самой адукацыяй, колькі з забаронай любых структур, вакол якіх людзі могуць аб’ядноўвацца.
З прызнаннем праекта «экстрэмісцкім фармаваннем» Інга і яе калегі вырашылі выдаліць суполку, каб не падстаўляць людзей у Беларусі. Настаўнікі пісалі шмат слоў падтрымкі і цікавіліся пра тое, чаму так сталася. «Адказвалі, што і самі не разумеем», — кажа актывістка.
«Праблема ў тым, што выкошваецца кожная структура, гэта не дае людзям магчымасці абменьвацца досведам, развівацца. Дзяржаўная адукацыя дастаткова непаваротлівая і не пакрывае цалкам патрэб у навучанні настаўнікаў. Недзяржаўныя праекты стваралі гэтыя магчымасці для нефармальнага ўзаемаабмену вопытам — насамрэч, ён значна больш уплывае на адукацыю, чым фармальнае павышэнне кваліфікацыі. Зараз гэтыя магчымасці абмежаваныя», — кажа Інга.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
І людзі спыняюцца ў развіцці. Не даюць развівацца, а гэта таксама частка жыцця.
І так краіна спазняецца за іншымі, ім трэба ўвогуле прыпыніць усё.