У Кітаі пакаралі смерцю 11 членаў сіндыката Мін. Яны кіравалі скам-цэнтрамі і казіно ў М'янме
Членаў сіндыката Мін затрымалі ў М’янме ў лістападзе 2023 года недалёка ад кітайскай мяжы.

У Кітаі пакаралі смерцю 11 чалавек — членаў сіндыката Мін, які вёў дзейнасць у М'янме, у тым ліку кіруючы скам-цэнтрамі і незаконнымі казіно. Скам-цэнтры — сур'ёзная праблема ў Паўднёва-Усходняй Азіі, і кітайцы часцяком становяцца ахвярамі анлайн-махлярства. Гэта першы смяротны прысуд, прыведзены ў выкананне ў Кітаі па такой справе, піша Бі-бі-сі.
Прысуд членам сіндыката быў вынесены ў верасні 2025 года. У лістападзе вышэйшая судовая інстанцыя адхіліла апеляцыю, і ў чацвер, 29 студзеня, кітайскія СМІ паведамілі пра тое, што прысуд быў прыведзены ў выкананне.
Скам-цэнтры і казіно прынеслі сям'і Мін больш за 10 млрд юаняў (1,4 млрд даляраў ЗША) у перыяд з 2015 па 2023 год. Іх дзейнасць прывяла да смерці 14 грамадзян Кітая, пастанавіў суд.
Не ўсіх членаў сіндыката, арыштаваных у 2023 годзе, прысудзілі да смяротнай кары. Яшчэ 23 чалавекі атрымалі ад пяці гадоў да пажыццёвага зняволення.
Гэта першае пакаранне смерцю ў Кітаі па справе, звязанай з дзейнасцю скам-цэнтраў у М'янме. У лістападзе да смяротнай кары былі прысуджаныя пяць членаў сіндыката Бай, а суд над дзвюма іншымі групоўкамі — Вэй і Лю — усё яшчэ ў працэсе.
Дакладных даных пра тое, наколькі часта караюць людзей у Кітаі, няма: такая статыстыка лічыцца дзяржаўнай таямніцай. Праваабаронцы мяркуюць, што Кітай — лідар па ліку смяротных пакаранняў у свеце.
Сіндыкат Мін вёў сваю дзейнасць у асноўным у горадзе Лаукай, які да лістапада 2023 года быў падкантрольны ваеннай хунце М'янмы, а затым — мясцовым паўстанцам.
Лаукай — сталіца самакіравальнай зоны Кокан на мяжы з Кітаем, дзе жывуць бірманскія кітайцы. У 2000‑х гадах горад паступова ператварыўся з жабрацкай глушы ў цэнтр казіно і кварталаў чырвоных ліхтароў.
Затым у ім з'явіліся і скам-цэнтры, якія спецыялізуюцца на анлайн-махлярстве. Самым вядомым такім цэнтрам была «Віла тыгра, які крадзецца», якую ўзначальваў Мін Сюэчан, лідар сіндыката Мін.
Мін Сюэчан загінуў у лістападзе 2023 года, калі іншыя яго сямейнікі былі арыштаваныя: па словах уладаў, 69‑гадовы мужчына скончыў жыццё самагубствам, каб пазбегнуць затрымання. Яго сын Мін Гапін і ўнучка Мін Чжэньчжэнь былі сярод пакараных смерцю ў чацвер.
Па ацэнцы Інтэрпала, па ўсім свеце (і асабліва ў Паўднёва-Усходняй Азіі) у скам-цэнтрах вымушаныя працаваць сотні тысяч ахвяр гандлю людзьмі. У 2023 годзе анлайн-махлярства прывяло да страты як мінімум 37 млрд даляраў ЗША па ўсім свеце, згодна з падлікамі ААН.
У апошні час скам-цэнтры перамясціліся з паўночнага ўсходу М'янмы ў іншыя рэгіёны — на мяжу М'янмы і Тайланда, а таксама ў Камбоджу і Лаос, дзе ў Кітая нашмат менш уплыву.
Мясцовыя ўлады ў апошнія месяцы ўзмацнілі ціск на скам-цэнтры. У кастрычніку 2025 года ваенная хунта М'янмы правяла рэйд у адным з найбуйнейшых комплексаў на мяжы з Тайландам, вызваліўшы больш за 2000 чалавек. У Камбоджы ў студзені 2026 года быў арыштаваны, а затым экстрадзіраваны ў Кітай бізнесмен Чэнь Чжы (ЗША і Вялікабрытанія лічаць яго кіраўніком сеткі скам-цэнтраў у Паўднёва-Усходняй Азіі).
Інтэрпал асцерагаецца, што індустрыя скам-цэнтраў можа перамясціцца ў іншыя рэгіёны — Блізкі Усход, Заходнюю Афрыку або Цэнтральную Амерыку.
Цяпер чытаюць
Агентка Кардаш выкарыстоўвала сэкс, каб збіраць інфармацыю пра каліноўцаў і завербаваць украінскага камандзіра. А куратару КДБ пісала пра яго: «Мой лох»
Каментары