У Мінскім гарвыканкаме абмеркавалі, як палепшыць бяспеку і камфорт руху на Мінскай кальцавой аўтадарозе. Гэтае пытанне стала галоўнай тэмай пасяджэння камісіі па бяспецы дарожнага руху, піша БелТА.

Намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзяніс Лівановіч адзначыў, што праблему перагрузкі МКАД трэба вырашаць комплексна. Паводле яго слоў, трэба ўлічваць не толькі тэхнічныя параметры кальцавой дарогі і яе загружанасць, але і прапаноўваць гараджанам альтэрнатыўныя маршруты, каб не прыходзілася выязджаць на МКАД без патрэбы.
Ён падкрэсліў, што некаторыя раёны Мінска — напрыклад, участкі паміж Заводскім і Ленінскім, Ленінскім і Кастрычніцкім, а таксама паміж Фрунзенскім і Цэнтральным — амаль не маюць транспартнага злучэння, акрамя як толькі праз МКАД. У выніку людзі вымушаныя карыстацца кальцавой нават для кароткіх перамяшчэнняў унутры горада. А МКАД — адзін з самых аварыйных участкаў: большая частка ДТЗ з пацярпелымі адбываецца менавіта там.
Таксама абмеркавалі пілотны праект, які накіраваны на змяншэнне нагрузкі на ўнутранае кальцо МКАД і павелічэнне яго прапускной здольнасці. Праект яшчэ на стадыі распрацоўкі, але ўжо выклікае шырокае абмеркаванне. Яго мэта — палепшыць транспартную інфраструктуру Мінска і стварыць аснову для сістэмных рашэнняў, якія змогуць знізіць нагрузку на кальцавую дарогу і павысіць бяспеку.
Каментары