Азаронак напісаў пра палітэмігранта — пасля гэтага брата і бацьку таго кінулі за краты
Гамяльчук Мікалай Стагурскі пасля ад'езду за мяжу расказаў, што яго спрабавалі вербаваць спецслужбы. Пасля гэтага пра яго напісаў Азаронак, а па яго малодшага брата Змітра і бацьку прыйшлі сілавікі. Зміцер расказаў пра тыя падзеі.

«Байсол» збірае грошы, каб дапамагчы Змітру Стагурскаму ўладкавацца за мяжой — паўдзельнічаць можна тут.
«Ці ты хочаш зладзіць нейкі тэракт?»
Гамяльчук Мікалай Стагурскі ў 2022 годзе працаваў у рэстаране хуткага харчавання, калі яго затрымалі па палітычнай адміністрацыйнай справе і паспрабавалі завербаваць. Па заданні спецслужбаў ён звязаўся з «Байсолам» і папрасіў дапамогу, а потым зняўся ў рэпартажы для дзяржТБ з расказам, што быццам бы не атрымаў ад «Байсола» ніякай дапамогі.
У выніку Стагурскі вырашыў перапыніць кантакты з органамі і з’ехаў з Беларусі.
На той час Зміцер, малодшы брат Мікалая, толькі сканчваў школу. Пазней ён паступіў у Рэчыцкі аграрны каледж, вучыўся на заатэхніка, і паспеў дабрацца да пераддыпломнай практыкі — па стане на люты 2025-га Зміцер якраз яе праходзіў.
Змітру на той час было 19 гадоў, ён жыў у Гомелі. Аднойчы ранкам, калі хлопец збіраўся ісці на практыку, да яго пачалі ламацца ў дзверы:
«Падыходжу да дзвярэй, бачу — там двое мужчын у цывільным адзенні. Дзверы былі адчыненыя, і яны ўвайшлі спакойна. Адразу ж адабралі тэлефон і пачалі соваць мне паперкі, што яны з міліцыі. Мне пазваніла мама, дык яны проста выключылі мой тэлефон.
Потым яны прайшлі ў пакой для вобшуку. Прасіў у іх ордэр — спачатку праігнорылі, потым паабяцалі даць ордэр пазней, але ў выніку так і не далі».
Змітра адвезлі ў аддзяленне міліцыі, дзе пачалі распытваць наконт брата:
«Пыталіся: давай кажы, мы ведаем, што ты з ім камунікуеш. «Магчыма, ён цябе тузае за нейкія нітачкі? Ці ты хочаш зладзіць нейкі тэракт?» Адказваў, што я цяпер вучуся і ў мяне нічога такога няма ў планах».
Тады Змітру пачалі пагражаць, што падкінуць наркотыкі, ён пачуў размову сілавікоў пра тое, які для яго можна прыдумаць крымінальны артыкул. Скончылася тым, што ў тэлефоне хлопца знайшлі падпіску на паблік «Гомель анлайн» і прысудзілі 15 сутак арышту за падпіску на «экстрэмісцкі» канал.

Яшчэ да суда, у «малпоўніку», Зміцер сустрэў свайго бацьку. Стагурскага-старэйшага затрымалі праз гадзіну пасля яго, яму таксама выпісалі 15 сутак. Самога Змітра ў ізалятары моцна ўдарылі па назе — маўляў, «няправільна стаяў». Хлопец атрымаў разрыў меніска і дагэтуль адчувае боль.
На Стагурскіх звярнулі ўвагу пасля пагрозаў ад Рыгора Азаронка. 25 студзеня 2025-га прапагандыст апублікаваў у сваім тэлеграм-канале пост суполкі «Их ждет суд», аўтары якога быццам бы бачылі ў дзеяннях Мікалая Стагурскага чатыры крымінальныя артыкулы.
«Дачакаўся, пакуль выпусцяць бацьку — ён выйшаў сівы»
Свае 15 сутак Зміцер правёў з іншымі «экстрэмістамі» — дырэктарам таксапарка, праграмістам і кіраўніком аддзела ў адной з гомельскіх арганізацый. Кажа, што ставіліся да іх, «як да быдла» — мацюкаліся, называлі вырадкамі.
Спаў хлопец на падлозе, двойчы хадзіў на допыты. На апошнім пачалі пагражаць, што павязуць у лес, зламаюць нагу ці нешта падкінуць.
Калі Зміцер выйшаў з ізалятара, яго сустрэла маці:
«Яна мне потым апісала, што я быў бледны, глядзеў у адну кропку і баяўся ёй нешта сказаць. Дачакаўся, пакуль выпусцяць бацьку — ён выйшаў сівы і таксама баяўся нешта сказаць».
Праз тыдзень Змітру пазванілі і сказалі, што ён можа прыйсці па свой ноўтбук, які ў яго забралі падчас вобшуку. І з таго часу пачаліся пагрозы:
«Казалі: мы можам цябе недзе закрыць, калі ты камусьці раскажаш [пра арышт]. Таксама і бацьку пагражалі, што пасадзяць мяне, калі ён камусьці раскажа. І таму, праз гэтыя пагрозы, мне давялося з’ехаць».
Бацька Змітра таксама пакінуў Беларусь. Мужчына мае ізраільскае грамадзянства ў дадатак да беларускага, але перад арыштам у яго забралі абодва пашпарты — давялося рабіць новы дакумент.
Сам Зміцер цяпер асвойваецца ў Еўропе і падумвае зноў пайсці вучыцца.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
І вас, хто “маніторыць” каменты тут, не перажывайце