У Офісе Ціханоўскай працуе выкладчык з Даніі. Ён расказаў, чаму кінуў камфортнае жыццё і заняўся беларускай справай
Карым Педэрсан — адзіны замежнік у Офісе Ціханоўскай — кіраўнік аддзела міжнародных камунікацый. Грамадзянін Даніі, ён нарадзіўся ў Швейцарыі, у сям’і датчанкі і індуса персідскага паходжання. Карым ведае некалькі моваў: англійскую, нямецкую, дацкую, вучыў таксама беларускую, рускую, французскую і літоўскую.

Хоць у яго няма беларускіх каранёў, Карым прысвяціў апошнія чатыры гады працы ў падтрымку беларускай дэмакратыі. Ён расказаў «Нашай Ніве», як адрокся добрага заробка ў Даніі дзеля працы ў Офісе і чаму марыць пра сям'ю з беларускай.
«Гэта было чыстае захапленне»
Карыму 46 гадоў, па адукацыі ён журналіст, да 2013 года пісаў выключна пра IT і тэхналогіі. Упершыню ён прыехаў у Беларусь 20 гадоў таму — яго запрасіла адна з мінскіх IT-кампаній.
«Я быў даволі малады, мне было 25. Мала што ведаў пра краіну. І таксама мала што ведаў пра яе палітыку ў той час, быў цалкам засяроджаны на IT і бізнэсе. Яны запрасілі мяне і другі раз — можа, праз пяць гадоў. Я падаваў заяву на журналісцкую візу. І мне было вельмі цяжка трапіць у краіну. У аэрапорце сутыкнуўся з праблемамі, хаця пра палітыку ніколі не пісаў. Зразумеў, што сітуацыя ў краіне спецыфічная», — расказвае ён.
З 2013 года Карым выкладаў у дацкай школе для дарослых палітычны актывізм, дэмакратыю і тэхналогіі. Яго натхняла праца з моладдзю.
У 2020 годзе Карым пільна сачыў за пратэстамі ў Беларусі, якія яго моцна ўразілі. Каб падтрымліваць беларусаў, мужчына далучыўся да таварыства «Талака» ў Даніі, дзе хутка стаў намеснікам старшыні. Разам яны распрацавалі серыю варкшопаў для дацкіх студэнтаў, прысвечаных Беларусі і падтрымцы палітвязняў.

«У «Талацэ» вельмі мала датчан, пераважна беларусы, якія прыехалі даўно і маюць сем’і з мясцовымі. Я, напэўна, быў адзіным, хто наогул не меў ніякіх сувязяў з Беларуссю — ні сямейных, ні сяброўскіх. Гэта было чыстае захапленне і жаданне змагацца за добрую справу», — кажа ён.
Увогуле палітыкай Карым зацікавіўся ў 2019 годзе, калі паехаў у Ганконг — у той час там якраз пачаліся пратэсты.
«На піку пратэстаў на вуліцах было два мільёны чалавек з шасцімільённага насельніцтва — людзі патрабавалі свабоды, не хацелі быць часткай Кітая, — кажа ён. — Гэта таксама вельмі мяне ўразіла. Таму, напэўна, гэта жаданне — рабіць нешта важнае — было ўва мне заўсёды. Але я не ведаў, як дакладна магу ў гэтым удзельнічаць. Я шмат падарожнічаў, у тым ліку па Афрыцы, але найбольш — па Азіі. І гэта адкрыла мне вочы на няроўнасць і несправядлівасць, якая існуе ў свеце».
«Я нават не ўпэўнены, ці дацягвае мой заробак да мінімальнага ў Даніі»
У 2021 годзе Карым вырашыў рабіць яшчэ больш для Беларусі і паехаў у Вільню валанцёрыць у Офіс Святланы Ціханоўскай. Ён падумаў, што гэта — шанец, які бывае раз у жыцці.
«У мяне тут не было сям’і, якая б мяне трымала, як і няма цяпер. Таму я вырашыў пераехаць у Літву і далучыцца да Офіса як валанцёр. Я жыў на свае зберажэнні, звольніўся з школы. Дарэчы, студэнты падтрымалі маё рашэнне пайсці працаваць у Офіс. У 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, я разважаў: можа, мне варта паехаць ва Украіну і дапамагаць там, а не Беларусі?
Але я прыйшоў да высновы, што дапамога дэмакратычнай Беларусі — гэта таксама дапамога Украіне. І я пераканаў сябе, што гэта — правільны шлях. Гэта лепшы спосаб, якім я магу дапамагчы. Бо, скажам, на фронце я, напэўна, не быў бы карысным».

З часам зберажэнні Карыма скончыліся, і ён больш не мог працягваць быць валанцёрам. Тады яму прапанавалі пасаду ў Офісе з невялікім заробкам.
«Я нават не ўпэўнены, ці дацягвае ён да мінімальнага заробку ў Даніі. Думаю, што не. Жыву ў сяброў. Раней арандаваў дом, але выехаў з яго, прадаў рэчы. Стараюся скарачаць выдаткі ўсюды, дзе магу. Я не маю адпачынку — але і часу на яго таксама асабліва няма. Жыву вельмі проста і стараюся адаптавацца. Але, вядома, гэта барацьба. І гэта самаахвярнасць».
Калі Карым пачынаў працу на беларускую справу, у яго была надзея, што перамога ў Беларусі прыйдзе хутка. Ён зусім не чакаў, што гэта зацягнецца на гады — як і шмат хто з беларусаў.
«Таму мне давялося перабудаваць сваё жыццё, каб працягваць. У мяне няма сям’і. Я не адказваю ні за каго, акрамя сябе. Таму магу спрабаваць адаптаваць сваё жыццё. Але, вядома, для гэтага патрэбна вялікая матывацыя і вера ў тое, што ты робіш.
Мне нядаўна прапаноўвалі працу тут, у Даніі. Але кожны раз у Офісе кажуць: «Ты патрэбны нам». Не магу іх падвесці. І гаворка тут не толькі пра Офіс. Я ж далучыўся не дзеля самога Офіса, а дзеля сітуацыі — асабліва дзеля палітвязняў».

«Усё яшчэ спадзяюся калісьці мець сям’ю, не хачу быць адзін усё жыццё»
У доўгатэрміновай перспектыве Карым хацеў бы вярнуцца да выкладання ў школе ў Даніі. Але таксама марыць адкрыць аналагічную дацкай навучальную ўстанову ў вольнай Беларусі.
«Запрасіць туды маладых людзей і вучыць іх дэмакратыі. Бо менавіта так 150 гадоў таму ў Даніі мы і пабудавалі сваю дэмакратыю — праз такія школы для простых людзей».
Паглядзеўшы на сем’і паміж датчанамі і беларусамі ў «Талацэ», Карым таксама стаў марыць завесці адносіны з беларускай.
«Але я не ўлічыў, што буду працаваць увесь час. У мяне зусім няма сацыяльнага жыцця. Не хаджу нікуды, не сустракаю людзей па-за працай. Але ўсё яшчэ спадзяюся калісьці мець сям’ю, не хачу быць адзін усё жыццё. Пры гэтым праца не вельмі спрыяе сямейнаму жыццю, бо ты пастаянна заняты, а сям’я — гэта ж пра тое, каб мець час адно для аднаго.
Але, можа, беларускі лепш гэта зразумеюць. Можа, яны скажуць: «Добра, калі ты ў працы з галавою, бо гэта важна». Гэта мая надзея».
«Гэта звязана з асабістай гісторыяй Ціханоўскай»
Пацікавіліся ў Карыма, як яму працуецца з беларусамі і асабіста са Святланай Ціханоўскай.
«Зразумела, што ёсць моўны бар’ер. Гэта было першым, што я заўважыў. Не ўсе размаўляюць па-англійску на аднолькавым узроўні — гэта пэўнае абмежаванне. І культура ў многім іншая. Таму мне даводзіцца адаптавацца. Калі толькі прыехаў, зусім нікога не ведаў у Літве, але людзі праявілі клопат і дапамаглі мне адчуць сябе як дома.
Што тычыцца Святланы, то ўпершыню сустрэўся з ёй у снежні 2021-га. Быў проста ў шоку — адчуваў сябе быццам перад знакамітасцю. Мяне вельмі прыцягнула яе гісторыя: як яна пакінула краіну з дзецьмі, як яе муж трапіў у турму. Бо адна рэч — гэта палітычная сітуацыя, але тое, што сапраўды кранае, — гэта асабістыя гісторыі. І для мяне дапамога Офісу была шмат у чым звязаная менавіта з яе асабістай гісторыяй.
У той першы час мы не вельмі шмат размаўлялі. Але з цягам гадоў з’явілася больш зносін. І цяпер яна для мяне — звычайны чалавек, не зорка і не недасяжная фігура.
Я адчуваю глыбокую павагу і захапленне яе выбарам».
У 2023 годзе Карым стаў стыпендыятам праграмы Obama Leaders, куды падаў заяўку, заснаваную на працы, якую ён вядзе для Беларусі. Гэта стыпендыяльная ініцыятыва Фонду былога прэзідэнта ЗША Барака Абамы, якая накіраваная на развіццё патэнцыялу маладых лідараў, што займаюцца грамадскай, палітычнай або сацыяльнай дзейнасцю ў сваіх рэгіёнах.

«Калі арганізоўваў сустрэчу Святланы Ціханоўскай з былым прэзідэнтам ЗША Баракам Абамам у Даніі, то тады шчыльна пазнаёміўся з яго камандай і са стыпендыятамі гэтай праграмы. Вырашыў падаць заяўку, у якой напісаў пра тое, як я адмовіўся ад звыклага, бяспечнага жыцця, каб заняцца справай, якая не зусім звычайная», — расказвае ён.
«Часам здаецца, што мы робім гісторыю, што займаемся нечым неймаверна важным — калі Ціханоўская падарожнічае, выступае ў парламентах, і я магу быць часткай гэтага. І менавіта гэта трымае мяне — пакуль
я адчуваю, што мая праца недарэмная. Я — частка чагосьці важнага. Гэта дало майму жыццю сэнс і мэту, якіх мне не хапала».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ33-гадовы Даніла Гаркавы, які нечакана пакінуў Офіс Ціханоўскай, расказаў пра сваю анкалогію і сем аперацый
«На выбарах прэзідэнта я б галасаваў за Латушку». Гутарка з патэнцыйным спікерам КР Арцёмам Бруханам — пра смерць маці, татуіроўкі і Мельнікаву
Ціханоўская: Расійская апазіцыя павінна дыстанцыявацца ад імперыялістычнага наратыву
Дзяніс Кучынскі ў Ватыкане гаварыў з Сергеенкам і Амбразевічам
Каментары
Беларусаў бяз досведу, але з мовамі на гэтую пасаду канешне няма.