У гандлёвых сетках чарговы дэтэктыўны трылер: з паліц знікла цыбуля. Tochka.by апытала ўдзельнікаў рынку і высветліла, што здарылася.

Спачатку ўзніклі праблемы з бульбай: спачатку яе не было, потым з’явілася, але суадносіны «цана — якасць» выклікалі шмат пытанняў. Цяпер жа ў продажы амаль немагчыма знайсці звычайную рэпчатую цыбулю.
Для праверкі сітуацыі журналісты выпадковым чынам выбралі 12 крам у розных раёнах горада — ад невялікіх гандлёвых кропак да буйных гіпермаркетаў. Толькі ў дзвюх крамах была цыбуля.
Крамы «каля дома»:
У «Еўраопце» на вул. Свярдлова, 22, не аказалася ніякай цыбулі. Такая ж сітуацыя ў «Суседзях» на вул. Кірава, 4.
Няма гэтай гародніны і ў «Санце» на вул. Кунцаўшчына, 27, і вул. Волаха, 2.

І толькі ў адной з крамаў фармату «каля дома» знайшлі звычайную цыбулю па цане 2,25 рубля за кілаграм — у «Еўраопце» на вул. Кунцаўшчына, 19. Прычым якасць была добрая. У асартыменце была і чырвоная — за 2,68 рубля.
У буйнейшых крамах — таксама праблема
У супермаркеце «Суседзі» ў ТРЦ Galileo таксама не было ніякай цыбулі.
А ў «Гіпа» на вул. Адзінцова, 65, знайшлася толькі чырвоная з Расіі за 3,99 рубля. Звычайнай не было і ў гіпермаркетах розных гандлёвых сетак.
Так, у «Кароне» на вул. Кальварыйскай, 24, на паліцах была толькі расійская чырвоная цыбуля (4,38 рубля). У гіпермаркеце Green на вул. Прытыцкага, 156, прадавалася таксама толькі чырвоная— 3,98 рубля.
Каб зразумець, чаму знікла цыбуля, журналісты звярнуліся да спецыялістаў у сферы рытэйлу, знаёмых з сітуацыяй знутры.
Прадстаўнікі гандлёвых сетак бачаць цэлы комплекс прычын, што прывялі да дэфіцыту. Згодна з пастановай урада «Аб стабілізацыйных фондах тавараў», цыбуля павінна была прысутнічаць у наяўнасці толькі да красавіка. У маі ж у запасах застаюцца толькі караняплоды.

«Так што ў маі стабфонд ужо не абавязаны пастаўляць цыбулю ў гандаль — яе няма ў сховішчах. Да таго ж мінулы год для цыбулі быў неўраджайны. І тое, што заклалі, было далёка не лепшай якасці: галоўкі дробныя, хутка псаваліся», — распавяла крыніца Tochka.by.
І яшчэ адзін нюанс: згодна з іншай пастановай Савета Міністраў, для рознічнага гандлю да 15 мая на звычайную рэпчатую цыбулю (незалежна ад таго, імпартная яна ці айчынная) была ўстаноўлена максімальная цана — 2,25 рубля. Закупачная цана імпартнай гародніны не дазваляе гандлю сфармаваць патрэбную рознічную цану.
Як паведамілі ў рытэйле, цяпер у рознічным продажы ёсць чырвоная і белая цыбуля, цыбуля-шалот і іншыя гатункі, на якія цэны не рэгулююцца.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары
Нашу танную вывезлі ў Расею, а нам завезлі расейскую па дарагой цане.