Грамадства11

У абыход санкцый. «Белавія» рыхтуецца лётаць на самалётах Airbus

«Белавія» рыхтуе да палётаў тры самалёты Airbus A330-200, увезеныя ў Беларусь у абыход санкцый. Гэтыя самалёты ўжо атрымалі рэгістрацыйныя нумары EW-587PD, EW-588PD і EW-589PD, расказала «Бюро» крыніца ў авіяцыйнай галіне.

Адзін з самалётаў, перафарбаваны ў колеры «Белавія», трапіў у кадр відэасюжэту, знятага нядаўна ў Нацыянальным аэрапорце Мінск. Яго заўважыла выданне Reform.news. На відэа можна разабраць беларускі рэгістрацыйны нумар — EW-589PD. Самалёт стаіць на паркоўцы перад Мінскім заводам грамадзянскай авіяцыі №407. Летась там адкрылі комплекс па фарбаванні паветраных суднаў.

BELAVIA_PLANE
Скрыншот з відэа. Airbus A330-200 у аэрапорце Мінск

З канца мінулага года беларускія бортправаднікі вучацца абслугоўваць самалёты, якія прыбылі ў Мінск, высветліла «Бюро» ў сумесным расследаванні з беларускай службай «Радыё Свабода». Сцюардэсы і сцюарды праходзілі навучанне ў Маскве. У авіяпарку «Белавія» ніколі не было самалётаў Airbus, а вось расійскі «Аэрафлот» ужо даўно іх выкарыстоўвае. У сацыяльных сетках журналісты знайшлі мноства фотаздымкаў беларускіх бортправаднікоў, якія праходзяць падрыхтоўку ў навучальна-трэніровачным комплексе «Аэрафлота». На адным з іх беларуская сцюардэса стаіць побач з макетам самалёта Airbus А330.

TRENEROVOCHNYI LAGER'
Фота: instagram.com

«Гэта я еду на рэйс з першага спаткання, ведаючы, што другога не будзе. Затое цяпер ён ведае, чым Boeing адрозніваецца ад Airbus», — напісала на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках іншая сцюардэса, якая праходзіла навучанне ў трэніровачным комплексе «Аэрафлота».

Паводле слоў яшчэ адной крыніцы ў авіяцыйнай сферы, «Белавія» разлічвае ў лепшым выпадку запусціць толькі два самалёты ў эксплуатацыю да канца гэтага года. Цяпер паветраныя судны прыводзяць да ладу, бо ў іх зношаны салон — самалётам болей за 20 гадоў.

«Усё зацягваецца яшчэ і таму, што «Белавія» ніколі раней не мела справы з Airbus. Проста мець такія самалёты і падрыхтаваныя экіпажы — недастаткова. Трэба падцягнуць адпаведным чынам і тэхнічны персанал, рамонтную базу, бортправаднікоў. Бо калі здарыцца нейкая няспраўнасць або нават планавае абслугоўванне — усё «стане». Да таго ж усё гэта адбываецца ва ўмовах жорсткіх санкцый. Акрамя таго справу зацягвае процьма бюракратычных працэдур», — расказала крыніца.

Airbus A330-200 можа перавозіць ад 210 да 406 пасажыраў і выкарыстоўваецца для палётаў на далёкія адлегласці. Магчымыя напрамкі з Беларусі: В’етнам, Тайланд і Кітай.

Як самалёты Airbus трапілі ў Беларусь?

Са снежня 2021 года дзяржаўная авіякампанія «Белавія» знаходзіцца пад санкцыямі ЕС, а са жніўня 2023 года — пад санкцыямі ЗША. Каб прыгнаць у Беларусь самалёты Airbus, была выкарыстаная схема абыходу санкцый з удзелам фірмы-пракладкі. Назіральнікі за самалётамі сфатаграфавалі паветраныя судны, калі яны толькі прыбылі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск у жніўні мінулага года.

PLANE
Фота: jetphotos.com

На іх відаць надпіс Onur Air і сінія хвасты з пальмамі. І гэта не выпадкова. Некаторы час гэтыя паветраныя судны выкарыстоўваліся авіякампаніяй Saudi Arabian Airlines, чые самалёты маюць якраз такі сінія хвасты з пальмамі.

У сакавіку 2020 года самалёты былі перададзеныя турэцкай кампаніі Onur Air, якая праз два гады абвясціла пра банкруцтва. З лістапада і снежня 2023 года ўсе тры самалёты належаць гамбійскай кампаніі Magic Air. Менавіта гэтая кампанія даставіла самалёты ў Мінск. 

Гамбія не падпадае пад заходнія авіяцыйныя санкцыі і не брала на сябе ніякіх абавязкаў па іх выкананні, таму з’яўляецца зручнай юрысдыкцыяй для абыходу абмежаванняў. Раней некаторыя судны пад сцягам Гамбіі выкарыстоўваліся ў якасці ценявога флоту для экспарту расійскай нафты ў абыход санкцый.

Асноўным уладальнікам гамбійскай кампаніі Magic Air з’яўляецца іарданскі бізнэсовец сірыйскага паходжання Тарэк Зіяд Абдэль Хамід аль-Аджамі.

Раней ён прыганяў самалёты Airbus для сірыйскай авіякампаніі Cham Wings. У часы рэжыму Башара Асада гэтая авіякампанія выкарыстоўвалася для перавозкі сірыйскіх наёмнікаў, гандлю зброяй, наркатрафіку і адмывання грошай. Акрамя таго, Cham Wings падпала пад еўрапейскія санкцыі, бо перавозіла ў Беларусь мігрантаў з Сірыі, якія спрабавалі нелегальна пранікнуць у ЕС.

Дарэчы, летась у жніўні разам з трыма самалётамі Airbus A330-200 гамбійская кампанія Magic Air прыгнала ў аэрапорт Мінска і адзін вузкафюзеляжны самалёт Airbus A320-200. Праз пару дзён гэты самалёт вылецеў у Дамаск. Цяпер ён належыць усё той жа сірыйскай кампаніі Cham Wings. Паводле звестак праекта Motolko.help, на гэтым самалёце ў Мінск прыляцеў кіраўнік сірыйскага МЗС незадоўга да звяржэння рэжыму Башара Асада. 

Агенцтва Reuters, якое таксама займалася гэтай тэмай, апублікавала каментар ад упраўлення грамадзянскай авіяцыі Гамбіі. Паводле слоў чыноўнікаў, тры самалёты Airbus A330-200 былі знятыя з рэгістрацыі ў Гамбіі праз два дні пасля прыбыцця ў Мінск, таму што кампанія Magic Air прадала іх кампаніі з ААЭ. Яе назва не паведамляецца. У еўрапейскай карпарацыі Airbus паведамілі Reuters, што дакладна выконваюць міжнародныя санкцыі, але не маюць магчымасці кантраляваць продаж патрыманых самалётаў і ўплываць на трэція бакі, якія парушаюць санкцыі.

Каментары1

  • Сэконд-хэнд
    30.05.2025
    Без Монархии Персидского залива никак.
    Имеем списанный и покрашенный сэконд-хэнд.
    Такой весь парк лукашенок.

Цяпер чытаюць

«За паўтара года я ператварылася ў гародніну». Фітнэс-трэнерка захварэла на Балі на невядомую хваробу10

«За паўтара года я ператварылася ў гародніну». Фітнэс-трэнерка захварэла на Балі на невядомую хваробу

Усе навіны →
Усе навіны

У ДТЗ у Івацэвіцкім раёне загінулі два чалавекі

Галоўчанка патлумачыў сітуацыю з далярамі ў Беларусі3

Навукоўцы зразумелі, чаму нашы вясковыя бабулі жылі даўжэй7

Мінчук хацеў правучыць «хамa» ў трамваі, але чамусьці ўдарыў каленам у нос школьніцу2

У Магілёве прадаюць 10 тон бульбы ўсяго па 60 капеек за кіло. Што з ёй не так?3

У Белым доме ўрачыста правялі з дзяржаўнай службы Ілана Маска. Трамп падарыў яму залаты ключ11

Трамп заявіў, што расчараваны і шакаваны дзеяннямі Расіі1

Акадэмікам Расійскай акадэміі навук абралі «кравасісю» часоў Януковіча 5

«Я яшчэ мог сумнявацца ў сабе. Але калі Маша такое зрабіла!» Невядомыя факты пра Віктара Бабарыку расказала яго адвакатка Наталля Мацкевіч7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«За паўтара года я ператварылася ў гародніну». Фітнэс-трэнерка захварэла на Балі на невядомую хваробу10

«За паўтара года я ператварылася ў гародніну». Фітнэс-трэнерка захварэла на Балі на невядомую хваробу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць