Некаторыя вядомыя фразеалагізмы здаюцца зразумелымі толькі на першы погляд, калі пачаць разбіраць іх, то словы трацяць сэнс, а іх звыклыя тлумачэнні аказваюцца фальшывымі.

Што пішуць беларускія слоўнікі
Точаць лясы — так гавораць беларусы, калі нехта траціць час у пустых размовах ці пляткарыць. Аналагічныя выразы ёсць у рускай (лясы точить) і ўкраінскай мовах (точити ляси). У іншым варыянце выраз гучыць як тачыць балясы.
Беларускія слоўнікі кажуць, што ў аснове фразеалагізма ляжыць архітэктурны тэрмін баля́са — гэта такі вытачаны слупок, які падтрымлівае парэнчы агароджаў балконаў, усходаў, парапета і іншага. Драўляныя балясы звычайна выточваюць на такарным станку, што тлумачыць другую частку выразу.
Тачыць балясы тлумачыцца не як непасрэдна выраб балясаў з нуля, а спробы тачыць тое, што ўжо вытачана, адпаведна выраз фактычнае азначае ’займацца непатрэбнай, ужо зробленай працай’.
Здавалася б, таямніца раскрытая. Але беларускія слоўнікі падаюць вельмі дзіўнае паходжанне тэрміна. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы сцвярджае, што паводле пашырэння ў беларускіх гаворках выразу тачыць лясы (балясы) можна меркаваць аб запазычанні з рускай мовы, у якой з польскай мовы было запазычанае слова balasy ’балясы’, якое паходзіць ад італьянскага balaustro ’баляса ў балюстрадзе’.
Якім жа чынам польскае слова змагло паўплываць на рускую ў абыход беларускай, арэал якой іх раздзяляе?
Сапраўды, нешта ў гэтым выразе было запазычана з рускай мовы, а менавіта — няправільнае вытлумачэнне сэнсу слоў, якія яго складаюць.

Паланізм ад рускіх токараў?
Паводле меркавання выбітнага савецкага мовазнаўца-русіста Віктара Вінаградава, якое ён выказаў у сваім нарысе «З гісторыі рускай лексікі» (1941), тачыць балясы першапачаткова было прафесійным выразам, а значэнне ’балбата́ць, пустасловіць’ замацавалася за ім не пазней за XVIII стагоддзе. Менавіта яго меркаванне стала аксіёмай, якая прымаецца ўсімі этымалагічнымі слоўнікамі і шматлікімі даведнікамі па фразеалогіі.
Але пры ўсёй уяўнай пераканаўчасці Вінаградаву давялося агаворваць шэраг момантаў, якія не зусім укладаліся ў гэтую версію.
У першую чаргу нельга было не звярнуць увагу на наяўнасць варыянтаў гэтага выразу ў літаратурнай мове — тачыць балы і тачыць лясы. На думку Вінаградава, яны паўтараюць «вытворчую біяграфію» больш моцнага і ўстойлівага выразу тачыць балясы.

Тачыць балы ён параўноўваў з нямецкім Ball ’шар, мяч’ і польскім bal ’шар, брус, бервяно’ і ўзводзіў да магчымага зыходнага значэння «абточваць шары».
Тачыць лясы ж магло, на яго думку, утварыцца шляхам змянення словы балясы, або на аснове прафесійнай мовы. Не знайшоўшы ў рускай мове неабходнага такарнага тэрміна для пацвярджэння для другога выпадку, мовазнавец звярнуўся да рэканструкцыі ад польскага lasa са значэннем ’рашотка, сетка, грохат’. Але можна заўважыць, што такое значэнне вельмі далёкае ад «абточвання чагосьці».
Тое, чаму слова балы (балясы) падобнае да слоў балакаць, балагур і да т.п., ён тлумачыў «каламбурным сугуччам».
Сапраўднае значэнне слоў
Першым адкінуў меркаванне, што слова балясы было запазычана, украінскі мовазнавец Аляксандр Мельнічук. Паводле яго меркавання, балясы ў значэнні ’бала́чкі, размовы’ непасрэдна звязаны з агульнаславянскай асновай *bal— ’гаварыць, балбатаць’ (зорачка перад словам азначае моўную рэканструкцыю — НН).
Гэтае меркаванне дазволіла ў 1980-я гады расійскаму мовазнаўцу-славісту Валерыю Макіенку разбурыць традыцыйнае тлумачэнне выразу «тачыць балясы».
Макіенка звярнуў увагу на тое, што ў рускіх дыялектах яшчэ больш варыяцый выразу — точать баланды, балачку тачать, точать (точить) балы (балки), точить балы (язык, щеками), точить базлы, балендросы точать, рихни тачать; точать (точить) ерунду, лясалки точить, лясы-балясы точить, точить ляскалы, ставры точить.
І большасць варыяцый выразу ніяк не могуць быць аднесеныя да нейкай вытворчай сферы, бо яны ўтвораны ад слоў, якія маюць значэнне ’балбата́ць’. У беларускай мове таксама ёсць варыянт тачыць басні, які пацвярджае гэтую думку.
Лясы-балясы — балбатня

Словы балы і лясы ўжываюцца ў мове ў значэннях ’балбатня́, пустасло́ўе’. Для слова балы такое значэнне вядомае з мноства крыніц: лалы да балы, а всё расказы, говорит балы семигодовалы, с шалами да балами, балачка, прибалутка, болона, балить, болени, балахня, баляга, баляна, баляка.
У беларускай мове мы не можам пазбегнуць, калі тлумачым слова балы, такога слова як балбатня, а ёсць жа яшчэ балбатаць, балбута, балбатун, бала́чка і іншыя. Гэты шэраг слоў з коранем *bal- лёгка павялічыць, калі звярнуцца да іншых індаеўрапейскіх слоў.
Па-літоўску balsas (множны лік — balsai, вымаўляецца як «балсэй») — гэта голас. Па-латышску голас — гэта balss.
Тая ж сітуацыя і са словам лясы. Хоць у некаторых дыялектах зафіксаваны некаторыя «тэхнічныя» значэнні гэтага слова, але яны мала суадносяцца з выточваннем чагосьці. У рускай мове слова лясы азначае звычайна «падлізванне, падлашчванне»: ляса, лясарь — ’ліслівы чалавек’, лясить ’ліслівіць’, подлясить ’падлачыцца, падлізацца’.
У значэнні ’хітрыя і ліслівыя словы; ласкавасць; пустыя словы’ слова лясы сустракаецца ў многіх гаворках.
Як і корань *bal-, корань *las— вельмі прадуктыўны ў рускай мове. У беларускай мове можна прыгадаць слова ля́скаць ’утвараць ляск чым-небудзь жалезным’. Гэтае і іншыя слова звязаныя з праславянскім коранем *luzg-/lyzg-/lusk-/lysk— (параўнайце з лы́скаць ’смяяцца’, лу́заць ’гаварыць’).
Тачыць — ліць

Словы балы, балясы і лясы ўжываюцца не толькі з тачыць, а са мноствам іншых дзеясловаў: балы гуторить, балы разводить, разводить (развести, растворять, растворить) балы, балы распускать (строить), балы собирать, балясину говорить, баласы разводить, баляси підпускати, лясы веять (городить), балы правіць (вязать), лясы разводить (сказывать).
Бачна, што асноўная маса дзеясловаў звязаная або з працэсам маўлення, або з працэсам растварэння, ператварэннем у нешта цякучае, або з абсалютна рознымі вытворчымі працэсамі (вязаць, гарадзіць)
Макіенка прыйшоў да высновы, што слова тачыць тут мае не звыклае значэнне ’завастраць, выточваць з металу ці дрэва’, а больш старажытнае значэнне ’ліць, выдзяляць (источать) якую-небудзь вадкасць’. Старажытнасць гэтага значэння пацвярджаецца шырокімі паралелямі ў іншых індаеўрапейскіх мовах.
У беларускай мове адно з асноўных са значэнняў слова тачыць — ’наліваць; ліць, цадзіць; працякаць’, то́чыцца — ’струменіцца’. Аднак іншае значэнне гэтага слова — працягваецца, ідзе (пра размову, іншы працэс).
Точыцца ціхая размова. (Уладзімір Караткевіч.)
Агульнае размовы не точыцца. (Сяржук Вітушка.)
І, як і наказваў Мацей Бурачок, галоўнае, вакол чаго точыцца такое самазнішчальнае існаванне — гэта Мова. (Марыя Мартысевіч.)
Прылёг на ложак, чуючы, як гідка, аж да ванітаў, кружыцца галава і не аціхае, точыцца ў вушах танюткі звон. (Вячаслаў Адамчык.)
Пераход значэнняў ад ’ліць, цадзіць вадкасць’ да ’гаварыць’ з’яўляецца адной з найдаўнейшых метафар, засведчаных мноствам моў.
Захаваліся буро́іць ’гаварыць без толку’, якое пайшло ад буры́ць , бурэніць ’мачыцца; моцна ліць ваду’, бурліць ’шумець’ і ’бурна цячы’. У сучаснай мове можна сказаць: словы ліліся, цяклі; вывяргаюць брахню; працадзіць праз зубы; словы пырснулі з яго фантанам; журчала гаворка сардэчная і да т.п. — агулам параўнанне патоку слоў з патоку вады адно з самых распаўсюджаных.

Так што тачыць у гэтым выразе выкарыстоўваецца па прамым сваім значэнні, праўда, сёння трохі падзабытым. Яно ператварылася ў «слова-пустышку», якое пачалі замяняць на іншыя словы, што таксама абазначалі маўленне.
Мяркуючы па тым, што выраз вядомы беларусам, украінцам і рускім, хутчэй за ўсё ён мае агульнаўсходнеславянскае, або старажытнарускае паходжанне.
Гістарычнае тлумачэнне, прапанаванае Вінаградавым, можна лічыць памылковым.
Выраз тачыць балясы перажыў «гістарычную страту рэаліі» і нацягнуў на сябе рэаліі новыя: балясы памылкова сталі рэальным архітэктурным элементам, а тачыць — словам, якое абазначае метад вырабу гэтага элементу.
Вінаваты Даль

Насамрэч такая падмена адбылася толькі ў літаратурнай мове. Макіенка нават называе канкрэтную яе прычыну. Рускі лексікограф Уладзімір Даль, калі складаў свой знакаміты слоўнік, змясціў у ім у адным гняздзе адразу два словы балясина і балясы:
«Баля́сина ж. итал. точеный столбик под поручни, перила, ограду, обнос. Баля́сы мн. более уптрб. чем баля́сины: *лясы, белентрясы, балы, шутки, веселые россказни. Точить балясы, баля́сить, баля́сничать, шутить, галить, смеяться, забавно беседовать».
Следам за ім расійскі этнограф Сяргей Максімаў, які шмат у чым абапіраўся на слоўнік Даля, зрабіў балясы, якія да гэтага не мелі ў рускай мове такога значэння, вытачанымі слупкамі, апісаўшы як сямёнаўскія токары робяць з асінавых плах фігурныя балясы, якія ідуць на аздабленне лесвічных парэнчаў і балконаў.
А далей ужо згаданы Вінаградаў аргументаваў лінгвістычна паходжанне выразу ад працэсу вырабу балясін, якое стала аксіёмай для этымалагічных слоўнікаў.
Паколькі любыя этымалагічныя слоўнікі розных моў шмат у чым абапіраюцца адзін на аднаго, шукаючы агульныя працэсы ў мовах і агульныя карані слоў, у беларускія слоўнікі таксама перакачавала тлумачэнне выразу праз фігурныя балясіны.
Насамрэч, тачыць лясы гэта тое ж, што ’ліць пустаслоўе’ — і калі тлумачыць выраз цалкам, і калі тлумачыць кожнае слова ў ім.
Мінула ўжо больш за 40 гадоў з развянчання моўнай аксіёмы пра «вытворчыя працэсы», але слоўнікі дагэтуль не выправілі гэтую памылку.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
>так гавораць беларусы, калі нехта --- так кажуць беларусы, калі нехта
1) гаварыць — выражацца вусна, з дапамогай слоў
2) казаць — сьцьвярджаць нейкую думку, перадаваць зьвесткі
3) гутарыць — стыкацца зь іншымі асобамі праз пасярэдніцтва слоў
Прасьцей кажучы, гаварыць можна "як", казаць "што", а гутарыць "з кім".
"Гаварыць" можа й чалавек і папугай, а "казаць" – толькі чалавек.