«Уражанне, што ты касманаўт, які вярнуўся з далёкага палёту». Былы палітвязень Андрэй Кузнечык расказаў пра сваю рэсацыялізацыю
Тэма вяртання да жыцця пасля турмы ў Беларусі — далікатная і недаследаваная. Асабліва калі гаворка ідзе пра палітвязняў. Іх стан, як псіхалагічны, так і фізічны, змяняецца, але самі яны часта не знаходзяць словаў, каб яго апісаць. Аднак былы палітзняволены Андрэй Кузнечык, які за сваю журналісцкую дзейнасць у «Радыё Свабодзе» ўтрымліваўся ў няволі больш за тры гады, паспрабаваў гэта выказаць максімальна дакладна і шчыра, піша «Вясна».

«Сны пра турму я бачу рэгулярна»
Флэшбэкі і сны пра турму — гэта новае жыццё, да якога трэба прыстасавацца. Турма ўзнікае па начах, ператвараецца ў падсвядомы ландшафт. І нават калі ты прачынаешся на волі, вобраз камеры можа не адпускаць.
«Эйфарыя вызвалення працягваецца, асабліва калі яна падсілкоўваецца якім-небудзь сном, калі ты зноўку бачыш сябе ў турме. Раніцай прачынаешся пасля такога сну, а ты зноўку на свабодзе!
Сны пра турму я бачу рэгулярна. Але гэта такая адплата, бо ў няволі я фактычна кожны дзень бачыў сны пра дом. Гэта было вельмі здорава. Ноччу я быў не ў турме — і гэта было фантастычна. Клаўшыся спаць там, я ўсміхаўся, бо ведаў, што зараз мне прысніцца штосьці звязанае з домам.
Пасля вызвалення цэлы месяц — упершыню за тры гады — у мяне не было ніякіх сноў. Але цяпер яны сталі вяртацца. Хлопцы, якія вызваліліся раней, казалі, што будуць флэшбэкі, і вось яны ёсць.
Часам гэтыя сны непрыемныя і вельмі рэалістычныя. Людзей, з якімі быў за кратамі, бачу ў новых абставінах у турмах. Бо апошні год у няволі ў мяне быў турыстычным: акрамя наваполацкай калоніі, я быў у легендарным віцебскім СІЗА, у жодзінскай турме з ейнымі падземнымі лабірынтамі і, нарэшце, СІЗА КДБ.
І ў свядомасці, якая генеруе сны, узнік такі алгарытм, што цяпер мяне можна засяліць у новую турму і там у новых умовах скампіляваць шматлікія сцэнары, якія я бачыў, і загрузіць туды мяне. Прыемнага мала, але такое ёсць. Затое раніцай здорава зразумець, што гэта быў проста сон.
Дарэчы, адзін з маіх турэмных вершаў — не для дзяцей — гэта калі ўпершыню ў турме мне прыснілася турма. Я быў настолькі расстроены, што раніцай ужо ў галаве быў гатовы вершык:
Змрокам незгасальнага святла,
Аддаленнем адчування волі,
Абяцаннем рання без спатолі
На Вялікдзень снілася турма».
«Касманаўт у скафандры»
Усё, што раней выклікала радасць, — любімыя акцёры, музыка, хобі — цяпер страціла сваю колеравую насычанасць, адзначае Андрэй. Эмацыйная адчувальнасць прыцішаная, як быццам рэжым выжывання ўсё яшчэ працуе.
«Калі параўноваць глабальна — з тым, што было, і з тым, што ёсць, то цяпер я, безумоўна, пачуваюся лепей. Больш за тое, нейкія катаклізмы, якія адбываюцца навокал, успрымаюцца з папраўкай на тое, што я бачыў горшае, і тут мяне цяжка чым-небудзь засмуціць.
Я сачу за сабой і бачу дзіўныя моманты ў адаптацыі. Застаецца ўражанне, што ты касманаўт, які вярнуўся з далёкага палёту ў космас, хоць прайшло тры гады па зямным часе. Тут усё іншае, нават паветра. Ты ходзіш, быццам чалавек сярод людзей, усё бачыш, часам радуешся на візуальным узроўні, але застаецца адчуванне, што ты ў скафандры, што ўсё прытупілася, фарбы крыху пабляклі…
Незразумела, чаму становяцца менш цікавымі старыя хобі, музыка, якую раней слухаў. Усё тое, з чаго складаецца нармалёвае жыццё: з інтарэсаў, нейкіх перавагаў і хобі, якое складае тваю ідэнтычнасць, нібыта адышло ў бок, а новага няма. Гэта не катастрофа, але вельмі цікава.
Да 2021 года я быў максімальна сацсетачны чалавек — вёў поўнае сацыяльнае жыццё. Калі мяне затрымалі, я казаў, што я цалкам ёсць у лічбавым выглядзе. Таму можна паглядзець і зразумець, што ў мяне нічога такога няма, за што мяне можна было караць. А цяпер у гэтым рэжыме скафандра я не ведаю, чым мне дзяліцца ў тым жа фэйсбуку. Цяпер галоўная падтрымка — гэта сям'я. Прычым гэта ўзаемна: ім трэба мая падтрымка, а мне — іхняя».
«Гэта выкінутыя тры гады твайго жыцця»
Назіранне за сабой, параўнанне свайго досведу з гісторыямі іншых былых палітвязняў — гэта частка новага працэсу рэінтэграцыі.

«У турме выпрацавалася тоўстаскурасць і няўлучанасць у працэсы. Гэтая адстароненасць інерцыйна дзейнічае і далей, але я гэтага вельмі не хацеў бы. Бо гэта можа ўплываць на людскія стасункі.
У турме я свядома імкнуўся быць не ў турме. То-бок я не ўключаўся ў турэмныя размовы, абмеркаванні, звязаныя з побытам там, бо гэта вельмі хутка зацягвае. Я часам запытваю ў жонкі, што ў мяне засталося адтуль, бо я б хацеў, каб нічога не засталося.
Постфактум ты пагаджаешся, што гэта выкінутыя тры гады твайго жыцця. Можна шукаць плюсы ў гэтым часе. Я вось напісаў некалькі дзясяткаў вершыкаў для дзяцей. Думаю, ім было прыемна іх пачытаць, і яшчэ будзе. Але гэта такое слабое суцяшэнне.
У няволі я прачытаў некалькі соцень кніжак — гэта цікавы досвед, бо пасля турмы я не прачытаў ніводнай, паколькі на гэта не хапае часу. Ці прамяняў бы я чытанне кніжак на вывучэнне магчымасцяў штучнага інтэлекту? Цікавае пытанне. Хутчэй, не. Але гісторыя з кнігамі для мяне, як для філолага, які ставіўся да іх узнёсла-рамантычна, вельмі змянілася.
Я зразумеў, прачытаўшы такі аб'ём літаратуры, што чаканні і карысць ад кніг моцна пераацэненыя. У СІЗА, дзе не было чаго рабіць, ты чытаеш і супакойваеш сябе, што на волі столькі часу не было б для гэтага. Але нічога і не здарылася, калі б так. Як паказвае мой цяперашні досвед, на волі ёсць шмат больш цікавых рэчаў».
«Ідзеш, як таўстаскуры дыназаўр, міма трэшу, стрэсу, здзекаў…»
Я не ведаю, што з гэтай турмы можна вынесці карыснага — напэўна, нічога. Галоўнае, не вынесці кепскага.
Назіраючы за сабой, думаю: гэта ідзе нейкая размарозка пачуццяў, бо ў турме ты быў у рэжыме выжывання. Можа калісьці ён выключыцца, і ты зноў вернешся ў нармальны эмацыйны стан звычайнага чалавека, які можа моцна радавацца і засмучацца, плакаць і смяяцца?
У турме ты зарокся не плакаць, не даваць нагодаў камусьці бачыць праявы таго, што табе кепска. Там гэта вельмі проста ўключылася ў арганізме, але раней я быў сентыментальным. А ў няволі, што б ні здарылася, ідзеш, як таўстаскуры дыназаўр міма тых падзей, якія адбываюцца навокал: трэшу, стрэсу, здзекаў…
Там трэба захавацца — гэта зразумела, але незразумела, чаму гэтая інерцыя рэжыму захавання застаецца да гэтага часу. Я назіраю за гэтым.
Дапамагае тое, што многія рэчы, якія здзіўляюць, бачу ў выглядзе раптоўных агаворак у інтэрв'ю іншых былых вязняў. І думаю: ага, хлопцы, у вас тое самае, я тут не адзін такі!
Гэтыя драбіначкі супадзення эмоцый, якія я бачу ў гэтых інтэрв'ю, мне дапамагаюць, бо я бачу нейкую агульнасць і таму гэта адчуваецца як нармальнасць. Значыць, проста назіраем далей, што будзе».
«Дзяржава палічыла, што варты высылкі»
12 лютага 2025 года палітзняволенага Андрэя Кузнечыка з маскай на вачах вывезлі з СІЗА КДБ да мяжы з Літвой. Пры садзейнічанні Дзяржаўнага дэпартамента ЗША ён быў вызвалены, але ўмовай гэтага быў выезд з Беларусі.

«Па шкале магчымага развіцця падзей гэта быў адзін з самых неверагодных сцэнароў. Але ён быў, бо выпусцілі Яшына, і мы смяяліся, што можна ўжо мяняць сваіх на чужых. Таму ў падсвядомасці гэта было, але я не думаў, што мяне палічаць вартым такой спецаперацыі.
Нейкае здзіўленае абурэнне было ў іншым. Я тады яшчэ не ведаў сітуацыю ў Беларусі, мне здавалася, як казаў Мукавозчык, што можна выйсці і «схавацца пад плінтус». Напрыклад, пайсці працаваць кур'ерам у Беларусі, дзе сваякі, магілы продкаў, твая зямля і мова, якая даўжэй за любую палітычную ўладу. І мяне абурыла, што мяне фактычна выкідаюць з краіны.
Але супраціўляцца я не збіраўся, бо пакідаў мясціны не зусім родныя ў гэтай краіне і вяртацца ў іх не хацелася. Таму я прыняў гэта ўсё, як належнае. Цяпер трэба будаваць новае жыццё. Яшчэ не да канца зразумела, як гэта рабіць, але я думаю, што калі мы прыстасаваліся да жыцця ў турме, знойдзем свой шлях і ў вольным жыцці».
Эміграцыя — яшчэ адзін этап выпрабавання. Расставанне з домам, зямлёй, дзе жылі твае продкі, дзе жыве твая мова, — гэта разбурэнне часткі ідэнтычнасці.
«Часам ёсць моманты нейкай скрушлівай задуменнасці, што жыццё так павярнулася. Дзяржава Беларусь палічыла вартым высылкі чалавека, які арыентаваны на беларускія справы, родную мову, звязаную з гэтым прафесію.
Я часам над гэтым думаю, але тут зноў жа дзейнічае яшчэ ў турме прышчэпленае правіла не замарочвацца над тым, на што ты не можаш паўплываць. У няволі гэта дзейнічала на выжыванне, а тут на тое, каб заняцца тым, дзе ты можаш зрабіць нешта і зрушыць наперад. А тыя непрыемныя рэчы, якія ўводзяць у ступар, пакідаць збоку.
Цяпер я разумею, што тут маім дзецям будзе вельмі цяжка трансляваць беларускую мову. А гэта была адной з маіх місій, каб у мяне была беларускамоўная сям'я, беларускамоўныя дзеці. А цяпер я не ведаю, як мы зможам гэта ўтрымаць».
«Было адчуванне, што прыехаў у расейскую глыбінку»

У няволі Андрэй пісаў вершы — як дарослыя, так і дзіцячыя. Ён чытаў сотні кніг, размаўляў на беларускай мове, калі гэта было магчыма. Але сістэма была цалкам прасякнутая русіфікацыяй і недаверам да ўсяго беларускага.
«У зняволенні я таксама пісаў лісты па-беларуску. Там, дзе фармальна мяне не было за што падчапіць, там я карыстаўся беларускай мовай. Бо маркер беларускай мовы як небяспечнай у людзей настолькі высокі, што некаторыя з сядзельцаў казалі мне, што нельга пісаць па-беларуску, бо не прапусцяць.
Некаторыя казалі, што ім даходзілі сігналы ад цэнзара, што ім гэта не падабаецца, але я такіх сігналаў не атрымліваў. Але, на мой погляд, размовы на роднай мове з супрацоўнікамі адміністрацыі маглі выклікаць да цябе дадатковую ўвагу і незадаволенасць, хай і не абгрунтаваную ніякімі законамі.
Больш за тое, пару разоў быў сведкам сітуацыі, звязанай з тым, што нехта выкарыстаў беларускую мову, і пасля гэтага атрымаў непрыемнасці.
Разам з тым, я не хаваў, што я беларускамоўны чалавек і журналіст. Былі людзі, з якімі можна было размаўляць па-беларуску, але іх было не шмат. Навогул у няволі я вельмі мала сустрэў такіх людзей, а сярод моладзі — гэта мізэрная колькасць.
Я браў у бібліятэцы кнігі па-беларуску. Але і там было дзіўна, бо беларускамоўныя аўтары былі пераважна ў перакладзе на рускую мову. Было адчуванне, што ты прыехаў у расійскую глыбінку, дзе стаяць непапулярныя кнігі старых савецкіх аўтараў.
Таксама выпісваў нейкую перыёдыку. У гэтым плане ў мяне там была нейкая беларушчына, але ўсё пераважна было па-расейску».
Посттраўма як агульнанацыянальны вопыт
Вопыт палітычнага зняволення — гэта ўжо не толькі асабістая гісторыя. Гэта частка будучай беларускай культуры памяці, даследавання і рэфлексіі. Гэта тое, што пакуль яшчэ не даследавана, але будзе вывучацца як феномен грамадскага выжывання і аднаўлення.
«Напэўна, гэта будзе новая галіна ведаў, што можа быць з грамадствам пасля доўгага прыніжэння, стрэсу, страху, жыцця ў зняволенні і пасля яго. Магчыма, гэта застанецца назаўсёды. Як з гэтай траўмай жыць, і ці можна яе павярнуць сабе на карысць? Калі не, то ці можна гэта перарасці і крочыць далей? Гэта нам належыць высветліць.
Я буду сачыць за тымі, хто выйшаў і распавядае пра сваё жыццё — можа, яны падкінуць лайфхакаў. Усё больш людзей выходзіць і калісьці, яны перажывуць час рэфлексій. Бо людзі там сядзяць ідэйныя, скіраваныя на будучыню, з вялікімі планамі і высокім інтэлектам. Думаю, што будзе знойдзены адказ, як з тым, што ў нас ёсць, жыць далей».
«Сапраўдныя героі — гэта сем'і палітвязняў»
Андрэй звяртае ўвагу, што часта ў цяні застаюцца сем'і палітвязняў, але іх цяжкі шлях не менш важны.
«Вельмі мала акцэнтуецца ўвага на родных палітвязняў, але ж сапраўдныя героі яны! Гэта маці, дзеці якіх ніколі не давалі падставаў, што яны і турма могуць неяк суаднесціся ў гэтым жыцці.
Палітычныя — гэта людзі актыўнай пазіцыі, якія не парушалі закон, а проста рэалізавалі свае грамадзянскія правы. Яны трапілі ў турму за тое, што былі супердобрымі грамадзянамі. Для маці, якія іх выхоўвалі, гэта вялікі ўдар і бяда, што іх дзеці выраслі добрымі людзьмі і сядзяць у турме. А для жонак, якія застаюцца адныя з дзецьмі — якая вялікая гэта нагрузка!
А трэба ж яшчэ збіраць у калонію гэтыя цяжкія і дарагія перадачы, везці іх за сотні кіламетраў, хвалявацца, ці прымуць. Гэта ўсё столькі высілкаў патрабуе!»
«З сынам я знаёміўся двойчы»

Тры гады дзеці раслі без таты, а тата — без магчымасці бачыць, як яны растуць. Андрэй расказаў, як наладжвае стасункі з сям'ёй пасля гадоў зняволення:
«Гэта самае балючае пытанне. Тры гады дзяцінства — агромністы перыяд.
З сынам я знаёміўся двойчы. Мяне забралі, калі яму было два гады. Першае спатканне было праз год — ён мяне не пазнаў і за той кароткі час ён да мяне не прывык. Праз паўгода на другім спатканні ён ставіўся з большым даверам, да майго вызвалення мы зноў не бачыліся больш як год, ён зноўку мяне забыўся, таму мы зноў пачыналі знаёміцца. Гэта было вельмі цяжка для мяне.
На пытанне «Як яму раслося без таты?» ён мне адкажа, калі стане падлеткам, я спадзяюся. Пакуль усё добра, мы з ім сябруем. Праз тыдзень ён дазволіў узяць сябе на плечы, потым застацца разам дома — гэта такі працэс прывыкання.
Але баюся, што ў свядомасці застанецца, што тата — гэта той чалавек, якога не было дома столькі гадоў і які прапусціў столькі падзей. Зразумела, што мама застаецца больш блізкім чалавекам, таму ў крызісныя моманты ён ідзе да яе.
Ну нічога, буду займаць сваё месца ў сямейным жыцці і даходзіць да той блізкасці стасункаў, якую можна дасягнуць цяпер.
Дачка, якой было восем гадоў, калі мяне затрымалі, памятала мяне — яна вельмі балюча ўспрыняла разрыў. Вядома, гэты боль не пройдзе бясследна. Але цяпер мы жывём разам і мацуем давер адзін да аднаго. Мы з жонкай стараемся, каб негатыўных момантаў было менш, каб змякчыць і перажыты ўдар, калі забралі тату, і пераезд у новую краіну.
Цяпер мне трэба старацца прыносіць больш радасці і шчасця дзецям, зрабіць іх погляд у будучыню больш адкрытым і светлым. Цяпер галоўнае не раскісаць, не паглыбляцца ў самакапанні, не перажываць за страчаныя гады, а проста ісці далей — упэўнена і з усмешкай. У мяне ёсць для каго быць у добрым настроі, добрым стане і ёсць каму прыносіць радасць».
«Спрабую разабрацца, у якіх сферах сябе знаходзяць беларусы ў эміграцыі»
Што тычыцца вяртання ў прафесію, то для Андрэя гэта яшчэ пытанне для вывучэння. На магчымасць закрыцця «Радыё Свабоды» наклаліся пошук сябе і спробы разабрацца ў становішчы і будучыні беларускай журналістыкі за мяжой.

«З «Амерыканкі» мяне прывезлі на мяжу фактычна таму, што я журналіст «Радыё Свабода». Гэта быў светлы момант у гісторыі рэдакцыі, асабліва на фоне таго, што адбываецца зараз, калі «Свабода» пад пагрозай закрыцця.
Калі гэта адбудзецца, то ці застануся я ў прафесіі — адкрытае пытанне. Як чалавеку, які ўсё жыццё працаваў у СМІ, мне б гэтага хацелася, але ці атрымаецца — не факт. Я так разумею, аўдыторыя беларускіх СМІ, якія працуюць за мяжой і забароненыя на радзіме, скарацілася. Зменшыліся, відаць, і магчымасці рэдакцый.
Я ганаруся, што я са Свабодай у гэтыя дні. Спадзяюся, што мая прысутнасць крыху падбадзёрвае калег. Місія «Свабоды» ў Беларусі яшчэ ня вычарпаная, таму я не губляю веры ў пазітыўную развязку падзей».
Андрэй адзначае, што публікацыі пра яго ў незалежных СМІ, «Радыё Свабода», ніяк не адбіліся на яго ўмовах утрымання ці стаўленні да яго за кратамі:
«Там працуе імператыў: вы нікому не патрэбныя, пра вас усе забыліся. Я ведаў, што гэта не так, але не спрачаўся. Я чуў гісторыі, як на кагосьці за публікацыі ў інтэрнэце скіроўвалі рэпрэсіі. Але асабіста я не адчуваў, што на мне неяк адбіваюцца публікацыі ў інтэрнэце».
«Мяне вывезлі з пратэрмінаваным пашпартам»
Нягледзячы на траўмы, страхі, фрустрацыі і новыя выклікі, Андрэй верыць у здольнасць рухацца далей. Унутраная стойкасць, выпрацаваная за кратамі, цяпер можа стаць рухавіком аднаўлення. У планах — разабрацца з побытавымі пытаннямі ў новай краіне:
«Цяпер план на будучыню — навучыцца жыць у тых умовах, якія ёсць. Столькі бурыцца непарушных рэчаў, якімі гэткімі здаваліся раней, што я не перастаю здзіўляцца. Ну, а найперш трэба разбірацца з жыццёвымі планамі: уладкаваць сям'ю, адправіць дзяцей у школы, інтэгравацца ў новае грамадства, каб адчуваць сябе ўпэўнена — не з такімі птушынымі адчуваннямі, якія маеш зараз».
«Мой культурны код на сто адсоткаў беларускі»
Шмат хто з тых, хто апынуўся ў эміграцыі, працягвае жыць з адчуваннем разарванасці: целам — у іншай краіне, душой — у Беларусі. Але ці магчымае вяртанне дадому? І калі так — то на якіх умовах? Андрэй разважае пра вяртанне, пра сваю веру ў перамены і пра тое, што любоў да Радзімы — гэта не абстракцыя, а ўнутраны код, які немагчыма адключыць.
«Наконт вяртання ў Беларусь, то тут наогул не стаіць пытанне. Калі можна будзе вярнуцца туды без пагрозы свабодзе і жыццю толькі за тое, што ты маеш дэмакратычныя ці беларусацэнтрычныя погляды (за што мы навогул селі?!), то адразу. Усё маё нутро кліча мяне ў Беларусь. Будаваць краіну можна толькі ўнутры краіны.
Хочацца верыць, што гэты ўсплёск магчымасцяў для дыктатарскіх рэжымаў хутка міне. Мой культурны код на сто адсоткаў беларускі. Таму мяне так цягне дадому…»
«Сядзела і плакала ад замілавання». Размова з Алесяй Рак, жонкай журналіста Радыё Свабода Андрэя Кузнечыка
«Сказалі, што нешта будзе цікавае». Журналіст Радыё Свабоды Андрэй Кузнечык расказаў, як яго вызвалілі
Прэзідэнт Радыё Свабода пра вызваленне Кузнечыка: Гэта заслуга належыць адміністрацыі Трампа
Амерыканцы забралі з беларускай турмы журналіста Андрэя Кузнечыка і яшчэ двух палітзняволеных
Каментары