Грамадства3838

Каспяровіча перад гібеллю дапытвалі ў польскай контрразведцы — распытвалі пра візы для агентаў ААЦ з пашпартамі прыкрыцця і пра Бульбу

Слова «неадназначнае» тут заслабое, зацяганае. «Каспер», так называлі Змітра Каспяровіча сябры, пражыў не неадназначнае — ён пражыў бурнае жыццё. У гэтым жыцці было і буравейнае юнацтва, і сувязі са спецслужбамі, у якія ён ублытаўся ў выніку спробаў зарабляць лёгкія грошы, і палымяная любоў да Беларусі, і нястрымнасць у жаданнях, якая прывяла да заўчаснай смерці.

img
Зміцер Каспяровіч. Тут і далей фота: Zmicier Kaspiarovich / Facebook

На Паўночных могілках Мінска знайшоў свой спачын Зміцер Каспяровіч — актывіст апазіцыйнага руху, які за адведзеныя яму 43 гады паспеў столькі ўсяго, што хапіла б на некалькіх чалавек. Далібог, па прыгодах Каспера можна пісаць сцэнар захапляльнага прыгодніцкага рамана. Якім жа ён застанецца героем у гэтым рамане? Адназначнага адказу на гэтае пытанне няма і ў сяброў Змітра. Ён кіраваўся высокімі ідэаламі — але яны нярэдка разбіваліся аб складанасці жыцця пры дыктатуры. У жыцці Каспяровіча было рознае — і добрае, і дрэннае, і натхняльнае, і ганебнае.

«Наша Ніва» распытала сяброў Змітра, каб паспрабаваць зразумець сутнасць яго няўрымслівай натуры.

Патрыёт з дзяцінства

«БНФ — апошняя надзея! Пазняк — прэзідэнт! Так кожны год была распісаная мая школа перад лінейкай 1 верасня», — успамінаў Зміцер Каспяровіч.

У Беларускі народны фронт ён сапраўды трапіў яшчэ будучы школьнікам. 

«Быў смелы малы, дзе нешта было — паўсюль удзельнічаў. Атрымліваў і ад бацькоў, і ад міліцыі. Начальнік райадзела мінскай міліцыі неяк крычаў: «Я вам усе сцягі аддам, чарцяняты, вы толькі прыходзьце іх забраць і прызнайцеся, хто вешаў! Чаму я мушу лазіць на вышыні, рызыкаваць сваім жыццём, каб іх здымаць?». А вешаў Каспяровіч», — успамінаюць сведкі падзей.

Каспяровіч нарадзіўся ў 1982 годзе. Яго дзяцінства прыпала на той рамантычны перыяд, калі многім здавалася, што яшчэ вось-вось, трошкі-трошкі — і ўся Беларусь стане сапраўды незалежнай. Зміцер быў сярод шчырых патрыётаў. 

Замест таго каб курыць і травіць байкі ў двары, Каспяровіч бавіў вечары на сядзібе Народнага Фронту. Яму было важна быць такім — ідэйным, беларускамоўным, «свядомым», ён цікавіўся гісторыяй і палітыкай.

«Грошай тады ў грамадскіх арганізацый не было, сцягі шылі за кішэнныя ашчаджэнні школьнікі. І самі ішлі ў гушчу на акцыях. Каспяровіч вёў», — дадае чалавек, які назіраў Моладзь БНФ.

Гэта быў перыяд мяккага аўтарытарызму, калі палітычная дзейнасць яшчэ была легальнай, хоць і поўнай рызык.

Змітра ён называе «промнем святла» ў асяродках мінскай моладзі.

Каспяровіч і імя ў пашпарце памяняў з Дзмітрыя на Змітра. Таму і па-руску правільнае напісанне менавіта такое, «Змитер».

У 2006-м Каспяровіч стаў палітвязнем — атрымаў пяць месяцаў арышту за сарваны з даху Мінгарвыканкама чырвона-зялёны сцяг. Зняволенне не зламала яго.

Калі б Беларусь перайшла да дэмакратыі, Каспяровіч знайшоў бы сябе ў каляпалітыцы. Але ў Беларусі ўзмацнялася дыктатура. Моладзевы актывізм — гэта класна, але трэба было зарабляць на дарослае жыццё, трэ' было круціцца.

Бізнэс на візах

Які сацыяльны капітал быў на той момант у Каспяровіча, каб можна было яго манетызаваць? Лукашэнкаўскі рэжым не пускаў у сацыяльныя ліфты апазіцыйных актывістаў. Тады

Зміцер знайшоў прымяненне даўнім сувязям. Цяпер, калі ён ужо пайшоў з жыцця, можна называць рэчы сваімі імёнамі.

Ён рабіў за грошы візы. Каспяровіч — зрэшты, не ён адзін, — знаходзіў тых, каму візы патрэбны для работы, і з дапамогай сваіх сувязяў афармлялі іх як актывістаў палітычных партый. Пасля гэтага спісы падаваліся ў заходнія пасольствы, тыя выдавалі візы.

Не хапае папер? Нічога, можна ўласнаручна выпісаць і даведку аб палітычна матываваным пераследзе чалавека. А з такім дакументам не тое што шэнгенскую візу выдадуць, можна і ў ЗША палітычны прытулак папрасіць.

Дыпламаты верылі былому палітвязню, калі ён прыносіў чарговы стос заяў на атрыманне візы — а з чаго б яму не верыць?

Пра сумнеўны «бізнэс» Каспяровіча ведалі многія людзі ў апазіцыйнай супольнасці. Але ніхто не ведаў, як яго спыніць. Апеляваць да сумлення? Пісаць на яго заяву ў міліцыю за махлярства? Цішком інфармаваць консульствы і пасольствы пра тое, чым ён насамрэч займаецца? Гэта не было прынята.

Спроба стварэння ўласнай арганізацыі

Каспяровіч ніколі істотна не змяняў сваіх поглядаў — як прыйшоў у БНФ дзіцём, так і застаўся там назаўсёды. Перад 2020-м ён лічыўся ў партыі сябрам Сойма — быў адным з 50 лідараў партыі.

Пры гэтым паралельна Зміцер уступаў і ў іншыя рухі з падобнымі нацыянальна-арыентаванымі поглядамі.

Каспяровіч быў сярод лідараў «Маладога фронту». Ужо ў тыя часы ў актывістаў была спакуса стварыць уласную арганізацыю і паспрабаваць самастойна пашукаць на яе грошы. Так, у канцы 2000-х некаторыя з сяброў «Маладога фронту» пакінулі яго і стварылі сваю асобную арганізацыю — «Маладая Беларусь». Такі самы актывізм, такія самыя акцыі пратэсту, толькі пад уласным брэндам.

Лідарамі «Маладой Беларусі» сталі Артур Фінькевіч і Зміцер Каспяровіч. Праўда, у змаганні за статус галоўнага яны пасупернічалі і завочна выключылі адзін аднаго з арганізацыі. «Маладая Беларусь» так і не здабыла афіцыйную рэгістрацыю, патрохі зачахла, дый знікла назаўсёды, так і не запомніўшыся нечым лёсавызначальным.

Цырк з Канапацкай

Ад Партыі БНФ Каспяровіч перыядычна ўдзельнічаў у мясцовых і парламенцкіх выбарах — хоць, натуральна, не меў ніякіх шанцаў, бо фальсіфікацыйная машына Ярмошынай працавала без збояў.

Аднак менавіта з выбарамі быў звязаны і другі «бізнэс» Каспяровіча. Ён станавіўся актуальны раз на пяць гадоў, калі ў Беларусі пачыналася чарговая прэзідэнцкая кампанія. А значыць, палітычным дзялкам былі патрэбныя ў каманду вопытныя людзі, якія дапамагалі б якасна імітаваць перадвыбарчую актыўнасць.

У 2016-м Зміцер пайшоў у каманду Таццяны Караткевіч, а ў 2020-м Каспяровіча паклікалі ў штаб Ганны Канапацкай — цынічнага кандыдата-спойлера, якая мусіла стварыць уражанне альтэрнатывы Аляксандру Лукашэнку на выпадак, калі ўсе апазіцыянеры будуць знятыя з гонкі ці здымуцца самі ў знак пратэсту.

У Канапацкай ніколі не было ўласнай каманды. Таму яна шукала прафесійных палітычных актывістаў, каб яны стварылі бачнасць хоць якога збору подпісаў у сваю падтрымку.

А ў Каспяровіча была і патрэба ў грошах, і старыя базы падпісантаў за апазіцыю — калі на ўзроўні Лукашэнкі прынята рашэнне рэгістраваць Канапацкую кандыдаткай, то можна прынесці хоць якія подпісы, хай нават за 2001 ці за 2006 год. Так, шмат хто з тых падпісантаў ужо памёр, але што з таго, калі камісіі нават не будуць звяраць іх з пашпартнай базай? Так стваралася імітацыя палітычнага працэсу.

Ці пахлі Каспяровічу гэтыя грошы? Ці грызла Каспяровіча сумленне, што ён удзельнічае ў гэтых палітычных аферах? Напэўна, так — і таму ён расказваў сябрам і незалежным медыя ўсю праўду пра тое, што адбывалася. Праўда, з умовай не называць яго імя, каб не было наступстваў для яго самога.

Але калі няма таго, хто гатовы сведчыць і адказваць за свае словы, то вартасць такой інфармацыі зніжаецца ў разы. Калі ўмоўная Канапацкая падасць у беларускі суд на «паклёп», то на каго будзе спасылацца медыя і чым даказваць сваю рацыю?

Каспяровіч прызнаваўся «Нашай Ніве», колькі па факце сабралі подпісаў за Канапацкую ў 2020-м. Нагадаем, што сама яна заяўляла, што аднесла ў Цэнтрвыбаркам крыху больш за 110 тысяч. А ў выніку ёй намалявалі ўвогуле 146 588 галасоў.

«Там і збораў нармальных не было. Таму гэта максімум — 6 тысяч рэальных подпісаў. Па маёй інфармацыі, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку даў ёй каля $20 тысяч на кампанію. А свае грошы яна не хацела ўкладаць», — расказваў Зміцер.

Цяжка сказаць, ці сапраўды тыя грошы даў ААЦ — гэта магла быць і іншая спецслужба. 

Ён апісваў і смешны выпадак у Жодзіне, непасрэдным удзельнікам якога стаў. Канапацкая асобна хвалілася сваімі дасягненнямі на БелАЗе: «Я ўдзячная БелАЗу, які дазволіў збіраць подпісы ў іх. Я змагла сабраць там больш за 8 тысяч подпісаў».

Што ж там адбылося насамрэч?

«Гэта была субота. Хтосьці пайшоў спытаць на прадпрыемства, у колькі будуць рабочыя. Нам назвалі час канца змены — праз некалькі гадзін. Мы вырашылі не губляць час і паставіць пікет проста ў цэнтры Жодзіна. Там жа былі пікеты Ціханоўскай, Цапкалы і Бабарыкі. Але калі трэба было ехаць на БелАЗ, Канапацкая кудысьці знікла. У выніку мы ўсё ж прыехалі на той БелАЗ, але прапусцілі тую хвалю, тыя 15 хвілін, калі выходзяць рабочыя. У выніку на самім прадпрыемстве мы не сабралі ніводнага подпісу», — прызнаваўся Каспяровіч.

Зацяты вандроўнік

Але гэтыя схемы былі для Змітра толькі для зарабляння грошай. Для душы ён займаўся іншым. Напрыклад, арганізоўваў экскурсіі па Беларусі. Канечне, па-беларуску, канечне, далучаючы дзясяткі чалавек да нацыянальнай гісторыі і культуры.

У чым-чым, а ў падарожжах Каспяровіч насамрэч быў фанатам. Без вандровак ён не мог жыць, аб’ездзіў палову свету. Індыя, Руанда, Танзанія, Куба, Узбекістан — гэта частка яго паездак толькі за апошнія гады. Агулам жа Каспяровіч наведаў больш за 70 краін.

Апошнім часам заняўся арганізацыяй аўтобусных тураў з Варшавы, бо больш не змог ладзіць паездкі па Беларусі — таму што быў вымушаны бегчы з краіны.

Добраахвотная вярбоўка

І тут надышоў час звярнуцца да самай цьмянай гісторыі, звязанай з асобай Змітра — абставінамі яго вярбоўкі.

У 2020-м Каспяровіч захоплена ўдзельнічаў у пратэстах — яшчэ б, ажыццявілася яго дзіцячая мара, і сотні тысяч дэманстрантаў з бел-чырвона-белымі сцягамі рушаць па цэнтры Мінска.

Калі пачаліся рэпрэсіі, Каспяровіч выехаў з краіны, жыў у Варшаве. Канечне, ён спадзяваўся вярнуцца — бо заставаўся беларускім патрыётам, які хацеў мець дом у роднай краіне.

У сакавіку 2022 года Зміцер вярнуўся ў Беларусь — трэба было вырашыць нейкія юрыдычныя пытанні, але ён не хаваў, што, як і многія аптымісты, спадзяваўся на палітычную адлігу пасля рэферэндуму.

Праз паўтара дні пасля вяртання да яго прыйшлі. Што адбывалася пасля гэтага, ведалі толькі беларускія сілавікі і сам Зміцер Каспяровіч. Калі пераказваць яго словы, то атрымліваецца выдатная сцэна для баевіка.

Пакуль губазікаўцы ламалі дзверы, Каспяровіч — а сярод яго хобі было і скалалажанне — змог спусціцца з чацвёртага паверху і ўцячы да сяброў. Праўда, пры няўдалым прызямленні пры скачку з другога паверха зламаў пятку. Ён хаваўся пяць дзён, а сілавікі тым часам званілі яму і ўгаворвалі: «Вяртайцеся, вам нічога не будзе».

Атрымліваецца, спецслужбісты змаглі запеленгаваць, дзе знаходзіцца Зміцер, але нічога не рабілі? Ці можна ў такое паверыць?

Урэшце Каспяровіч вырашыў, што лепшым спосабам уратавацца ад міліцыі будзе прапанаваць супрацоўніцтва КДБ. Ён папрасіў у свайго знаёмага па апазіцыйным руху, каб той падзяліўся кантактам свайго куратара з КДБ, і пазваніў сам. План спрацаваў — Каспяровіча некалькі разоў дапыталі, але пакінулі на свабодзе, праўда, нейкі час давялося пасядзець пад хатнім арыштам са спецслужбістамі ў кватэры. 

«Зразумела, я мог нешта сказаць, але нічога істотнага дакладна не гаварыў. Я ратаваў сваё жыццё. Як там у ізраільскай арміі: калі трапляеш у палон, то маеш права на любыя дзеянні з мэтай захавання жыцця», — расказваў ён.

Двух чалавек, якія дапамагалі Каспяровічу хавацца ад сілавікоў, затрымалі. Аднак ён тлумачыў, што не мае да гэтага ніякага дачынення.

Выехаў Каспяровіч з Беларусі адкрыта, аўтобусам у Літву. Яго затрымалі на мяжы, бо ўбачылі ў спісах на арышт. «Удалося патэлефанаваць чалавеку ў КДБ, які паабяцаў, што мяне адмажуць. Праз 2,5 гадзіны мяне адпусцілі», — расказваў ён.

Апынуўшыся ў Літве, Каспяровіч расказаў пра вярбоўку. Некаторым у міграцыі прызнаўся, што даў на іх паказанні. Гэта ўберагло людзей ад паездак у Беларусь.

Чытайце таксама:«Я сам выйшаў на КДБ і прапанаваў ім супрацоўніцтва». Сябра Сойма Партыі БНФ Зміцер Каспяровіч прызнаўся ў супрацоўніцтве са спецслужбамі

«Мне здаецца, што ён спрабаваў скончыць гэтыя кантакты, яго гэта прыгнятала. Калі ў калоніі забілі Алеся Пушкіна, ён прыйшоў да пасольства Беларусі сам, каб выказаць пазіцыю. А колькі яшчэ беларусаў Варшавы прыйшло?» — кажа знаёмы Каспяровіча.

Зрэшты, у сяброў засталося пытанне, на якое, можа, ніколі ўжо не будзе адказу — ці насамрэч Зміцер толькі ў 2022-м упершыню стаў інфарматарам КДБ? Яны адзначаюць, што сілавікі не маглі не ведаць пра даўнія афёры Каспяровіча з візамі і што ён павінен быў трапіць на кручок значна раней. Каля яго часта круціліся дзіўныя знаёмыя, падобныя да сілавікоў, якім ён аказваў тыя ж візавыя паслугі. Гэта гісторыя адгукнулася Каспяровічу ў 2025 годзе, за некалькі месяцаў да смерці.

Апошнія месяцы жыцця

У эміграцыі Каспяровіч заняўся перагонам машын у Беларусь — даволі выгаднай справай, але са сваімі падводнымі камянямі. Працягваў займацца і запрашэннямі на шэнгенскія візы для беларусаў.

Зміцер даўно быў у разводзе — у тым шлюбе нарадзілася дачка Паўліна, яна разам са сваёй мамай цяпер жыве ў Польшчы.

А Каспяровіч апошнім часам сышоўся з удавой аднаго беларускага футбаліста, чый былы муж памёр маладым на фоне працяглых праблем з алкаголем.

Відавочныя праблемы з алкаголем — прычым вельмі даўно — былі і ў самога Змітра. Гэта тое, што прызнаюць усе яго сябры. Зміцер мог прапасці на некалькі дзён, і гэта ўжо нікога не здзіўляла.

І за некалькі гадзін да трагічнай смерці ён штосьці адзначаў з малазнаёмымі палякамі.

Допыты ў Польшчы — пра пашпарты прыкрыцця і пра візы

Каспяровіч прызнаваўся сябрам, што апошнім часам яго выклікалі на допыты ў ABW (Agencja Bezpieczeństwa Wewnętrznego) — польскую спецслужбу, якая займаецца ўнутранай бяспекай, контрвыведкай, барацьбой з тэрарызмам і гэтак далей).

Двое яго знаёмых, не звязаныя паміж сабой, расказалі «Нашай Ніве», што Змітра дапытвалі прынамсі па двух сюжэтах. Пра гэта яны чулі асабіста ад Каспяровіча. 

«Кампаніі, да якіх меў дачыненне Каспяровіч, афармлялі запрашэнні грамадзянам Беларусі, якія тыя падавалі ў пасольствы як абгрунтаванне для атрымання візы. І так выйшла, што праз такія запрашэнні ў Польшчу трапіла некалькі чалавек з візамі на пашпарты прыкрыцця. Гэта была сур'ёзная гісторыя, ён ёй пераймаўся», — патлумачыў адзін з суразмоўцаў.

Аказалася, што Каспяровіч дапамог паставіць візы ў тым ліку камусьці з супрацоўнікаў Аператыўна-аналітычнага цэнтра — сакрэтнай беларускай спецслужбы. Прычым менавіта ў дакументы прыкрыцця, а не ў іх асноўныя пашпарты.

Другі кейс, пра які Каспяровіча дапытвалі — ён пра гэта расказваў прынамсі двум суразмоўцам «Нашай Нівы» — следчыя ABW задавалі яму пытанні пра Сяргея «Бульбу» Чыслава і «Белы легіён». 

«Каспяровіч падзяліўся: «Пыталіся пра Бульбу. Я спытаў: а чаму пра яго? Зміцер зразумеў з пытанняў спецслужбістаў, што ў палякаў ёсць падазрэнні. А самога Каспяровіча дапытваюць як чалавека, які прызнаўся ў супрацоўніцтве, а значыць, можа ведаць і астатніх. Зміцер сказаў мне, што пад падпіскай, але ўсё роўна не хоча маўчаць», — сказаў знаёмы Каспяровіча, з якім той быў адкрытым.

Смерць

20 чэрвеня 2025 года цела Змітра Каспяровіча знайшлі ў пакоі ў доме, дзе ён жыў.

На той момант Зміцер ужо даўно не выходзіў на сувязь. Спачатку сябры не надалі гэтаму ўвагі, але праз тры дні ўсё ж вырашылі адведаць яго.

Цела знайшлі ў ложку, Зміцер быў увесь у крыві. Побач з ім нікога не было, дзверы былі замкнёныя знутры. Як мяркуецца, Зміцер упаў з лесвіцы, — бо на ўваходзе было шмат крыві, а наверх вялі сляды босых ног, таксама з крывёю — пры гэтым разбіў галаву. Хутчэй за ўсё, ён здолеў падняцца, прайсці два паверхі, трапіць у свой пакой і легчы спаць.

Прычынай смерці лічыцца тупая траўма галавы.

Імша па памерлым адбылася ў Варшаве, пасля чаго цела Змітра Каспяровіча перавезлі ў Беларусь. Ён пахаваны побач з мамай і бабуляй. На іх помніках — надпісы па-беларуску.

* * *

Калі вы ведаеце больш, раскажыце нашым рэдактарам ці журналістам праз сакрэтны чат у тэлеграме @nn_editor або на мэйл [email protected]. Або ў Сігнал ці іншым спосабам тым з рэдактараў і журналістаў «НН», якіх ведаеце асабіста. У цяжкія ці ў добрыя часы — «Наша Ніва» заставалася і будзе заставацца голасам усіх беларусаў, незалежна ад таго, хто яны па поглядах і дзе жывуць, і перадусім голасам тых, хто не можа гаварыць унутры краіны.

А калі вам важна тое, што мы робім, падтрымайце нас праз Патрэон, праз Пэйпол, або перадаўшы Рэдакцыі іх любым іншым зручным для вас спосабам, праз тых рэдактараў і журналістаў «Нашай Нівы», якіх вы ведаеце асабіста.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары38

  • Ё
    07.08.2025
    Ну такое…
  • бнф бхд аац кдб
    07.08.2025
    пазняк - наш прэзідэнт!
  • Gorliwy Litwin
    07.08.2025
    Проста ўзорны сьвядомы спадар. Ведаў некалькі прыкладна такіх, у якіх было па 70-80% ад ягонага набору талентаў. Але такія эталонныя, канешне, адносна рэдка трапляюцца. Якая ідэя, такія і адэпты

Цяпер чытаюць

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях5

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях

Усе навіны →
Усе навіны

Стала вядома, калі ў Мінску перастане смярдзець4

Канцэрт Макса Каржа пачаўся з затрымкай на дзве гадзіны. «Беларусь топ!» — крычаць і ён, і фанаты12

Лінгвістка і былая палітзняволеная Наталля Дуліна распавяла, як праходзіць яе адаптацыя пасля вызвалення3

Еўропа падтрымала адмову Украіны здаваць свае тэрыторыі Пуціну без ягоных саступак3

Полк Каліноўскага больш не бярэ ўдзелу ў штурмах. Чаму так?14

У Варшаве канцэрт Каржа пачынаецца са спазненнем ФОТЫ10

У Маладзечне на паркоўцы кіроўца «Лексуса» пераблытаў педалі і насмерць збіў жанчыну ВІДЭА2

«Прыйдзе час — лёд зноў трэсне, і нешта зноў будзе»5

У Варшаве прайшоў Марш Свабоды ФОТЫ14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях5

Ці спыніліся звальненні па палітычных матывах? Вось што расказалі ў некалькіх дзяржаўных арганізацыях

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць