«Пацыенты дзівіліся, цяпер вітаюцца на вуліцы. Толькі не трэба казаць Hello, bro!» У Барысаве жыве і працуе доктар з Нігерыі
Ужо чатыры гады доктар Эмануэл Эбінум лечыць жыхароў Барысава і амаль дзесяць гадоў адаптуецца да беларускага клімату. З роднай краіны ён пераехаў у Беларусь па рэкамендацыі сябра — студэнта-медыка. Эмануэл адвучыўся на лекара ў Віцебску, а пасля перабраўся ў Барысаў. Чаму пераехаў з гарачай краіны ў халодную Беларусь і як у паліклініцы на яго рэагуюць бабулі, напісала «Мінская праўда».

«З дзяцінства бачыў працу доктара — бацька часта браў з сабой»
Доктар Эмануэл — так прадставіўся ўсмешлівы доктар. Ён свабодна і дакладна выкладае думкі па-руску, хоць гаворыць з прыстойным акцэнтам.
Эмануэл нарадзіўся і вырас у далёкай афрыканскай Нігерыі. Доктарам марыў стаць з дзяцінства, як аказалася, не без прычыны.

«Мой бацька таксама доктар, як гаворыцца ў Беларусі, тэрапеўт, — расказвае Эмануэл. — У Нігерыі такі доктар называецца «фізішэн». У маім дзяцінстве ён некалькі разоў браў мяне з сабой у бальніцу. Мне было цікава тое, чым займаецца мой тата, падабалася яго праца. І самому хацелася дапамагаць людзям.
Цікавая фізіялогія чалавека, як усё працуе і як ўзаемадзейнічае. Я люблю складанасці. Разумею, што ў кожнай праблемы ёсць рашэнне. Бацька мой выбар ухваліў, увогуле, бацькі мяне ва ўсім падтрымліваюць. Цяпер ён ужо на пенсіі і заўсёды цікавіцца маёй працай».
«Віцебскі медуніверсітэт славіцца на ўвесь свет»
Эмануэл вырашыў звязаць жыццё з медыцынай, але пакуль яшчэ не ведаў, дзе менавіта вучыцца. З выбарам дапамог вызначыцца сябар, які ўжо атрымліваў медыцынскую адукацыю ў Віцебску. Ён расказаў пра нашу краіну шмат добрага. Уразіўшыся, Эмануэл стаў вывучаць Беларусь.
«З маім сябрам Оскарам мы вучыліся ў адной школе ў Нігерыі. Ведалі адзін аднаго. Ён першы пераехаў у Беларусь і мне раіў таксама, — успамінае Эмануэл. — Казаў, што ў Віцебску добры медыцынскі ўніверсітэт.
У Нігерыі таксама ёсць добрыя ўніверсітэты. Але мяне цікавіла медыцына ў Еўропе, хацеў паглядзець, як тут жывуць людзі і як усё ўладкавана. Перад самім пераездам, вядома ж, стаў вывучаць інфармацыю пра Беларусь, пра медуніверсітэт. Зразумеў, што сапраўды — гэтая ВНУ славіцца на ўвесь свет.
Але не толькі праз якасць адукацыі наважыўся ехаць менавіта сюды. У Беларусі ўсё спакойна, добра і стабільна. Галоўнае — бяспечна. І ўжо цяпер, пражыўшы ў Беларусі амаль 10 гадоў магу сказаць упэўнена, што ўсё зрабіў правільна».

Так Эмануэл прыехаў у Беларусь. Рускай мовай ён не валодаў зусім, аднак яму пашанцавала: побач былі спагадлівыя людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы.
Першы час ва ўніверсітэце ён навучаўся на англійскай, паралельна вывучаючы рускую мову.
«Добра памятаю той месяц, калі я прыехаў у Беларусь. Гэта быў лістапад, не самы цёплы. Скажу вам, гэта не самы лепшы час пераязджаць у Беларусь. Вельмі холадна было. Я хоць і падрыхтаваўся, купіў загадзя цёплую куртку ў Нігерыі, але яна аказалася халоднай. Таму ўжо ў Віцебску купіў больш цёплую, — з усмешкай успамінае Эмануэл. — Напэўна, клімат — гэта адзінае да чаго я дагэтуль не магу прывыкнуць.
Са зносінамі пытанняў не было. Размаўляў на англійскай. У Віцебску добра ставяцца да іншаземцаў, добразычліва. Хутка знайшоў сяброў, потым ужо яны дапамагалі перакладаць. За тры гады вывучыў рускую мову, цяпер свабодна размаўляю.
У маёй групе было шмат іншаземцаў. Да прыкладу, вучыліся студэнты з Ганы, Шры-Ланкі, Індыі, з Нігерыі, як і я…»
«Скарыла сваёй прыгажосцю і дабрынёй! Такіх не сустракаў»
Шэсць гадоў Эмануэл навучаўся ва ўніверсітэце. Кажа, што адукацыяй задаволены, яна сапраўды на высокім узроўні.
У Барысаве ён праходзіў інтэрнатуру, тут і хацеў застацца працаваць. Але прычына была не толькі ў працы.

«Ва ўніверсітэце я пазнаёміўся з выдатнай дзяўчынай Вольгай, — дзеліцца Эмануэл. — Мы хоць і вучыліся на розных факультэтах, перасякаліся на практычных занятках у бальніцы. Два гады сустракаліся. Яна заваявала мяне сваёй прыгажосцю, дабрынёй, а яшчэ, як бы гэта сказаць, скажу на англійскай — сваёй loyalty. На рускай гэта будзе гучаць як адданасць, надзейнасць.
Оля родам з Барысава, сюды і паехала працаваць па размеркаванні. Яна неўролаг. А я следам за ёй. Без яе свайго жыцця не ўяўляў. Таму пасля інтэрнатуры хацеў знайсці працу менавіта ў Барысаве».
«Бабулі прынялі насцярожана»
Інтэрнатуру малады доктар праходзіў у паліклініцы №2. Тут якраз патрабаваўся доктар агульнай практыкі. Эмануэл жартуе, што лёс яму спрыяў і падказваў, што ён на правільным шляху. Таму на працу ўладкаваўся сюды сама.

«Спачатку было складана, — прызнаецца афрыканец. — Я малады спецыяліст, недастаткова вопыту. Але тут вельмі добры калектыў, які заўсёды мяне падтрымлівае. Ніхто і ніколі не адмаўляў мне ў дапамозе. Калі вы нешта не ведаеце, але ёсць у каго спытаць — гэта вельмі добра. Асабліва ўдзячны загадчыцы аддзялення Марыі Дораш. Да яе можна звяртацца па любых пытаннях, яна заўсёды гатовая падказаць, дапамагчы».

Ужо пайшоў чацвёрты год, як малады доктар лечыць барысаўцаў. На ягоным участку больш за 1 800 пацыентаў. У дзень ён прымае ад 30 да 40 людзей. Кажа, колькасць немаленькая, але да кожнага імкнецца знайсці падыход.
Жартуе, што першы час бабулі дзівіліся і ішлі на прыём з насцярожанасцю. У беларускай паліклініцы не кожны дзень сустрэнеш чарнаскурага доктара. А цяпер прывыклі і, сустракаючы на вуліцы, абавязкова вітаюцца. Цікавяцца справамі.
«Пацыентам вельмі цікава — асабліва нашым бабулям і дзядулям. Яны заўсёды задаюць шмат пытанняў: «Вы адкуль?», «Ці падабаецца наша зіма?» Я разумею, што даю пацыентам пазітыўныя эмоцыі. Яны мяне называюць, хтосьці «доктар», хтосьці «доктар Эмануэл», — з усмешкай кажа лекар. — Я ўжо прывык. Разумею, што ім складана вымавіць Эмануэл Чуквудзі Эбінум.
Галоўнае для мяне, што сёння яны мне давяраюць свае, калі можна так сказаць, таямніцы. Для мяне, як лекара, — гэта важна. Гэтая магчымасць ім дапамагчы, палепшыць іх якасць жыцця. Стараюся звяртаць увагу на дэталі, нават самыя дробныя».

Што тычыцца адрозненняў у нашай медыцыне і афрыканскай, то Эмануэл кажа, што дапамагаць людзям усюды трэба аднолькава. Але ёсць свае «але».
«Скажу, што ў Нігерыі ў людзей няма магчымасці атрымаць групу інваліднасці і не працаваць, як у Беларусі, атрымліваць грошы. Гэта вельмі важная частка беларускай аховы здароўя. Хацелася б, каб і ў Нігерыі з'явілася такая норма, — заўважае Эмануэл. — Яшчэ важна, што ў Беларусі жанчынам даецца такі доўгі адпачынак па доглядзе дзіцяці — цэлых тры гады. Гэта вельмі добра. Яшчэ і грошы плацяць незалежна ад таго, дзе ты працаваў.
У Нігерыі — па-іншаму. На магчымасць прывыкнуць да новай ролі жанчыне даюць тры месяцы, але затым трэба выходзіць на працу. Калі дзіцяці няма з кім пакінуць, то яго бяруць з сабой. І плацяць, як у вас называецца, «дэкрэтныя» ў залежнасці ад таго, дзе ты працавала і які заробак атрымлівала».

«Хачу, каб сын рос у Беларусі»
Ужо працуючы ў паліклініцы, Эмануэл зрабіў прапанову свой абранніцы. Вольга сказала: «Так». Ён яе скарыў сваёй сур'ёзнасцю, розумам і адказнасцю.
Ужо сёння ў маладой сям'і падрастае сын Дамінік. Эмануэл кажа, што ён шчаслівы чалавек.
«Так, сумую па родных, усё ж такая адлегласць. Але сына хачу гадаваць у Беларусі, — дзеліцца малады бацька. — Менавіта ў гэтай краіне я не буду хвалявацца за яго будучыню. Тут спакойна, стабільна, усё добра».

Адзінае, што не падабаецца Эмануэлу, гэта стаўленне некаторых людзей да замежнікаў на вуліцы.
«Чамусьці некаторыя лічаць, што калі я замежнік, цемнаскуры, мне пры сустрэчы абавязкова трэба сказаць: Hello, bro! Не, не трэба так рабіць. Навошта так казаць?! Мы не браты, нават не знаёмыя. Гэта непрыемна. Асабліва, калі мы гуляем з жонкай і дзіцем, а тут табе: Hello, bro! Я на такіх людзей стараюся не звяртаць увагу».
А ў сям'і Эмануэла на яго радзіме ўжо ствараецца, як кажуць у нас у Беларусі, дынастыя медыкаў. Ён расказаў, што ў яго яшчэ тры браты і сястра, якая таксама марыць стаць доктарам.
«Яна яшчэ маленькая, ёй 11 гадоў, але ўпэўнена кажа пра тое, што будзе лекарам, як тата і старэйшы брат, — з усмешкай дзеліцца Эмануэль. — І хто ведае, магчыма, і яна прыедзе атрымліваць адукацыю ў Беларусь і сустрэне тут свой лёс».
«Можам і ў футбол пагуляць, і разам на шавуху схадзіць». Футбаліст са Слоніма, які стаў ксяндзом, расказаў пра сваё жыццё і прынцыпы
Беларуска паскардзілася, што ў пашпарце яе дачкі не напісалі імя так, яна хацела — Estelle Thandie
«На Раство падарылі 5 кілаграмаў рысу». Беларуска ў 65 гадоў пераехала ў Гану і займаецца манікюрам
«Быццам на іншай планеце». Як беларусы з'язджаюць у эміграцыю ў непапулярныя краіны
Навошта Лукашэнку спатрэбіліся 150 тысяч пакістанцаў?
Каментары