Грамадства11

«Быццам на іншай планеце». Як беларусы з'язджаюць у эміграцыю ў непапулярныя краіны

Беларус Яўген (імя змененае дзеля бяспекі суразмоўцы) расказаў «Радыё Свабода», чаму пасля турмы паехаў жыць у Іспанію, рэдкую для эміграцыі беларусаў краіну, і з якімі складанасцямі там сутыкнуўся.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Самыя нярадасныя чаканні

Яўгену больш за 30 гадоў. У Беларусі ён адседзеў тэрмін за палітыку і паехаў у Іспанію.

«Зыходзіў з самых нярадасных сваіх чаканняў, жаданняў. Зыходзіў з таго, што магу не вярнуцца ў Беларусь», — кажа суразмоўца.

Ён кажа, што ніколі не марыў з’ехаць з радзімы. Прычынай эміграцыі стаў палітычны пераслед, які працягнуўся пасля вызвалення. Беларус раней нікуды далёка не выязджаў. Людзі ў суседніх Польшчы, Літве, меркаваў ён, падобныя менталітэтам.

«Мне стала цікава, як яно ўвогуле ў тых краінах, што моцна адрозніваюцца ад нашай: гарадская архітэктура, клімат, усё паступова — значныя адрозненні. Каб пашырыць свой кругагляд, лепш выбіраць краіну далейшую, зусім незнаёмую», — тлумачыць Яўген.

Папулярную сярод беларусаў Грузію ён не абраў, бо не адчуваў бы сябе там у бяспецы. Але Грузія была першай краінай, куды ён выехаў з Беларусі на кароткі час, прайшоў там медыцынскі агляд.

«Быццам на іншай планеце»

У Іспаніі Яўген жыве ўжо каля паўгода. Адзначае, што адаптацыя праходзіць няпроста.

«Няма ніякай канкрэтнасці, ніякага прывыкання. Як на іншай планеце. Бо я толькі з турмы выйшаў. Трэба прызвычаіцца да свабоды, ды яшчэ і ў зусім іншай краіне, дзе іншая культура. Шчыра кажучы, пакуль даволі складана», — дзеліцца суразмоўца.

Яўген падаў дакументы на міжнародную абарону.

«Чатыры месяцы я знаходзіўся ў падвешаным стане, у рэжыме чакання: прымуць мяне ці не. Чатыры месяцы нявызначанасці», — кажа ён.

Падчас чакання ён жыў у хостэле Чырвонага Крыжа з трохразовым харчаваннем. Плаціць за гэта не трэба было.

«Калі ў чалавека няма грошай, то з голаду ён не памрэ», — падсумоўвае ўцякач.

Праз чатыры месяцы Яўген трапіў у праграму адаптацыі і пераехаў у іншы горад. Дзякуючы праграме ён мае жыллё на паўтара года. Гэта кватэра з некалькімі пакоямі, у кожным жывуць па 1—2 чалавекі. Вучыцца іспанскай мове чатыры дні на тыдзень.

«Мова вельмі няпростая, нават незвычайная», — мяркуе ён.

Пасля вывучэння іспанскай беларус плануе пайсці на курсы перапрафілявання ў межах гэтай жа праграмы адаптацыі. У яе ўваходзіць і працаўладкаванне, але працу можна шукаць і самастойна. У Беларусі ён быў зваршчыкам, кіроўцам. Якую працу будзе шукаць у Іспаніі, пакуль не ведае. Яўген у Іспаніі мае права на бясплатныя юрыдычныя паслугі, таксама можа бясплатна лячыць зубы.

Рашэнне аб міжнароднай абароне Яўген яшчэ не атрымаў. Калі яго можна чакаць, ён не ведае. У Іспанію пастаянна прыязджае больш мігрантаў, і беларус мяркуе, што працэдура стане даўжэйшай. Ён чуў, што чакаць можна паўтара-два гады.

Дзвесце еўра на ежу

Нават без працы графік Яўгена даволі шчыльны. Ён устае ў 5:30 на прабежку і заняткі спортам. Чатыры дні на тыдзень наведвае моўныя курсы, часам двойчы на дзень. Астатні час ідзе на хатнія справы, гатаванне ежы, чытанне, дадатковыя моўныя заняткі дома. На харчаванне Яўген атрымлівае крыху больш за 200 еўра ў месяц і раз на паўгода 100 еўра на вопратку.

«Дзвесце еўра — гэта выключна на ежу і больш ні на што. Калі, скажам, зламаўся мабільны тэлефон, трэба шукаць у інтэрнэце нешта вельмі таннае або што аддаюць бясплатна. Ці прасіць сяброў, знаёмых дапамагчы. А каб нешта вялікае — пра гэта нават гаворкі няма», — кажа суразмоўца.

Каб паехаць у іншы горад ці паглядзець на акіян, трэба вельмі моцна эканоміць.

«Чалавек павінен быць гатовы адмовіцца ад шмат чаго, есці, можа, адзін раз на дзень», — разважае ўцякач пра тое, чым даводзіцца ахвяраваць з-за дадатковых выдаткаў.

Каб палепшыць умовы жыцця, Яўген арганізаваў збор. Прасіў 1500 еўра, каб набыць ноўтбук, аплаціць мабільную сувязь і купіць вопратку. Ён патлумачыў, што прасіў досыць невялікую суму, каб хапіла на самае неабходнае.

«Навошта мне прасіць у людзей, якія працуюць, зарабляюць грошы сваёй працай — каб хадзіць у рэстараны ці кавярні? Гэта на неабходнае, на тое, што для мяне надзвычай важна і патрэбна менавіта цяпер. Потым, думаю, уладкуюся на працу і сам камусьці дапамагу», — тлумачыць ён.

Яўген адзначае, што не меў асаблівых ілюзій наконт жыцця за мяжой, калі з’язджаў з Беларусі. Найбольш у эміграцыі яму не хапае ўласнага жылля. Ён заўважае, што не мае патрэбы ў вялікай колькасці зносін пасля турмы, наадварот — адпачывае ад гэтага. Калі трэба з кімсьці пагаварыць, можа патэлефанаваць сябрам, знаёмым. Беларусаў у горадзе, дзе жыве, пакуль не сустракаў, не ведае, ці ёсць там беларуская дыяспара і мерапрыемствы.

З роднымі, мяркуе ён, добра, калі атрымаецца сустрэцца раз на год. На яго думку, няма вялікай розніцы — жыць у суседняй з Беларуссю Літве ці ў далёкай Іспаніі. Сустрэцца са сваякамі аднолькава складана, бо яны занятыя і цяжка знайсці час на падарожжы.

Яўген кажа, што заўсёды памятае, за што сядзеў. І разумее, што далейшае яго жыццё стала наступствам гэтага, але ні разу не пашкадаваў.

«Чым далей ад Беларусі, тым менш разумення ў чыноўнікаў»

Сузаснавальнік фонду BySol Андрэй Стрыжак расказаў «Свабодзе», што апошнім часам у іхні фонд па дапамогу звярнуліся некалькі беларусаў, якія выехалі ў краіны, не тыповыя для беларускай эміграцыі.

«Было некалькі зваротаў ад людзей, што спрабуюць замацавацца ў Іспаніі. Частa гэта былыя палітвязні. Думаю, гэта звязана з тым, што Іспанія — адна з нямногіх еўрапейскіх краін, якая дагэтуль мае даволі ліберальнае міграцыйнае заканадаўства. У іх існуюць мадэлі легалізацыі на прынцыпе аселасці: калі ты пэўны час жывеш на тэрыторыі краіны і можаш даказаць, што сапраўды жыў там, плаціў за камунальныя паслугі», — кажа Стрыжак.

На яго думку, іспанскае заканадаўства цяпер адно з самых лаяльных да мігрантаў. Па словах Стрыжака, у BySol таксама звяртаюцца беларусы, якія спрабуюць замацавацца ў Германіі.

«Але, як правіла, праблема ў тым, што яны спрабуюць зрабіць гэта, маючы польскія або літоўскія візы. Дзейнічае прынцып Дублінскага пагаднення — і людзей вяртаюць у тыя краіны, чые візы яны маюць. І гэта, звычайна, даволі драматычныя сітуацыі, якія толькі дадаюць людзям праблем», — тлумачыць суразмоўца.

Андрэй Стрыжак успомніў выпадак журналіста са Светлагорска Андрэя Ліпскага, які цяпер збірае сродкі на лячэнне слыху, і Станіслава Брыкіна, які, верагодна, скончыў жыццё самагубствам у лагеры для ўцекачоў у Літве, куды ён прыехаў з Германіі.

Сузаснавальнік BySol адзначае, што беларусы эмігруюць у розныя краіны: Швецыю, Італію, ЗША. Спецыфічныя праблемы эмігрантаў у такіх далёкіх краінах узнікаюць не толькі з-за Дублінскага пагаднення.

«Чым далей ад Беларусі, тым менш разумення, пра што ідзе гаворка, у чыноўнікаў — лакальных, міграцыйных, тых, што разглядаюць справы і прымаюць рашэнні. Большасць з іх мае ўніверсальны падыход: ці ідзе вайна ў краіне, адкуль чалавек прыехаў. Гэта галоўны, жалезны аргумент. Калі чалавек прыехаў з Сірыі, Лівіі, Эрытрэі, Эфіопіі, Самалі — там вайна, значыць, гэта ўцекачы ад вайны», — тлумачыць Стрыжак.

Справы такіх мігрантаў разглядаюць у першую чаргу, дадае ён.

«А ў нас вайны няма. І гэта адразу ставіць беларусаў у складанае становішча. Чаму менавіта вяртацца нельга? Чаму пагроза рэпрэсій у Беларусі небяспечная для жыцця і здароўя чалавека? Беларусаў у колькасным сэнсе няшмат, менш, чым украінцаў, афрыканцаў ці выхадцаў з Усходу. Таму і няма выпрацаванай, стандартызаванай практыкі», — кажа Андрэй Стрыжак.

На яго думку, не ўсе чыноўнікі хочуць разбірацца ў нестандартных сітуацыях, калі з пэўнай краіны ўцякаюць усяго некалькі сотняў чалавек на год.

«І яшчэ — часта людзі спрабуюць шукаць лепшага жыцця ў больш заможных краінах Еўразвязу і сутыкаюцца з тым, што яны не адзіныя такія. Нагрузка на міграцыйныя службы гэтых краін вельмі вялікая. Хуткасць разгляду заяў вельмі нізкая», — пералічвае ён.

Сярод іншых складанасцяў — патрабаванне жыць у закрытых лагерах, іншыя ўмовы, зусім не тыя, што калі чалавек выязджаў у Еўропу ў якасці турыста.

«Мы ж, маючы шэнгенскія візы, ездзілі па Еўропе, бачылі гэтыя гарады, гэтых людзей. А цяпер раптам трапляем у зусім іншы статус. У статус шукальніка прытулку, як, напрыклад, з Эрытрэі. І гэта псіхалагічна вельмі складана. Людзі трапляюць у стрэс, у дэпрэсію. Гэта вядзе да сур’ёзных праблемаў», — распавядае Стрыжак.

Кіраўнік фонду адзначае, што людзі ахвяруюць на зборы незалежна ад краіны, дзе жыве чалавек, якому дапамагаюць, або памеру беларускай дыяспары ў той краіне. Найбольш ахвяруюць людзі з Польшчы, ЗША, Літвы.

«Тут я заўважыў заканамернасць: калі, скажам, чалавек з Ліды трапіў у бяду, напрыклад, у Францыі, то дапамогуць яму не прадстаўнікі французскай дыяспары, а лідчане, рассеяныя па ўсім свеце. Гэта — зямляцтва. Я дакладна магу сказаць, што гэтая сувязь з роднымі мясцінамі застаецца — незалежна ад таго, дзе чалавек знаходзіцца, дзе ён трапіў у бяду», — адзначае Андрэй Стрыжак.

Каментары1

  • Nickname
    11.04.2025
    Калі паслухаць людзей дык ніхто з іх не хацеў нікуды зъязджаць. Аднак мае адчуванні з майго кола, і тое што я чуў паўсюль, былі адваротнымі - ўсе хацелі зъехаць і да 2020 г. Бо сапраўды нармальнаму чалавеку не было чаго рабіць. Так, часам магло паказацца што ўсе не так і дрэнна і можна жыць, асабліва калі ты айцішнік. Аднак гэта ўсе ненадолга. Пакуль ты не сутыкнешься з якімі небудзь дзяржаўнымі структурамі ці там хуткай дапамогай той жа самай тады раптам зразумеешь які тут жах.

Цяпер чытаюць

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы26

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы

Усе навіны →
Усе навіны

Краіны НАТА анансавалі дапамогу Украіне на 21 мільярд еўра3

У мінскім гандлёвым цэнтры людзі выстраіліся ў чэргі па віцебскія дываны1

У беларускім чэмпіянаце па футболе забілі незвычайны гол ВІДЭА1

Кампанія, якая катала Тыля Швайгера па Мінску, знайшла грошы. Але каманду ўжо расхапалі1

Праўладны Саюз пісьменнікаў пашырае свае шэрагі за кошт расійскіх літаратараў3

ГУБАЗіК паказаў фота за кратамі Мацвея Бяляя, раней асуджанага ў Літве за напад на беларускае пасольства3

«Думаеце, я гэты пашпарт дома не шукала?» Вольга Сямашка пракаментавала сітуацыю з дакументам прыкрыцця свайго мужа25

Працуе ў калгасе, піша кнігі i піярыць роднае Палессе. Гэта ўсё пра 27-гадовага Дзеда Янкеля3

Мужчына падхапіў цяжкую інфекцыю лёгкіх праз звычку нюхаць свае брудныя шкарпэткі5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы26

Лукашэнка: Мы хочам з Пакістана спецыялістаў, а не проста моладзь. І найперш у Баранавічы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць