Свет11

«На Раство падарылі 5 кілаграмаў рысу». Беларуска ў 65 гадоў пераехала ў Гану і займаецца манікюрам

Апошнія 35 гадоў Таццяна пражыла ў Бабруйску, хаця нарадзілася і вырасла на Сахаліне. У 65 гадоў жанчына зноў вырашыла змяніць жыццё — гэтым разам з’ехала ў Гану. Спачатку — як турыстка, а затым — з намерам застацца надоўга. Так, Таццяна жыве на тэрыторыі Заходняй Афрыкі амаль тры гады. У Гану пераязджаюць нават са Швейцарыі.

Wikimedia Commons

Цяпер гераіня жыве побач з акіянам у новай сяброўкі. Аднагодка Таццяны пераехала ў Акру, сталіцу Ганы, са Швейцарыі. Жанчына шукала кампаньёнку, а Таццяне трэба было тэрмінова вызваліць дом, у якім яна на той момант жыла ўжо паўтара года, піша Tochka.by.

«Зняць жытло ў сталіцы за невялікую суму з штомесячнай аплатай вельмі цяжка. Тут арэнду гасяць на год (а лепш — на два) наперад. Штомесячна здымаць значна даражэй. Мне ж дапамагаюць сябры: рускія або еўрапейцы — у Акры дастаткова шмат мігрантаў.

Рускамоўныя, напрыклад, прыязджаюць працаваць: такому супрацоўніку могуць аплочваць выдатнае жытло, усе рахункі, машыну, кіроўцу і пры гэтым зарплату каля $5000», — распавядае Таццяна. Дамы ў Акры называюць па колькасці спальняў: з адной, дзвюма або трыма. Напрыклад, у нас кватэру з гасцінай і спальняй называюць «двушкай», а ў Гане — «з адной спальняй».

Каштаваць яны могуць па-рознаму. Напрыклад, гераіня за папярэдні падобны дом плаціла ўсяго ₵500 (гэта сума ў сэдзі адпавядае $32). Але пры гэтым прыглядала за станам катэджа. Калі нешта патрабавала рамонту — чыніла.

«Напрыклад, калі я толькі заехала, халадзільнік даволі моцна біў токам кожны раз, калі яго кранала. З праблемай дапамог знаёмы з Расіі», — удакладняе характар сваіх прац па доме Таццяна.

Папярэдні эстэйт быў адным з самых выгадных варыянтаў жытла, дзе жанчына спынялася ў Гане. Даводзілася жыць як у пустой кватэры (жытло тут звычайна здаецца без мэблі), у маленькім пакоі з агульнай для ўсіх жыхароў кухняй і лічыльнікамі або ў недабудаваным доме без туалета — яго пабудавалі на вуліцы трошкі пазней.

«Першае жытло мне шукаў працадаўца: па законе ён абавязаны даць свайму супрацоўніку-замежніку ўсё неабходнае для жыцця. Праўда, мяне ўсё адно падманулі. Я не павінна была, але ўсё ж заплаціла security fee і agency fee [аналаг закладу і ўзнагароджання агенту. — Tochka.by]. Два з паловай гады таму гэта было $200, плюс яшчэ $300 я аддала за куплю матраца (тут добраўпарадкаванне дома пачынаюць з гэтага), мэблі і іншай неабходнай атрыбутыкі», — пералічвае Таццяна.

Манікюр і педыкюр для жанчын Ганы

Першапачаткова ў Акры жанчына планавала займацца манікюрам і педыкюрам у ганскім салоне. Уладальнік разлічваў, што белаcкурая супрацоўніца прыцягне новых заможных кліентаў.

Але з працай не склалася: салон аказаўся барбершопам (хаця Таццяна разлічвала ў асноўным на кліентак-жанчын), а ўладальнік пастаянна парушаў свае абяцанні. Прынамсі ў плане жытла.

Так, працадаўца некалькі разоў падсяляў да жанчыны іншых супрацоўніц, што Таццяне было не да спадобы. У выніку яна вырашыла звольніцца і пераехаць, забраўшы ўкладзеныя ў жытло $200 закладу і камісіі агенту.

Кожны месяц на беларускую картку жанчына атрымлівае пенсію, якую па курсе абменьвае ў знаёмай украінкі. Таццяна адпраўляе свае сродкі дзецям знаёмай у Мінск, а ўкраінка аддае нашай гераіні канвертаваную ў сэдзі суму.

У адваротным выпадку банкі Акры маглі б узяць значны працэнт за абмен замежнай валюты.

Вялікія заторы, звалкі і хваробы

У Акры Таццяне даводзілася бачыць як багатыя хмарачосы, так і зусім убогія халупы. Тым не менш яна ўпэўненая: гэтую краіну нельга назваць беднай. У якасці доказу жанчына прыводзіць прыклад: у сталіцы вялікая колькасць затораў, а колькасць замежных аўтамабіляў зашкальвае. Машыны прывозяць сюды з розных частак Еўропы.

«Тут інакш ажыццяўляецца клопат пра насельніцтва. Я ўвесь час здзіўляюся: багатыя ўладальнікі раскошных дамоў не спяшаюцца заасфальтаваць дарогу нават для ўласнага карыстання. Што да ўрада, то так, тут будуюць масты, пандусы, дарогі. Але што да грошай…

Калі я прыехала, то магла купіць на ₵300 ($19,4) каля 200 ГБ інтэрнэту, цяпер на гэтыя грошы мне даюць у два разы меней трафіку. Паняцця ж безлімітнага інтэрнэту ў Гане няма: хвіліны размоў і інтэрнэт трэба набываць па тарыфе», — дзеліцца Таццяна. У Акры пераважна платная і медыцына: ёсць як дзяржаўныя бальніцы, так і прыватныя кабінеты.

Нашай суразмоўцы двойчы не пашанцавала захварэць. Падчапіла як малярыю, так і брушны тыф. Мясцовыя ад такіх недугаў лечацца звычайна лячэбнымі травамі, для еўрапейскага ж арганізма такі рэцэпт не падыходзіць.

«У суме маё лячэнне абышлося ў ₵950 (каля $61,3). Гэта за аналізы на тыф і малярыю, прыём, кропельніцу і лекі на два тыдні», — прыводзіць прыкладныя падлікі суразмоўца. Але многія ганцы ідуць да мясцовых урачоў у крайнім выпадку: занадта дорага. Побач з гэтым у Акры знаходзіцца самая вялікая ў свеце звалка радыётэхнікі і электронікі. Таццяна ў гэтым месцы не была: толькі аднойчы праехала побач, паглядзела, але ўглыб не заязджала.

Wikimedia Commons

«Я не ведаю, расце звалка ці, наадварот, змяншаецца, але сапраўды вялікая частка людзей разбірае гэты смецце і жыве там. Вельмі бедна. Там шмат дыму, але яго паху ці іншых негатыўных наступстваў я ў Акры не адчувала», — рэзюмуе жанчына.

Труны ў выглядзе птушак і вёска ведзьмаў

Вядома, у Афрыцы ёсць і свае традыцыі развітання з памерлым сваяком. І нягледзячы на тое, што большасць ганцаў належыць да той ці іншай хрысціянскай канфесіі, гэтыя традыцыі наўрад ці ўпісваюцца ў рэлігійныя каноны. Ганскія сем’і вельмі вялікія, колькасць сваякоў можа перавысіць сотню. Паколькі мясцовыя часта з’язджаюць са сваёй краіны, сабраць усіх няпроста, спатрэбіцца час

Wikimedia Commons 

«Пахаванне могуць адкласці і на год, пакуль сваякі збяруцца, абмяркуюць, хто і якія выдаткі на сябе возьме. Калі памёр чалавек сталага ўзросту, усе радуюцца, што ён пражыў такое доўгае жыццё і змог так шмат пабачыць. Тады і адзенне сваякоў будзе белым. Калі ж памёр малады, то смуткуюць, а ўбранне чорнае», — прысвячае ў нюансы ганскіх традыцый Таццяна.

На вароты дома сваякі вывешваюць вялікі плакат з фатаграфіяй памерлага чалавека. Праз усю агароджу працягваюць дэкараваныя стужкі чорнага і чырвонага колераў. Лічыцца, чым даўжэй яны вісяць, тым больш павагі ў сям’і да нябожчыка.

Іншы раз для больш заможных людзей могуць замовіць незвычайныя труны: у форме курыцы — для ўладальніка птушкафабрыкі, ці ў выглядзе флакона — для аптэкара. Аднак такія рэчы не надта распаўсюджаныя ў Акры. Нягледзячы на тое, што амаль усе ганцы граматныя і спакойна размаўляюць па-англійску, некаторыя ўсё ж веруць у нешта спірытычнае. Гэта датычыцца перадусім поўначы краіны.

«Існуе вёска, куды адпраўляюць жанчын, быццам бы падазраваных у вядзьмарстве. Насамрэч гэта можа быць бабуля з дэменцыяй (якую мясцовыя не могуць растлумачыць) ці проста нязручная пажылая жанчына. Такія людзі не маюць права на выезд. Але перыядычна туды прыязджаюць недзяржаўныя арганізацыі, якія спрабуюць разабрацца і спыніць выселкі ў гэтую вёску», — дзеліцца навінамі суразмоўца.

Есці рукамі з адной талеркі — знак павагі

Адзінае, да чаго Таццяна не змагла прызвычаіцца ў Гане, — гэта мясцовая ежа. Да гэтага часу беларуска купляе бульбу (якая ў гэтай краіне даволі дарагая), моркву, крупы і звыклае мяса. У Гане няма малочных прадуктаў: зрэдку можна знайсці малако і дарагое сметанковае масла. Астатняе — не так ужо і складана. Што да цэнаў, то за 5 кілаграмаў добрага рысу тут аддаюць прыкладна ₵200 (каля $13). Часам мяшок крупы можа стаць падарункам на свята.

На мінулае Раство Таццяне падарылі тыя ж 5 кілаграмаў рысу. І гэта лічыцца вельмі добрым падарункам. Галоўная ж ганская страва — фуфу з плантанаў (агароднінных бананаў) і варанага кораня касавы, які ў сырым выглядзе, дарэчы, ядавіты. Часам у гэтую страву могуць дадаць і корань ямса.

«Усё гэта мнуцца і падкідваецца, не варыцца, не смажыцца, не выпякаецца. Фуфу ядуць з ганскім супам: там няма крупаў ці бульбы — толькі мяса і агародніннае рагу. Ядуць рукамі, скручваючы лодачкі з цеста фуфу», — апісвае Таццяна.

Падводзячы вынікі, журналiсты пытюцца ў суразмоўцы, ці збіраецца яна вяртацца ў Беларусь. «Не магу сказаць, чым мяне так моцна зачапіла Гана, але калі я з’язджаю, то абавязкова вяртаюся. Мне падабаецца прырода».

Надвор’е тут вельмі капрызнае: у сухі сезон прыходзіць харматан — сухі пясчаны вецер з Сахары. Вельмі спякотна і вільготна. Потым усё гэта змяняецца сезонам дажджоў…» — апісвае прыродныя перамены суразмоўца.

Але, нягледзячы на ўсё гэта, з’язджаць з афрыканскай краіны Таццяна пакуль не збіраецца. Спякотная Гана грэе сэрца бабруйчанкі.

Каментары1

  • Цікава
    05.05.2025
    Насамрэч цікава, чаму ёй там так падабаецца... Якая такая прырода.. калі надвор'е такое... Не вельмі... Ну можа што многія сонца ў адрозненні ад Беларусі....

Цяпер чытаюць

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп даручыў адкрыць турму для асабліва небяспечных злачынцаў на востраве Алькатрас1

«На Раство падарылі 5 кілаграмаў рысу». Беларуска ў 65 гадоў пераехала ў Гану і займаецца манікюрам1

Ці ўключаць у Беларусі ацяпленне з-за халоднага надвор'я, адказалі ў ЖЭУ

«Этэрнаўт»: аргенцінскі Netflix выпусціў шматзначны серыял пра апакаліпсіс2

Камісар ЕС: Еўрасаюз удвая павялічыць дапамогу Украіне, калі Трамп не пераканае Пуціна заключыць мір3

У нядзелю розніца максімальных тэмператур у Беларусі склала 15 градусаў

У Брэсце патануў чатырохгадовы хлопчык. Ратавальнікам удалося вярнуць яго да жыцця

Вучоныя назвалі колькасць крокаў, якая ратуе офісных работнікаў16

Рыжанкоў даклаў Эйсмант, што накалоў дроў15

больш чытаных навін
больш лайканых навін

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

КДБ арыштаваў падазронага актывіста Паўла Бялюціна. У якой краіне гэта адбылося, невядома

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць