Ізраільская армія (ЦАХАЛ) прызнала, што іх ракета выпадкова трапіла ў групу дзяцей каля водаразмеркавальнага пункта ў сектары Газы. У выніку авіяўдару загінулі прынамсі восем палесцінцаў, з якіх шасцёра — дзеці. Яшчэ 17 чалавек атрымалі раненні, піша Reuters.

Паводле слоў ізраільскіх вайскоўцаў, ракета павінна была паразіць баевіка групоўкі «Ісламскі джыхад», але з-за тэхнічнай няспраўнасці адхілілася ад цэлі і трапіла ў іншае месца. ЦАХАЛ выказаў шкадаванне, што з-за гэтай памылкі пацярпелі мірныя жыхары.
Інцыдэнт адбыўся ў лагеры бежанцаў Нусэйрат у цэнтры сектара Газа, дзе ракета трапіла ў пункт падачы вады.
Тым часам перамовы пра 60-дзённае перамір’е, якія праходзяць у Катары пры ўдзеле ЗША, зайшлі ў тупік. Праблемнае пытанне — прысутнасць ізраільскіх войскаў у Газе.
Прэм’ер Ізраіля Біньямін Нетаньяху заявіў, што Ізраіль не адмовіцца ад сваіх галоўных патрабаванняў: вызвалення ўсіх закладнікаў, знішчэння ХАМАС і гарантый бяспекі для Ізраіля з боку Газы.
Каментары