Трамп заявіў, што Ізраіль пагадзіўся на ўмовы 60-дзённага перамір'я ў Газе
У аўторак Трамп заявіў, што, на ягоную думку, Нетаньяху хоча пакласці канец вайсковым дзеянням у Газе.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што ізраільскі бок на сустрэчы з прадстаўнікамі Вашынгтона пагадзіўся на ўмовы, неабходныя для спынення агню ў сектары Газа на два месяцы, піша Бі-бі-сі.
«Сёння мае прадстаўнікі правялі доўгую і прадуктыўную сустрэчу з ізраільцянамі па пытанні Газы. Ізраіль пагадзіўся на неабходныя ўмовы для заключэння 60-дзённага перамір'я, на працягу якога мы будзем працаваць з усімі бакамі, каб пакласці канец вайне», — напісаў ён у сваёй сацсетцы Truth Social, не ўдакладняючы, што гэта за ўмовы.
Са слоў амерыканскага лідара, прадстаўнікі Катара і Егіпта, якія «вельмі старанна працавалі над усталяваннем міру», перададуць баевікам групоўкі ХАМАС канчатковую прапанову.
«Я спадзяюся, што дзеля дабра Блізкага Усходу ХАМАС прыме гэтае пагадненне, таму што лепш не стане — будзе толькі горш», — дадаў Трамп. Прадстаўнікі ХАМАС гэта пакуль не каментавалі. Амерыканскія СМІ раней паведамлялі, што ў Вашынгтон прыбыў міністр стратэгічнага планавання Ізраіля Рон Дэрмер, які павінен быў абмеркаваць з прадстаўнікамі белага дома сітуацыю ў сектары Газа і Іране, а таксама візіт Ізраільскага прэм'ер-міністра Біньяміна Нетаньяху ў ЗША.
У аўторак Трамп заявіў, што, на ягоную думку, Нетаньяху хоча пакласці канец вайсковым дзеянням у Газе.
«Ён хоча гэтага. Я магу вам сказаць, што ён хоча гэтага. Думаю, на наступным тыдні мы дасягнем пагаднення», — сказаў прэзідэнт ЗША. Першапачатковае абвяшчэнне аб спыненні агню паміж Ізраілем і ХАМАС, якое ўступіла ў сілу 19 студзеня, прадугледжвала тры этапы, але не прасунулася далей першага.
Другі этап уключаў усталяванне пастаяннага спынення агню, вяртанне пакінутых у жывых закладнікаў у Газе ў абмен на палестынцаў, якія знаходзяцца ў ізраільскіх турмах, і поўны вывад Ізраільскіх войскаў з Газы.
У сакавіку ізраільскія войскі аднавілі масіраваныя ўдары па сектары Газа. У канцылярыі Нетаньяху заявілі, што гэта адбылося пасля адмовы ХАМАС вызваліць закладнікаў і прыняць прапановы ЗША і пасярэднікаў.
У канцы траўня ХАМАС апублікаваў адказ на прапанову аб перамір'і на 60 дзён, аднак сустрэчныя ўмовы групоўкі ў ЗША і Ізраілі адхілілі.
Як адзначае выданне Times of Israel, перамовы паміж бакамі зайшлі ў тупік у асноўным праз умовы, якія будуць дзейнічаць пасля заканчэння перамір'я: Ізраіль патрабуе захаваць за сабой права аднавіць баявыя дзеянні, а ХАМАС імкнецца зрабіць часовае перамір'е сталым.
Арабскія пасярэднікі спрабуюць зноў сабраць перамоўнікаў ад Ізраіля і ХАМАС для правядзення непрамых перамоваў у Каіры, каб ліквідаваць рознагалоссі, якія застаюцца, піша выданне.
Каментары