Ужо ў адзінаццаць гадоў? Ва ўсім свеце ўзрост пачатку першых месячных працягвае маладзець
Навукоўцы фіксуюць трывожную тэндэнцыю, але дакладныя прычыны яе ўзнікнення застаюцца не да канца зразумелымі. Пры гэтым медыкі ўсё часцей звяртаюць увагу на патэнцыйныя рызыкі для здароўя і патрабуюць сур’ёзных змен у прафілактыцы.

Як піша Tagesspiegel, нядаўняе даследаванне, апублікаванае ў JAMA Network Open і заснаванае на дадзеных больш чым 71 000 жанчын у Злучаных Штатах, якія нарадзіліся паміж 1950 і 2005 гадамі, паказала, што сярэдні ўзрост пачатку першай менструацыі (менархе) скарачаецца з пакалення ў пакаленне.
Калі ў жанчын, народжаных у 1950—1969 гадах, яны пачыналіся ў сярэднім у 12,5 года, то ў тых, хто нарадзіўся ў 2000—2005 гадах — ужо ў 11,9 года.
Паміж старэйшым і самым малодшым пакаленнямі доля дзяўчынак, у якіх першыя месячныя пачаліся да 11 гадоў, павялічыўся з 8,6% да 15,5%. Працэнт тых, у каго менархе наступіла вельмі рана, да 9 гадоў, падвоіўся — з 0,6% да 1,4%.
У даследаванні таксама аналізавалася, у якім узросце ў дзяўчынак усталяваўся рэгулярны цыкл. Аказалася, што колькасць тых, чый цыкл нармалізаваўся цягам двух гадоў пасля пачатку, знізілася з 74% (у старэйшых пакаленнях) да 56% (у маладых).
Даследчыкі выявілі, што гэтыя тэндэнцыі назіраліся ва ўсіх узроставых групах, багатых ці бедных, адукаваных ці менш адукаваных, але найбольш выяўленымі яны былі сярод удзельніц, якія ідэнтыфікавалі сябе як чарнаскурыя, лацінаамерыканцы або азіяты і якія лічылі сябе людзьмі з нізкім сацыяльна-эканамічным статусам.
Аднак даследаванне мае свае абмежаванні: усе дадзеныя заснаваныя на апытаннях, што можа быць недакладным. Удзельніцам трэба было ўзгадваць падзеі, што адбыліся некалькі дзесяцігоддзяў назад. Але нават такія звесткі супадаюць з агульнымі тэндэнцыямі і занепакоенасцю медыкаў.
Нямецкі дзіцячы эндакрынолаг Бецына Гольке (Bettina Gohlke) з універсітэцкай бальніцы Бона ў інтэрв'ю выданню таксама адзначае, што з 1970-х пачатак палавога выспявання ў дзяўчынак зрушыўся наперад прыкладна на тры месяцы за дзесяцігоддзе.
Цяпер у Германіі ён пачынаецца ў сярэднім у 11—11,5 гадоў. Дадзеныя рэгістраў, дзе фіксуюцца фізічныя паказчыкі, пацвярджаюць гэтую тэндэнцыю.
Як адзначаюць аўтары даследавання, менархе і рэгулярнасць цыклу лічацца новымі жыццёва важнымі маркёрамі. Лічыцца, што час, калі ў жанчыны пачынаецца крывацёк, гэтак жа важны, як частата сардэчных скарачэнняў або артэрыяльны ціск.
Ранняя менструацыя і ўстойлівыя парушэнні цыклу, паводле Амерыканскай калегіі акушэраў і гінеколагаў, могуць павялічыць рызыку захворванняў у сталым узросце. Аўтары згаданага даследавання сярод фактараў рызыкі таксама называюць захворванні, звязаныя з парушэннем абмену рэчываў, такія як дыябет, сардэчна-сасудзістыя хваробы, а таксама некаторыя віды раку — у прыватнасці, рак малочнай залозы і шыйкі маткі.
Аднак, як заўважае нямецкі эксперт у галіне рэпрадукцыйнай медыцыны Ульрых Кнут (Ulrich Knuth), доказаў пакуль недастаткова, хоць сам ён таксама лічыць, што ранняя менархе можа мець негатыўныя наступствы для жаночага здароўя.
Магчымыя прычыны: стрэс, хімікаты, забруджванне паветра
Чаму ўзрост першай менархе маладзее? Вучоныя гавораць пра цэлы комплекс фактараў. Адзін з магчымых — стрэс у раннім дзяцінстве.
Напрыклад, доктарка Гольке ў сваім даследаванні выявіла, што падчас пандэміі COVID-19 колькасць выпадкаў заўчаснага палавога выспявання павялічылася на 20-30%: у хлопчыкаў знешнія палавыя прыкметы пачыналі развівацца ва ўзросце да 9 гадоў, а ў дзяўчынак — да 8.
Амерыканскія даследчыкі сярод фактараў называюць распаўсюджанне так званых «вечных хімікатаў» (PFAS), якія прысутнічаюць у касметыцы, посудзе, адзенні, вадзе і ежы. PFAS адносяцца да эндакрынна-актыўных рэчываў, што здольныя парушаць нармальную працу гарманальнай сістэмы.
Паводле даследчыкаў, «вечныя хімікаты» а таксама цяжкія металы і шкодныя прымесі ў паветры могуць таксама спрыяць ранняму пачатку менструацыі.
У той час як эксперт Ульрых Кнут называе такія сцвярджэнні чыстай спекуляцыяй, доктарка Бецына Гольке пагаджаецца з высновамі амерыканскіх калег.
«Мы назіраем змены, якія адбываюцца ўжо дзесяцігоддзямі, — адзначае яна. — У немаўлят даўжэй захоўваецца стан грудных залоз, у хлопчыкаў падчас пубертату часцей развіваюцца грудзі, чым раней, а сам пубертат пачынаецца ўсё раней», — заўважае Гольке.
Яна мяркуе, што эндакрынна-актыўныя рэчывы ў навакольным асяроддзі сапраўды могуць спрыяць ранняй менархе. Аднак, як падкрэслівае доктар, даказаць уплыў канкрэтнага рэчыва вельмі складана. У эксперыментах на жывёлах адны з гэтых рэчываў паскараюць палавое выспяванне, іншыя, наадварот, яго затрымліваюць. Таму, лічыць яна, неабходныя шматгадовыя даследаванні, каб зразумець дакладныя прычынна-выніковыя сувязі.
Роля вагі: самы выразны фактар
У даследаванні амерыканскіх навукоўцаў таксама згадваецца яшчэ адна магчымая прычына: павелічэнне масы цела. Гэта меркаванне грунтуецца на аналізе дадзеных аб індэксе масы цела (ІМЦ), якія прадставілі прыблізна 10 000 удзельнікаў амерыканскага даследавання.
Аўтары сцвярджаюць, што лішняя вага, асабліва калі яна выкліканая салодкай ежай і недахопам фізічнай актыўнасці, відавочна звязана з больш раннім пачаткам менструацыі.
Паводле эксперта Ульрыха Кнута, гэтая сувязь з'яўляецца найбольш лагічнай і добра вядомай у навуцы. Па яго словах, у дзяцей, якія хутчэй дасягаюць крытычнай масы цела, месячныя пачынаюцца раней, бо арганізм пры дастатковым харчаванні хутчэй фарміруе рэпрадуктыўныя функцыі.
Пры гэтым у падлеткаў з высокай вагой узровень гармону лептыну — павышаны. Ён стымулюе гіпофіз да выпрацоўкі палавых гармонаў.
Наадварот, калі вага занадта нізкая (напрыклад, з-за дыеты, парушэнні харчавання або інтэнсіўных заняткаў спортам), менструацыя можа знікнуць ці парушыцца яе цыкл.
Паводле слоў спецыяліста па рэпрадуктыўнай медыцыне Ульрыха Кнута, залішняя вага прыводзіць да павелічэння выпрацоўкі пэўных гармонаў, якія спрыяюць хранічнаму запаленню ў арганізме і ўплываюць на абмен рэчываў, што, у сваю чаргу, парушае рэгулярнасць менструальных цыклаў і спрыяе бясплоддзю.
Што рабіць?
Паводле Кнута, праблема ранняй менархе недастаткова даследаваная. Няма дастатковай колькасці кафедраў, што спецыялізуюцца на гэтай тэме, а дадзеных пра яе наступствы збіраецца вельмі мала.
Ён лічыць, што педыятры, акрамя звыклага кантролю росту і вагі, павінны пытацца і пра пачатак менструацыі, каб своечасова даваць парады. Але гэта патрабуе дадатковага часу і фінансавання.
Аднак менавіта такія дадзеныя неабходныя. Незалежна ад таго, ці справа ў вазе, стрэсе або экалогіі, навука яшчэ патрабуе часу, каб дакладна зразумець прычыны ўсё больш ранняга палавога выспявання. І толькі гэта дазволіць рэальна палепшыць здароўе будучых пакаленняў дзяўчат.
Кнут упэўнены: калі не змагацца з праблемай дзіцячага атлусцення, менархе будзе і надалей надыходзіць раней. Урэшце, зусім не выключана, што яна будзе прыпадаць на ўзрост 8 гадоў або нават раней.
Каментары
Это всё из-за роста эстроген-подобных веществ в пластиках.
Отсюда 1) снижение количества сперматозоидов в сравнении с 70-ми годами 2) снижение уровня тестостерона у мужчин до уровня 60-летних дедушек 3) лет через 15 инвитро будет стандартом зачатия, по мнению ведущей американской репродуктологессы
Жарите котлетки на тефлоновых сковородках? Это очень хорошо, еще курить начните.