Здароўе11

Структура мозга змяняецца разам з фазамі менструальнага цыкла

Структура ўсяго мозга змяняецца ў залежнасці ад гарманальных зрухаў, якія адбываюцца ў кожнай новай фазе менструальнага цыкла, сцвярджае новае даследаванне.

Human brain scans
Фота: Luis Alvarez / Getty Images

Даследаванне, праведзенае навукоўцамі з Каліфарнійскага ўніверсітэта ў Санта-Барбары (UCSB), выявіла нязначныя змены ў структуры мозга 30 жанчын падчас менструальнага цыкла. Гэтыя змены супадаюць з ваганнямі ўзроўняў чатырох гармонаў. Аднак пакуль невядома, ці ўплываюць гэтыя змены на кагнітыўныя функцыі жанчын ці на рызыку захворванняў галаўнога мозга.

«Большая частка таго, што мы ведаем пра чалавечае цела, атрымана ў выніку даследаванняў, праведзеных пераважна на мужчынскім целе», — пракаментавала вынікі Вікторыя Бабенка, былая аспірантка UCSB і суаўтарка даследавання, апублікаванага 10 кастрычніка ў базе даных bioRxiv.

Даследчыкі прааналізавалі 30 жанчын, якія не прымалі гарманальныя супрацьзачаткавыя сродкі і мелі рэгулярны месячны цыкл. Мозг жанчын візуалізавалі ў трох кропках менструальнага цыкла: менструацыя, авуляцыя і сярэднелютэінавая фаза, звязаная з сімптомамі перадменструальнага сіндрому (ПМС).

Былі атрыманыя даныя, якія маюць дачыненне да аб'ёму мозга і двух тыпаў мазгавой тканкі: шэрага рэчыва, якое змяшчае асноўныя целы клетак мозга, і белага рэчыва, якое злучае і забяспечвае сувязь паміж клеткамі. Таксама даследчыкі сабралі даныя аб тым, як праз белае рэчыва мозга распаўсюджваецца вада.

У даследаванні таксама вывучаліся змены чатырох гармонаў: эстрадыёлу (разнавіднасць эстрагену), прагестэрону, лютэінізуючага гармону (ЛГ) і фалікуластымулюючага гармону (ФСГ). 

У абласцях мозга, якія вывучала каманда, канцэнтрацыі эстрагену і ЛГ карэлявалі з эфектыўнасцю дыфузіі вады праз белае рэчыва. Гэта адлюстроўвае змены ў «мікраструктуры» белага рэчыва, якія, на думку некаторых навукоўцаў, адлюстроўваюць змены ў сувязях, але гэта пакуль спрэчнае сцвярджэнне.

Між тым, канцэнтрацыя ФСГ звязана з таўшчынёй кары: па меры таго, як яна павялічваецца і памяншаецца, змяняецца і шэрае рэчыва кары.

Цікава, што ў некаторых абласцях мозгу ФСГ і прагестэрон мелі супрацьлеглыя сувязі з дыфузіяй і таўшчынёй кары: павелічэнне ФСГ супадала з памяншэннем колькасці свабодна дыфузуючай вады і большай таўшчынёй кары, тады як павелічэнне прагестэрону было звязана з процілеглымі заканамернасцямі. 

Колькасць даследаванняў, якія паказваюць ўплыў гармонаў, звязаных з менструальным цыклам, на мозг, апошнім часам расце, і праведзенае даследаванне — не першае. Аднак яно адметнае тым, што вывучае тканкі па ўсім мозгу.

У іншых працах для рэгістрацыі гэтых змяненняў выкарыстоўваліся іншыя метады — напрыклад, у нядаўнім даследаванні, апублікаваным у часопісе Nature Mental Health, выкарыстоўвалася МРТ-сканаванне з высокім разрозненнем для выяўлення падчас менструальнага цыкла адрозненняў у аб'ёме ў некалькіх абласцях мозгу.

Што датычыць вынікаў праведзеных назіранняў, па словах даследчыц, яны павінны падштурхнуць да таго, каб вывучыць, як выяўленыя змены ўплываюць на псіхічнае здароўе на працягу менструальнага цыкла або на рызыку такіх станаў, як хвароба Альцгеймера (якая часцей сустракаецца ў жанчын, чым у мужчын). Яшчэ адзін кірунак — як змены ў мозгу могуць уплываць на паводзіны.

Суаўтарка даследавання Элізабэт Райзар, аспірантка праграмы дынамічнай нейранавукі ў UCSB, выказала спадзеў, што даследаванне можа дапамагчы медыцынскім работнікам больш улічваць уплыў менструальнага цыкла на медыцынскую дапамогу.

«Медыцынскі свет павінен прыняць да ўвагі, наколькі значныя гэтыя ваганні ў нашым паўсядзённым жыцці, і ў большай ступені ўлічваць іх пры лячэнні», — сказала яна Live Science.

 

Каментары1

  • ой
    06.11.2023
    а ў мужнын як?

    хаця аба што гэта я :/
    у іх жа мазгоў ваапшчэ няма

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын3

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын

Усе навіны →
Усе навіны

Нядаўна адкрытую скульптуру армрэслера ў Магілёве ўжо закруцілі плёнкай ФОТАФАКТ4

Тэгеран слабы як ніколі: пратэсты ў краіне і пагрозы Трампа зрабілі сітуацыю для ўладаў Ірана надзвычай сур'ёзнай3

ЗША моцныя насамрэч, а Расія — на словах7

«Паехала ў тур, бо марыла пабачыць палярную ноч». Што кажуць пра беларуску, якую знесла плынь пад Мурманскам2

Мачада прапанавала падзяліць сваю Нобелеўскую прэмію міру з Трампам10

Чарговая спроба ўладаў замяніць Tut.by? У Беларусі з’явіўся новы інфармацыйны партал12

Паступаць у ВНУ на завочнае аддзяленне дазволілі без стажу па спецыяльнасці

Дзярждэп ЗША па-руску заявіў пра небяспеку гульняў з Трампам7

Квіткі на канцэрт расійскага спевака ў Беларусі расхапалі за тры гадзіны25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын3

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць