Грамадства3131

Ахова і дзясяткі людзей у камандзе: за што жыве Офіс Ціханоўскай у Вільні?

Літоўскі партал LRT.lt падняў пытанне, што вядома пра выдаткі Літвы на ўтрыманне Святланы Ціханоўскай і яе каманды. Паводле выдання, гучаць меркаванні, што ўтрыманне Офіса Ціханоўскай абыходзіцца дорага літоўскім падаткаплатнікам. Што яны высветлілі?

Фота: Офіс Ціханоўскай

Дыскусіі аб сродках, што Літва выдзяляе беларускай апазіцыі, актывізаваліся пасля таго, як у Вільню прыбыў муж Святланы — Сяргей Ціханоўскі, які выйшаў на свабоду пасля пяці гадоў зняволення, піша выданне.

«Зноў быў згаданы неабгрунтаваны памер «рэнты» — нібыта былая кандыдатка на пасаду прэзідэнта Беларусі атрымлівае 35 тысяч еўра ў месяц.

Гэтая сума згадваецца не ўпершыню. Яшчэ ў 2021 годзе пра яе казаў лідар партыі «Зара над Нёманам» Рэмігіюс Жэмайтайціс, аднак, калі журналісты папрасілі яго ўдакладніць крыніцу гэтых даных, ён так і не змог яе назваць», — піша выданне.

Між тым і Міністэрства замежных спраў Літвы (МЗС), і офіс Святланы Ціханоўскай абверглі інфармацыю пра тое, што яна атрымлівае якую-небудзь рэнту.

Па словах МЗС, урад Літвы толькі забяспечвае бяспеку лідара беларускага дэмакратычнага грамадства.

«Літва ўжо шмат гадоў паслядоўна падтрымлівае грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя сілы Беларусі, імкнучыся забяспечыць магчымасць правядзення свабодных і дэмакратычных выбараў у Беларусі і вызваленне палітычных зняволеных», — гаворыцца ў адказе МЗС на запыт LRT.lt.

Ведамства падкрэслівае, што падтрымка дэмакратычнай Беларусі — гэта пытанне нацыянальнай бяспекі Літвы.

Таксама МЗС звяртае ўвагу, што пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 года Ціханоўская была вымушана пакінуць краіну і прыехаць у Літву, дзе яе прынялі як «афіцыйную госцю ўрада Літоўскай Рэспублікі».

Тым часам прадстаўніца офіса Ціханоўскай, прэс-сакратарка палітыка Ганна Красуліна падкрэсліла, што чуткі пра нібыта велізарныя сумы, атрыманыя беларускай апазіцыяй ад Літвы, часта падаграваюцца прапагандай Мінска і Масквы.

Яна кажа, што ніхто з супрацоўнікаў Офіса і валанцёраў не атрымлівае заробку ад літоўскай дзяржавы. Дзейнасць офіса фінансуецца за кошт сродкаў ЕС і прыватных ахвяраванняў. Па словах Красулінай, праца Офіса «не дарагая».

Згодна з данымі Цэнтра рэгістраў, у 2023 годзе даход юрыдычнай асобы, якая кіруе Офісам Ціханоўскай у Літве, склаў 122 929 еўра. Гэта самыя актуальныя даныя, якія ёсць у цэнтра.

Красуліна падкрэсліла, што беларускія дэмакратычныя сілы сталі мішэнню прапаганды рэжыму.

«Мы назіраем маштабную скаардынаваную інфармацыйную кампанію, якую, верагодна, арганізуюць боты, звязаныя з Расіяй ці з беларускім рэжымам, з мэтай пасеяць недавер і нянавісць паміж беларусамі і літоўцамі», — кажа прадстаўнік С. Ціханоўскай.

Дзяніс Кучынскі: у Офісе працуюць 30—40 чалавек, але з працоўным дагаворам — меншасць

Дыпламатычны саветнік Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі адзначае, што частка выдаткаў на ўтрыманне лідара беларускай апазіцыі ў Літве пакрываецца літоўскім урадам.

Гаворка ідзе пра ахову самой Ціханоўскай, яе жыллё і лагістычную падтрымку з боку Міністэрства замежных спраў Літвы падчас міжнародных паездак — «калі гэта магчыма».

«Пры гэтым ні сама Святлана Ціханоўская, ні супрацоўнікі Офіса не атрымліваюць ад Літвы ніякага фінансавага ўтрымання (за рэдкім выключэннем некалькіх чалавек, якія атрымалі кароткатэрміновыя выплаты ў рамках праграмы інтэграцыі пасля атрымання міжнароднай абароны на агульных падставах)», — падкрэсліў у размове з LRT.lt Кучынскі.

Паводле яго слоў, у Офісе Святланы Ціханоўскай працуюць каля 30—40 чалавек, не ўсе з іх знаходзяцца на поўнай занятасці. Працоўныя дагаворы ёсць толькі ў невялікай часткі супрацоўнікаў, астатнія працуюць па дагаворах індывідуальнай занятасці.

У структуры Офіса — каля шасці аддзелаў, якія адказваюць за розныя сферы: міжнародныя справы, камунікацыі, юрыдычную ці тэхнічную падтрымку і іншыя.

«Фактычна гэта кампактная каманда, улічваючы маштабы задач. Мы імкнёмся рацыянальна выкарыстоўваць кожны еўра і пастаянна аптымізуем выдаткі», — працягвае Кучынскі.

Супрацоўнікі Офіса жывуць на «заробкі ці ганарары ў рамках рэалізоўваных праектаў», адзначае дыпламатычны дарадца Ціханоўскай. Паводле яго слоў, заробкі супрацоўнікаў, як правіла, «ніжэйшыя за сярэднія па Літве» — каля 2000 еўра да выліку падаткаў (гэта каля 1200 еўра чыстымі — НН).

Кучынскі, гэтак жа як і Красуліна, указвае, што

асноўныя даходы ў Офіс паступаюць ад донараў — еўрапейскіх і амерыканскіх інстытуцыйных партнёраў. Таму, паводле яго слоў, прадстаўнікі Ціханоўскай свядома не просяць беларусаў ахвяраваць грошы на працу Офіса.

«Мы просім падтрымліваць сем'і беларускіх палітзняволеных, ініцыятывы нашай грамадзянскай супольнасці, культуру, незалежныя медыя і Украіну», — адзначае Кучынскі.

Фота: Getty Images

Выданне звяртае ўвагу, што Сяргей Ціханоўскі пасля вызвалення «адзначаў, што ахова ў Літве распаўсюджваецца толькі на яго жонку, але не на яго самога». 

Кучынскі адказвае, што наўрад ці з вызваленнем Ціханоўскага выдаткі Літвы ўзрастуць.

«Не думаю, што выдаткі павялічацца. Сяргею дапамагаюць беларускія праваабарончыя ініцыятывы. Пытанні аховы не ўваходзяць у маю кампетэнцыю, таму я не магу іх каментаваць», — сказаў дыпламатычны дарадца Ціханоўскай.

LRT.lt звярнуўся ў МЗС з пытаннем, ці аплачвае Літва жыллё Ціханоўскай. У адказе МЗС гаворыцца, што міністэрства «не можа пракаментаваць гэтыя сцвярджэнні, паколькі гэта не адносіцца да кампетэнцыі МЗС».

Па даных літоўскага МЗС, Літва прадастаўляе Ціханоўскай ахову. Па словах дарадцы палітыка, з якім пагаварыў LRT.lt, — таксама і жыллё.

Ціханоўская не атрымлівае рэнты, яе Офіс фінансуецца за кошт сродкаў замежных праграм і прыватных ахвяраванняў, дадае выданне. 

Каментары31

  • 1
    16.07.2025
    Адзiная магчымасць пазбегнуць тут чутак i крыватолкаў - поўная празрыстасць. Усім зразумела, што на жыццё і тым больш дзейнасць неабходныя грошы, і што іх на гэтым этапе могуць толькі даць фундатары ці партнёры. Гэта так не толькі ў офісе Ціханоўскай, але і ва ўсіх рэдакцыях беларускіх навін, ва ўсіх фондах падтрымкі беларусаў, ва ўсіх праваабарончых арганізацыях.

    Але адначасова з гэтым неабходна дзейнічаць у інтарэсах Беларусі і беларускага народа, а не тых, хто фінансуе ўласную дзейнасць. Таму, каб выключыць нават сумневы, неабходная поўная празрыстасць. І тое, як Офіс камунікуе гэтую тэму, на жаль, зусім не дадае ім даверу.
  • Берасць
    16.07.2025
    І дзякуй Літве, што дала Ціханоўскай ахову. Інакш немагчыма, калі маеш справу з Лукашэнкам і Пуціным.
  • Тут усё ясна
    16.07.2025
    экс-палітвязень, Расея.

Цяпер чытаюць

Знойдзена цела супрацоўніцы віцебскай хіміі — яе шукалі два з паловай гады1

Знойдзена цела супрацоўніцы віцебскай хіміі — яе шукалі два з паловай гады

Усе навіны →
Усе навіны

У Беларусь праездам з Еўропы зазірнуў прэзідэнт Інданезіі1

Сямігадовы хлопчык назбіраў амаль 2 тысячы рублёў за год. На што пойдуць грошы?2

Пуцін адхіліць ультыматум Трампа і рыхтуецца да новай эскалацыі ва Украіне5

Трамп заявіў, што Зяленскі не павінен наносіць удары па Маскве, а дальнабойных ракет Украіне ён не дасць7

Лявончык: На 18 тысяч тых, хто атрымаў дапамогу, было тры крымінальныя справы12

Віленскую кнігарню з беларускімі кнігамі ў Зарэччы затапіла падчас залевы3

У Польшчы пад Эльблангам знік беларус3

Гэтых прафесій не заменіць штучны інтэлект. Беларусы могуць лёгка атрымаць такую адукацыю ў Еўропе3

У ЗША судзяць афіцэра, які выдаваў вайсковыя таямніцы «ўкраінцы» з сайта знаёмстваў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Знойдзена цела супрацоўніцы віцебскай хіміі — яе шукалі два з паловай гады1

Знойдзена цела супрацоўніцы віцебскай хіміі — яе шукалі два з паловай гады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць