Мікола Статкевіч правёў апошнюю ноч перад спробай дэпартацыі ў СІЗА КДБ. Туды прывезлі яго і яшчэ больш за дзесяць палітвязняў, якіх збіраліся вызваліць на наступны дзень. Распыталі Сяргея Спарыша пра тое, што расказваў Статкевіч.

«Адчыняюцца дзверы, і я чую нешта накшталт «ну, лёгкі на памін». Гляджу — а гэта Статкевіч! Вельмі ўсцешыліся, бо быў страх, што ён ужо не жывы, даўно не было інфармацыі пра яго.
Ён быў нашмат больш схуднелы, чым раней, але настрой у яго быў вельмі добры. Па агульным уражанні ён у добрым стане», — расказвае Спарыш.
І тым не менш Статкевіч, як кажа Сяргей, мае праблемы са здароўем. За кратамі палітык меў вострыя праблемы з сэрцам — ён не быў абследаваны належным чынам, але, як ён казаў у гутарцы са Спарышам, гаворка хутчэй за ўсё пра інфаркт. Пасля гэтага Мікалая яшчэ і саджалі ў ШІЗА.
За час зняволення Статкевіч тройчы перанёс кавід, таксама перажыў пнеўманію. І гэта ў дадатак да хранічных хваробаў, бо ў Міколы сардэчная арытмія і хранічны бранхіт.
У той вечар у камеры СІЗА КДБ Спарыш і Статкевіч шмат гутарылі:
«Мы ўсё-ткі не бачыліся пяць гадоў, таму было пра што пагаварыць — і пра вынікі таго, што адбылося ў 2020-м, і пра планы на будучыню. [Статкевіч] даў пару інструкцый, якія трэба будзе выканаць. Казаў пра тое, што беларуская нацыя сфармаваная, і гэта вынік 2020‑га года».
Мікалай прагаварыў, што не будзе з’язджаць з краіны, чым не здзівіў Спарыша:
«Вайскоўцы, шляхцічы такога тыпу, як Статкевіч, не бегаюць. Было відавочна, што для яго гэта пра гонар. Але самае галоўнае, што Статкевіч — гэта не рамантык, а прагматычны, мудры палітык. Ён пралічыў, што самае моцнае ўздзеянне будзе ў тым выпадку, калі ён зробіць так, як і зрабіў пазней.
Па-першае, гэта вельмі вялікі міжнародны скандал. А па-другое, і гэта важней, такім чынам у Беларусі застанецца маральны лідар. Калі ўся апазіцыя выедзе за мяжу, яна, хутчэй за ўсё, праз нейкі час раствараецца ў дробных сварках. А сапраўдны лідар павінен быць у Беларусі, нам патрэбны наш Нэльсан Мандэла».

Спарыш сведчыць: нягледзячы на шмат гадоў у ізаляцыі, Статкевіч добра ведаў асноўнае, што адбываецца ў Беларусі і ў свеце. Палітык атрымліваў толькі драбніцы інфармацыі з волі. Напрыклад, нешта можна было прачытаць у дзяржаўных газетах, нешта — пачуць па радыё ці даведацца ў гутарках з тамтэйшымі крымінальнікамі. Але Статкевічу і гэтага хапала, каб рабіць высновы з навінаў.
Спарыш успамінае:
«Ён казаў, што калі б мы перамаглі ў 2020-м, не было б поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Бліцкрыг быў магчымы толькі ў адным выпадку — у выпадку ўдару па Кіеве, удараў з Крыма і Данбаса наўрад ці хапіла б. Трэба было хутка ўзяць Кіеў, Зяленскі збег бы, і тады можна было б разлічваць на перамогу.
Рускія пралічыліся. Але калі б не было магчымасці зайсці з поўначы, у іх не было б гэтых падманлівых надзей. І тады сотні тысяч чалавек засталіся б жывыя, і Еўрасаюзу не давялося б выдаткоўваць цяпер такія грошы на ўзбраенне».

Ранкам перад выездам, згадвае Сяргей, Статкевіч адчуваў сябе дрэнна. Узмацнілася арытмія, і ён амаль увесь час ляжаў, давялося прымаць лекі. Дарэчы, пра таблеткі: Спарыш падкрэслівае, што пасля адмовы ехаць у Літву Статкевічу могуць не даваць лекі — маўляў, гэта стандартны спосаб ціску на вязняў з хваробамі.
Апошні раз суразмоўца бачыў Міколу на мяжы, калі той выбраўся з аўтобуса, у якім яго спрабавалі дэпартаваць у Літву:
«Я толькі бачыў, як ён ішоў міма аўтобуса. Я яго добра ведаю, то разумеў, што ён у настроі баявога запалу. Ён быў вельмі сабраны і вясёлы, усміхаўся і ішоў хадой вайскоўца».
Спарыш каментуе чуткі пра тое, быццам Статкевіч назваў Сяргея Ціханоўскага здраднікам:
«Вельмі важна — ён нічога мне не казаў пра тое, што лічыць Ціханоўскага здраднікам. Таму я дзіўлюся гэтым чуткам. Мы з ім амаль не гутарылі пра Ціханоўскага, і калі б ён хацеў данесці да мяне тую інфармацыю, [што Ціханоўскі — здраднік,] ён бы мне абавязкова пра гэта сказаў і патлумачыў бы, чаму так думае.
Гэта вельмі сур’ёзнае пытанне, за кратамі лічыцца няправільным ачарняць людзей. Таму мне здаецца, што ўся гэтая гісторыя — нейкае непаразуменне».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
бо ўся гэтая трэйцясэктарная гнюсь здольная толькі ў чарговы раз легчы пад чэкістаў ў рамках "Прымірэньня". Можа гэта і наіўна, але я адчуваю Статкевіч - апошняя надзея што некалі чэкістаў пагоняць с..най мятлой
Навошта вы хлуслівыя пытанні задаеце Спарышу?