З Масквы. Блог Алеся Чайчыца44

Пра сьмерць і прымірэньне

Трагедыя пад Смаленскам павінна навучыць людзей на постсавецкай прасторы шанаваць сьмерць нават сваіх палітычных ворагаў

Авіякатастрофа пад Смаленскам у адзін момант зрабіла нясьмешным анэкдот пра паведамленьне БелТА, як прэзыдэнцкі самалёт Лукашэнкі зьнік з радараў, ягоны лёс невядомы, але беларускі народ «спадзяецца на лепшае».

Пра памерлых — ці добрае, ці нічога. Памерлыя заслугоўваюць павагі хаця б з агульначалавечага інстынкту пашаны да сваіх продкаў і да мёртвых увогуле.

Нават калі загінулы быў тваім ворагам, правільным было б па-рыцарску выказаць апошнюю павагу да яго: ён табе болей шкоды не прынясе, ты пабачыў раку, якая нясе труп твайго непрыяцеля.
Вашыя адносіны зь ім цяпер увогуле вышэй за вашу варажнечу і за ўсю гэтую драбязную палітычную ці іншую чалавечую мітусьню: памершы, ён датыкнуўся да чагосьці, чаго ты яшчэ ня ведаеш, падняўся на наступную прыступку свайго існаваньня.
Калісьці твая ўласная сьмерць прымірыць вас канчаткова.

І тым больш устаюць дыбам валосы ад рэакцыі асобных заўважных групаў расейскага грамадзтва.

Трэба сказаць, расейская дзяржава паводзіць сябе ў гэтай сытуацыі падкрэсьлена правільна і адэкватна. На сайце прэзыдэнта Мядзьведзева выкладзены спачувальны зварот на польскай мове, агульнанацыянальны тэлеканал «Россия-1» паказаў фільм Вайды «Катынь». Афіцыйная Расея паводзіць сябе карэктна з таго моманту, калі па сьвеце разыйшлася навіна пра верагоднасьць значных газавых радовішчаў ў Польшчы. Усё ж якая добрая рэч адсутнасьць рэнтнай халявы, як імгненна яна здольная ацьверазіць аўтарытарных кіраўнікоў і прымусіць А. Лукашэнку рабіць рынкавыя рэформы, а Крэмль — прызнаць катынскі расстрэл.

Максымальна добра (на большае проста ня варта было разьлічваць) праявілі сябе і беларускія ўлады, якія апэратыўна дапамаглі сваякам пагінулых з транспартам і якія хіба што не абвесьцілі жалобны дзень па пагінулых — зрабіць гэта ім перашкодзіла, відаць, тое ж самае, што перашкодзіла Качыньскаму скарыстацца менскім аэрапортам замест фатальнай спробы сесьці ў Смаленску.

Іншая рэч — натоўпы расейскіх імпэрыялістычных падпявалаў, зрэз якіх можна ўбачыць па расейскім ЖЖ. Гэта вам не параўнальна бяскрыўдная сварка ў беларускай суполцы by_politics
, якая распачалася з таго, як адзін малады анархіст напісаў, што па клясавых прычынах не далучаецца да агульнага смутку.

На другі ж дзень пасьля трагедыі расейскі інтэрнэт напоўніўся сьвежымі сатырычнымі фотакалажамі, анэкдотамі і гумарыстычнымі вершыкамі (часам дужа нават якаснымі) — у прамым сэнсе слова пачалася пляска на костках.

Я ня памятаю, каб калісь яшчэ расейскі імпэрскі шавінізм нагэтулькі яскрава яўляў на сьвятло сваю пацучыную мызу: яго яшчэ можна было разглядаць у якасьці апанэнта па дыскусіі ў час вайны ў Грузіі ў 2008 годзе ці ў час каляровых рэвалюцый, але тое, які гной паліўся з ртоў кананенак і васэрманаў пасьля сьмерці Качыньскага — гэта ўжо па-за межамі людзкасьці.

Дух НКВДшных вертухаяў і гулагаўскіх «сук», зьнявага да чалавечага жыцьця і сьмерці, канцлягернае мысьленьне «памры ты сёньня, а я заўтра» — сталінізм ня помер, ён сьпіць у душонках гэтых «расейскіх патрыётаў» і прачынаецца, калі чуе кроў, як зараз.

Бог не зьнішчаў Садом і Гамору, пакуль у іх была дастатковая колькасьць праведнікаў. Пераважная большасьць расейцаў рэагуе на трагедыю пад Смаленскам абсалютна адэкватна, але патрыёты-вялікадзяржаўнікі дэманструюць такую канцэнтрацыю неадэквата, што міжволі робіцца страшна, ці ня хопіць д’ябалу гэтай колькасьці, каб Расея правалілася ў тар-тарары.

Асобныя расейскія апазыцыянэры кшталту Валерыі Навадворскай пачалі будаваць вэрсіі пра прычаснасьць уладаў да авіякатастрофы. Так, фантазіі пра тое, як падчас рамонту на расейскім заводзе ў самалёт убудавалі нешта ня тое ці што самалёт маглі зьбіць ракетай, гучаць іррацыянальна, нібы сцэнар банальнага галівудзкага баевіка. Але

чытаючы камэнтары расейскіх імпэрыялістаў, каго ніяк не назавеш маргіналамі і чые погляды хутчэй максымальна блізкія да «лініі партыі», нараджаецца пачуцьцё, што ў вэрсіі пра забойства ня так і складана паверыць. Людзі, каму хапіла б подласьці, злобы і дурасьці на гэта, — яны ў Расеі, на жаль, ёсьць.

Гледзячы на размах жалобы ў Польшчы, многія з нас, напэўна, задалі сабе непазьбежнае пытаньне: а калі б вось так пагінуў сучасны прэзыдэнт Беларусі, ці варта было б несьці кветкі да вядомага будынку на Карла Маркса? Адказ на гэта пытаньне не такі і складаны.

Каментары4

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў2

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў

Усе навіны →
Усе навіны

На складах найбуйнейшых сусветных вытворцаў назапасілася рэкордная колькасць алкаголю9

Рудкоўскі тлумачыць, чаму Трамп мае рацыю наконт Грэнландыі66

Трамп збіраецца распаўсюдзіць працу Рады міру на ўсю планету14

Літоўскія ўлады канстатавалі паляпшэнне сітуацыі з кантрабанднымі шарамі з Беларусі1

На Зімовую Алімпіяду ў Італію едзе катастрафічна нізкая колькасць беларускіх спартоўцаў1

Пракуратура растлумачыла, чаму ў Беларусі забаранілі кнігу пра БНР32

Трамп адмяніў падпісанне ў Давосе пагаднення аб паваенным аднаўленні Украіны на 800 мільярдаў даляраў8

У Гродне мужчына загінуў падчас спробы «прыкурыць» аўтамабіль6

Чарнобыльская АЭС засталася без знешняга сілкавання пасля расійскай атакі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў2

Загінуў беларускі добраахвотнік Аляксей Лазараў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць