Улады ЗША папярэдзілі пакупнікоў аднаго з відаў энергетычных напояў, каб яны правяралі, што ў іх у бляшанцы, перш чым зрабіць вялікі глыток. У бляшанкі з лагатыпам гэтага напою трапіла гарэлка, паведамляе Бі-бі-сі.

Упраўленне па кантролі якасці харчовых прадуктаў і медыкаментаў (FDA) выпусціла папярэджанне пра тое, што ў банках для напою Celsius Astro Vibe Blue Razz аказалася гарэлка-сельтар — гарэлка, разбаўленая фруктовай газіроўкай.
«Ужыванне вадкасці з гэтых банак прывядзе да паглынання алкаголю», — канстатуе відавочнае FDA.
Гэта адбылося з-за таго, што пастаўшчык тары па памылцы адправіў бляшанкі для Celsius вытворцу гарэлкі-сельтара, кампаніі High Noon.
Чаму тая не заўважыла памылку, у паведамленні FDA не сказана, але так ці інакш, быў разліты алкагольны напой, і гэтыя банкі трапілі ў ўпакоўкі з правільнай маркіроўкай. Таму High Noon адклікае дзве партыі ўпакоўкі свайго напою Beach Variety, па 12 бляшанак ва ўпакоўцы.
Гэтыя ўпакоўкі 21—23 ліпеня былі адпраўлены ў Фларыду, штат Нью-Ёрк, Агаё, Паўднёвую Караліну, Вірджынію і Вісконсін.
Каментары