Мінадукацыі Польшчы ўскладніла паступленне ва ўніверсітэты многім замежнікам
Патрабуецца веданне польскай мовы на пэўным узроўні і мець адпаведны сертыфікат.

Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы выдала пастанову, якая можа заблакаваць прыём ва ўніверсітэты многіх замежных абітурыентаў. Для пацверджання ведання польскай або іншай мовы на патрэбным узроўні цяпер патрабуюцца сертыфікаты, якія замежнікі не паспяваюць атрымаць своечасова. Ініцыятыўная група ўжо склала петыцыю з просьбай адкласці ўступленне ў сілу пастановы, піша Most.
Чаму абітурыенты не паспяваюць падрыхтаваць дакументы
З 1 ліпеня 2025 года ў Польшчы ўступіў у сілу Закон аб ліквідацыі парушэнняў у візавай сістэме. Адна з мераў датычылася прыёму замежнікаў у польскія ВНУ.
Яны павінны пацвердзіць валоданне мовай, на якой будзе праходзіць навучанне, на ўзроўні не ніжэй за B2.
Але ў гэтым законе не было сказана, якім спосабам трэба пацвярджаць веданне. Для гэтага патрабавалася прыняць асобную пастанову Міністэрства адукацыі. Аднак да пачатку прыёмнай кампаніі ніякіх тлумачэнняў ад міністэрства яшчэ не было.
Тады Канферэнцыя рэктараў польскіх ВНУ (KRASP) заклікала міністра, нарэшце, унесці яснасць у правілы набору замежнікаў. Напрыклад, дазволіць ВНУ праводзіць унутраныя тэсты для вызначэння ўзроўню ведаў.
Пра зварот рэктараў стала вядома 29 ліпеня. А ўжо 30 ліпеня міністр навукі і вышэйшай адукацыі Марцін Кулясек падпісаў пастанову, у якой пералічаныя спосабы, як можна пацвердзіць веданне мовы для паступлення ва ўніверсітэт. І сярод іх няма ні ўнутраных тэстаў ВНУ, ні нават дакументаў аб сярэдняй або сярэдняй спецыяльнай адукацыі, атрыманых у польскіх навучальных установах. Таму нават абітурыенты, якія здавалі экзамен на атэстат сталасці ў польскай школе, не могуць пацвердзіць гэтым, што ведаюць польскую мову на дастатковым узроўні.
— Гэта поўнае адмаўленне ў прызнанні іх намаганняў і дасягненняў, — кажа Дар'я, беларуска, якая распавяла пра праблему.
Праблемы нават у тых, хто ўжо аплаціў навучанне
Каб пацвердзіць веданне польскай мовы на ўзроўні не ніжэй B2, замежнікам трэба мець сертыфікат дзяржаўнага экзамену або сертыфікаты ECL і TELC. Таксама ў спісе ёсць некаторыя іншыя дакументы, але яны датычацца вельмі вузкай колькасці абітурыентаў, напрыклад, тых, хто скончыў падрыхтоўчы (нулёвы) курс ВНУ або іншы ўніверсітэт. Для атрымання адукацыі на мове, адрознай ад польскай, пералік дакументаў трохі іншы.
Верагодна, выключаючы ВНУ з сістэмы ацэнкі ведаў, Міністэрства адукацыі пайшло насустрач МЗС — гэта ведамства лічыла, што ВНУ, як зацікаўленая бок, не могуць самі правяраць веды, і для гэтага патрэбны староннія інстытуты. Гэта выключыць злоўжыванні, якія былі выяўлены ў асобных ВНУ, што актыўна набіралі замежнікаў на платнае навучанне.
Праблема ў тым, што экзамены на веданне мовы праводзяцца не так часта. Напрыклад, дзяржаўны экзамен па польскай — толькі некалькі разоў на год, і на яго трэба загадзя запісвацца. Прайсці TELC прасцей, але невядома, ці хопіць усім месцаў. А пастанова, падпісаная 30 ліпеня, была апублікавана 31-га, а ўступіла ў сілу 1 жніўня — то-бок без пераходнага перыяду.
Цяпер, паводле слоў Дар'і, многія маладыя людзі не могуць атрымаць канчатковага пацвярджэння аб залічэнні, нават калі яны ўжо здалі ўсе ўнутраныя ўступныя экзамены і аплацілі навучанне.
Абітурыенты склалі петыцыю
Абітурыенты ўжо склалі петыцыю з патрабаваннем перанесці ўступленне новых правілаў на наступны год, а пакуль прызнаваць унутраныя тэсты ВНУ.
Аўтары петыцыі лічаць, што выхад новых правілаў ужо пасля пачатку прыёмнай кампаніі парушае асноўны прынцып права — што закон не мае зваротнай сілы. Яны звярнулі ўвагу Міністэрства адукацыі, што многія абітурыенты не паспяваюць здаць дзяржаўны экзамен, каб пацвердзіць моўны ўзровень.
Цяпер чытаюць
Хрыста Грозеў: ад рамантыка-радыёаматара да чалавека, які выкрыў самыя змрочныя таямніцы ГРУ і ФСБ. Як яго вербавала спецслужба Люксембурга і як ён вымушаны хавацца цяпер

Каментары