Грамадства1313

Ціханоўская прапанавала Трампу, як далей дзейнічаць у пытанні Беларусі

Святлана Ціханоўская апублікавала артыкул у выданні Foreign Affairs, у якім звярнулася з прапановамі да Дональда Трампа. Прыводзім асноўныя тэзісы.

Святлана Ціханоўская. Фота: Офіс Ціханоўскай

У сваім праграмным тэксце лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская не толькі аналізуе шлях, пройдзены з 2020 года, але і фармулюе план дзеянняў. Яе заклікі адрасаваныя як міжнароднай супольнасці, так і прадстаўнікам рэжыму Лукашэнкі.

Прапанова дыялогу

Ціханоўская падкрэслівае, што беларускія дэмакратычныя сілы ўжо стварылі жыццяздольную структуру кіравання, гатовую ўзяць на сябе адказнасць у пераходны перыяд. Гэта не проста рух пратэсту, а «ўрад у чаканні».

Разумеючы, што любыя змены ў краіне патрабуюць унутранай падтрымкі, Ціханоўская пасылае сігнал элітам. Яна прапануе механізм, натхнёны гістарычным досведам Польшчы:

«Мы прапануем арганізаваць круглы стол паміж прадстаўнікамі дэмакратычных сіл і тымі ў рэжыме, хто гатовы размаўляць пра перамены. Мэта такога круглага стала — дасягнуць нацыянальнага прымірэння і спыніць палітычны крызіс праз мірны пераход улады шляхам перамоваў».

Заклік да міжнароднай дапамогі і ціску

«Мы не просім старонніх людзей змяніць нашу краіну за нас. Гэта наша праца, наша місія і наш абавязак. Але мы просім дапамогі, каб зрабіць гэтую трансфармацыю дасягальнай», —

адзначае лідарка дэмакратычных сіл і падкрэслівае, што свабодная Беларусь — у інтарэсах усяго рэгіёна.

«Калі Беларусь будзе свабоднай, у Расіі больш не будзе такога ж ваеннага балкона ў Еўропе, і гэта зменшыць ціск на ўсходні фланг НАТА і знізіць выдаткі блока на абарону».

Яе заклік мае два асноўныя кірункі: узмацненне падтрымкі грамадзянскай супольнасці і ўзмацненне ціску на рэжым.

«Часам я чую, як аналітыкі заклікаюць вярнуцца да супрацоўніцтва з Лукашэнкам як сродку ізаляцыі Крамля, быццам іх можна раздзяліць.

Замест гэтага Злучаныя Штаты і Еўропа павінны падвоіць сваю падтрымку народа Беларусі праз тэхнічную дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі, незалежным СМІ, праваабаронцам, культурным арганізацыям, інструментам лічбавай бяспекі і сеткам дыяспары. Яны — кісларод супраціву. Гэтая падтрымка павінна быць распаўсюджана на эмігрантаў і нашы інстытуты», — піша Ціханоўская.

Яна прызнае, што некаторыя эксперты могуць сумнявацца ў магчымасці змены рэжыму пры моцнай падтрымцы Лукашэнкі з боку Масквы, але падкрэслівае: маральна будучыня Беларусі не павінна вырашацца ў Крамлі. На самой справе многае будзе залежаць ад сілы Расіі падчас крызісу і выніку яе вайны супраць Украіны.

Калі Расія аслабне і будзе стрыманая, у Беларусі з’явіцца шанец. Таму Захад не павінен выключаць Беларусь з абмеркаванняў пра спыненне агню, будучыню Украіны і рэгіянальную бяспеку, а «іншыя дзяржавы павінны гарантаваць, што Масква не будзе ўмешвацца, калі пачнуцца змены ў Беларусі, і што Беларусь не стане суцяшальным прызам для пераможанага Пуціна».

Ціханоўская прапануе Вашынгтону і ЕС узмацніць санкцыйны ціск на Мінск, напрыклад, ужыць больш другасных санкцый і абмежаваць гандаль грузамі праз мяжу Беларусі з ЕС, што з'яўляецца адной з ключавых крыніц даходу рэжыму.

Непазбежнасць адказнасці за злачынствы

Другім важным напрамкам ціску на рэжым з'яўляецца выкарыстанне міжнародных прававых інструментаў:

«Мы павінны павышаць цану для Мінска за кожны акт рэпрэсій і кожнае злачынства, якое ён здзяйсняе. Таму мы таксама заклікаем іншыя краіны падтрымаць ініцыятыву Літвы ў Міжнародным крымінальным судзе і Міжнародным судзе ААН, каб прыцягнуць рэжым да адказнасці за яго злачынствы».

Пры гэтым яна пакідае прастору для магчымага ўрэгулявання, дэманструючы стратэгічную гнуткасць:

«Мы разумеем, што для спынення рэжыму Лукашэнкі можа спатрэбіцца нейкае ўрэгуляванне: калі б Лукашэнка добраахвотна сышоў у адстаўку, (…) іншыя дзяржавы маглі б разгледзець пытанне аб прадастаўленні яму і яго сям'і гарантый асабістай бяспекі».

Выкарыстанне палітычнага ўплыву для вызвалення палітвязняў

Асаблівую ролю ў стратэгіі ціску на рэжым адыгрывае персанальнае лідарства сусветных палітыкаў. Асобна Ціханоўская выдзяляе прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Яна пачынае з пахвалы рашучых дзеянняў яго першай адміністрацыі, «якія ў значнай ступені сфармавалі трансатлантычны падыход да Беларусі», а затым адзначае, што падчас другога тэрміну ён працягнуў актыўную лінію, у тым ліку праз місію Кіта Келага, якая дамаглася вызвалення шэрагу палітвязняў, сярод іх і Сяргея Ціханоўскага.

Запэўніваючы Трампа ў «вечнай удзячнасці» за вызваленне мужа, Святлана адзначае:

«Гэта была не толькі гуманітарная місія, але і відавочная дэманстрацыя амерыканскага ўплыву. Лукашэнка баіцца непрадказальнасці Трампа, таму ён вырашыў вызваліць Сяргея каб пазбегнуць больш жорсткіх санкцый і іншых крокаў з боку ЗША, якія маглі б паставіць пад пагрозу яго ўладу. Ён нічога не атрымаў ад Вашынгтона ўзамен».

Лідарка дэмакратычных сіл заклікае Трампа «пайсці яшчэ далей і выкарыстаць той жа ўплыў, каб дамагчыся вызвалення астатніх 1150 палітвязняў, што «можа азнаменаваць пачатак дээскалацыі паміж беларускім рэжымам і дэмакратычнымі сіламі».

Ціханоўская ўпэўнена — калі намаганні Трампа ўвянчаюцца поспехам, ён можа атрымаць «найвялікшую гуманітарную перамогу для Беларусі ў сучаснай гісторыі».

Яна ўпэўнена, што такі ціск на рэжым з боку ЗША можа мець максімальны эфект пры мінімальнай рызыцы:

«Трампу не трэба баяцца наступстваў больш глыбокага ўмяшання. У адрозненне ад многіх глабальных крызісаў, у Беларусі няма грамадзянскай вайны, этнічных канфліктаў або глыбокіх ідэалагічных рознагалоссяў. Яна знаходзіцца ў шматгадовым супрацьстаянні, якое караніцца ў нястомнай хватцы аднаго чалавека за ўладу. Для Трампа гэта магчымасць з нізкімі выдаткамі і высокім эфектам. Беларусь магла б стаць яго гісторыяй поспеху ў знешняй палітыцы».

Прызначэнне спецпрадстаўніка ЗША па Беларусі

Для каардынацыі ўсіх намаганняў і надання палітыцы па Беларусі сістэмнага характару Ціханоўская прапануе канкрэтны дыпламатычны крок — прызначыць спецыяльнага пасланніка ЗША па Беларусі.

«Гэты пасланнік можа цесна супрацоўнічаць з партнёрамі Вашынгтона ў ЕС і нашым рухам у пытаннях вызвалення палітвязняў, сінхранізацыі санкцыйнай палітыкі, і забеспячэння таго, каб Беларусь рухалася па шляху рэформ».

«Барацьба за свабоду — гэта не спрынт, а марафон. Тым не менш, яна патрабуе гатоўнасці ў любы момант. Нават самыя ўкаранёныя дыктатуры могуць раптоўна ўпасці. На шчасце, беларусы гатовыя. (…) Мы не здадзімся. Пытанне не ў тым, ці адбудуцца змены ў Беларусі. Пытанне ў тым, хто будзе гатовы, калі яны адбудуцца», — даводзіць лідарка дэмакратычных сіл Беларусі.

Каментары13

  • Шкада але
    08.08.2025
    Няма ніякай жытьцясдольнай сістэмы кіравання, нічога няма. Амаль нічога.
  • Нейкае абы што
    08.08.2025
    Ціханоўская падкрэслівае, што беларускія дэмакратычныя сілы ўжо стварылі жыццяздольную структуру кіравання, гатовую ўзяць на сябе адказнасць у пераходны перыяд./

    Нешта не падобна на тое, каб дэмсілы стварылі жыццяздольную структуру кіравання.
    Першае пытанне, якое трэба будзе вырашаць: як супрацьстаяць Маскве, якая захоча зладзіць Данбас-2 на нашай тэрыторыі, толькі памерам з усю Беларусь. Дзе створанае офісам ці кабінетам Ціханоўскай Вызвольнае Войска для мэтаў абароны суверэнітэту Беларусі ад Расеі?
    Другое пытанне: харчовая бяспека. Няма і не было міністра па гэтым пытанні.
    І гэтак далей. Па жыццёва важных накірунках для жыццядзейнасці дзяржавы не бачу міністраў у офісах/кабінетах дэмсіл.
  • Вынік
    08.08.2025
    Заўважце, што пасля вызвалення Ціханоўскага больш ніводнага палітвязня не выпусцілі.
    Ціханоўскі выйшаў 21.06.2025.
    Сёння 08.08.2025.

Цяпер чытаюць

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла прыматолаг Джэйн Гудол. Яна змяніла нашы ўяўленні пра шымпанзэ

Як так выйшла, што магілёўскі маньяк-ліфцёр, які забіў восем дзяўчат, спыніўся пасля 1999 года?14

Орбан даў нечаканы адказ пра Расію пасля пытання журналіста6

Прэм'ер Албаніі тонка пакпіў з Трампа3

Спроба аштрафаваць беспілотнае аўто за незаконны разварот паставіла амерыканскую паліцыю ў тупік

Распрацоўшчык Сhat GPT стаў самым дарагім стартапам у свеце1

У беларускіх санаторыях будзе праходзіць рэабілітацыя расійскіх удзельнікаў вайны з Украінай5

«Белавія» адкрыла продаж квіткоў на Шры-Ланку. Колькі каштуюць?

Гісторык сцвярджае, што знайшоў згадку пра Літву ў 451 годзе12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Лукашэнку на руку, што Украіна б'е па расійскіх НПЗ? Што гэта прынясе Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць