У вёсцы пад Брэстам мясцовыя жыхары рэгулярна канфліктуюць з адпачывальнікамі. Дайшло да абстрэлу электрамабіля
На беразе Мухаўца каля вёскі Ваўкі ў Брэсцкім раёне разгарэўся канфлікт паміж мясцовымі жыхарамі і людзьмі, якія прыязджаюць сюды адпачываць. Падставай стала відэа ў тыктоку, якое ўжо набрала больш за 220 тысяч праглядаў і каля 400 каментарыяў, піша sb.by.

На кадрах з відэа бачны электрамабіль з разбітым бакавым шклом і ўвагнутымі дзвярыма. Аўтар роліка заявіў, што пашкоджанні, верагодна, нанесеныя стрэламі з пнеўматычнай зброі, і абвінаваціў у гэтым мясцовых жыхароў.
Супрацоўнікі sb.by разам з кіраўніком Мухавецкага сельсавета Аляксандрам Касперуком паехалі на месца здарэння, каб разабрацца ў сітуацыі. Загадзя дамовіліся пра сустрэчу з аўтарам відэа, але той перад самым іх прыездам ад размовы адмовіўся.

Вёскі Ваўкі, Гулі і Літвіны знаходзяцца ўсяго за 10—15 кіламетрах ад Брэста, на маляўнічай прыбярэжнай лініі Мухаўца. Тут роўныя дарогі, высокія платы, дагледжаныя дамы, а мясцовыя жыхары актыўна ўпарадкоўваюць тэрыторыю: па іх просьбах абнавілі дарожнае пакрыццё, наладзілі рух гарадскога аўтобуса і аўталаўкі. У кожнай з вёсак жыве каля 40 чалавек.
Паводле слоў Аляксандра Касперука, за ўвесь час яго працы (з 2017 года) у сельсавет ніводнага разу не паступала ні вусных, ні пісьмовых скаргаў на шум ці іншыя праблемы ад адпачывальнікаў і рыбаловаў.

Аднак уздоўж ракі застаюцца сляды частых наведванняў: смецце, кастрышчы, пракатаныя аўтамабілямі сцежкі. Купанне ў гэтым месцы забаронена, бо зона не абсталяваная, але людзі на адпачынак прыязджаюць сюды рэгулярна.
У каментарыях да роліка ў тыктоку меркаванні падзяліліся. Адныя лічаць, што мясцовыя дзейнічалі неапраўдана агрэсіўна, другія — што прэтэнзіі справядлівыя, бо адпачывальнікі пакідаюць смецце і шумяць ноччу. Некаторыя прапануюць паставіць фотапасткі, каб дакладна ведаць, хто парушае парадак.

Гэтая сітуацыя — не першая ў канфліктах вакол Ваўкоў. На іншых відэа ў сеціве паказвалі перакапаную дарогу да ракі і металічныя штыры, пастаўленыя ў зямлю, каб перашкодзіць праезду. Цяпер гэтыя перашкоды прыбраныя, але інфармацыя пра падобныя выпадкі рэгулярна з’яўляецца ў мясцовых інтэрнэт-суполках.
Паспрабаваць пагутарыць з уладальнікамі дамоў журналістам не ўдалося: ніхто не выйшаў на званкі ў вароты, а выпадковая сустрэчная жыхарка адмовілася ад каментароў.
Як паведаміла Наталля Моськіна, якая часова выконвае абавязкі начальніцы ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Брэсцкага аблвыканкама, па фактах, якія ёсць у роліку, міліцыя цяпер праводзіць праверку.
Неўзабаве міліцыя знайшла вінаватага ў пашкоджанні машыны. Ім аказаўся 51-гадовы жыхар Брэста, які прыехаў у Ваўкі на дачу. У гэты час непадалёк ад ягонага дачнага доміка на беразе ракі размясцілася кампанія, якая гучна слухала музыку і гэтым замінала мужчыну. Тады дачнік узяў рагатку, начыніў яе металічнымі шарыкамі і двойчы стрэліў па прыпаркаваным на беразе ракі аўтамабілі. Цяпер мужчына затрыманы, супраць яго распачалі крымінальную справу.
На трасе пад Мінскам кіроўца збіў маладога трыятланіста і ўцёк, пакінуўшы хлопца паміраць
У Гродне мужчына шпурнуў пляшку ў аўтамабіль. Атрымаў крымінальную справу і павінен выплаціць 630 рублёў
У Магілёўскім раёне мужчына наўмысна раскідаў на дарозе цвікі і самарэзы
У Мінску затрымалі пенсіянера, які чыніў самасуд над кіроўцамі
Каментары