Беларускі кароткаметражны хорар Judgment of the Dead («Суд мёртвых») рэжысёра Андрэя Кашперскага трапіў у праграму Міжнароднага фестывалю Macabro ў Мексіцы. Інфармацыю пра гэта заўважыла «Люстэрка».

Фільм натхнёны рэальна дзеючым у нашай краіне законам, які быў прыняты ў 2023 годзе. Згодна яму, у Беларусі можна судзіць памерлых.
Хорар распавядае гісторыю, у якой суды адбываюцца над памерлымі праціўнікамі рэжыму — у іх адбіраюць маёмасць.
«Асуджаныя беларусы ўстаюць з мёртвых і ідуць да суддзі», — напісана ў сінопсісе да стужкі.
Галоўную ролю выканала Зоя Белахвосцік, якая пайшла з Купалаўскага тэатра ў 2020 годзе ў знак пратэсту супраць гвалту пасля прэзідэнцкіх выбараў.
Андрэй Кашперскі распавядаў «Белсату», што ягоны фільм — « іранічны».
«Іронія якраз у тым самым законе, які сапраўды прынялі ў Беларусі. Гэта кропка адліку майго натхнення. І наша іронія пачынаецца з самага першага экспазіцыйнага кадра:»заснавана на рэальных падзеях». З гэтага пункту іронія пранізвае ўвесь твор.», — казаў ён.
Рэжысёр адзначыў, што хорар разлічаны не толькі на беларускага гледача, і паабяцаў, што ў канцы 2025 года пастараецца выкласці яго ў адкрыты доступ — на стрымінг або ютуб, каб яго магла паглядзець як мага большую колькасць гледачоў
Працягласць фільма — 15 хвілін.
Як удакладняе «Люстэрка», Macabro — першы і найбуйнейшы фестываль жанравага кіно ў Мексіцы і другі па велічыні ў Лацінскай Амерыцы. Ён быў заснаваны ў 2002 годзе ў Мехіка і прысвечаны паказу фільмаў жахаў незалежных рэжысёраў, а таксама класікі і культавых карцін. У 2025 годзе фестываль праходзіць у 24-ы раз з 19 па 31 жніўня.
Каментары