«А дзе ж бацька дзіцяці?» Фотамастачка Ліна Дрэйк — пра няўдалы шлюб, статус адзіночкі і крыўдныя пытанні на спатканнях
Ліна Дрэйк — беларуская фотамастачка і блогерка. У інстаграме яна рэгулярна расказвае пра тое, як самастойна выхоўвае дачку і з якімі цяжкасцямі ёй даводзіцца сутыкацца. Ліна стала ўдзельніцай падкаста «Мама, мне 30», дзе спікеры абмеркавалі праблемы сямейнага жыцця і бытавухі, піша Onliner.

Я не ідэалізую адзінокае мацярынства
У мяне быў дзіўны шлюб. Нават не шлюб, а хутчэй бракаваны тавар. Усё адбылося вельмі хутка: праз чатыры месяцы пасля знаёмства — вяселле.
Гэта было як у кіно. Ён на 10 гадоў старэйшы, прыгожа заляцаўся, зрабіў прапанову. Ну, казка. Праўда, скончылася яна на трэцім акце, як толькі высветлілася, што за прыгожай упакоўкай хаваецца хлусня.
Падрабязнасцяў распавядаць не хочацца, але ўжо на восьмым месяцы цяжарнасці я выгнала жаніха з арэндаванай кватэры, якую аплачвала сама. Мы развяліся, калі дачцэ было паўгода. Дык што так, мая гісторыя — не пра моцную сям’ю, а пра тое, як з яе выбірацца.
Цяпер мне 26 гадоў, і я мама цудоўнай дзяўчынкі Надзі. Жывём мы ўтрох, з маёй мамай. Яна мне вельмі дапамагае ва ўсім, без яе я б не справілася. І тата на нашым гарызонце пакуль не з’яўляецца. Працую я на сябе і поўнасцю забяспечваю нас з дачкой.
І так, усё гэта, відаць, аўтаматычна робіць мяне «моцнай». Хаця я, увогуле, проста жыву — часам добра, часам як-небудзь. Як і ўсе звычайныя людзі.
У сваіх пастах я не ідэалізую сола-мацярынства. Быць мамай і праўда цяжка. І страшна. Асабліва калі на табе абсалютна ўсё: і побыт, і фінансы. Табе проста хочацца спаць, а дзіця зноў з соплямі.
Я не лічу сябе супергероем. У мяне таксама бываюць дні, калі я «кармлю» дачку мульцікамі, бо ў мяне здымка ці проста баліць галава.
Найцяжэй, мабыць, у нашай гісторыі, калі дачку няма з кім пакінуць, а мне трэба працаваць. Даводзіцца з «палаючай дупай» шукаць гульнявыя прасторы і вырашаць пытанне.
Калі Надзі было каля паўгода, я часта брала яе ў вазку з сабой на здымкі. У мяне тады проста не было магчымасці пакінуць яе з кімсьці.
Цяпер вельмі выручае сябар, з якім мы знаёмыя 10 гадоў. Калі раптам што — тэрмінова тэлефаную яму. Ён і з раддома сустракаў, і дапамагаў з дачкой з моманту яе нараджэння. Ставiцца да Надзі як да ўласнага дзіцяці і тым самым дапамагае не страчваць веру ў надзейных мужчын.
«У цябе ёсць дадатковая матывацыя»
Але ведаеце што? Я ўсё роўна лічу, што дзіця — гэта не цяжар.
Для жанчыны з амбіцыямі дзіця можа стаць палівам.
Хочаш жыць прыгожа, хочаш рэалізавацца — калі ласка, але цяпер у цябе ёсць дадатковая матывацыя.
Няма часу ныць, ты проста ідзеш і робіш. У мяне няма опцыі не працаваць — інакш не будзе чаго есці мне і дачцэ. Гэта, ведаеце, добра так мабілізуе.
І, шчыра кажучы, мне падабаецца адчуваць сваю сілу. Калі ты адна, ты не можаш дазволіць сабе надоўга расслабіцца. Але гэта робіць цябе іншай.
Цяпер, напрыклад, я перажываю чарговы крызіс, калі не хапае ні сіл, ні фінансаў. Мы з мамай з цяжкасцю зводзім канцы з канцамі, бо з маёй працай цяжка, а яе зарплаты на ўсё не хапае.
Канечне, было б прасцей, калі б побач быў нехта надзейны. Але я дакладна ведаю, што проста быць побач — недастаткова. Я ўжо не тая дзяўчынка, што ў 22 гады верыла, што бура-жарсць-шаленства — гэта і ёсць каханне.
Цяпер разумею: сяброўства, павага, сумленнасць — вось аснова. Калі ты не можаш пагаварыць з партнёрам, калі ты не адчуваеш у ім падтрымкі, навошта тады ўсё гэта?
Я ведаю, што такое — растварыцца ў чалавеку і застацца ні з чым. Таму цяпер выбіраю здаровы эгаізм. Я ў прыярытэце — не таму, што я эгаістка, а таму, што ў мяне ёсць дачка. А дачка капіруе. Калі я буду пакутаваць, цярпець, губляць сябе — яна гэта ўбярэ. А мне хочацца, каб яна вырасла свабоднай, яркай і ўпэўненай у сабе.
Жанчына з дзіцём нікому не патрэбная?
І так, я зноў хаджу на спатканні. Часам пасля іх я адчуваю сябе жудасна. Сяджу, напрыклад, у кавярні з чалавекам, які кажа: «Ой, ты фотамастачка? А гэта што, тыпу прафесія?» — і разумею, што мне час ісці.

Аднаго разу на здымцы я пазнаёмілася з хлопцам, які потым напісаў мне ў Instagram.
Завязалася перапіска, у ходзе размовы я згадала, што ў мяне ёсць дзіця. Адразу пасля гэтага хлопец пачаў «злівацца», а на мой прамы запыт «Што здарылася?» адказаў даходліва: «Мне будзе сорамна сказаць сябрам, што ў мяне з’явілася дзяўчына з дзіцём…»
А яшчэ ўрэзаўся ў памяць момант, калі пасля знаёмства пры першым згадванні пра дзіця адзін з «мужчынаў» назваў мяне «абноскам». Шчыра кажучы, тады я проста разгубілася. Гэта было крыўдна і вельмі непрыемна.
Але часам здараецца і прыемнае. І я не адмаўляю сабе ў гэтым — бо я не толькі мама-працаўнік, але і жанчына. Я ўсё яшчэ хачу кахання, флірту, сексу, натхнення.
Я хачу радавацца жыццю, а не толькі «вывозіць».
Так, былі спробы збліжэння з боку хлопцаў, нягледзячы на тое што я адкрыта казала пра Надзю. Напрыклад, адзін з мужчын усяляк стараўся атрымаць маю ўвагу і нават прывозіў дачцэ лекі, калі тая хварэла. Прычым я яго аб гэтым нават не прасіла і толькі згадала ў размове, што сёння будзе складаны дзень, бо дачцэ дрэнна. Ён сам прыехаў да нас сюрпрызам. Вось такія моманты радуюць і здзіўляюць найбольш.
А яшчэ памятаю пазітыўны выпадак, калі чалавек аж усклікнуў: «Супер, я ўвесь падлеткавы перыяд вазіўся з маленькімі сёстрамі, мне ўвогуле нармальна».
Мяне вельмі матывуюць прыклады іншых жанчын (іх шмат!), якія выходзяць замуж хоць з адным, хоць з двума і нават з трыма дзецьмі. Я гэта бачу і разумею, што нармальнага мужчыну дзеці не спалохаюць. А ненармальныя, уласна, адсейваюцца ўжо на пачатковым этапе. Такая сабе добрая фільтрацыя атрымліваецца.
Стары стэрэатып пра тое, што жанчына з дзіцём нікому не патрэбная — смешны і сумны адначасова. Калі каму гэта насамрэч замінае — значыць, гэта не той чалавек.
І ведаеце, з кожным годам мне ўсё лягчэй адпускаць тых, хто не гатовы быць побач з сапраўднай мной. Не з прыгожай карцінкай у Instagram, а са мной — стомленай, занятай, часам растрапанай, але з агнём унутры.
Мая дачка — не прычына, па якой я не магу жыць поўным жыццём. Яна — прычына, па якой я павінна жыць сваім найлепшым і самым яркім жыццём.
Каментары
Девушку с тату я бы замуж не пригласил.
Гэта не толькі пра мужчын. Жанчыны не хочуць чужых дзяцей таксама.