Грамадства44

«За 500 рублёў ляцеў у Мінск з Магілёва на самалёце». Мінчук па парадку аб’ехаў усе месцы з беларускіх купюр

Мінскі блогер здолеў укласці ў адзін маршрут усе мясціны, намаляваныя на беларускіх купюрах, і аб’ехаў іх па парадку. Гучыць не так ужо складана? Вось таму хлопец прыбраў опцыю асабістага аўто, абмежаваў бюджэты літаральна да наміналу купюры і дадаў у праграму — раптоўна — авіярэйс. Onliner пагаварыў з блогерам пра тое, як і навошта ён усё гэта правярнуў.

«З Камянца ў Полацк трэба было даехаць максімум за 10 рублёў»

Жэня Мільто здымае відэа для розных пляцовак — напэўна, кожнаму беларусу, хто заліпае перад сном у TikTok, хоць раз ды трапляліся яго апытанні пра любімыя мемы. На YouTube-канале milTOP ёсць фарматы больш маштабныя, у тым ліку нестандартны тревел. Напрыклад, у 2021 годзе Жэня літаральна за 1 беларускую капейку злятаў на Маёрку, у 2023-м параўнаў футбол у Дзяржынску і Дортмундзе. Ідэя незвычайнага падарожжа па Беларусі прыйшла блогеру ў галаву каля года таму.

— Проста вярцеў у руках некалькі купюр і раптам падумаў, што было б прыкольна за адну паездку пабываць ва ўсіх месцах, якія на іх намаляваныя. Прыкінуў маршрут, зразумеў, што гэта рэальна. Вядома, праехаць па лакацыях у адзіночку, на машыне, у расслабленым тэмпе — не цяжка і не дорага, але ў гэтым няма ніякага панчлайна. У мяне ж была мэта зняць нясумнае відэа, а значыць, патрабаваліся ўскладненні. Яны і раздзьмулі бюджэт падарожжа. Плюс трэба было поўнасцю пакрыць выдаткі аператара, якога я збіраўся ўцягнуць у гэтую авантуру. Год таму стаяў выбар: або зняць такое відэа, або паставіць дома кандыцыянер. Выбраў другое, але і да ідэі ўсё ж вярнуўся (усміхаецца. — Заўв. Onlíner).

Першае ўскладненне з тых, якія згадвае Жэня, — гэта строгая паслядоўнасць кропак маршруту, якія адпавядаюць парадку наміналаў купюраў.

То-бок першай трэба было наведаць Камянецкую вежу, намаляваную на пяцірублёвай банкноце. Пасля гэтага — перабрацца аж да Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку (10 рублёў). Наступны пункт — гомельскі палац Румянцавых — Паскевічаў (20 рублёў). Далей — Мірскі і Нясвіжскі замкі (50 і 100 рублёў), Магілёўскі мастацкі музей імя П. В. Масленікава (200 рублёў) і, нарэшце, Нацыянальная бібліятэка з пяцісотрублёвай «паперкай».

— Але гэта яшчэ не ўсё. Для дадатковай цікавасці я вырашыў дабірацца з адной кропкі ў іншую, выдатковываючы на дарогу суму, якая не перавышае намінал адпаведнай купюры, але пры гэтым максімальна блізкую да яе. Прыкладна як у гульні ў 21.

То-бок з Камянца ў Полацк трэба было здолець дабрацца за 10 рублёў, а з Магілёва ў Мінск — за 500.

Пры гэтым усе грошы павінны былі ісці толькі на транспарт: нельга купіць любы білет на цягнік, а рэшту патраціць як заўгодна. Таму самым лагічным (і ў той жа час абсурдным) рашэннем было паляцець з Магілёва ў Мінск на самалёце з перасадкай у Маскве. Набыты білет на бліжэйшы такі рэйс да таго ж стымуляваў не зацягваць падарожжа: на ўсё быў тыдзень.

«У Брэсцкай вобласці мы не стаялі на трасе больш за тры хвіліны, а ў Віцебскай шэсць гадзін пераадольвалі 70 кіламетраў»

Стартанулі Жэня і Максім (так завуць аператара) з Брэста. За аўтобус з абласнога цэнтра да Камянца прыйшлося аддаць 4,50 рубля — ідэальны пачатак.

Першыя цяжкасці пачаліся пасля чэкіна каля вежы і ўсведамлення, што наперадзе 537 кіламетраў, якія трэба пераадолець, маючы ў кішэні на дарогу толькі адну «дзясятку».

У Жэні быў хуткі варыянт з’ехаць у Мінск з тургрупай, якая знайшла адно вольнае месца ў аўтобусе. Але блогер вырашыў усё ж не пакідаць аператара аднаго — хлопцы пачалі шукаць запасныя шляхі ў выглядзе машын з нумарамі сёмага рэгіёна. Аднак ніхто з мінчукоў у сталіцу пакуль не спяшаўся.

Тады хлопцы дабраліся на двух папутках назад у Брэст, каб паспрабаваць поспех на больш ажыўленай трасе M1. Блогер успамінае, што тады ж адбыўся недарэчны інцыдэнт, які мог паставіць пад пагрозу ўсю вандроўку: аператар Максім выпадкова «скраў» заплечнік аднаго з вадзіцеляў, пераблытаўшы яго з сумкай Жэні. Рухацца далей з рэчамі незнаёмца, які з’ехаў у невядомым кірунку — ідэя сумніўная. Развязку гісторыі (як вы зразумелі, шчаслівую, інакш гэтага тэксту б не было) Жэня трымае ў сакрэце. Смяецца, маўляў, глядзіце ў відэа.

— На M1 з аўтастопам усё было выдатна: мы рэдка стаялі на абочыне з выцягнутай рукой больш за дзве-тры хвіліны.

Агулам дабіраліся да Мінска на сямі розных машынах. Вадзіцелям я расказваў пра наша падарожжа — хаця б для таго, каб патлумачыць, чаму мы вядзём здымкі. Усе рэагавалі пазітыўна, хоць, думаю, без камер размовы атрымліваліся б больш адкрытыя.

Адзін мужчына адразу зразумеў задуму паездкі, а потым яшчэ і падказаў, што ўсе славутасці з купюраў адпавядаюць алфавітнаму парадку абласцей, у якіх яны знаходзяцца — як лічбы рэгіёнаў на аўтанумарах. Я асабіста пра гэта раней не здагадваўся. Аказалася, гэты вадзіцель — пераможца нейкай эканамічнай алімпіяды, хваліўся, што нават ведае дакладныя памеры ўсіх банкнот.

Даехаўшы да Мінска, хлопцы вырашылі разысціся на ноч па дамах. Да старту ў Полацк паводле плана заставалася менш за чатыры гадзіны — Жэня кажа, што вырваць хаця б такі кавалак сну ўжо было жыццёва неабходна. Далей — электрычка да Маладзечна, а адтуль — да Полацка. Так танней — атрымалася ўкласціся ў патрэбныя 9,90 рубля.

— На 10-рублёўцы намаляваная Спаса-Праабражэнская царква. Даехаўшы да яе, мы здзівіліся, наколькі яна маленькая і нават непрыкметная на фоне астатніх будынкаў Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра. Я спытаў у манашкі, чаму менавіта гэты, не самы знакаміты храм быў увекавечаны на банкноце. Аказалася, што ён самы старажытны з усіх, захаваўся з XII стагоддзя.

Здымаць у такой лакацыі было трохі няёмка: усё ж такі ролік у нас фановы, і не хацелася зачапіць чыіхсьці пачуццяў. Таму мы максімальна хутка знялі даволі стрыманыя перабіўкі і бліжэй да вечара сабраліся кіравацца ў бок Віцебска. Адтуль трэба было дабрацца ў Оршу, дзе мы павінны былі сесці на цягнік да Гомеля.

У Оршы жыве бабуля Жэні, і хлопцы планавалі застацца на наступную ноч у яе. Паведамілі, што прыедуць а дзевяці вечара, а ў выніку селі за стол з даўно астыўшай вячэрай толькі а трэцяй ночы.

— Адлегласць ад Віцебска да Оршы — усяго 70 кіламетраў. Натхнёныя ўдалым досведам аўтастопу пад Брэстам, мы былі ўпэўненыя, што праляцім іх вельмі хутка. Але машыны, што праязджалі, усё не спыняліся і не спыняліся. З надыходам цемры пачаў адчувацца зусім ужо нервовы вайб — у такія моманты разумееш, наколькі культура ўзаемадапамогі можа адрознівацца ад рэгіёна да рэгіёна нават у Беларусі. А можа, нам проста не пашанцавала менавіта ў той дзень.

Урэшце нас падабраў мужчына, які змог давезці толькі да больш ажыўленага ўчастка трасы. А там ужо мы неяк, размахваючы ліхтарыкам, змаглі злавіць наступную папутку да Оршы.

На тое, каб пераадолець гэты ўчастак дарогі, у нас сышло амаль шэсць гадзін — ад Брэста да Мінска дабраліся хутчэй.

Гэтым разам удалося прыкемарыць усяго гадзіну: у 05:44 ужо адпраўляўся гомельскі цягнік. Жэня расказвае, што па прыездзе ў абласны цэнтр было прынята яшчэ адно рашэнне: зняць кватэру на пару гадзін толькі дзеля таго, каб яшчэ крыху паспаць і прыйсці ў сябе перад здымкамі чарговай часткі роліка.

— З-за гэтага, на жаль, не патрапілі ўнутр палаца Румянцавых — Паскевічаў, да вечара ён ужо быў зачынены. Было цікава толькі адзначыць, што будынак супадае па колеравым афармленні з 20-рублёвай купюрай, на якой ён намаляваны. Сядзіба хаваецца ў глыбіні вельмі ўтульнага парку — гэта прыкольна, але часам усё ж бывае крыўдна, што такія прыгожыя будынкі знаходзяцца не дзесьці ў самым цэнтры вялікага горада (як той жа знакаміты гатычны сабор у Кёльне): так яны маглі б быць больш эфектнымі магнітамі для турыстаў.

«Была ідэя дабрацца да Нясвіжа па рацэ»

З Гомеля Жэня і Максім зноў рванулі начным цягніком у Мінск, але правялі на вакзале ўсяго паўгадзіны перад тым, як сесці ў самую раннюю маршрутку на Мір. Блогер адзначае, што да сярэдзіны свайго трыпа-квеста паспеў палюбіць ненавісныя доўгія пераезды: цяпер яны ўспрымаліся як доўгачаканая магчымасць перавесці дух і, можа быць, нават паспаць.

У Мірскім замку хлопцы былі а восьмай раніцы — і не сустрэлі там ніводнага турыста. Жэня ўжо паспеў падумаць, што адна з галоўных славутасцяў Беларусі больш не ў пашане, але да дзесяці гадзін у комплексе ўжо было не прапіхнуцца: пачаліся экскурсіі.

— Замкавы турызм у нас, канешне, развіты вельмі добра. Тых жа расіян прыязджае процьма, аўтобусы паркаваліся адзін за адным. Зразумець турыстаў можна. Я ў Мірскім замку ўжо бываў раней, але ён усё роўна кожны раз стварае ўражанне нечага велічнага, захапляльнага. А яшчэ, дарэчы, толькі ў гэтым месцы прадаваўся сувенірны магніт у выглядзе «сваёй» купюры.

Наступны пункт на грашовай карце — Нясвіж. Бюджэт на дарогу даўжынёй 30 кіламетраў — цэлых 100 рублёў, разгуляцца, здавалася б, ёсць дзе. Жэня ва ўсю спрабаваў знайсці як мага больш вычварэнскі спосаб пераадолець адлегласць паміж двума галоўнымі замкамі краіны.

— Была ідэя дабрацца па вадзе, з Гарадзеі ў Нясвіж па рацэ Уша. А да Гарадзеі з Міра дайсці пешшу.

Я загадзя праглядзеў чаты мясцовых рыбаловаў, але, па-першае, іх там аказалася не так ужо і шмат, а па-другое, з-за складанай лагістыкі было б праблематычна дамовіцца з рыбаком на пэўны час. Шкада, але што зробіш.

Падумалі, што хаця б дзеля кантэнту будзе цікава аддаць гэтую сотку вадзіцелю папуткі, які будзе думаць, што падвозіць нас бясплатна. Калі шукалі кардонку і фламастары, каб зрабіць таблічку, пазнаёміліся з турыстам з Архангельска — ён прапанаваў завезці туды. Пасмяяліся, але кантактамі абмяняліся. Архангельск ёсць на адной з расійскіх купюраў — хто ведае, раптам захачу калі-небудзь паўтарыць такі ж чэлендж там.

Аўтастоп на гэты раз аказаўся такім жа складаным, як і ў Віцебскай вобласці: падарожнікаў ігнаравалі абсалютна ўсе вадзіцелі. Некаторыя прытрымліваліся, ўглядаліся ў таблічку, але націскалі на газ. Жэня дагэтуль не разумее, з чым гэта можа быць звязана: многія ж напэўна ехалі менавіта ў Нясвіж.

— Паралельна мы рабілі стаўкі, хто ж нас усё-такі падбярэ: беларусы ці расіяне. Аўтамабіляў на расійскіх нумарах сярод праязджаючых было 50 % дакладна. А ў выніку спыніліся расіяне на беларускіх нумарах: хлопцы з Санкт-Пецярбурга арандавалі каршэрынг, каб пакатацца па замках. Ім мы і аддалі 100 рублёў. Калі хтосьці з праехаўшых міма вадзіцеляў цяпер гэта чытае — няхай кусае локці (смяецца. — Прым. Onlíner).

А Нясвіж, у якім я быў упершыню, уразіў сваёй прыгажосцю. Горад маленькі, але суперутульны, дагледжаны. Ёсць у ім нейкі самабытны вайб. Што да замка, дык ён, у адрозненне ад велічнага Мірскага, асацыюецца з нечым больш свецкім, расслабленым. Як быццам там цябе заўсёды чакаюць на прыгожы баль.

«Каб патраціць грошы, прыйшлося замовіць у Магілёве лімузін»

Пасля Нясвіжа хлопцы зноў пераначавалі ў Мінску, а потым адразу ж выехалі ў Магілёў. Бюджэты на дарогу тым часам павялічваліся, а задача патраціць як мага бліжэй да наміналу наступнай купюры станавілася ўсё больш складанай. На магілёўскія 200 рублёў прыйшлося экстравагантна шыкануць: падарожнікі замовілі лімузін.

— Зрабіць гэта было не так ужо і проста: лімузіны, як аказалася, рэдка могуць прыехаць «вось проста зараз», як таксі. Адгукнуўся толькі адзін вадзіцель, але папрасіў пачакаць хаця б пару гадзін, бо ехаў ён са Шклова. Нашаму дурному заказу ён асабліва не здзівіўся. Сказаў, што часта катае блогераў, пакуль тыя здымаюць кантэнт. Думаю, мы былі аднымі з самых ціхіх яго кліентаў: проста даехалі да патрэбнай кропкі, і ўсё. Абышлося нам гэта ў 160 рублёў.

У залы мастацкага музея імя П. В. Масленікава, які намаляваны на 200-рублёвай купюры, трапіць не ўдалося: выхадны. Дазволілі толькі трошкі паздымаць у холе і прадалі магніт — таксама нядрэнна, тым больш што мэты дасканала вывучыць усе славутасці не было.

Далей хлопцы падзяліліся: Максім лёг на полку купэ і спакойна паехаў у Мінск, Жэня ж адправіўся ў аэрапорт, каб зарэгістравацца на авіярэйс у Маскву (нагадаем, была задача патраціць 500 рублёў на дарогу з Магілёва ў Мінск).

— Да Масквы даляцеў Belavia без прыгод, толькі пакружылі трохі над аэрапортам — як сказаў пілот, з-за шчыльнага трафіку на ўзлётна-пасадачнай паласе. На стыкоўку ў Шарамеццева было дзве гадзіны часу. Назад у Беларусь дабіраўся ўжо «Аэрафлотам».

Гучыць усё гэта, вядома, вельмі абсурдна: адлегласць ад Магілёва да Мінска — 190 кіламетраў, а я замест гэтага пераадолеў 1400.

Прыблізна ў палову трэцяй ночы я быў у Мінску. Дабраўся да вакзала, зноў сустрэў Макса, і ў 05:20 мы завяршылі чэлендж каля Нацыянальнай бібліятэкі. Дарэчы, вось гэты здымак з купюрай — маё першае ў жыцці фота на фоне «Нацыяналкі».

«На купюры ў 1000 рублёў я б намаляваў «Вароты Мінска»

— Якую галоўную выснову ты зрабіў пасля паездкі?

— Гэта прыкольны турыстычны маршрут. Калі зусім не ведаеш, што паглядзець у Беларусі, аб’езджай мясціны з купюраў. Яны ўсе вартыя таго, каб іх убачыць — не абавязкова з ускладненнямі, гэта варта зрабіць нават проста на машыне.

У кожнага месца свой унікальны вайб. Але чамусьці далёка не ўсе ведаюць, што на якой банкноце намалявана. Асабліва ў Магілёве: я дзеля цікавасці пытаўся ў мінакоў, але ніхто не здагадаўся, што гэта мясцовы мастацкі музей.

Ну і калі цяпер у мяне спытаюць, ці падарожнічаў я па Беларусі, то я змагу ўпэўнена адказаць, што так. Усё ж такі мы і праўда нармальна так пакаталіся з аднаго канца краіны ў другі.

— Калі б у Беларусі вырашылі выпусціць купюру наміналам 1000 рублёў, што на ёй павінны былі б намаляваць?

— Калі ісці па той жа аналогіі з аўтамабільнымі нумарамі, у якіх ужо з’явіўся восьмы рэгіён, што абазначае Мінск, то на 1000 рублёў таксама павінна быць сталічная славутасць. Лічу, што лепшы кандыдат — «Вароты Мінска». Таму што яны, магчыма, самы пазнавальны аб’ект сталіцы сярод турыстаў. 

Каментары4

  • дамо тры слова
    26.08.2025
    >не патрапілі ўнутр палаца Румянцавых
    >У залы мастацкага музея імя П. В. Масленікава, які намаляваны на 200-рублёвай купюры, трапіць не ўдалося
    ------------------------
    Я зразумеў - у палац Румянцавых - "ПАТРАПЛЯЮЦЬ"
    а
    ў мастацкі музей імя П. В. Масленікава - "ТРАПЛЯЮЦЬ"
    ------ ПЕШИТЕИСТЧО! ---------
    (ці ХОЦЬ КАЛІ ПАЦІКАЎЦЕСЯ Р О З Н І Ц А Й у значэнні слоў!!)
  • .
    26.08.2025
    З Гарадзеі да Нясвіжа па рацэ Уша - сапраўды вычварны (не "вычварэнскі") спосаб. Супраць плыні, дзе на палове адлегласці шырыня ракі менш за два метры, зарастае і губляе рэчышча з-за рыбгасаў і меліярацыі. Дня б за чатыры дайшлі б.
  • ваы
    26.08.2025
    Здался ім тая масква. Хай бы лепш на лімузіне ехалі

Цяпер чытаюць

Памёр 50-гадовы спецназавец Буцько. Ён быў удзельнікам выкрадання і забойства Захаранкі і Ганчара36

Памёр 50-гадовы спецназавец Буцько. Ён быў удзельнікам выкрадання і забойства Захаранкі і Ганчара

Усе навіны →
Усе навіны

Ініцыятыва Maldzis выкупіла «Вялікае мастацтва артылерыі» Казіміра Семяновіча7

Настаўнікам у школах забаранілі карыстацца мабільнымі тэлефонамі падчас урокаў3

«Ультраэкзотыка для самотнага турыста». Ці зацікавіць Іран беларусаў і ці паедуць турысты з Ірана ў Беларусь1

Паглядзіце, якія рэчы стварылі беларускія дызайнеркі, натхняючыся Палессем і пераасэнсоўваючы асабісты боль4

Сярожамі і Валодзямі цяпер называюць зрэдзьчас4

У ЗША бяздомны мужчына забіў 23-гадовую ўкраінскую мастачку і мадэль4

Археолагі пастарылі Менск на 70 гадоў4

«Усё так ці інакш будзе вырашацца на полі бою». Чым будзе займацца новая кіраўніца Місіі дэмакратычнай Беларусі ва Украіне?16

У Гродне маланка ўдарыла проста перад жанчынай1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памёр 50-гадовы спецназавец Буцько. Ён быў удзельнікам выкрадання і забойства Захаранкі і Ганчара36

Памёр 50-гадовы спецназавец Буцько. Ён быў удзельнікам выкрадання і забойства Захаранкі і Ганчара

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць