Гісторыя11

«Я перакінуў дзяцей за борт». Як затануў «Адмірал Нахімаў», пры катастрофе якога загінулі тры беларусы

Лайнер «Адмірал Нахімаў» часта называлі савецкім «Тытанікам». Але «Тытанік» тануў амаль тры гадзіны, а «Адмірал Нахімаў» сышоў пад ваду ўсяго за восем хвілінаў. Гэта сталася найбуйнейшым караблекрушэннем у гісторыі пасляваеннага СССР. У гадавіну трагедыі «Белсат» распавядае, што адбылося 31 жніўня 1986 года, калі загінулі 423 асобы, у тым ліку тры беларусы.

Лайнер «Адмірал Нахімаў» каля пірсу ў Ялцінскім порце за содні да катастрофы. Крыніца: Wikimedia Commons

Як «Berlin» стаўся «Адміралам Нахімавым»

Пасажырскі лайнер «Адмірал Нахімаў» пачынаў жыццё пад іншым імем. У сакавіку 1925 года ў Нямеччыне яго спусцілі на ваду пад назваю «Berlin»: спачатку ён хадзіў праз Атлантыку ў Нью-Ёрк, затым працаваў на міжземнаморскіх круізах. З пачаткам Другой сусветнай вайны лайнер пераабсталявалі ў шпітальны карабель. У студзені 1945-га «Berlin» напароўся на міны ля ўзбярэжжа Балтыкі і затануў на невялікай глыбіні.

Працы для яго ўздыму пачаліся ў 1946 годзе, але ў навагоднюю ноч 1947-га, калі корпус вывелі да паверхні, спрацавала нямецкае мінаванне — прагрымеў выбух, і карабель ізноў пайшоў на дно. З другой спробы яго ўсё ж удалося падняць, лайнер адправілі на рамонт ва ўсходнюю Германію.

Параход перадалі СССР у лік рэпарацый і перайменавалі ў гонар расійскага флатаводца — «Адмірал Нахімаў». Прымацавалі да Чарнаморскага марскога параходства.

Лайнер «Адмірал Нахімаў» стаўся сімвалам раскошы: лесвіцы з бронзавымі поручнямі, дывановыя палубы, музычны салон, рэстараны, бібліятэка, адкрыты басейн. Карабель паспеў узяць удзел і ў «вялікай гісторыі» — у перыяд Карыбскага крызісу перавозіў савецкіх вайскоўцаў на Кубу, пазней здзяйсняў рэйсы з дэлегацыямі. З часам стала ясна: карабель фізічна стаміўся і маральна састарэў. Далёкія лініі змянілі кароткія чарнаморскія круізы, а спісанне вызначалі ўжо на восень 1986‑га.

У ФРГ выступалі супраць перадачы судна «Berlin» СССР у межах рэпарацыяў і нават выпусцілі маркі з лайнерам. Крыніца: philately.ru

«Адзін дзень — адзін горад»: савецкі «all inclusive»

Круіз на савецкім лайнеры — гэта была мара, даступная не кожнаму. Тыднёвая пуцёўка на Крымска-Каўказскай лініі каштавала 28—150 рублёў (у залежнасці ад класу каюты), але трапіць на «Адмірал Нахімаў» мог далёка не кожны жыхар СССР.

Грашыма справа не абмяжоўвалася. Большая частка месцаў размяркоўвалася праз прафсаюзы і прадпрыемствы: пуцёўкі ішлі «ударнікам», ветэранам, перадавікам вытворчасці, калектывам буйных заводаў і ўстановаў. Частку квіткоў загадзя выкуплялі арганізаваныя групы ад прадпрыемстваў і камсамольскіх камітэтаў, і толькі рэшткі траплялі ў вольны продаж у курортныя касы — там за імі выстройваліся чэргі і вялі спісы. Дэфіцыт непазбежна спараджаў блат: часцей за ўсё на «Адмірал Нахімаў» траплялі праз знаёмства або прафкам.

Адзін з разваротаў буклета «Адмірал Нахімаў». Крыніца: EBay

У абмен пасажыру абяцалі рэдкі для СССР узровень сэрвісу «адзін дзень — адзін горад», канцэрты, кіно, дыскатэкі, басейн на сонцапёку і «інтурыстаўскі» асартымент у барах. Гэта было актуальна, улічваючы сухі закон у тыя гады.

«Так, ідзіце». Выраз, пасля якога ўсё пайшло не так

Увечары 31 жніўня 1986 года лайнер быў у Новарасійску. На борце — 1234 асобы: пасажыры і чальцы экіпажу. А 22:00 «Нахімаў» павінен быў выйсці да Сочы, але трохі спазніўся: на борце чакалі «высокага госця» — начальніка УКДБ па Адэскай вобласці, генерал-маёра Аляксея Крыкунова з сям'ёю.

Расклад таго круізу — як аказалася, апошняга. Крыніца: газета «Новороссийский рабочий»

На верхніх палубах — канцэрт і дыскатэка, у кіназале пачынаецца «Я любіў вас больш за жыццё», у рэстаранах — познія вячэры, частка публікі адзначае Дзень шахцёра і «ўшаноўвае ветэранаў». Многія дзеці ўжо спалі ў каютах.

У гэты ж час з боку ўваходу ў Цэмескую бухту ішоў балкер [спецыялізаванае судна для перавозу грузаў насыпам. — Заўв. «Белсату»] «Пётр Васёў» з грузам канадскага ячменю. Капітану «Адмірала Нахімава» Вадзіму Маркаву далажылі, што наперадзе трэба будзе правесці разыходжанне з сухагрузам, што ідзе з боку Басфору. Паводле правіл, саступаць павінен быў пасажырскі параход, аднак капітан «Пятра Васёва» Віктар Ткачэнка праз радыё запэўніў, што прапусціць лайнер.

— Вы можаце нас прапусціць?..

— Ідзіце!

— Мы можам ісці тым жа курсам?..

— Так, можаце ісці.

— Вы прапусціце нас?

— Так, ідзіце.

З гэтага моманту пачаўся ланцужок фатальных памылак, што прывёў да катастрофы.

«Каманда назад» спазнілася: таран «Адмірала Нахімава»

Пераканаўшыся, што разыходжанне з балкерам ідзе «паводле плану», капітан «Адмірала Нахімава» Маркаў перадаў кіраванне другому памочніку Аляксандру Чудноўскаму і спусціўся ў каюту: на мастку засталіся Чудноўскі, стырнавы і вахтавы назіральнік. На «Пятры Васёве» капітан Віктар Ткачэнка вёў судна, галоўным чынам належачы на САРП [комплекс, які паводле радыёлакатара разлічвае меркаваныя курсы і кропкі найменшага збліжэння мэтаў. — Заўв. «Белсата»), будучы ўпэўнены, што атрымаецца «прыгожае» і бяспечнае разыходжанне на малой дыстанцыі. Папярэджанне трэцяга памочніка Пятра Зубюка пра нязменны пеленг — відавочная прыкмета небяспечнага збліжэння — належнай рэакцыі адразу не выклікала.

САРП на мастку сухагрузу «Пётр Васёў». Крыніца: Wikimedia Commons

«Казалі, што ён ліхач і прафесіянал невялікі. Хоць у яго для смеху было напісана ў характарыстыцы «ўмела манеўруе ў пратоках і вузкасцях»», — апавядаў пра Віктара Ткачэнку былы капітан-настаўнік службы бяспекі мараплаўства Чарнаморскага марскога параходства Вадзім Дземчанкаў.

Чудноўскі трымаў агні балкера ў бінокль, запытаў пеленг у стырнавога і, атрымаўшы пацверджанне збліжэння, выйшаў у эфір: на «Васёве» яго зноў запэўнілі, што пасажырскі параход прапусцяць, калі ён працягне ранейшы курс. Усвядоміўшы, што дыстанцыя імкліва растае, Чудноўскі, не выклікаўшы неадкладна Маркава, пачаў адводзіць лайнер і запатрабаваў ад «Васёва» неадкладна зніжаць хаду і здаць назад.

Ткачэнка нарэшце адвёў погляд ад індыкатараў САРП і даў каманды на памяншэнне хады, прыпынак і рэверс, але часу ўжо не заставалася: інерцыя цяжкага балкера звяла манеўр на нішто.

Схема сутыкнення «Пятра Васёва» і «Адмірала Нахімава». Крыніца: Ігар Назараў, Wikimedia Commons

А 23:12 «Пётр Васёў» бульбам — выпуклаю часткаю носа — ударыў у правы борт «Адмірала Нахімава», прарэзаўшы ашалёўку і пакінуўшы прабоіну памерам 84 м².

Восем хвілінаў да дна

Вада імгненна пайшла праз прабоіну і адкрытыя ілюмінатары на ніжніх палубах. «Адмірал Нахімаў» хутка лёг на правы борт, неўзабаве згасла святло. Вучэбнай трывогі перад выхадам круізу не праводзілі — пачалася паніка.

Спусціць паспелі толькі адну шлюпку, надзіманых плытоў аказалася мала. Каля 23:14 механік запусціў аварыйны генератар — аварыйнае асвятленне прапрацавала прыблізна дзве хвіліны. Капітан Маркаў, вярнуўшыся на масток, не паспеў зарганізаваць апавяшчэння праз радыё і адправіў матросаў агледзець пашкоджанні; да 23:16 нахіл дасягаў 40—45°. Тады Маркаў запытаў у «Пятра Васева»: «Спускайце ўсе наяўныя ў вас шлюпкі і плыты!»

Сухагруз застаўся на плаве, вярнуўся да месца сутыкнення і пачаў скідаць камізэлькі, колы, ліны і штормтрапы, але падняцца па іх здолеў няшмат хто — усяго на борце «Пятра Васёва» ўратавалі 37 чалавек.

Турыстычная пуцёўка. Крыніца: газета «Новороссийский рабочий»

«Лена кінулася да Дзяніса. Я ім загадаў стаяць за агароджамі, а сам паспяшаўся на дапамогу хлопцам. На мяне нешта ўпала, збіла з ног. Я падняўся. Удалося скінуць яшчэ чатыры плоцікі. Яны паддаваліся з цяжкасцю. Іх тут жа адбівала да кармы, там была вялікая колькасць людзей. Жонка трымалася за леер, яе ахапіў жах… Я кінуў дзіця ў толькі што спушчаны плоцік, але яго тут жа прыціснула шлюпкаю судна, якое сыходзіла ў ваду…» — апавядаў электрык «Адмірала Нахімава» Аляксандр Далінскі, які ўзяў у гэты рэйс з дазволу камандавання судна жонку Алену і 4-гадовага сына Дзяніса. Яны абое загінулі.

На «Нахімаве» ў цемры людзі кідаліся па калідорах: хтосьці скакаў за борт, хтосьці скочваўся па левым борце ў плямах мазуту, шмат хто рваўся ў каюты за дзецьмі.

«Я пабег па калідоры і крычаў: «Людзі, выбягайце! Аварыя». Дзверы нашай каюты заклінавала. Я выбіў нагамі вентыляцыйную краты ўнізе дзвярэй, з цяжкасцю залез у каюту. Там намацаў маленькую Лаўру, праштурхнуў яе ў калідор, потым дапамог выбрацца Анжэле. Сам палез следам, паставіўшы дзяцей на ногі. Потым я ўспомніў, што ў каюце ёсць ратавальныя камізэлькі. Ізноў прабраўся туды… І мы пабеглі да выхаду. Карабель ужо клаўся набок. Нахіл быў градусаў 45. Я паўтараў дзяўчаткам: «Трымайцеся! Трымайцеся!»

Судна танула вельмі хутка. Я перакінуў дзяцей за борт, моцна трымаючы іх рукамі. Потым карабель неяк вельмі хутка, амаль імгненна акунуўся ў ваду. Струмень паветра выштурхнуў мяне, ударыў галавой аб верхнюю палубу. У гэты час Анжэлу вырвала з рук, і з Лаўрай я пайшоў пад ваду. Ачуўшыся, за метры чатыры ад сябе ўбачыў Лаўру. Да яе падплыў хлопец, сказаў, што дапаможа. Побач быў надзіманы ратавальны плыт. З хлопцам мы ўцягнулі Лаўру туды. Але сам я не залез на плыт, а ўбачыўшы жанчыну, якая тоне, паплыў да яе. Падцягнуў за плыт. Забраўшыся, яна зняла з сябе сукенку, ахінула Лаўру і пасадзіла з сабою, грэючы цяплом свайго цела. Потым я ўбачыў дзяўчынку, якая плыла да плыта. Я яе ўжо ведаў. Гэта была Аксана Неміна з Кіраваграду. Я падштурхнуў кавалак дошкі, а потым дапамог забрацца на плыт. Урэшце да нас трапіла яшчэ бабулька. Усяго нас было чалавек восем», — успамінаў пасажыр лайнера Віктар Габрыльянц.

Другі памочнік Аляксандр Чудноўскі, усвядоміўшы, што адбылося, замкнуўся ў сваёй каюце і патануў. Сцюардэсы Таццяна Фёдарава і Вера Федарчук да апошніх хвілінаў раздавалі і апраналі на людзей камізэлькі, адчынялі каюты — абедзве загінулі. Маркава выкінула за борт, ён ацалеў.

Праз восем хвілінаў пасля сутыкнення, а 23:20, параход сышоў пад ваду, прайшоўшы па інерцыі каля 900 метраў.

«Развярнулася тое судна, якое нас ударыла. Каля яго было шмат плытоў з людзьмі. Яно пабіла гэтыя плыты, паперакульвала ўсё… Шрубаю пасекла шмат ахвяраў у вадзе — каля нас плавалі рукі, ногі…» — апавядала пра тое, што адбывалася пасля аварыі лайнера Раіса Фірсава, якая працавала кухаркаю на «Адмірале Нахімаве».

Ратавальная аперацыя і пошукавыя працы

Першым да месца катастрофы падышоў лоцманскі катар ЛК-90, ён падбіраў людзей яшчэ да масавага падыходу суднаў.

«Там усё — увесь хлам, усё плавала, мазут… І людзі ў гэтым хламе. У асноўным у гэты момант было больш загінулых, пакуль іх мора не аднесла, чымся жывых. Пачалі падымаць людзей на борт. Захапіліся. Нікога больш не было, акрамя нас. Хто падымаўся на борт сам, каго мы выцягвалі… Глядзім, мы пачынаем хіліцца на правы борт. Я капітану-механіку кажу: «Віця, яшчэ 10—15 хвілін — і нас перакуліць… Людзі перакуляць нас, затопяць, больш не пратрымаемся!»» — успамінаў лоцман ЛК-90 Міхаіл Карпаў.

Капітан Новарасійскага порту загадаў усім плаўсродкам кіравацца ў раён катастрофы: у аперацыі бралі ўдзел 64 судны — буксіры, рэйдавыя і памежныя катары, «каметы» на падводных крылах. На досвітку падключыліся 7 верталётаў і самалёты. Апошняга ацалелага паднялі з вады праз 15 гадзінаў. Усяго ўдалося ўратаваць больш за 800 чалавек.

Ратавальныя працы на месцы катастрофы «Адмірала Нахімава». Крыніца: Wikimedia Commons

На беразе зарганізавалі імправізаваныя пункты абагравання, раздачы адзення і гарачага пітва.

«Увесь прычал быў акружаны людзьмі ва ўніформе. Нас адвялі ў адну з залаў марскога порту, дзе ўжо былі некалькі групаў уратаваных. Людзі былі ў такім выглядзе, у якім іх заспела аварыя — у спартовых касцюмах, майках і майтках, вячэрніх уборах, усе перамазаныя мазутам і фарбаю. Хтосьці сядзеў з шырока адкрытымі вачыма ў ступарным стане, хтосьці рыдаў па зніклых родных, іншыя не хавалі радасці, што засталіся жывыя. Адзін з аўтобусаў адвёз нашую групу ў гатэль «Чарнаморскі». Пасля пасялення я намацала ў кішэні насоўку і некалькі манетаў, 80 капеек. Гэта былі ўсе рэчы, якія засталіся ў нас пасля катастрофы…» — апавядала пасажырка «Адмірала Нахімава» Марта Барташ.

Раніцай усіх пацярпелых у гатэлі дапытваў следчы, які папярэдзіў, што пра караблекрушэнне пакуль нікому казаць нельга.

Першыя кароткія паведамленні пра катастрофу «Адмірала Нахімава» ў савецкіх газетах з'явіліся толькі 2 верасня.

Газета «Известия» 2 верасня 1986 года. Крыніца: дзяржаўны архіў Расеі

Целы загінулых звозілі на 15-ы прычал, дзе трывала апазнанне. Пошукавыя працы на месцы катастрофы лайнера вяліся да 19 верасня. Але пасля гібелі двух вадалазаў былі спыненыя.

На прычале № 15. Крыніца: Уладзімір Сварцэвіч з асабістага архіву

«Некаторыя вадалазы, якія спусціліся да «Нахімава» на дне, пазбавіліся розуму: такую жахлівую карціну вытрымае далёка не кожны, — апавядаў старэйшы мічман у адстаўцы Міхаіл Алейнік. — Асабіста я дасюль уздрыгваю пры адным толькі ўспаміне: трупы, узнятыя з бездані на вяроўках, кагалам… няхітра, што многія нашыя хлопцы пасля нахімаўскай аперацыі адмовіліся ад сваёй спецыяльнасці і больш ніколі не спускаліся пад ваду».

Ратавальнікі і вадалазы на месцы гібелі «Адмірала Нахімава» 7 верасня 1986 года. Крыніца: Уладзімір Велянгурын, odessahistory.net

Родныя патрабавалі найвышэйшай меры — капітанам прысудзілі 15 гадоў зняволення

Расследавала прычыны катастрофы ўрадавая камісія на чале з першым намеснікам старшыні Савету Міністраў СССР Гейдарам Аліевым. Вылучаліся розныя версіі трагедыі: дыверсія, чалавечы фактар, прысутнасць трэцяга судна. Даходзіла і да адкрыта канспіралагічных — напрыклад, што мэтаю катастрофы было забойства высокапастаўленага супрацоўніка КДБ Аляксея Крыкунова або выкарыстанне мікрахвалевай зброі.

У выніку следства кваліфікавала трагедыю як вынік чалавечых памылак і парушэнняў правілаў разыходжанні.

Сухагруз «Пётр Васёў» пасля сутыкнення з параходам «Адмірал Нахімаў». Крыніца: Wikimedia Commons

Паводле камісіі, капітан сухагрузу «Пётр Васёў» Ткачэнка «дапусціў празмерна небяспечнае збліжэнне караблёў, занядбаў данымі візуальных назіранняў вахты на мастку і звароты да яго вахтавога памочніка параходу «Адмірал Нахімаў», не выканаў сваіх запэўніванняў саступіць дарогу, выпусціў час для ажыццяўлення манеўру для бяспечнага разыходжання судоў, праявіў неапраўданую саманадзейнасць і нядбайнасць у кіраванні суднам». Капітан парахода «Адмірал Нахімаў» Маркаў «ва ўмовах збліжэння з іншым суднам, не ўзгадніўшы асабіста з капітанам сухагрузу парадку разыходжання, заўчасна пакінуў масток. Не пракантраляваў дзеянняў вахтавага памочніка пры збліжэнні і разыходжанні судоў. Праявіў самазаспакоенасць і абыякавасць да падзеяў на мастку».

Капітаны караблёў у судзе: злева — Ткачэнка, справа — Маркаў. Крыніца: odessahistory.net

Родныя загінулых патрабавалі расстрэлу, але следства кваліфікавала дзеянні капітанаў паводле арт. 85 КК РСФСР («Парушэнне правілаў бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту»).

У сакавіку 1987-га ў Адэсе капітанам Віктару Ткачэнку і Вадзіму Маркаву прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі кожнаму. Пасля распаду СССР іх памілавалі. Ткачэнка эміграваў у Ізраіль, змяніў прозвішча і ў 2003‑м загінуў у катастрофе яхты. Маркаў працаваў капітанам-настаўнікам, памёр у Адэсе ў 2007-м.

Ахвяры і памяць

На борце «Адмірала Нахімава» былі 1234 асобы. З іх загінулі 423 (359 пасажыраў і 64 чальцы экіпажу), у тым ліку трое беларусаў — 25-гадовы пасажыр Сяргей Петравец і два чальцы экіпажу. У корпусе патанулага лайнера засталіся 65 асобаў — іх не здолелі падняць.

Карабель спачывае на глыбіні каля 47 метраў. Гэты раён афіцыйна абвешчаны месцам пахавання: дзеіць рэжым аховы — забароненыя пастаноўка на якар, падводныя працы і любое ўмяшанне.

Блізкія загінулых і ацалелыя спускаюць вянкі на ваду ў Цэмескай бухце ў 30-ую гадавіну катастрофы «Адмірала Нахімава». Крыніца: admiral-nakhimov.net.ru

Штогод 31 жніўня ў Кабардзінцы і на рэйдзе Цэмескай бухты праходзяць жалобныя цырымоніі: да месца гібелі выходзяць катары са сваякамі, на ваду апускаюць вянкі.

Матэрыялы справы катастрофы «Адмірала Нахімава» дасюль засакрэчаныя.

Каментары1

  • Жвір
    31.08.2025
    Вось калі б не чакалі таго КДБэшніка, дык і сітуацыі такой не было б. Вінаваты той хто затрымаў выхад Нахімава ...

Цяпер чытаюць

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь3

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

Усе навіны →
Усе навіны

«Я перакінуў дзяцей за борт». Як затануў «Адмірал Нахімаў», пры катастрофе якога загінулі тры беларусы1

Кампанія Stadler адмовілася паставіць цягнікі Беларускай чыгунцы16

«Узор крамлёўскай хлусні і пыхі». У Генштабе УСУ адрэагавалі на справаздачу расіян пра вынікі летняга наступу2

Пратэсты ў Інданезіі: загінулі мінімум трое, гараць будынкі рэгіянальных органаў улады1

Латушка: У Пяткевіч трэсліся рукі, галава, яна тупала, крычала: «Вы насаджаеце нацыяналізм»61

Як зменіцца вуліца Валгаградская: якія будынкі ўзвядуць і што добраўпарадкуюць3

Якім будзе першы тыдзень восені

Чым займаліся супрацоўнікі Акрэсціна да таго, як узначаліць месца катаванняў беларусаў?17

Лукашэнка хоча пераняць палітычнае ўладкаванне Кітая21

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь3

«Пасля Новага года можам апынуцца на вуліцы». Наведаліся ў шэлтар, які дае дах над галавой палітвязням, вымушаным пакінуць Беларусь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць