Грамадства77

«Працаваў на будоўлі па 10—12 гадзін на дзень». Сябры — пра былога палітвязня Дзяніса Сакалоўскага, які памёр у Берліне

Калегі называюць Дзяніса Сакалоўскага адным з найлепшых відэааператараў Беларусі. Ён выхоўваў дачку па-беларуску, любіў антыкварны посуд і марынаваны часнок, цешыўся, што стане дзедам. Блізкія расказалі Радыё Свабода, якім ён быў чалавекам.

На «Байсоле» адкрылі збор на дапамогу з пахаваннем.

Цела беларускага палітуцекача Дзяніса Сакалоўскага знайшлі ў яго кватэры ў Берліне сёлета 21 лютага. Яму было 47 гадоў. Перад гэтым мужчына некалькі месяцаў хварэў. Сакалоўскі хацеў вярнуцца дадому і сумаваў па радзіме, расказваюць у размове са Свабодай блізкія і сябры памерлага. Пахаваць Дзяніса плануюць у Беларусі. Для гэтага сям’і памерлага патрэбныя сродкі, толькі перавозка цела на радзіму будзе каштаваць каля 2800 еўра. 25 лютага фонд BySol адкрыў адпаведны збор.

Не пайшоў да лекараў

Дзяніс жыў у Германіі з 2022 года. Абраў Берлін, бо там жыў сябар. За мяжой не мог знайсці сталую працу па прафесіі. Працаваў на будоўлі па 10—12 гадзін на дзень, але ніколі не скардзіўся блізкім, кажа ў размове са Свабодай яго дачка Васіліна.

«Мы пачалі працаваць разам. Так заўсёды лягчэй. Чалавек ён моцны. Праца была розная — дзяўблі бетон, будавалі дах, працавалі з дрэвам, выконвалі малярна-тынкоўчыя работы. Мы браліся за ўсё, дзе былі хоць нейкія грошы», — расказвае сябар Дзяніса Павал (імя зменена дзеля бяспекі суразмоўцы. — РС).

У канцы лістапада мінулага года Дзяніс захварэў, успамінае фатограф Дзмітрый Брушко. У яго быў моцны кашаль, дыхавіца, ён адчуваў слабасць. Сябры мяркуюць, што ён мог перанесці каранавірус, а потым і пнеўманію. Аднак да лекараў не звяртаўся, таму дакладны дыягназ не быў вядомы. Хваробу пераносіў на нагах, каб зарабіць грошы. Чакаў, што вясной да яго прыедуць родныя.

«Ён працаваў на знос. Калі была праца, ён працаваў — хворы ці не, бо былі фінансавыя праблемы», — кажа сябар Дзяніса Мікіта (імя зменена дзеля бяспекі суразмоўцы). Сябры кажуць, што ў гэты перыяд рэгулярна правяралі, як Дзяніс сябе адчувае, прапаноўвалі дапамогу лекамі, прадуктамі. Аднак ён звычайна адмаўляўся.

«Ён замкнуўся ў сабе, не хацеў сустракацца з людзьмі, было цяжка з ім кантактаваць. Думаю, у яго, як у многіх беларусаў, была пазіцыя: я самастойны, не патрэбна дапамога, я сам змагу гэта перажыць, не хачу ствараць праблем іншым», — мяркуе Дзмітрый Брушко, які рэгулярна падтрымліваў сувязь з Дзянісам.

Дачка таксама заўважае, што калі тата хварэў, то не скардзіўся, з яго ледзь не сілай трэба было выцягваць інфармацыю.

Сябры настойвалі, каб Сакалоўскі пайшоў да лекара. Аднак ён не хацеў. Магчыма, асцерагаўся, што такі візіт дорага яму абыдзецца, калі яго пакладуць у шпіталь, бо ў яго была не вельмі добрая медыцынская страхоўка, якая магла не кампенсаваць усіх выдаткаў, тлумачыць Мікіта.

Раней была сітуацыя, калі Дзяніс забыўся працягнуць страхоўку і заплаціў больш за дзве тысячы еўра, калі звяртаўся да лекараў па іншым пытанні, успамінае Павел.

Апошні месяц Сакалоўскі ўжо не мог працаваць праз стан здароўя. Вырашыў адляжацца. Прымаў антыбіётыкі. Незадоўга да смерці Дзяніса Мікіта разам з іншым сябрам «прымусова наведалі» яго дома. Тады ён, са слоў суразмоўцы, выглядаў «слабым і схуднелым, але не крытычна». Казаў, што яму ўжо лепш.

Дзяніс Сакалоўскі падчас падпрацоўкі

Апошні раз Дзяніс выходзіў на сувязь ранкам у пятніцу, 20 снежня, успамінае Дзмітрый Брушко. Увечары ён ужо не адказваў на паведамленні. Сябры забілі трывогу і на наступны дзень прыйшлі да Дзяніса дадому. Кватэру ім адчыніла ўладальніца жылля.

«Калі адчынялі кватэру, усё было чыста, на сваіх месцах», — адзначае Брушко.

Унутры яны знайшлі цела ўжо памерлага Дзяніса. Прычына смерці пакуль невядомая.

«Ён занадта шмат узяў на сябе і, напэўна, не справіўся. Магчыма, тое, што ён сядзеў 8 месяцаў у турме, адгукнулася, можа быць, шалёныя нагрузкі, калі ён тут працаваў. Мне здаецца, вялікая праблема была ў тым, што ён не давяраў лекарам. Мы ўсе імкнуліся яму дапамагчы, пераканаць, каб ён звярнуўся да медыкаў, але ён не звярнуўся. І мы занадта позна прыйшлі, каб паспрабаваць яму дапамагчы», — шкадуе сябар Мікіта.

«Ганаруся табой, прынцэса!»

Дзяніс Сакалоўскі нарадзіўся ў Прылуках пад Мінскам.

«Ён вельмі любіў Прылукі. Бывалі дні, калі пасля працы ў будзень ён мяне забіраў: «Паехалі паветрам падыхаць», — успамінае яго дачка Васіліна.

Яна нарадзілася, калі бацьку было 19 гадоў. Праз адносна невялікую розніцу ва ўзросце з дачкой Дзяніс прасіў яе сяброў звяртацца да яго на «ты».

«Я з дзяцінства ведала, што ён мяне бязмежна любіў. Я дзяўчынка, якая купалася ў татавай любові. Ён заўсёды мяне падтрымліваў. Казаў: «Люблю цябе, дачушка. Ты малайчына! Ганаруся табой, прынцэса!» Ён абдымаў мяне. Я адчувала яго любоў паўсюль. Яна была такая вялікая! Я вельмі шчаслівы чалавек, што ў мяне быў такі тата. Я мала ведаю людзей, у якіх было вялікае адкрытае сэрца да ўсяго свету», — кажа Васіліна.

Дзяўчынку выхоўвалі ў сям’і па-беларуску. Яна хадзіла ў беларускамоўную гімназію № 23 у Мінску. Тата пасля школы вадзіў яе на мастацкія выставы, у кіно, знаёміў дзяўчынку са сваімі сябрамі-мастакамі. Разам з дачкой ляпіў з пластыліну ці пластыкі.

«Ён мне паказаў музыку. У нас музычны густ цалкам падобны. Гэта рэтра-рокавая класная музыка», — кажа суразмоўца.

Васіліна кажа, што яны часта сазвоньваліся з бацькам ужо ў эміграцыі. Маглі прагаварыць усю ноч. Часам сустракаліся ў яго ў Берліне або ў яе ў Варшаве. Але апошнімі тыднямі мала камунікавалі. Апошні раз бачыліся на яе дзень нараджэння летась у жніўні.

«Быў адным з найлепшых аператараў у Беларусі»

Дзяніс Сакалоўскі скончыў у Мінску мастацкі каледж імя Глебава па кірунку «скульптура» і Акадэмію мастацтваў як відэааператар.

«Ён быў цікавы, упэўнены ў сабе чалавек. Не было сумневаў, што ён займаецца сваёй справай самааддана і з’яўляецца безумоўным аўтарытэтам у сваім асяроддзі», — успамінае Павал, які вучыўся разам з Сакалоўскім у Акадэміі мастацтваў у пачатку 2000-х.

Калегі называюць Дзяніса адным з найлепшых відэааператараў Беларусі. Больш за дзесяць гадоў ён працаваў у Белтэлерадыёкампаніі аператарам-пастаноўшчыкам. Аднак увесь час сумяшчаў працу на беларускія дзяржаўныя тэлеканалы з працай на медыя ў Нямеччыне, Францыі, Нарвегіі, Катары, Саудаўскай Арабіі, Аўстраліі: ARD, ZDF, DW, Arte, mdr, TV France, Al Jazeera, Al Arabia, NRK, ABC (TV Australia).

Васіліна перакананая, што ў яенага бацькі нават на дзяржаўнай тэлевізіі не было рэпартажаў, за якія яму было б сорамна, ён не паступаўся сваімі прынцыпамі, не падстаўляў нікога, асуджаў прапаганду. Ён з дзяцінства вучыў дачку параўноўваць, як розныя медыя падаюць адну і тую ж падзею.

Сябар Дзяніса Ян* (імя змененае дзеля бяспекі суразмоўцы) расказаў Свабодзе, што Сакалоўскага не пускалі здымаць палітычныя сюжэты яшчэ да 2020 года, бо лічылі яго недастаткова лаяльным.

«Ён думаў, што можна прафесійнай працай уплываць на сістэму, і, як я разумею, у большасці выпадкаў адмяжоўваўся ад прапагандысцкіх праектаў», — кажа сябар Дзяніса Павел пра яго працу ў дзяржаўным тэлебачанні.

Сакалоўскі ў 2007 годзе атрымаў трэцяе месца ў намінацыі «Найлепшы тэлеаператар Беларусі», а ў 2017 стаў лепшым аператарам у прэміі «Тэлевяршыня».

Мікіта, сябар і калега Дзяніса, які ведаў яго больш за дзесяць гадоў, кажа, што той яшчэ ў маладосці быў вельмі таленавітым аператарам. У Беларусі яны разам здымалі навіны, у тым ліку пратэсты, для замежных медыя.

«Калі ў мяне была магчымасць, я выбіраў Дзяніса, бо ён быў адным з найлепшых аператараў у Беларусі», — кажа суразмоўца.

Таксама разам яны знялі некалькі вялікіх дакумэнтальных фільмаў, у тым ліку беларускую частку фільму Awaken, які атрымаў узнагароду на міжнародным фестывалі. Увесь фільм здымалі ў 35 краінах, ён паказвае іх адметнасці. Кадры з Беларусі доўжацца некалькі хвілін, але іх здымалі месяц. Менавіта беларускімі кадрамі пачынаецца трэйлер фільма — дзяўчаты з паходнямі заходзяць у ваду на Купалле, расказвае Мікіта.

«Гэта мелі быць ідэальна прыгожыя карцінкі. Дзяніс іх зрабіў проста фенаменальна», — кажа калега.

Ён заўважае, што Сакалоўскі меў вялікі досвед працы на дзяржаўным тэлебачанні і заўсёды ведаў, што трэба зняць. Умеў працаваць з якой заўгодна апаратурай, быў гнуткі, падстройваўся пад задачы, сам прапаноўваў, што зняць, каб было прыгожа. Ён сам мог выстаўляць святло, запісваць гук, выбудоўваць кампазіцыю, хоць гэта рабілі не ўсе аператары. Пры гэтым не скардзіўся і працаваў з задавальненнем.

«Кіраваў верталётамі і кранамі. Вельмі добра бачыў карцінку, меў адчуванне кампазіцыі. Заўсёды здымаў раскошную карцінку. Ён надзейны чалавек, на якога можна было разлічваць. Усе людзі на замежных каналах, з якімі мы супрацоўнічалі, былі ў захапленні ад карцінкі і потым запрашалі працаваць толькі Дзяніса», — расказвае калега.

«Калі мне трэба было дапамагчы з відэа, ён рабіў гэта. Казаў: «ніякіх пытанняў», рабіў гэта хутка і добра. Дапамагаў на беларускіх імпрэзах у Берліне. Нешта падключыць, зрабіць відэа — гэта ён рабіў бясплатна», — адзначае фатограф Дзмітрый Брушко.

Яшчэ адзін дакументальны фільм, які здымаў Дзяніс і які атрымаў узнагароду на міжнародным фестывалі, — Я, Андрэй Іванавіч. Ён расказвае пра вязня канцлагераў Другой сусветнай вайны Андрэя Маісеенку. Сёлета яму спаўняецца сто гадоў, мужчына жыве ў Беларусі. Фільм здымалі ў некалькіх частках у Беларусі і Нямеччыне. Іншыя ягоныя фільмы з міжнароднымі прэміямі — Сестра Иоанна і Demigod.

Праз кепскае валоданне нямецкай мовай Дзянісу было складана знайсці працу аператара ў Германіі, заўважае Мікіта. Каб добра вывучыць мову, яму трэба было б паўгоду хадзіць на курсы, але ён не мог сабе гэтага дазволіць і не працаваць у гэты час. Сакалоўскі вучыў нямецкую мову праз Duolingo. Хацеў знайсці працу па спецыяльнасці.

«Яму было цікава і ў балоце, і ў палацы»

Некалькі гадоў, працуючы на Белтэлерадыёкампаніі, Дзяніс Сакалоўскі здымаў цыкл дакументальных фільмаў Зямля беларуская.

«Гэта было вельмі класна зроблена. Яны ездзілі па Беларусі, здымалі мястэчкі. Ён любіў гэта моцна. Яго цягнула быць журналістам у полі, а не ў кабінеце», — расказвае дачка Дзяніса Васіліна.

Дзяніс таксама папраўляў тэксты калег па-беларуску, каб было правільна і прыгожа. Настойваў, каб тое, што магчыма, рабілі на беларускай мове, расказвае дачка.

Яна таксама паспела папрацаваць разам з татам. Ён дапамагаў дачцэ здымаць фільм для дыплому ў ЕГУ.

«Я ведала, што мой тата профі. Калі людзі даведваліся, што я дачка Сакалоўскага, мне ўсе казалі: «Твой тата найлепшы аператар». Калі я апынулася ў ролі журналісткі, я адчула гэты кайф, абсалютны спакой і ўпэўненасць, што ён зробіць усё ідэальна», — кажа суразмоўца.

Дзяўчына пайшла вучыцца на журналістыку слядамі бацькі, бо бачыла, як ён захоплены сваёй працай, што можа працаваць «удзень і ўначы».

«Яму было цікава працаваць і ў балоце, і ў палацы», — падсумоўвае яна.

Васіліна адзначае, што бацька ўмеў здымаць рознае.

«Мне здаецца, няма нічога, што мой тата не мог бы зняць. Ён расказваў, як здымаў з гелікоптара і забыўся прышпіліцца: «Я ледзь не выпаў, але ўсё гуд!» Здымаў, калі скакаў з парашутам, з самалёта, рабіў падводныя здымкі — у яго дайверская катэгорыя», — расказвае яна.

Восем месяцаў за кратамі

У 2020 годзе Сакалоўскі далучыўся да страйку ў Белтэлерадыёкампаніі. Яго звольнілі. Разам з калегамі ён працаваў над стварэннем незалежнай медыяплатформы — «альтэрнатыўнай тэлевізіі». 22 снежня 2020 году яго затрымалі ў справе «Прэс-клуба». Восем месяцаў ён правёў у СІЗА.

«У нас быў такі моцны кантакт, мы адчувалі адно аднаго. Аднойчы, калі бацька быў у турме, ён мне прысніўся і ў сьне прасіў дапамагчы. Пасля прыйшлі лісты і адвакат паведаміў, што ён захварэў тады ў следчым ізалятары», — расказвае ягоная дачка Васіліна.

Спачатку Сакалоўскага абвінавачвалі ў «дапамозе ва ўхіленні ад сплаты падаткаў». У жніўні 2021 года яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Аднак прызналі падазраваным ва «ўдзеле ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам». У 2022 годзе Дзяніс выехаў з Беларусі ў Германію.

«З Дзянісам мы сустракаліся ўжо ў Германіі. Ён быў вельмі сціплым былым палітвязнем. Заўсёды кіраваўся прынцыпам, што іншым людзям падтрымка важнейшая, чым яму, і стараўся разлічваць на свае сілы. Адразу шукаў магчымасць працаваць, зарабляць самастойна», — апісвае Сакалоўскага супрацоўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.

«Панк-рокерскі дух»

Актор і вядоўца Аляксей Сапрыкін, зяць Дзяніса Сакалоўскага, расказаў Свабодзе, што ў іх была невялікая розніца — 13 гадоў, таму стасаваліся даволі блізка і на «ты». Сакалоўскі любіў шукаць у падарожжах рэчы з гісторыяй, прыкладам, старажытны посуд.

«Мы знаходзілі мноства цікавых тэмаў, завязаных з кіно, мастацтвам, жыццём, філасофіяй. Ён вельмі шмат чаго ведаў, любіў апавядаць гісторыі», — кажа Аляксей.

Дзяніс любіў добра паесці, адзначае суразмоўца. Але апошнім часам жыў у такіх умовах, калі не мог сабе нешта прыгатаваць. Васіліна з Аляксеем стараліся прыгатаваць для яго нешта смачнае, калі Дзяніс прыязджаў да іх у госці.

«І ён сябе адчуваў як дома, як у Прылуках, у яго месцы сілы, хоць мы ўсе даўно жылі за мяжой. Радаваўся, калі мы захоўвалі для яго гасцінцы з Беларусі. Ён усіх любіў частаваць марынаваным часнаком па сакрэтным рэцэпце», — кажа суразмоўца.

Аляксей дадае, што цесць заўсёды імкнуўся дапамагчы, нават калі сам быў у складанай сітуацыі. Ён узгадвае, як аднойчы ў Дзяніса падчас паездкі было дзве гадзіны ў Варшаве паміж перасадкамі. І ён у гэты час дапамог ім перавезці мэблю на новае месца жыхарства. 

«Васіліна мне кажа: «Ты ведаеш, ён вельмі цябе любіў». Я яго таксама вельмі любіў. Я памятаю першую нашу сустрэчу. Ён так хваляваўся, што нават кашулю надзеў, а звычайна ён адзяваўся ў джынсы і цішотку», — расказвае Аляксей.

Аднойчы, калі Аляксей з Васілінай гасцілі ў Дзяніса ў Берліне, той зрабіў для іх сюрпрыз і зарэзерваваў ім начлег у дамку на колах на Александэрпляц — цэнтральнай плошчы гораду.

«У яго быў панк-рокерскі дух, рок-н-рольны. Можа быць, гэта не вельмі зручна, але вельмі цёпла і шчыра было, па-прыгодніцку. У Берліне так трэба, патрэбныя не гатэлі з мяккімі матрацамі і белымі прасцінамі, а кэмп на Александэрпляц, калі, а трэцяй ночы там ходзяць людзі, шумяць і перашкаджаюць спаць. Такое жыццё сапраўднае, без купюраў», — расказвае суразмоўца.

«Вельмі кампанейскі чалавек. Адкрыты, вясёлы, заўсёды анекдоты, жартачкі, аповеды. Вельмі адукаваны. У Берліне часта хадзіў у музеі, асабліва любіў выставу старажытнагрэцкага мастацтва. Вельмі любіў Берлін, пагуляць па Александэрпляцы, паздымаць на тэлефон», — расказвае пра сябра Мікіта.

Васіліна адзначае, што бацька любіў людзей, мог пасябраваць з кімсьці, нават не ведаючы ягонай мовы. Ён ездзіў на ровары, любіў прыгоды і па0адарожнікі.

«Ён любіў пабадзяцца па лесе. У мяне ад яго такая любоў — вырвацца ў поле, кудысьці ехаць, дзесьці па балоце. Ён любіў прыроду, бачыў кінакадры паўсюль», — расказвае дачка.

Васіліна думае, што тата не хацеў бы, каб яна пасля ягонай смерці правальвалася ў гора.

З дачкой з зяцем

«Мой тата ніколі ў жыцці не прызнаецца, што яму блага. Ён заўсёды з усмешкай. Усё нармальна! У яго быў шалёны пазітыў. Калі я турбавалася, скардзілася, ён заўсёды казаў: «Эй, дзяўчо, усё будзе клас!» Ён, напэўна, зараз бы мне сказаў: «Эй, дзяўчо, ну што ты!», — кажа Васіліна.

Васіліна прызнаецца, што цяпер яны з мужам чакаюць нараджэння дзіцяці.

«Ён так моцна радаваўся за нас з Лёшам, так радаваўся, што стане дзядулем. Мы яшчэ жартавалі, што ў нас будзе дзед Дзёня. Ён быў бы класным дзедам. Мне так шкада, што ён не ўбачыць сваю ўнучку. Я спадзяюся, што дзесьці там ён убачыць. Я бы хацела яму сказаць: «Я так цябе, татачка, люблю!» Я думаю, ён бы хацеў, каб нам тут было класна», — кажа Васіліна.

На «Байсоле» адкрылі збор на дапамогу з пахаваннем

Каментары7

  • Шляхцич Завальня
    26.02.2026
    Aufenthaltsstatus, 8 часов работаешь официально, остальное шварцуеш.
  • Aufenthaltsstatus
    26.02.2026
    Шляхцич Завальня, судя по роду занятий( строительство), это скорее всего было все по-черному, потому что именно в этой отрасли нелегальные мигранты в основном работают по-черному. Кроме того, 8 легальных часов принесли бы ему еще больше, чем соцпомощь ( Bürgergeld), у него была бы нормальная госстраховка, и опять-таки не было бы нужды так работать на износ, так что скорее всего там все было по-черному с оплатой намного ниже легальных рабочих
  • Ну
    26.02.2026
    Няма словаў.. толькі агромністы сум, што такія годныя людзі вось так вось на чужыне сыходзяць.. ((( Хай табе будзе там добра, Дзянісе!

Цяпер чытаюць

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі5

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі

Усе навіны →
Усе навіны

Гродна апераджала Вільню. Былі часы, калі італьянцы эмігравалі ў Беларусь. Іх кроў цячэ ў некім з вас4

У Балівіі разбіўся самалёт, які перавозіў грошы, загінулі 15 чалавек

Трамп дапусціў сяброўскі захоп Кубы2

Трамп: З Беларуссю ў нас выдатныя адносіны34

У катоў не ўзнікае эмацыйнай залежнасці ад гаспадара — яны за раўнапраўнае суіснаванне5

«Нічога не бачыў і нічога дрэннага не рабіў». Біл Клінтан расказаў пра свае сувязі з Эпштэйнам3

У Магілёве вынеслі прысуд мужчыне, які чатыры разы ўдарыў кінжалам сілавіка1

Трамп збіраецца адмяняць санкцыі супраць Расіі, калі яна пойдзе на мір14

Янота Сеню ў баранавіцкім парку прывучаюць да правільнага харчавання3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі5

Вярхоўны лідар Ірана аятала Алі Хаменэі забіты, яго цела знойдзена — крыніцы ў Ізраілі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць