«Дзесьці людзі хуліганяць». Пашпартны цэнтр адрэагаваў на справу пра праблемы ў чалавека праз пашпарт Новай Беларусі
Справа беларуса, якога могуць пазбавіць міжнароднай абароны ў Польшчы за тое, што ён выкарыстаў пашпарт Новай Беларусі, прыцягнула шырокую ўвагу. Выданне Most папрасіла намесніка дырэктара Беларускага пашпартнага цэнтра (БПЦ), які займаецца выдачай пашпартоў Новай Беларусі, пракаментаваць гэты выпадак.

Пра прэцэдэнт 25 лютага расказала ініцыятыва Partyzanka. У грамадзяніна Беларусі ў Польшчы скончыўся тэрмін дзеяння нацыянальнага пашпарта, а аформіць новы ён не мог з прычын бяспекі. У такіх выпадках можна атрымаць польскі праязны дакумент іншаземца (альбо так званы Жэнеўскі пашпарт — для асоб са статусам уцекача). Аднак беларус пры падачы заявы на новы дазвол на жыхарства не адзначыў ніводзін з гэтых дакументаў, а пашпарт Новай Беларусі. Хоць гэта пакуль сімвалічны дакумент, які выдаюць дэмакратычныя сілы, польскія чыноўнікі (верагодна, праз недасведчанасць) успрынялі яго як доказ узаемадзеяння з беларускімі дзяржаўнымі органамі. А пры міжнароднай абароне гэта забаронена.
У выніку была ініцыяваная працэдура пазбаўлення міжнароднай абароны, распачатая праверка паездак і паўторны аналіз справы. Беларус ужо падаў чыноўнікам пісьмовыя тлумачэнні па сітуацыі.
«Не рэкамендуем, але не можам забараніць»
Намеснік дырэктара Беларускага пашпартнага цэнтра лічыць, што пасля разгляду справа вырашыцца на карысць беларуса.
— Натуральна, што, калі чалавек прыносіць пашпарт, падае ў міграцыйную службу і не тлумачыць, адкуль гэты дакумент, міграцыйная служба можа падумаць, што гэта пашпарт, які выдадзены рэжымам Лукашэнкі. Тады лагічнае пытанне: на якой падставе ты просіш [міжнародную] абарону?
Пашпарт рэальна добрай якасці, адпавядае ўсім стандартам ICAO, у ім закладзеныя біяметрычныя даныя грамадзяніна Беларусі, электронны подпіс, адбіткі пальцаў, чып, які перадае звесткі праз NFC і гэтак далей. То-бок ён знешне ну ніяк не адрозніваецца ад іншага нацыянальнага пашпарта. Але, наколькі я разумею, міграцыйная служба Польшчы разбярэцца з гэтым, і пасля тлумачэння, адкуль гэты пашпарт, адміністрацыйную справу спыняць.
На сённяшні дзень гэтыя дакументы неафіцыйна прымае міграцыйная служба Украіны, таму што ў большасці [беларускіх] добраахвотнікаў увогуле ніякіх дакументаў няма, акрамя вайсковых білетаў. І мы ўдзячныя міграцыйнай службе за гэта. Падкрэсліваю: афіцыйнага прызнання з боку Украіны няма. Але людзі на месцах прымаюць.
Мы ўсім афіцыйна не рэкамендуем нацыянальныя пашпарты Беларусі (суразмоўца мае на ўвазе пашпарты Новай Беларусі. — Заўв. Most) выкарыстоўваць [як пасведчанні асобы], і пра гэта напісана на сайце БПЦ belarus-passport.com.
Але мы не можам нашым грамадзянам, якія пастаўленыя ў цяжкія ўмовы, забараніць іх выкарыстоўваць, бо ў людзей найскладанейшая сітуацыя і з кожным годам яна будзе пагаршацца.
З 2020 года і на сёння беларусы атрымалі больш за 1,08 мільёна дазволаў на жыхарства толькі ў краінах ЕС, не ўлічваючы Украіну, Грузію і іншыя краіны. У розных краінах розныя працэдуры. У некаторых выдаюць трэвэл-дакументы і пашпарты іншаземца, у некаторых — не. У некаторых скончаны пашпарт — падстава для непрацягвання дазволу на жыхарства і дэпартацыі. Многія беларусы вымушаныя падавацца на міжнародную абарону праз сканчэнне пашпартоў. Рэжым Лукашэнкі наўмысна робіць з нас апатрыдаў. І пашпартны праект Офіса Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага камітэта (АПК) арганічна патрэбны ў нашых найскладанейшых умовах.
— Але вы даводзіце да людзей, што гэта на сёння не афіцыйны дакумент, што ён не прызнаецца?
— Чалавек як мінімум два разы — калі рэгіструецца на платформе і калі потым прыходзіць атрымліваць пашпарт — падпісваецца пад тым, што гэты дакумент не з’яўляецца трэвэл-дакументам і дакументам ідэнтыфікацыі. Не ведаю, як яшчэ ўладальнікам гэтых пашпартоў трэба [гэта данесці]. Таму мы робім сваю працу дасканала, канкрэтна, бяспечна. Так, ёсць людзі, якія рызыкуюць набыць праблемы. Нам вядома, што людзі пабраліся шлюбам [з гэтым пашпартам], зарэгістравалі свае аўтамабілі, крочаць праз межы, нават ставяць візы. Ну, мы іх папярэджвалі, што гэта можа быць праблемай. Дзесьці яны хуліганяць, дзесьці яны пераходзяць межы дазволенага.
Але трэба адзначыць, што калі кажуць пра крымінальныя артыкулы, то яны звязаныя з падробкай афіцыйных дакументаў, зменай звестак. А Беларускі пашпартны цэнтр — афіцыйная арганізацыя, заснаваная Офісам Святланы Ціханоўскай і АПК, і выпускае ўласныя дакументы.
Пры гэтым звесткі з сіняга пашпарта, уключаючы асабісты код, пераходзяць у наш пашпарт. Больш за тое, з досведу іншых урадаў у выгнанні, якія выдаюць пашпарты (таго ж урада Ічкерыі), не было заведзена ніводнай крымінальнай справы. Мы падтрымліваем з імі кантакт і абменьваемся вопытам.
Чым больш будзе ўладальнікаў гэтых пашпартоў, тым хутчэй будзе ісці працэс іх прызнання. Усё больш беларусаў застаецца без пашпартоў, і з кожным годам, з кожным месяцам праблема будзе павялічвацца.
Тое, што міграцыйная служба Польшчы разбярэцца ў сітуацыі і спыніць працэс, таксама будзе нашай маленькай агульнанацыянальнай перамогай. Мы маем права на свае дакументы, і, як бы цяжка сёння нам не было, трэба разам рухацца да мэты прызнання гэтага права.
У Польшчы завялі крыміналку за выкарыстанне пашпарта Новай Беларусі? Не. Вось што вядома на гэты момант
Пашпарт Новай Беларусі атрымалі амаль 500 чалавек
Зараз для атрымання пашпарта па ўзросце да 27 гадоў запатрабуюць даведку з ваенкамата
Беларуска адначасова мела два грамадзянствы — але даведалася пра гэта толькі ў 21 год. Як так выйшла?
Каментары
Бел-чырвона-белы Сцяг нельга каб быў размешчаны пад канем з вернікам. Гербам Пагоня. Сцяг павінен быць над вершнікам. Над гербам Пагоня.
Так і на форме нашых ваяроў павінна быць. Герб на рукаве, а над ім сцяг.
Нельга сцяг кідаць пад ногі.
Выбачайце. Але не магу гэта бачыць. Кранае сэрца і душу.
Донести просто, как доносят до владельцев другой сувениреой и прикольной продукции: ставят на самом сувенирном документе надпись: Не является официальным платежным средством /официальным документом"
Што гаўляйтара, што чарнасоцінскую шавіністычную Масковію каробіць ад сапраўдных беларускіх нацыянальных сымбаляў: беларускай мовы, бел-чырвона-белага сцяга, герба Пагоня. Сымбаляў беларускай незалежнасці, свабоды, нашай гісторыі, нашай спадчыны.
Жыве Беларусь.