Культура66

«Яны ўжо ніколі не вярталіся». Беларусы стварылі мультфільм пра палескую шляхту, якая вымушана выехала ў Польшчу

Беларусы стварылі анімацыйны фільм «Казкі старога Палесся» — пра гомельскую шляхту, якая пасля рэвалюцыі эмігравала ў Польшчу. Адшукаць гістарычныя крыніцы на радзіме было складана, таму аўтары карысталіся лістамі і ўспамінамі, якія захаваліся ў польскіх архівах. Рэжысёрка праекта Марыя Булавінская расказала Most, як ствараліся «Казкі».

Казкі старога Палесся
Кадр з фільма «Казкі старога Палесся»

«У Беларусі гісторыя вынішчана, а ў польскіх архівах шмат інфармацыі»

Марыя пачала збіраць матэрыял яшчэ дзесяць гадоў таму, калі жыла ў Беларусі. Тады жанчына пісала магістарскую працу па шляхецкіх сядзібах Гомельшчыны. Каб даведацца больш, беларуска размаўляла з мясцовымі жыхарамі. А яшчэ здымала вёскі на відэа.

Ужо тады даследчыца сутыкнулася з праблемай: інфармацыі пра шляхту Гомельшчыны засталося няшмат.

«Пахаванняў мясцовай шляхты няма — толькі надмагільныя пліты канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя з надпісамі на польскай мове. І такое сустракалася вельмі часта. Стала зразумела, што, калі прыйшлі бальшавікі, яны ўсё разбурылі», — расказвае беларуска.

Маёнтак
Маёнтак/сядзіба ў Пянчынах на Гомельшчыне. Фота з архіва Марыі Булавінскай

Пасля рэвалюцыі шмат прадстаўнікоў беларускай шляхты выязджала ў Польшчу. У эміграцыі яны пакідалі ўспаміны і дзённікі, якія пасля захаваліся ў архівах, расказвае Марыя.

Але калі даследчыца жыла ў Беларусі, дастаць дакументы з польскіх архіваў было складана. Яна кажа, што спрабавала атрымаць іх праз беларускія дзяржаўныя органы. Але працэс запавольваўся. Да Марыі дайшло толькі некалькі ўрыўкаў, якія былі не самымі ўдалымі.

Праз пэўны час даследчыца эмігравала ў Польшчу, атрымала амаль поўны доступ да крыніц — і пачала іх вывучаць.

«У Беларусі гісторыя вынішчана. А ў польскіх архівах я знайшла шмат цікавай інфармацыі — для навукі гэта будзе вялікі ўклад. Бо цяпер шмат даследчыкаў выехалі, і яны пачынаюць працаваць з замежнымі крыніцамі», — лічыць беларуска.

Казкі старога Палесся
Кадр з фільма «Казкі старога Палесся»

Школьны прывід і кульгавая паненка

Знойдзеныя дзённікі і сталі падставай для стварэння дакументальнага анімацыйнага фільма «Казкі старога Палесся».

«Першыя серыі мы прысвяцілі ўспамінам Ірэны Лісоўскай — жанчыны, якая нарадзілася ў 1891 годзе ў вёсцы Пракопаўка, а пасля выехала ў Польшчу. Лісоўская пакінула вельмі цікавыя ўспаміны пра маёнткі, якія наведвала яе сям’я», — кажа даследчыца.

Казкі старога Палесся
Кадр з фільма «Казкі старога Палесся»

Працуючы над «Казкамі старога Палесся», Марыя параўноўвала польскія матэрыялы з тымі, што назбірала падчас экспедыцый па Гомельшчыне. Беларуску здзівіла, што некаторыя рэчы, якія расказвалі ёй мясцовыя жыхары, паўтараюцца і ва ўспамінах, знойдзеных у Польшчы.

«Напрыклад, у маёнтку ў Грабаўцы людзі расказвалі, што ў іх была паненка, якая кульгала. Яе вельмі любілі, бо яна лячыла мясцовых сялян. Пазней ва ўспамінах я знаходжу такую ж інфармацыю. Так, паненка Ядвіга кульгала пасля няшчаснага выпадку падчас язды на кані. І сапраўды лячыла сялян».

Серыі анімацыйнага фільма таксама прасякнутыя містычнымі матывамі і легендамі. У некаторыя з іх мясцовыя жыхары вераць і па сёння.

«У адной з серый мы раскажам пра мястэчка Грабаўка. Мясцовыя мне казалі, што ў школе быццам жыве прывід і вельмі маляўніча гэта апісвалі. Пра тое ж піша і Лісоўская ў сваіх успамінах. Таму ў праекце мінулае будзе сустракацца з сучаснасцю», — тлумачыць Марыя.

Дом Лісоўскага
Дом Лісоўскага. Фота з архіва Марыі Булавінскай

«Раней гэтыя здымкі былі невядомыя, чалавек іх выпадкова знайшоў»

Частка інфармацыі прыходзіла да аўтараў фільма нечакана.

«Я пішу сцэнарыі, а мне знаёмы даследчык дасылае фотаздымкі людзей, пра якіх мы робім праект. А раней гэтыя здымкі былі невядомыя, чалавек іх выпадкова знайшоў», — расказвае беларуска.

Акрамя Марыі над праектам працуюць яшчэ некалькі аўтараў. Беларускі мастак Максім, вядомы пад псеўданімам Street Wind, зараз таксама жыве ў Польшчы і займаецца вулічным мастацтвам. За саўнд-дызайн адказвае Анастасія Пяцэвіч. Персанаж Ірэны Лісоўскай будзе размаўляць голасам беларускай артысткі Марыны Дробыш.

На стварэнне чатырох серый па восем хвілін беларусам спатрэбілася каля чатырох месяцаў. Марыя кажа, што працэс стварэння ідзе вельмі хутка. «Казкі старога Палесся» будуць выходзіць на YouTube-канале аўтараў.

Казкі старога Палесся
Кадр з фільма «Казкі старога Палесся»

«Сумавала па маёнтку на Гомельшчыне і марыла дакрануцца да дрэў, якія там раслі»

Для Марыі самым складаным падчас стварэння анімацыйнага фільма стала разуменне паралеляў. Шляхта пакідала родны край не па сваёй волі. Яе лёс у эміграцыі склаўся па-рознаму, але агульная рыса ўсё ж такі была — у Беларусь гэтыя людзі так і не вярнуліся.

Ірэна Лісоўская (у шлюбе Галынская) памерла ў 1981 годзе і пахаваная ў Варшаве.

«Яна пісала, што ў Польшчы яна ўжо ніколі не адчувала сябе як дома. Вельмі сумавала па маёнтку на Гомельшчыне і марыла дакрануцца да дрэў, якія там раслі».

У 2019 годзе Марыя таксама набыла вясковы дом непадалёк ад маёнтка Лісоўскай.

«Хацела яго адрэстаўраваць. Але на пачатку 2025 года дом канфіскавалі. Я адчуваю гэтую паралель. Бо ведаю, чым усё скончылася для іх. Яны ўжо ніколі не прыязджалі ў Беларусь. Канешне, я спадзяюся на іншы лёс для нас. Але гэта складана», — кажа беларуска.

Казкі старога Палесся
Кадр з фільма «Казкі старога Палесся»

Каментары6

  • Палешук
    18.09.2025
    Надмагiллі з надпісамі па польску. Напэўна ўсё ж такі гэта ніякая не беларуская, а польская шляхта, таму што носьбіты польский нацыянальнай традыцыі. Па факту з'ехалі на землі дзе пануе родная для іх мова. Гэта як габрэі калі вяртацца ў Ізраіль, але ўсё роўна адчуваюць настальгію па месцу дзе нарадзіліся і прайшоў перыяд жыцця да ад'езду на гістарычную радзіму.
  • Слухайце
    19.09.2025
    Палешук, той факт, што землі сучаснай Беларусі былі на працягу доўгага часу пераважна ў складзе Рэчы Паспалітай (з усімі выцякаючымі: адукацыя па-польску і г.д.) - для вас, верагодна, будзе адкрыццём? І Дунін-Марцінкевіч, Міцкевіч і іншыя для вас чыстыя палякі? Нават Купала пачынаў з польскамоўных вершаў - дык таму, што паляк, каторы потым пераабуўся ў беларуса?)
  • Польска
    19.09.2025
    Па факту: акрамя польскай мовы на Палессі інай афіцыйнай не была..

Цяпер чытаюць

Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу5

Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу

Усе навіны →
Усе навіны

«Хоць цэглай сцірай», або нізкі статус». Гутарка з хлопцам, якога прымусілі ў калоніі знішчыць тату з Пагоняй2

«Дзе грошы, Франак?» Вячорка тлумачыць сістэму міжнароднай дапамогі грамадзянскай супольнасці і куды ідуць 30 млн ад ЕС53

У Століне да юбілею горада адкрылі сквер без травы і дрэваў, але з металічным сталом8

Расійскія дыверсанты ледзь не ўчынілі выбух у жылым доме ў Вільні7

У Мінску за немалыя грошы здаецца кватэра з абсалютна дабітым санвузлом

Дзмітрый «Шэры кот» Казлоў — пра тое, як стаў палітычным блогерам і за гэта аказаўся за кратамі. А цяпер будуе новае жыццё ў выгнанні2

Магутны ўдар нанесены па нафтаперапрацоўчым заводзе «Газпрама» ў Башкартастане, за 1400 км ад украінскай мяжы4

Кампанія Meta прэзентавала разумныя акуляры за 799 даляраў1

Ва Уздзе затрымалі мужчыну, якога падазраюць у сэксуальных дзеяннях з чатырохгадовым хлопчыкам

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу5

Што расказваў Статкевіч суседзям у ноч перад выездам на мяжу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць