Грамадства4747

Заплацілі па 70 даляраў. Хто здымаў удзельнікаў Дня Волі ў Вільні для беларускіх спецслужбаў

Назаўтра пасля Дня Волі ў Вільні дзяржаўная прапаганда Беларусі паказала кадры з тварамі ўдзельнікаў акцый і пагрозамі на іх адрас. Як высветліла Радыё Свабода, гэтыя відэа знялі ўкраінскія студэнты, якія атрымалі заказ праз ананімны акаўнт, нібыта звязаны з журналістамі «Новой газеты Европа».

Украінскія студэнты, якія здымалі людзей падчас святкавання Дня Волі ў Вільні на замову невядомых

25 сакавіка ў гонар Дня Волі беларусы арганізавалі святочныя мерапрыемствы ў Вільні. Акцыі пачаліся зранку з перформансу каля Сейма Літвы, дзе ўдзельнікі павязалі бел-чырвона-белыя стужкі на дрэвы «Беларускай алеі», а скончыліся ўвечары мітынгам у цэнтры горада і шэсцем да амбасады Беларусі. На наступны дзень відэакадры з ідэнтыфікаванымі тварамі ўдзельнікаў акцый, а таксама пагрозамі ў іх бок паказаў у сваёй праграме на дзяржаўным тэлеканале СТБ прапагандыст Раман Пратасевіч.

Падчас ранішняга мерапрыемства каля Сейма беларускія журналісты, у тым ліку журналісты Свабоды, заўважылі двух чалавек, якія незвычайна сябе паводзілі і здымалі амаль кожны крок удзельнікаў акцыі на мабільныя тэлефоны. Гэта былі малады хлопец у байцы і дзяўчына. Твараў яны не хавалі, таму не выклікалі вялікіх падазрэнняў у прысутных. На пытанні, навошта яны гэта робяць, маладыя людзі адказвалі агульна — «для Тэлеграма».

Адразу пасля гэтага хлопец і дзяўчына знялі пачатак беларускага аўтапрабегу з бел-чырвона-белымі сцягамі. А ўвечары іх заўважылі за тым жа заняткам на беларускім мітынгу, прысвечаным Дню Волі, на Лукішскім пляцы ў цэнтры Вільні. На гэты раз у кампаніі яшчэ аднаго хлопца, які нічога не здымаў, але стаяў побач з імі. Тады ж маладымі людзьмі зацікавілася паліцыя, што ахоўвала мітынг, але пасля кароткай размовы іх адпусцілі.

«На акцыю амаль у самым пачатку прыйшлі двое хлопцаў і дзяўчына. Яны адразу пачалі запісваць відэа, але не паводзілі сябе нахабна», — падзялілася ўражаннямі на наступны дзень беларуская журналістка, што асвятляла мітынг.

«Было дзіўна, што яны так шмат здымаюць, бо не выглядалі як журналісты, хутчэй падлеткі, якія трапілі на падзею выпадкова і мала разумелі, што адбываецца. Мы падышлі да паліцыі сказаць, што гэтыя людзі выклікаюць падазрэнні і могуць запісваць відэа на заказ спецслужбаў Беларусі».

Праз некаторы час журналістка папрасіла знаёмага падысці да іх яшчэ раз, але тыя, з яе слоў, не ішлі на кантакт: «Удалося толькі даведацца, што яны з Украіны. Яны не ішлі ў калоне разам з усімі, а перасоўваліся злева і запісвалі відэа. Падчас маршу адзін з хлопцаў падышоў да мяне і спытаў, якія ў мяне да яго пытанні. Ён размаўляў па-ўкраінску, але вельмі дрэнна. Я спытала, навошта яны здымаюць відэа, але ён не змог звязна адказаць, казаў нешта пра дыпломную працу. Пасля завяршэння маршу я сама падышла да паліцыі. Паліцыянты сказалі, што праверылі дакументы незнаёмцаў, што яны з Украіны, але доказаў, што тыя працуюць «на заказ», няма. На гэтым усё скончылася».

Кадры, знятыя маладымі людзьмі, на наступны дзень былі ў праграме Рамана Пратасевіча. Пазней гэтыя ж кадры пазналі адразу некалькі беларускіх журналістаў, што былі на акцыях.

«Вось з гэтага ракурсу менавіта тая дзяўчына мяне фатаграфавала. Я заўважыў гэты момант», — адзначыў адзін з іх. «Гэта іх ракурсы. Прамову Севярынца дакладна яны здымалі. Я стаяла побач з імі і глядзела ў іх тэлефон», — адзначыла іншая беларуская журналістка.

Скрыншот відэа праграмы прапагандыста Рамана Пратасевіча на дзяржаўным тэлеканале СТБ з кадрамі, знятымі студэнтамі-ўкраінцамі на святкаванні Дні Волі ў Вільні

Карэспандэнтка Свабоды таксама заўважыла, як падчас ранішняй акцыі на «Беларускай алеі» каля Сейма хлопец у байцы завязваў на дрэва бел-чырвона-белую стужку. Гэта здымала ягоная сяброўка. Пазней гэты кадр таксама з’явіўся ў праграме Пратасевіча.

Свабодзе ўдалося высветліць, што дзяўчына, якая здымала ўдзельнікаў акцыі, вучыцца ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні. Пазней удалося знайсці яе імавернае імя.

На наступны дзень супольнасць беларускіх журналістаў у Літве сумеснымі намаганнямі высветліла таксама імя хлопца ў байцы. Яго кантакт удалося знайсці праз студэнтаў універсітэта. Для высвятлення ўсіх абставін здарэння Свабода звярнулася да яго па каментар.

«Па тваім профілі ёсць праца, можаш зняць кадры з мітынгу»

Трое маладых людзей сапраўды аказаліся грамадзянамі Украіны, а дзяўчына — студэнткай Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні. Двое хлопцаў — сябры з Данецкай вобласці.

Свабодзе ўдалося пагаварыць з тым з іх, хто быў у байцы і здымаў людзей на мабільны тэлефон. Яго завуць Мікола Багатыр. Дзяўчына, Ганна Б. [поўнае імя вядомае рэдакцыі. — РС], ад размовы адмовілася.

Мікола Багатыр злева, Ганна Б. справа. Пасярэдзіне сябра Міколы, які па яго словах прысутнічаў, але нічога не здымаў

Як сказаў Мікола, яму 19 гадоў. Ён пераехаў у Літву ў 2022 годзе. Да гэтага жыў у Данецкай вобласці Украіны, за 30 кіламетраў ад фронту. Цяпер вучыцца онлайн, завочна ва ўкраінскім універсітэце, спецыяльнасць звязаная з «медыя, СММ». Ён пацвердзіў, што гэта ягоныя кадры паказалі ў беларускай дзяржаўнай тэлевізіі.

З яго слоў, ён ведае, што адбывалася ў Беларусі ў 2020 годзе, і не першы раз прыходзіць на акцыі, якія ладзяць беларусы ў Вільні, але імя Ціханоўскай згадаў не адразу.

«У прынцыпе я ведаў, што будзе мітынг, планаваў пайсці. Але падштурхнула тое, што знаёмая анлайн-сяброўка напісала: «па тваім профілі ёсць праца, можаш зняць кадры з мітынгу». А я ж хачу развівацца, мне сапраўды цікавыя здымкі і гэтак далей, а тут яшчэ і мітынг. Так і атрымалася, што прыйшоў», — расказвае Мікола.

Мікола пайшоў на акцыю беларусаў не адзін, а ўзяў з сабой сваю ўкраінскую сяброўку Ганну Б. з Вільні. Увечары да іх далучыўся яшчэ адзін яго сябар.

«Я распытваў, куды гэта ўсё пойдзе, навошта, што за рэдакцыя», — працягвае Мікола. «Мая анлайн-сяброўка перадала, што гэта для «Новой Газеты Европа», для рэдактара Ірыны. Гэта ўсё, што мне трэба было ведаць. Я пагугліў, што такое «Новая Газета Европа». Паглядзеў, што гэта добрае медыя, што ёсць такі рэдактар Ірына, чаму б не паспрабаваць. Тым больш што паабяцалі 70 даляраў».

І сапраўды, ёсць такое незалежнае рускамоўнае выданне, створанае журналістамі «Новой газеты», якія выехалі з Расіі пасля пачатку яе поўнамаштабнай вайны супраць Украіны ў 2022 годзе і цяпер працуюць з Рыгі. У іх сапраўды ёсць журналістка Ірына Гарына. Але вядома ўжо некалькі выпадкаў, калі невядомыя асобы, пачынаючы з 2025 года, рассылаюць нібыта ад яе імя фэйкавыя запыты на інтэрв’ю палітыкам, грамадскім дзеячам у Еўропе, а таксама прадстаўнікам беларускай апазіцыі. Пра гэта папярэджвалі самі журналісты «Новой Газеты Европа» і абяцалі правесці расследаванне. Апошні вядомы такі выпадак — фэйкавы запыт на інтэрв’ю былой галоўнай рэдактарцы KYKY.org Насці Рагатцы ў лютым гэтага года.

Ананімная анлайн-сяброўка з камп’ютарнай гульні

Прапанову пайсці на мітынг беларусаў і здымаць там удзельнікаў акцый нібыта для журналісцкага рэпартажу, са слоў Міколы, яму пераслала сяброўка, з якой яны пазнаёміліся ў папулярнай камп’ютарнай гульні Dota. Ён кажа, што ніколі не бачыў яе жыўцом і, як высветлілася, практычна нічога пра яе не ведае.

Два гады таму яна напісала яму першай з прапановай пагуляць разам. Пасля гэтага яны працягнулі перапісвацца і часам нават фліртаваць. Адзінае, што ён змог сказаць, — што яе завуць Ілона і нібыта яна жыве ў Рызе. Праз год перапіскі яна пачала дасылаць Міколу розныя заданні на здымкі ў Вільні: ад будынкаў у горадзе да невялікіх сцэнак.

Прыклад адной з замоў на фота ад анлайн-сяброўкі Міколы з надпісам «Пуцін, Гаага чакае цябе» на адным з хмарачосаў у Вільні

«Першае заданне на здымкі для мяне не было дзіўным, бо я ёй расказваў, што вучуся здымаць і гэтак далей. Здымалі проста Вільню, проста краявіды, Стары горад амаль увесь, — апісвае хлопец. — Першае, што я спытаў: для каго працуем, дзе? Нам сюжэт распісвалі пра тое, што мы ідзём па Старым горадзе, здымаем архітэктуру, робім мікрасцэнкі, падобныя да тых, якія робім у сваіх курсавых. Усё для Ірыны, для «Новой газеты» ўсё».

Адказваючы на пытанне, ці не ўзнікала ў Міколы сумненняў у тым, што ён робіць, ён згадаў толькі момант, калі іх прасілі выконваць «сцэнкі з фільмаў». Яму здалося дзіўным, навошта рэдактару «Новой газеты» такія сцэнкі. Як прыклад ён прыводзіць наступнае:

«Умоўна вы барон нейкі, і там у вас сяброўка, умоўна. І вы паказваеце, як у вас шмат усяго, ну вы зразумелі, пра што я?.. Шмат грошай, шмат парашку, мукі».

У якасці прыкладу задання на здымкі ў Вільні Мікола назваў такое: зняць надпіс «Пуцін, Гаага чакае цябе» на адным з хмарачосаў. І дадаў: «Ну цяпер, вядома, зразумела, навошта было фота пра Пуціна. А таксама яна прасіла фота, калі вісеў на плошчы сцяг Амерыкі».

Ці не лічыць ён сябе падманутым? Мікола адказаў:

«Я б не стаў сцвярджаць, што яны нас адкрыта падманулі, але і не скажу, не буду сцвярджаць, што я маю рацыю. Я проста расказваю, як было, і ўсё. Гэта выключна справа для праверкі спецслужбамі, давайце на гэтым і спынімся».

«Шчыра, ніколі не думаў, што так пападу»

Мікола пазнаў кадры ў праграме Пратасевіча, якія ён здымаў і дасылаў сваёй ананімнай сяброўцы. Для Міколы таксама дзіўна прагучала, калі Пратасевіч назваў трох украінскіх студэнтаў «нашымі праваахоўнымі органамі» і супрацоўнікамі на службе, якія вялі назіранне за акцыяй.

Скрыншот відэапраграмы прапагандыста Рамана Пратасевіча дзяржаўным тэлеканале СТБ

«Мы крычалі «Жыве Беларусь», «Слава Украіне» і гэтак далей. З раніцы ўвогуле ніякіх праблем не было. Увечары — так, пачалі коса глядзець на нас», — кажа Мікола. «Шчыра, я не думаў, што ўсё так павернецца. Калі я даведаўся, што гэта трапіла да прапагандысцкага канала, шчыра, я б не хацеў гэта ўсё паўтарыць».

У выніку выкананай працы Міколу і Ганне заплацілі па 70 даляраў на кашалёк. Хлопца хвалюе лёс людзей:

«Мне сказалі, што ў гэтых людзей будуць праблемы. Вось, напрыклад, мужчына, які прыехаў на машыне Wolt, ён з намі размаўляў, усміхаўся. Гэта шчыры чалавек, вельмі добры. Я б не хацеў яго падставіць. З майго боку я прыношу свае прабачэнні. Я ніколі не думаў, што так траплю. Асабліва падставіць людзей. Для мяне важная рэпутацыя, таму я з вамі зараз і размаўляю. Я дакладна не хацеў сябе так зарэкамендаваць. Я маю на ўвазе — я выступаю як чалавек з Украіны, і не хацеў бы прадстаўляць сваю краіну з такога дрэннага боку».

Каментары47

  • deck
    27.03.2026
    Не, ну гэта украінцы. Яны ж не могуць здрадзіць. Так? Беларуская апазыцыя так многа падтрымлівае іх краіну!
  • Мда
    27.03.2026
    Мне вот интересно, люди, которые участвуют в ОБЩЕСТВЕННОМ мероприятии в ОБЩЕСТВЕННОМ месте, цель которого - донести до общества свою позицию и взгляды... они реально надеются остаться анонимными? Вот прям на голубом глазу? И никакого диссонанса не возникает, никаких причинно-следственных связей?
  • барадзед
    27.03.2026
    трэба гэтыя даляры на зсу, і чэк у КДБ пераслаць, хай самі на сябе крыміналку заводзяць

Цяпер чытаюць

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы разгадалі адзін з галоўных сакрэтаў Вялікай піраміды — як яна здолела выстаяць падчас землятрусаў6

Трамп падоўжыў яшчэ на год санкцыі супраць кіраўніцтва Беларусі12

Зяленскі праінфармаваў еўрапейскіх лідараў пра расійскія планы адносна Беларусі5

Трамп вызначыўся, хто будзе новым кіраўніком амерыканскай разведкі

Беларуска злётала на Мальдывы і вярнулася з запазычанасцю амаль 18 000 рублёў8

Лаўроў угледзеў у Азіі фармаванне мясцовага НАТА і ўжо загадзя яго баіцца4

У беларускія вёскі пачнуць ездзіць фургоны самаабслугоўвання

Трамп звольніў кіраўніцу разведкі1

Аляксею Хлястову прызначылі 14 сутак арышту29

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць