Грамадства66

У Магілёве пабудуюць другі лядовы палац. Пры ім будзе і першы ў горадзе аквапарк

У Магілёве рыхтуюцца да маштабнай будоўлі: у пойме ракі Дняпро з'явіцца гіганцкі шматфункцыянальны спартыўны комплекс «Айсберг». Ён аб'яднае ў сабе новую лядовую арэну, якая па памерах пераўзыдзе існуючы палац, і першы ў горадзе паўнавартасны аквапарк. Каб рэалізаваць гэты дарагі праект, будаўнікам давядзецца змяніць ландшафт, а ўладам — падрэзаць ахоўныя зоны Мікольскага манастыра.

Візуалізацыя праекта шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу «Айсберг». Скрыншот відэа Беларусь 4

Размясціць комплекс плануюць у Ленінскім раёне, побач з існуючай прыватнай забудовай па вуліцах Падгорнай, Бетховена і Ламаносава і мостам па вуліцы Каралёва. Заказчыкам выступае Магілёўскае абласное ўпраўленне капітальным будаўніцтвам, а генеральным праекціроўшчыкам — інстытут «Магілёўграмадзянпраект».

Пад будаўніцтва выдзелены ўчастак плошчай больш за 6 гектараў. Сёння гэта вольная ад забудовы, але моцна забалочаная тэрыторыя ў пойме Дняпра, якая перыядычна падтапляецца вясновымі паводкамі і часткова выкарыстоўваецца мясцовымі жыхарамі пад агароды.

Візуалізацыя праекта шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу «Айсберг». Скрыншот відэа Беларусь 4
Візуалізацыя праекта шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу «Айсберг». Скрыншот відэа Беларусь 4

Каб пасадзіць на гэты складаны грунт масіўныя будынкі, праекціроўшчыкам давядзецца літаральна змяніць ландшафт. Узровень зямлі на ўсім участку штучна паднімуць амаль на два метры, стварыўшы магутны насып з бетонным умацаваннем адхонаў.

На будаўніцтва комплексу плануюць выдзеліць з абласнога бюджэту суму, якая арыенціровачна перавышае 335 мільёнаў рублёў (каля 105 мільёнаў даляраў). З якіх амаль 123 мільёны пойдуць на ўзвядзенне лядовай арэны, а 205 мільёнаў рублёў — на аквапарк.

Другая лядовая арэна

Асноўную частку комплексу будзе складаць лядовая арэна максімальнай умяшчальнасцю да 5300 гледачоў. Гэта будзе трохпавярховы манументальны будынак.

Візуалізацыя праекта шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу «Айсберг». Скрыншот відэа Беларусь 4

Фасады выканаюць з сучасных сэндвіч-панэляў з дэкаратыўным аздабленнем. Архітэктура комплексу агулам малавыразная і нагадвае хутчэй архітэктуру прамысловага ці складскога збудавання, якое паспрабавалі прыхарошыць хвалепадобнай паласой, выкананай з ромбападобных металічных панэляў (у тым ліку трохмерных) у модным некалькі гадоў таму спалучэнні мятнага і чорнага колеру. 

Арэна шматфункцыянальная: яна разлічана не толькі на хакей (прадугледжаны раздзявалкі адразу для 16 каманд), але і на фігурнае катанне, шорт-трэк, кёрлінг і масавыя катанні.

Фасады шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу «Айсберг». Скрыншот відэа Беларусь 4
Візуалізацыя праекта шматфункцыянальнага спартыўнага комплексу «Айсберг». На пярэднім плане паркінг, на другім — лядовая арэна з аквапаркам. Скрыншот відэа Беларусь 4

Гэта ўжо другі лядовы палац у Магілёве. Першы быў адкрыты ў 2000 годзе на іншым беразе Дняпра і з'яўляецца хатняй пляцоўкай ХК «Магілёў». Яго ўмяшчальнасць больш сціплая: стары палац разлічаны на ўсяго 3 048 гледачоў, а ў канцэртным варыянце ўмяшчальнасць павялічваецца да 4 000 чалавек.

На першым паверсе новай лядовай арэны размесцяцца пункты пракату і заточкі канькоў, медыцынскі кабінет, спецыялізаваныя залы для харэаграфіі, а таксама вялікі інжынерна-гаспадарчы блок для абслугоўвання лёду (ільдакамбайны, холадацэнтр).

Другі паверх цалкам аддадзены пад глядацкія трыбуны, кафэ і адміністрацыйныя кабінеты. Трэці паверх — гэта зона падвышанага камфорту з чатырма VIP-ложамі на 100 чалавек, прэс-цэнтрам і дадатковымі трыбунамі.

Першы аквапарк у Магілёве

Другім буйным аб'ектам у комплексе стане аквапарк. Гэта будзе рознапавярховы будынак (ад аднаго да трох паверхаў), здольны адначасова прыняць да 1100 наведвальнікаў.

Акрамя традыцыйных басейнаў і водных горак у аквазоне на першым паверсе, праектам прадугледжаны лазнева-тэрмальны комплекс, фуд-корт, дзіцячы гульнявы цэнтр, СПА і нават аэрадынамічная труба. Своеасаблівай «фішкай» павінен стаць глыбакаводны басейн для апусканняў, які размесціцца на трэцім паверсе.

Лядовую арэну і аквапарк будзе злучаць агульны ўваход — вялізны вітражны атрыум.

Велізарны паркінг на 1350 машына-месцаў пры шматфункцыянальным спартыўным комплексе «Айсберг».
Візуалізацыя праекта паркінга пры шматфункцыянальным спартыўным комплексе «Айсберг». Скрыншот відэа Беларусь 4
Фасады паркінга пры шматфункцыянальным спартыўным комплексе «Айсберг». Скрыншот відэа Беларусь 4

Для такой вялікай колькасці наведвальнікаў комплексу запраектаваны гіганцкі наземны паркінг на 1350 машына-месцаў. У яго архітэктуры таксама выкарыстаны матыў хвалепадобных палос, набраных на фасадзе з дапамогай вертыкальных металічных ламеляў рознай даўжыні. 

Да комплексу падвядуць новую чатырохпалосную магістраль, якая злучыць комплекс з вуліцай Каралёва.

Вакол комплексу выбрукуюць тратуары каляровай пліткай, пракладуць веладарожкі і высадзяць сотні дрэў, сярод якіх клёны, каштаны і дубы, і дэкаратыўных кустоў. У цэнтры плошчы перад арэнай плануюць усталяваць мастацкую кампазіцыю на пастаменце.

Гістарычным помнікам давядзецца пацясніцца

Будаўніцтва маштабнай транспартнай артэрыі да новага комплексу запатрабавала карэкціроўкі існуючых горадабудаўнічых рэгламентаў. Як звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына», новая чатырохпалосная магістраль у перспектыве павінна перасекчы раку Дзебра і злучыцца з завулкам Сялянскім.

Праект новай вуліцы, якая злучыць шматфункцыянальны комплекс з вуліцай Каралёва. Фота: з дакументацыі грамадскага абмеркавання

Гэты завулак праходзіць за Свята-Мікольскім манастыром — выбітным помнікам архітэктуры барока XVII стагоддзя. Згодна з праектам зон аховы, зацверджаным у 2019 годзе, гэтая тэрыторыя ўваходзіла ў зону аховы ландшафту, дзе была забаронена пракладка новых транспартных камунікацый.

Схема праекта зон аховы Свята-Мікольскага манастыра. Зялёным колерам абазначана зона аховы ландшафту, дзе было забаронена змяненне рэльефу і пракладка новых транспартных камунікацый. 
Каб пракласці працяг вуліцы да новага шматфункцыянальнага комплексу, якая залазіць на ахоўную зону манастыра, давялося змяняць рэгламенты ахоўных зон. 

Аднак дзеля рэалізацыі маштабнага спартыўнага праекта ў сакавіку 2026 года Міністэрства культуры ўнесла змяненні ў праект зон аховы манастыра. Новая пастанова афіцыйна дазваляе пракладку транспартных камунікацый у зоне аховы ландшафту менавіта дзеля «падаўжэння зав. Сялянскага ў паўднёва-ўсходнім напрамку з улікам абароны ад затаплення прылягаючых тэрыторый». Такім чынам, юрыдычная перашкода для будаўніцтва дарогі да новага спартыўнага гіганта была знята.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары6

  • Абібок
    27.03.2026
    дзяржаўныя аб'екты у асноўным генеруюць страты, прыбытку не хапае нават на утрыманне будынку, не гаворачы аб "адбіванні" кошту будовы. Выдзеляць грошы з бюджэту на будаўніцтва, заробяць прыкарытныя бізьнесмены, а што далей - ніхто не думае
  • Магілёу́
    27.03.2026
    Лепш сучасную паліклініку чы лякарню пабудавалі
  • пабудуюць другі
    28.03.2026
    Таму што першы палац не змяшчае ўсіх жадаючых?

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі35

Махляры прыдумалі новую прынаду — Telegram, які нібыта працуе без інтэрнэту1

Краіны Персідскага заліва пачынаюць сумнявацца ў гарантыях ЗША7

У Варшаве беларусы святкуюць Дзень Волі ФОТЫ17

У Мінску на праспекце Дзяржынскага мужчына вельмі дзіўна сябе паводзіў: бегаў па праезнай частцы і спыняў машыны ВІДЭА

Дзісна, Тураў і Васілевічы — самыя маленькія гарады Беларусі. А хто яшчэ ў топе?5

«Хачу наведаць бабулю ў Беларусі». Як жывуць і адаптуюцца дзеці беларусаў-эмігрантаў у Еўропе4

«Ён не думаў, што будзе цалаваць мяне ў сраку». Трамп выказаўся пра адносіны з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі13

«Свае — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр». Вялікая гутарка з акцёрам Міхасём Зуем пра сцэну, каманду і тэатр у эміграцыі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць