З’явіўся новы рэйтынг беларускіх гарадоў — вось як выглядае топ-20
Цэнтр новых ідэй прэзентаваў абноўлены «Рэйтынг беларускіх гарадоў». Папярэдні быў складзены чатыры гады таму — у 2022-м.

У новым рэйтынгу беларускія гарады ранжыраваны ў пяці вымярэннях: дэмаграфічная ўстойлівасць, стан эканомікі, якасць жыцця, мясцовыя ўлады і турыстычная прывабнасць.
У адрозненне ад папярэдніх даследаванняў, пры складанні рэйтынгу 2026 года даследчыкі надалі розным паказчыкам сваю вагу. Так, стан эканомікі і якасць жыцця дадавалі па 30% выніковага бала, дэмаграфічная ўстойлівасць — 20%, а мясцовыя ўлады і турыстычная прывабнасць — па 10%.
Па словах аўтараў Яўгена Меркіса і Антона Раднянкова, большы прыярытэт эканамічным умовам і паўсядзённай якасці жыцця далі, бо менавіта яны найбольш уплываюць на рашэнне чалавека, дзе жыць.
Акрамя таго, упершыню былі ўведзены бонусныя балы за памер горада. Жыццё ў буйным населеным пункце дадае магчымасцяў — больш працадаўцаў, паслуг, інфраструктуры, якія не заўсёды ўлоўліваюцца статыстыкай. Таму абласныя гарады (звыш 300 тысяч жыхароў) атрымлівалі +10 балаў, вялікія гарады (100—300 тысяч) — +6, сярэднія (50—100 тысяч) — +3, а малыя — без бонусу.
Ад некаторых крытэраў пры працы над рэйтынгам давялося адмовіцца (напрыклад, звесткі пра натуральны прырост больш не публікуюцца). У той жа час былі дададзеныя новыя параметры камфортнасці пражывання ў гарадах, а таксама прааналізаваная колькасць жанчын у мясцовых органах улады і прысутнасць выканкамаў у сацсетках.
Праўда, як адзначаюць складальнікі рэйтынгу, па пэўных асабліва адчувальных аспектах жыцця ў гарадах — стане экалогіі, культурніцкім і ўнутрысацыяльным жыцці — ім так і не ўдалося знайсці годнага спосабу ацэнкі.
У разуменні даследчыкаў «найлепшы горад» — гэта месца з адносна стабільным і адначасова жывым развіццём, дзе прасцей будаваць будучыню: вучыцца, працаваць, гадаваць дзяцей.
Да важных чыннікаў аднесеныя: даступнасць медыцынскіх і сацыяльных паслуг, магчымасць атрымліваць годны даход, а таксама празрыстасць мясцовай улады і хаця б мінімальны ўплыў на яе рашэнні.
Такім чынам, у агульным рэйтынгу на першым месцы апынулася сталіца. У тройку лідараў увайшлі Брэст і Гродна. А вось чацвёртае месца, як ні дзіўна, заняў горад-спадарожнік Мінска — Смалявічы. У дзясятцы, акрамя абласных цэнтраў, таксама Мазыр (7‑е месца), Салігорск (9-е) і Кобрын (10-е).

Вось як выглядае топ-20 гарадоў у рэйтынгу:
- Мінск
- Брэст
- Гродна
- Смалявічы
- Віцебск
- Магілёў
- Мазыр
- Гомель
- Салігорск
- Кобрын
- Ліда
- Дзяржынск
- Пружаны
- Пінск
- Слуцк
- Рэчыца
- Калінкавічы
- Лунінец
- Івацэвічы
- Полацк
Па турыстычнай прывабнасці першыя пяць пазіцый занялі Полацк, Мінск, Брэст, Гродна і Віцебск. У дзясятку ўвайшлі таксама Магілёў, Пінск, Навагрудак, Пружаны, Орша.

Калі параўноўваць гарады па стане эканомікі, то ў лідарах Смалявічы, Дзяржынск, Мінск, Салігорск, Мар'іна Горка.

Акрамя рэйтынгу, аўтары вызначылі асноўныя трэнды ў развіцці беларускіх гарадоў.
Пяць трэндаў развіцця беларускіх гарадоў
1. Захад мацнее, усход слабее
Падзел паміж заходнімі і ўсходнімі гарадамі працягвае паглыбляцца. Гродна абагнала Магілёў па насельніцтве і выйшла на трэцяе месца ў краіне. Брэст — №2 у рэйтынгу, у той час як Гомель — другі горад па велічыні — апусціўся на восьмую пазіцыю. На погляд аўтараў, заходнія абласныя цэнтры ўмацоўваюць свае пазіцыі за кошт турызму, больш жывой дэмаграфіі і блізкасці да мяжы з Еўрапейскім саюзам. На ўсходзе ж назапашваюцца праблемы: адток насельніцтва, слабая эканоміка, залежнасць ад адной галіны.
2. Гарады пусцеюць і старэюць
Рост насельніцтва паказалі толькі 4 гарады з 40: Мінск, Гродна, Брэст і Смалявічы. Усе астатнія губляюць жыхароў, у шэрагу выпадкаў — на 2—3% цягам чатырох гадоў. Адначасова гарады хутка старэюць: моладзь з’язджае ў буйныя цэнтры, і ў 15 гарадах доля пажылых людзей вырасла больш чым на 5 працэнтных пунктаў. Выключэнне — Смалявічы, дзе сярэдні ўзрост жыхароў зніжаецца дзякуючы прытоку маладых сем’яў.
3. Прамысловыя гарады раскалоліся
Мазыр і Салігорск захоўваюць моцныя пазіцыі ў першай дзясятцы. Аднак Наваполацк, Светлагорск і Бабруйск, якія таксама трымаліся на прамысловасці, пайшлі ўніз — па іх ударылі санкцыі, звужэнне рынкаў і адсутнасць дыверсіфікацыі. Залежнасць ад аднаго прадпрыемства ці адной галіны, што раней працавала ў плюс, цяпер ператварылася ў рызыку.
4. Блізкасць да Мінска больш не гарантуе росту
Дзяржынск пакуль трымаецца на 12-м радку дзякуючы моцнай эканоміцы, але Маладзечна, Барысаў і Жодзіна — гарады, якія яшчэ нядаўна лічыліся «дынамічнымі спадарожнікамі» сталіцы — апусціліся ў ніжнюю палову рэйтынгу. Адзіны сапраўдны бенефіцыяр мінскай агламерацыі — Смалявічы з ростам насельніцтва +15%, але і тут інфраструктура не паспявае за ростам.
5. Мясцовыя ўлады — нераўнамерна бачныя
Мясцовыя ўлады праяўляюць розную актыўнасць у сацыяльных сетках. Таксама назіраецца вялікая розніца ў долі прысутнасці жанчын у складзе мясцовых саветаў — ад 18% да 63% без якой-небудзь карэляцыі з памерам горада або рэгіёнам.
Цяпер чытаюць
Памятаеце Данііла з Офіса Ціханоўскай, якому за два дні сабралі грошы на анкалагічную аперацыю? Яму напісаў той самы аднакласнік, які яго ўдарыў — з чаго ўсё і пачалося
Каментары