Грамадства22

«Зайшла ў залу — і людзі падняліся, пачалі пляскаць». Сем яркіх фота галоўрэда Tut.by Марыны Золатавай да яе 48-годдзя

Сёння дзень нараджэння ў галоўнага рэдактара партала Tut.by Марыны Золатавай. Ёй спаўняецца 48 гадоў. Гэтае свята яна сустракае за кратамі ўжо пяты раз. Галоўнага рэдактара найбуйнейшага партала Беларусі затрымалі 18 траўня 2021 года, а ў сакавіку 2023-га асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Такі ж прысуд пачула Людміла Чэкіна — дырэктарка «ТУТ БАЙ медыя». Кожны дзень родныя і блізкія, калегі і сябры, а таксама беларусы, якія любілі і паважалі Tut.by, чакаюць Марыну і Мілу на волі. У дзень нараджэння Марыны «Люстэрка» сабрала некалькі яе яркіх фота і папрасіла блізкіх і былых калег падзяліцца ўспамінамі пра гэтыя кадры.

«Плыць з ёю ў адной лодцы цудоўна»

— У апошні год [перад затрыманнем] мама атрымала правы і часта забірала мяне пасля заняткаў у выходныя на прагулкі. Гэта былі вельмі крутыя моманты, — расказвае дачка Марыны Надзея Кішкурна.

Марына Золатава плыве ў лодцы. Мінск, 23 траўня 2020 года. Фота: асабісты архіў

— Тым разам ёй прыйшла ў галаву ідэя пакатацца на лодцы, — апісвае дзяўчына кадр з 23 траўня 2020 года. — І ты адразу ж згаджаешся. Бо плыць з мамай у адной лодцы цудоўна: яна сама будзе адказна веславаць і стане тваёй першай заўзятаркай, калі ты пачнеш гэта рабіць. Мы трохі прамоклі, было весела, і мама ўвесь час нешта расказвала пра горад.

«Упершыню ў жыцці ўбачыла дыялог без словаў»

З 7 да 9 жніўня 2018 года сілавікі затрымалі амаль два дзясяткі журналістаў беларускіх медыя, у тым ліку галоўнага рэдактара Tut.by Марыну Золатаву. Прычынай стала незаконнае выкарыстанне рэдакцыямі платнай падпіскі на матэрыялы дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Праз трое сутак з моманту затрымання журналістаў пачалі адпускаць са Следчага камітэта. Марына была сярод апошніх.

Родныя сустракаюць Марыну Золатаву пасля затрымання па «справе БелТА». Мінск, 9 жніўня 2018 года. Фота: архіў Tut.by

— Мы стаялі ля цэнтральнага ўваходу, чакалі, калі выйдзе Марына, — успамінае былая кіраўніца аддзела навін Tut.by Ганна Калтыгіна, — але яе адпусцілі праз бакавы выхад дадатковага корпуса. І вось яна паказваецца. Насустрач — людзі, камеры, успышкі. А Марына бачыць толькі свайго мужа. Ён робіць крок да яе, яна да яго — і ўсё. Я, мабыць, упершыню ў жыцці ўбачыла дыялог вачыма без словаў: «Дзякуй Богу, ты выйшла». — «Дзякуй Богу, ты тут». Яны проста абняліся — і больш нічога не трэба было гаварыць. Гэты першы позірк, абдымкі і маўклівую размову я назаўжды запомніла.

«Марына зайшла ў залу, і людзі падняліся, пачалі пляскаць»

У лютым 2019 года пачаўся суд па «справе БелТА». Марыну Золатаву як галоўнага рэдактара Tut.by абвінавачвалі па артыкуле пра «бяздзейнасць службовай асобы». У дачыненні да астатніх фігурантаў крымінальныя справы спынілі.

Марына Золатава ў судзе па «справе БелТА». Мінск, люты 2019 года. Фота: архіў Tut.by

— Я памятаю першы дзень суда, — успамінае Ганна Калтыгіна. — Марына зайшла ў залу, і людзі падняліся, пачалі пляскаць. Уся зала — усе, акрамя пракурора і суддзі. А потым яна села на лаву падсудных, і яе адразу атачылі фатографы — а яна сядзела спакойна, з той самай годнасцю, якую заўсёды ў сабе несла.

«Абсалютна простая, зусім без мішуры»

4 сакавіка 2019 года суд вынес рашэнне «па справе БелТА» і прызначыў Марыне штраф. У рэдакцыі ў той дзень вырашылі сустрэць яе з кветкамі.

Марына Золатава з кветкамі ў рэдакцыі Tut.by. Мінск, 4 сакавіка 2019 года. Фота: акаўнт Марыны Золатавай у Facebook

— Памятаю, як мы шукалі іх, — расказвае былая калега Марыны Вераніка (імя змененае дзеля бяспекі суразмоўніцы). — У найбліжэйшых крамах былі метровыя ружы, нават пасыпаныя бліскаўкамі, архідэі, розная дарагая экзотыка. Усё было не тое. Рэч зусім не ў цане, хацелася нечага небанальнага, патрэбны быў букет, які б падышоў менавіта Марыне. Што гэта, мы паняцця не мелі, проста бадзяліся і шукалі «не ведаю што».

Аб’ездзілі ўжо паўгорада — усюды адно і тое ж. І тут у кветкавай краме недалёка ад Камароўкі бачым — супрацоўнікі крамы распакоўваюць шыкоўныя свежыя цюльпаны вогненнага колеру. «Так, гэта ж яны! Рудыя кветкі — рудой Марынцы!» — закрычала адна нашая журналістка. Потым мы цягнулі гэты кветкавы агонь шэрай вуліцай да машыны, і ўсе людзі абарочваліся на, здавалася б, звычайныя цюльпаны ў простай паперы. Атрымалася нават сімвалічна. Бо і нашая Марына як тыя кветкі — абсалютна простая, зусім без мішуры, але такая яркая, светлая, запамінальная…

«Многія дзівіліся, што яна стаіць разам з табой пад плотам РУУС»

1 верасня 2020 года ў Мінску падчас працы сілавікі затрымалі шасцярых журналістаў, уключаючы супрацоўнікаў Tut.by. Іх даставілі ў РУУС Кастрычніцкага раёна «для праверкі дакументаў». Ля сцен будынка тады сабралася некалькі дзясяткаў чалавек.

Марына Золатава чакае затрыманых журналістаў побач з Кастрычніцкім РУУС. Мінск, 2 верасня 2020 года. Фота: архіў Tut.by

— Мы разам з Марынай правялі ноч ля сцен РУУС, — успамінае былая журналістка Tut.by Алена Талкачова. — Перадавалі туды ежу, цёплую вопратку і разам з ёй абрывалі тэлефоны ўсіх прэс-службаў — МУС, Лукашэнкі, яго адміністрацыі — і патрабавалі вызваліць калег.

Марына была з намі тады. Была потым ва ўсіх судах, дзе давалі «суткі» нашым хлопцам і дзяўчатам. А праз месяц стаяла да ночы пад гэтым жа плотам, калі я аказалася ў тым самым РУУС, толькі ўжо ўнутры, у якасці затрыманай.

Марына вельмі перажывала за кожнага свайго калегу, адразу прыязджала, калі нешта здаралася. Ні разу не засталася ўбаку. Мне здаецца, у такія моманты яе нават трохі прыгнятала пасада галоўнага рэдактара. Многія ўспрымалі яе як вялікую начальніцу, а потым дзівіліся, што яна вось тут, стаіць ноччу разам з табой пад плотам РУУС. У гэтым — уся Марына.

«Яна за кратамі, а я на волі»

18 траўня 2021‑га ўлады разграмілі Tut.by: сайт заблакавалі, правялі ператрус у рэдакцыі і дамах супрацоўнікаў. Марына і яшчэ 14 чалавек сталі фігурантамі крымінальнай справы. У сакавіку 2023‑га суд у Мінску агучыў прысуды Марыне Золатавай і Людміле Чэкінай: кожнай па 12 гадоў пазбаўлення волі.

Гендырэктар Tut.by Людміла Чэкіна і галоўны рэдактар Марына Золатава ў судзе 17 сакавіка 2023 года. У гэты дзень іх асудзілі на 12 гадоў пазбаўлення волі. Фота: «Мінская праўда»

— Я не магла прысутнічаць на судзе. Усё, што заставалася, — чытаць навіны ў дзяржСМІ і прагна разглядаць іх жа фатаграфіі, — успамінае Ганна. — Дзяўчаты ў клетцы. Выглядаюць яны зламанымі? Вінаватымі? Не — яе і Мілу Чэкіну асудзілі за праўду. Але яны абедзве цяпер у калоніі.

І мне дагэтуль балюча ад таго, што Марына зноў адказвае за ўсіх нас — нягледзячы на тое, што мы, журналісты, проста выконвалі сваю працу. Пасадзілі іх улады — а сорамна ўсё адно мне. Не за сябе — за краіну і гэта «правасуддзе». За тое, як гучалі абвінавачанні: нібыта злачынствам стала проста жаданне сумленна працаваць.

«Чалавек, які з усмешкай і велізарным шчырым інтарэсам глядзіць на свет»

Цяпер Марына знаходзіцца ў жаночай папраўчай калоніі № 4 у Гомелі. Муж Марыны ў адказ на просьбу пра фота дзеліцца кадрам з Парыжа.

Марына Золатава ў падарожжы. Парыж, 2019. Фота: асабісты архіў

— На гэтым фотаздымку ўся Марына — чалавек, які з усмешкай і велізарным шчырым інтарэсам глядзіць на свет. Нават калі зрок не вельмі добры. Нават калі гэты зрок за апошнія чатыры з паловай гады зрабіўся нашмат горшы. І нават калі відаць не Манмартр з Сенай, а ПК-4 ды трохі «Алмі» дзесьці па-над Сожам.

Каментары2

  • 1111
    06.11.2025
    На таких людях держится Беларусь! Человек с большой буквы!
  • Woodoo Cult
    07.11.2025
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў22

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Усе навіны →
Усе навіны

У Белым доме мужчына страціў прытомнасць у прысутнасці Трампа6

Прыхаванае пранікненне: якія змены ў тактыцы расійскай арміі паказаў штурм Пакроўска?16

Для беларускіх кадэтаў фармуюць культ генерала, які аддаў жыццё за Расійскую Імперыю7

Сілавікі расказалі, як гродзенскія блогеры трацілі мільён, сабраны нібыта на лячэнне дзіцяці9

Як жыве прымежная польская Кузніца ў прадчуванні адкрыцця мяжы з Беларуссю7

Сінгапур уводзіць абавязковае лупцаванне розгамі як пакаранне для анлайн-махляроў9

Як прасоўваецца рэканструкцыя Чырвонага касцёла ў Мінску ФОТАФАКТ10

У Дзятлаве жанчыну моцна пакусаў лабрадор, яна адсудзіла кампенсацыю10

Вынеслі прысуд маладым мазырскім скінхэдам з «Духа Расіі»11

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў22

Зяленскі: Лукашэнка заплаціць за тое, што зрабіў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць