«Трохкарчмовая», «Раздарожная» і «Макаёнка». Якія назвы станцый метро прапануе Аб'яднаны пераходны кабінет
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі прапануе варыянты, як можна перайменаваць савецкія станцыі мінскага метро. Прапанова створаная ў межах акцыі «Месяц вяртання да сапраўднай гісторыі», ініцыяванай Прадстаўніцтвам, паведамляе «Будзьма».

Дзве старыя лініі, пабудаваныя яшчэ ў савецкія часы, так і працягваюць захоўваць імёны бальшавіцкіх лідараў і іх сімволіку, а таксама знакі каланіяльнай залежнасці — «Леніна», «Першамайская», «Кастрычніцкая», «Пушкінская», «Фрунзенская»… Як быццам Мінск у свой час забыўся выйсці з КПСС.
Аднак, варта адзначыць, добрую тэндэнцыю паказала найменне апошніх станцый трэцяй галіны метро. Самыя новыя з іх, напрыклад, названыя ў адпаведнасці мясцовасцям, якія былі здаўна на тэрыторыі новазбудаваных станцый («Немаршанскі сад»), або побач праходзіць шлях да іх («Слуцкі гасцінец»).
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі прапанавала абмеркаваць альтэрнатыўныя назвы для састарэлых і неактуальных тапонімаў.
«Мы выступаем за паслядоўную дэкамунізацыю і дэкаланізацыю грамадскага жыцця, пазбаўлення яго прыкмет залежнасці ад палітык і ідэалогій часоў СССР ці імперыі. Таму марыць і разважаць пра тое, якімі б мы хацелі бачыць назвы нашых вуліц, мястэчак ці станцый метро — гэта не проста практыкаванне ў фантазіі, гэта першы крок да таго, каб уявіць сабе іншую будучыню для Беларусі. Сапраўды свабоднай і незалежнай, якая ганарыцца сваёй гісторыяй і шануе нацыянальныя традыцыі», — адзначыў прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.
Вырашаць, як маюць называцца станцыі метро, вядома, жыхарам Мінска — Прадстаўніцтва ж прапаноўвае варыянты і кірункі.
«Фрунзенская» → «Ракаўская» або «Татарская Слабада»
Гэтая станцыя названая ў гонар рэвалюцыянера, аднаго з кіраўнікоў барацьбы за савецкую ўладу ў Беларусі, савецкаму партыйнаму дзеячу Міхаілу Фрунзе, які ўпершыню трапіў у Беларусь толькі падчас Першай Сусветнай вайны — дагэтуль ён жыў ва Узбекістане і Расіі.
Татарская Слабада (таксама сустракаецца пад назвамі Татарскі канец і Татарскае прадмесце) — гістарычная назва раёна, дзе месціцца цяперашняя станцыя метро Фрунзенская. Назва мясцовасці звязана з пасяленнем тут у 16 ст. палонных крымскіх татараў. Раён, дарэчы, быў выяўлены на малюнку Язэпа Драздовіча ў 1920 годзе.
Яшчэ адзін варыянт назвы станцыі — Ракаўская, бо побач знаходзіцца вядомая гістарычна вуліца з адсылкай да горада Ракава.
«Пушкінская» → «Кальварыя»
Вядомы ў Расійскай імперыі пісьменнік Аляксандр Пушкін, у гонар якога названа гэтая станцыя метро, не мае ніякага дачынення да беларускай культуры.
Альтэрнатыўная назва станцыі метро — «Кальварыя», як скарочана называюць старыя могілкі, якія месцяцца непадалёк. Кальварыйскіяі могілкі — найстарэйшыя з захаваных у Мінску, яны налічваюць больш 30 тыс. пахаванняў.
«Першамайская» → «Ляхаўка»
1 мая як Дзень працы дагэтуль адзначаюць у Беларусі на дзяржаўным узроўні, хаця патрэбы ў кульце гэтай даты ўжо даўно няма.
Прапануем назваць станцыю метро «Ляхаўка» — па старажытнай назве мясцовасці. У 16 ст. у гэтым раёне мясцілася сяло Ляхава Лука, назву якога пасля скарацілі. Да канца 19 ст. у Ляхаўцы быў збудаваны комплекс прамысловых прадпрыемстваў, пасля чаго яна стала найбуйнейшым прадмесцем горада.
«Пралетарская» → «Трохкарчмовая» / «Тры карчмы» або «Раваровы завод»
Такой назвы рабочага класа, як пралетарыят, пасля развалу СССР ужо не існуе, але ж тапонім станцыі чамусьці захоўваецца.
Прадстаўніцтва прапаноўвае гістарычную назву тутэйшага прадмесця — Тры карчмы, або ўтвораны ад яго прыметнік «Трохкарчмовая». У 1920‑я ў раёне прадмесця быў пабудаваны рабочы пасёлак «Камінтэрн», пазней там правялі каналізацыю, стварылі пункты аўтарамонту і адкрылі фабрыку цукерак «Камунарка». У 1940‑х найменне «Тры Карчмы» ужо не мела афіцыйнага замацавання.
Варыянт тапоніма «Раваровы завод» прапануем як аналагічную назву станцыі метро «Трактарны завод» — паводле геаграфічнай блізкасці прадпрыемства.
«Кастрычніцкая» → «Цэнтральная» / «Раздарожная» або «Плошча Каліноўскага»
«Кастрычніцкай» станцыя метро і прылеглая да яе плошча называюцца, вядома, у гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая ўсталявала ў Беларусі бальшавіцкую ўладу. Цікава, што яшчэ да 1984 года (год адкрыцця станцыі метро) плошча называлася Цэнтральнай.
Прадстаўніцтва прапануе для разваг і дыскусій або даць станцыі метро ранейшую назву прылеглай плошчы, або назву «Раздарожная», бо менавіта тут усталяваны памятны знак «нулявога кіламетра» — пачатку дарог Рэспублікі Беларусь.
Ёсць яшчэ адзін тапонім для абмеркавання — «Плошча Каліноўскага». Падчас паўстання намётавага мястэчка на «Плошчы 2006» удзельнікі пратэсту перайменавалі Кастрычніцкую плошчу ў Каліноўскага. Ініцыятарамі прапановы выступілі гісторык і пісьменнік Уладзімер Арлоў і палітык Вячаслаў Сіўчык.
«Плошча Перамогі» → «Плошча Перамогі ў ІІ Сусветнай вайне» або «Плошча Памяці ахвяр вайны»
Няма нічога кепскага ў перамозе над фашызмам, але ж цывілізаваны свет пакрысе адступае ад савецкай і расейскай інтэрпрэтацыі вайны (нават яе пазначэнне як Вялікая Айчынная, а не Другая Сусветная, мае моцны савецкі ідэалагічны шлейф).
Таму Прадстаўніцтва прапануе або падкрэсліць праз назву станцыі, што перамога была ў ІІ Сусветнай, або агулам адысці ў больш актуальнае на сёння ўспрыняцце наступстваў той далёкай вайны і аддаць даніну памяці тым, хто загінуў у 1939 — 1945 гг.
«Маскоўская» → «Макаёнка»
Аздабленне станцыі ў стылі «Масква — сталіца СССР» таксама ўжо даўно страціла сваю актуальнасць як у назве, так і ў дэкарацыях. Лагічней, паводле сённяшняй тапанімікі, да станцыі падыдзе назва ў гонар вядомага беларускага драматурга Андрэя Макаёнка, іменем якога названая вуліца, што пралягае побач з станцыяй метро.
«Парк Чалюскінцаў» → «Батанічная» / «Камароўскі лес»
Парк Чалюскінцаў, як і аднайменная станцыя метро, названыя ў памяць савецкага парахода, які патануў. Гэтае здарэнне не мае дачынення да гісторыі Беларусі.
Навідавоку ляжыць цудоўная назва для станцыі, якая адпавядае тутэйшаму ландшафту — «Батанічная», бо побач знаходзіцца Батанічны сад.
А яшчэ ў якасці альтэрнатывы можа быць памятная назва «Камароўскі лес», бо раней на месцы Парка Чалюскінцаў мясціўся трагічна вядомы лясны масіў, у якім у 1920‑30х савецкія ўлады расстрэльвалі рэпрэсаваных беларусаў.
«Плошча Леніна» → «Плошча Незалежнасці»
Пад назвай «Плошча Леніна» першапачаткова станцыя пратрымалася 8 гадоў — з 1992 па 2003 станцыю аб’яўлялі як «Плошчу Незалежнасці». Аднак па загадзе Лукашэнкі кіраўніцтва метрапалітэна вярнула назву ў гонар савецкага правадыра. Самае лагічнае перайменаванне з вяртаннем у рэчаіснасць — на «Плошчу Незалежнасці», што і супадае з назвай прылеглай плошчы.
Каментары
АПК не прыйдзе да ўлады ў агляднае будучыні.
Калі прыйдзе да ўлады нехта-нешта нацыянальнае, тады будзе іншае абмеркаванне, іншы час, іншыя героі. Іншы набор станцый да пераназывання.
Усе гэтыя канцэпцыі, праекты, планы - чыстае марнатраўства і засвойванне сродкаў.
Што далей, будуць пісаць праект пераназывання вуліц у кожным горадзе?
Там шмат працы. На пару дзясяткаў год хопіць.
Цырк