Культура44

Ілля Шынкарэнка: Проста прыйшоў і сказаў бацькам, што цяпер размаўляю на беларускай мове

Ілля Шынкарэнка ўжо не першы год з’яўляецца галоўным асветнікам і папулярызатарам беларускай мовы ў інтэрнэце. Пра тое, як яму жывецца з гэтым неафіцыйным званнем, як дапамагаць людзям не баяцца пераходзіць на беларускую мову і як можна склеіць дзяўчыну, прачытаўшы верш, размаўляе Onliner.by.

 — Дарэчы, а як правільна: «чай» ці «гарбата»?

— Можна і так, і так — у залежнасці ад кантэксту. «Гарбата» — гэта хутчэй зёлкавы збор, напрыклад нешта лекавае. А «чай» — гэта і ёсць чай. З чайнага лісця. Умоўная «Прынцэса Нуры». Або, напрыклад, на каркадэ ты мог заўважыць, што там напісана Herbal tea. Гэта ўсё ад слова herb — «трава».

— А, зразумеў! Атрымліваецца, у Herbalife і нашай «гарбаты» таксама наўпроставая сувязь.

— Ну, тыпу…

Вось вы прыкладна і зразумелі, чым звычайна займаецца Ілля, нават калі вы ніколі не глядзелі яго ролікі.

Аднойчы хлопец вырашыў перайсці на беларускую мову і пачаць весці на ёй блог. Нягледзячы на тое, што ўсё яго атачэнне, уключаючы бацькоў, — рускамоўнае. У гэтага блога зараз больш за 120 тысяч падпісчыкаў, а сам Ілля ператварыўся ў аднаго з галоўных асветнікаў і прапагандыстаў роднай мовы ў інтэрнэце. Цяпер маладыя людзі ўжо пішуць яму падзякі за тое, што дапамог прыняць рашэнне цалкам перайсці на беларускую мову.

@shynkarenka ой на Івана #рэкамендацыі #беларускіцікток ♬ оригинальный звук - Ваша киноварь

— Дарэчы, а як часта пішуць з такімі падзякамі?

— Рэгулярна. Кожны раз гэта вельмі прыемна. Гэта самае важнае пацвярджэнне таго, што я ўсё раблю правільна.

— У цябе некалі разляцеўся ролік, у якім ты заплаціў хлопцу на вуліцы, каб ён патэлефанаваў маме і сказаў, што пераходзіць на беларускую мову. А як у цябе самога прайшоў гэты беларускамоўны «камінг-аўт» перад бацькамі?

— А яны ведалі, што я з 10‑га класа цікаўлюся беларускай культурай, чытаю адпаведную літаратуру, так што ўсё было лагічна. Тым больш, калі так стрэльнуў блог і я стаў галоўным беларускамоўным тыктокерам — ужо неяк сорамна нават на пастаянцы не перайсці на беларускую.

— Як табе жывецца з гэтым званнем «галоўны беларускамоўны тыктокер»? Не муляе і не цісне?

— Ды норм, дзякуй, не скардзімся. (Смяецца.)

— Што для цябе было самым складаным, калі ты пераходзіў на беларускую? Мне вось, калі ў мяне даўно не было практыкі, словы спачатку на англійскай у галаву прыходзяць, а потым я іх ужо перакладаю на беларускую. Мне за гэта трошкі нават сорамна, калі шчыра…

— О, у мяне ёсць знаёмая з іняза з такой жа праблемай. Забаўна. Увогуле, каб загаварыць на беларускай, трэба проста гаварыць. Я таксама спачатку памыляўся, але ніхто цябе не паб’е, калі ты няправільна скажаш слова. Мне яшчэ літаратура дапамагла свабодней пачаць гаварыць і набіць слоўнік. Проста пачынайце: хай гэта будуць два словы і тры прыпынкі, хай гэта будзе трасянка — хутка стане лепш, проста працягвайце.

— Некаторыя людзі і хацелі б, але ўсё роўна не пераходзяць на беларускую мову, бо баяцца, што сябрам і калегам будзе складаней з імі размаўляць. У цябе пасля твайго пераходу не звузілася кола сяброў і знаёмых?

— Не, наадварот: некаторыя мае сябры цяпер лепш па-беларуску шпаркаюць, чым некаторыя выкладчыкі. То-бок наадварот, яны пачынаюць развівацца дзякуючы мне. Хоць я ні на чым не настойваю: са мной можна і па-руску спакойна размаўляць. Але прыемна, што калі мяне сустракаюць на вуліцы — падыходзяць і спрабуюць загаварыць на беларускай мове. Наогул, калі вы пачняце размаўляць па-беларуску і ад вас адвернуцца сябры — гэта значыць, такія сабе сябры яны былі.

Як мы прыдумалі эпічную рэкламу БелАЗа і «Бела-Колы»

На інтэрв’ю Ілля прыехаў у новых разумных акулярах з убудаванай камерай, так што цяпер нават наш дыялог стане для яго кантэнтам. На сустрэчу блогер спазніўся, але гэта можна прабачыць, улічваючы, што на носе Дзень роднай мовы: Іллю цяпер хочуць усе. Кажа, што сёння быў на здымках і да суботы здымецца яшчэ ў мінімум трох рэкламных роліках. Брэнды ад хлопца ў захапленні, асабліва калі набліжаецца якое-небудзь нацыянальнае свята.

— Ёсць адчуванне, што ты ў гэтыя дні ў нейкім сэнсе Дзед Мароз, навальваецца шмат работы.

— На Дзень роднай мовы? Ну так, запрашэнняў і заказаў шмат. Музеі розныя пішуць, брэнды.

— Якая калабарацыя запомнілася найбольш?

— Калі я даваў канцэрт у Mak.by. Было цікава! Столькі людзей прыйшло.

— Ці ёсць у цябе якая-небудзь беларуская калабарацыя мары? Новы беларускамоўны джынгл для Modum запісаць ці для «Бела-Колы» рэкламу зняць? Прыкінь: ты спяваеш, а там чырвоныя МАЗы…

— Так! Толькі БелАЗы тады ўжо! БелАЗы вязуць «Бела-Колу», я спяваю «Свята да нас прыходзіць», вакол бегаюць зубры, удалечыні лятае бусел і выпускае бутэльку «Бела-Колы» замест дзiцяцi — так, нешта ў гэтым ёсць. У іх, дарэчы, класныя эсэмэмшчыкі, яны могуць і не такое арганізаваць.

Школьнае захапленне цяпер даволі добра забяспечвае Іллю. Аснова яго заробку — гэта рэклама з блога, анлайн-курсы па падрыхтоўцы да ЦЭ, якія ладзіць Ілля, і выплаты стрымінг-сэрвісаў за яго музыку. Канешне, таксама беларускамоўную. Цікава, як ён усё гэта паспявае.

— Як у цэлым твой звычайны дзень выглядае?

— Я трачу на падрыхтоўку відэа адзін дзень — звычайна адразу прыкладна дзесяць ролікаў здымаю. Потым на працягу тыдня спакойна сяджу і мантажую. Калі ў мяне курсы, то яшчэ чытаю дзецям лекцыю анлайн. Іншы раз пішу тэксты для песень увечары. Карацей кажучы, рухаемся патроху.

— Як табе пакаленне альфа? Ты яму, здаецца, зараз якраз i выкладаеш беларускую мову. Інтэрнэт зноў крычыць, што «альфы» — самае згубленае пакаленне.

— Так, гэта пра кожнае пакаленне так крычаць. Нармальныя, класныя хлопцы і дзяўчаты — адчапіцеся ад іх. Многія з іх шчыра цікавяцца беларускай культурай самі.

 Каго з беларускіх пісьменнікаў ты абавязкова раіш сваім вучням, каб папоўніць іх асабісты слоўнік? Хто самы круты з пункту гледжання мовы?

— У першую чаргу Барадулiн. Акрамя таго што ён геніяльны паэт, ён яшчэ стварыў слоўнік сваёй малой радзімы — «Вушацкi словазбор». Гэта фактычна слоўнік устойлівых выказванняў яго маленькай вёскі ў Віцебскай вобласці — вельмі цікавая праца. Яшчэ Караткевіч — галоўны рамантык беларускай літаратуры. Так, папса, але ён таго варты. Купала і Колас па-за дужкамі, зразумела, — што там гаварыць лішні раз… Так, ну і Багдановіч. Вялікі паэт усё ж. Чаго вартая хаця б «Вераніка»… Калі ён пасадзіў дрэва, напісаў на ім імя каханай і кажа (Ілля раптам пачынае з выражэннем чытаць верш Багдановіча. — Заўв. Onlíner):

Чым болей сходзiць дзён, начэй, 

Тым iмя мiлае вышэй…

— Дзяўчат часта так з ног збіваеш, нечакана цытуючы беларускую паэзію? Адчуваецца, што рука ўжо набіта і ты не ўпершыню такі фокус робіш.

— Ха! Ну бывае. А што, прафесійна занадта выглядала?

«Мне не шмат хто падабаецца з сучасных беларускамоўных музыкаў»

Цяпер пагаворым пра музыку. Выпускаць песні Ілля пачаў адносна нядаўна, але адразу паспяхова. Першы яго трэк «На Нямізе» стаў лакальным хітом — вы яго, напэўна, нават чулі (можа быць, нават дзе-небудзь на Нямізе). За плячыма ў хлопца шмат канцэртаў, у тым ліку на такіх вялікіх пляцоўках, як «Рэактар». І наогул, калі размова заходзіць пра музыку, Ілля запальваецца больш за ўсё. Зразумела: ён у музыцы з дзяцінства. Вось і даведаемся, як гэта — прайсці шлях ад ансамбля «Вясёлыя ноткі» да сольнага «Рэактара».

— Давай вось з чаго пачнём: назаві апошні беларускамоўны трэк, які табе сапраўды спадабаўся. Толькі без свайго!

Ілля думае. Доўга думае. Потым выдае:

— Калі я скажу «Будзь здароў, гаспадар» ад ансамбля «Бяседа» — норм будзе? Без жартаў. Калі ўключыць, то гэта качае мацней, чым 90% сучаснай беларускамоўнай музыкі. Тут і басовая партыя класная, і прамая бочка — ну так, прымітыў, але прыліпалка ж якая. Ці «Чарка на пасашок» — ну гэта рэп нашых бацькоў. І дабстэп такі можна было б клёвы зрабіць.

Ілля ўключае абедзве песні з тэлефона. Не, ну так — качае…

— А з сучаснымі музыкамі зусім бяда, па-твойму?

— Я не хачу нікога пакрыўдзіць і, магчыма, усё роўна падамся якімсьці самаўлюбёным, але мне не шмат хто падабаецца з сучасных беларускамоўных музыкаў. Для некаторых не важна, што напісана, не важна, для каго, — толькі б па-беларуску. А тое, што там не тэкст, а лухта можа быць — каго гэта турбуе? Але я буду рады, калі з’явіцца хтосьці новы і круты. Мы ў гэтым плане не канкурэнты. Наадварот, трэба падтрымліваць добрае.

— Як ты думаеш, міжнародны поспех беларускамоўнай песні наогул магчымы?

— Ох, не ведаю. Ну вось «Песняры» ж у свой час пакаталіся па Амерыцы з турам і з Джонам Ленанам сябравалі. Дарэчы, вось у Police In Paris добры рэмікс на «Касіў Ясь канюшыну». Зрабіць трэк, якому амаль 50 гадоў, зноў цікавым для моладзі — гэта ж таксама крута і таленавіта.

— Музыка зараз прыносіць табе грошы?

— Стрымінгі прыносяць у эквіваленце каля 400 даляраў за квартал — гэта хутчэй прыемны бонус. А вось канцэрты на пляцоўках і ў музеях прыносяць больш, канешне. Ну і выступаць — гэта асобнае задавальненне.

— Ты доўга пішаш свае песні?

— Часам так. «Матылёк» вось пісаў паўгода прыкладна. Мне падабаецца, калі складваецца прыгожы сторытэлінг. Там у мяне песня пра вусеня, які так і не стаў матыльком і разумее, што гэта ўжо не здарыцца, бо ён стары. У выніку вусень прыходзіць да высновы, што яго жыццё прайшло марна.

— Наколькі гэта пра цябе? Табе страшна разумець, што ты ўжо пастарэў, але не рэалізаваў сябе?

— Думаю, так, для майго эга не рэалізавацца было б дрэнна.

— Табе ўсяго 22, ты яшчэ малады — адкуль такія думкі?

— Ты што — вунь ужо зморшчынкі з’яўляюцца мімічныя!

З Іллём лёгка і прыемна размаўляць. Ёсць адчуванне, што праз год-два ён нікуды не знікне, бо сапраўдны і шчыры. Перад тым як паціснуць рукі, задаю фінальнае «драматургічна-саплiвае» пытанне. І амаль адразу паўтараю яго на біс, каб Ілля паспеў запісаць адказ на свае разумныя акуляры.

— Уяві, што мы сустрэліся на такім жа інтэрв’ю перад Днём роднай мовы праз пяць гадоў. Якім ты сябе бачыш?

— Хацеў бы стаць чалавекам, які не змяніў свае ідэалы, які ў той ці іншай ступені змог рэалізавацца і не страціць чалавечнасць.

— І «Грэмі» за беларускамоўную песню.

— Ага! І «Оскар» за гэты выпуск блога!

Каментары4

  • Глеб Жыглоу
    21.02.2026
    А цяпер гарбата! Я сказау гарбата!
  • Кот
    22.02.2026
    Это всё для особей переходного возраста , и то не для всех.
  • Факты на стол
    22.02.2026
    А мы как говорили на русском, так и говорим. А нас тут 90%. И ничего с этим сделать нельзя.

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Усе навіны →
Усе навіны

Забойца з Мінска падпісаў кантракт проста ў расійскай калоніі. Паваяваць да палону атрымалася два дні2

Што танная нафта прынясе Беларусі?6

20‑гадовы мінчук адважна і перпендыкулярна выехаў перад трамваем4

Гомельскага прадпрымальніка прызналі дармаедам, калі ён квартал спрацаваў без прыбытку6

«Я папрасіла сваю сястру раздрукаваць фотаздымкі з майго акаўнта і прыслаць мне ў калонію». Ларыса Шчыракова расказвае пра фотасесіі ў этнастылі1

У Беларусі запрацаваў медпартал. Зараз звесткі сваёй медыцынскай карты можна праглядаць анлайн7

Спілберг выпускае «Дзень выкрыцця» — новы фільм пра іншапланетнікаў4

Як у Амерыцы. У Бабруйску гандлёвы цэнтр адчынялі з помпай, пераразаннем чырвонай стужкі і штурмам дзвярэй7

У Венесуэле ў выніку землятрусу — больш за 200 загінулых, тысячы людзей лічацца зніклымі без вестак1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне14

«Мы даём Штатам тое, што яны хочуць». Расійскі канал апублікаваў відэа, якое называюць запісам Рыжанкова схаванай камерай у машыне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць