Грамадства3434

Польскі контрразведчык: Беларуская апазіцыя — цвёрды арэшак для КДБ і ФСБ

Былы афіцэр польскай контрразведкі і вядучы эксперт у пытаннях расійскіх спецслужбаў Марэк Сверчак у выданні Rzeczpospolita аспрэчвае папулярнае ў Польшчы меркаванне пра некампетэнтнасць расійскіх спецслужбаў. На яго думку, Масква вядзе складаныя гульні і ўдоўгую — скіраваныя не толькі на збор інфармацыі, але і на ўплыў, і на знясіленне апарата еўрапейскіх контрразведак. Адзін з аб'ектаў іх увагі — беларусы.

Здымак ілюстрацыйны

У размове з карэспандэнтам выдання Rzeczpospolita Марэк Сверчак (Marek Świerczek) згадвае, што ў часы Савецкага Саюза спецслужбы стваралі шырокія сеткі малакаштоўных агентаў. Мэтай быў не столькі збор інфармацыі, колькі стварэнне такіх умоў, каб контрразведка праціўніка не магла нармальна працаваць. Заходнія спецслужбы мусілі шукаць сотні дробных шпіёнаў, тым часам зніжаючы свае шанцы злавіць добра заканспіраваных топавых агентаў.

Так, у міжваеннай Польшчы штогод арыштоўвалі сотні людзей, звязаных з савецкімі спецслужбамі, якія, аднак, не мелі і не маглі мець доступу да сакрэтаў. У той жа час Масква незаўважна мела стратэгічна важную агентуру ў польскім Міністэрстве замежных спраў, якая ўплывала на палітычныя рашэнні і прывяла да катастрофы 1939-га.

Падпалкоўнік Сверчак адзначае, што сучасная Расія — гэта не Савецкі Саюз. Яна не мае ні савецкіх рэсурсаў, ні апарата татальнага кантролю. Магчымасці ФСБ і СЗР складаюць толькі невялікі працэнт таго, чым валодала КДБ, і кантраляваць мільёны людзей, якія штогод выязджаюць з краіны, ім проста немагчыма.

Расіяне хочуць узяць колькасцю

Тым не менш сучасная расійская разведка выкарыстоўвае так званую проксі-агентуру (агентаў для кароткатэрміновых, часта простых задач) для дасягнення той жа мэты — перагрузкі контрразведкі праціўніка.

«Можна выказаць гіпотэзу, што масавае выкарыстанне проксі-агентуры можа патэнцыйна служыць для адцягнення ўвагі контрразведак ад сапраўды важных аперацый», — тлумачыць Сверчак.

Як тлумачыць эксперт, контрразведка абавязаная рэагаваць на «аднаразовых агентаў», што робяць фота інфраструктуры або выконваюць дробныя заданні. Такім чынам спецслужбы губляюць час і рэсурсы.

Сверчак прыводзіць прыклад суседняй Украіны. У 2014 годзе перад пачаткам вайны на Данбасе СБУ атрымлівала сотні фальшывых паведамленняў пра закладзеныя бомбы і дыверсіі. Гэта цалкам паралізоўвала працу ўкраінскіх спецслужбаў.

Тая ж схема паўтарылася ў 2022-м: у Кіеве нібыта дзейнічалі «600 дыверсійных груп», большасць з якіх не ведала нічога пра сапраўдныя аперацыі. Усё гэта павінна было адцягнуць увагу ад рэальнай мэты — пранікнення агента Кулініча ў непасрэднае атачэнне тагачаснага кіраўніка СБУ Івана Баканава.

Эксперт сцвярджае, што дзеянні расійскіх службаў у прынцыпе не мяняюцца больш за сто гадоў, хоць і мадыфікуюць іх, бо з’яўляюцца новыя тэхналогіі.

Нават у XXI стагоддзі яны выкарыстоўваюць «вярбоўку пад фальшывым сцягам» — калі агент выдае сябе, напрыклад, за прадстаўніка ЗША або Вялікабрытаніі. Акрамя гэтага, яны могуць наўмысна «падставіць» свайго менш каштоўнага агента, каб прыкрыць іншага.

Ці імкнуцца расіяне пранікаць у структуры беларускай апазіцыі?

Адказваючы на гэта пытанне, эксперт згадаў старую расійскую тэхніку, вядомую яшчэ з ХІХ стагоддзя, — стварэнне так званых «фасадных» арганізацый. Напрыклад, падчас паўстання 1863 года царскія структуры арганізавалі фіктыўны Нацыянальны ўрад, які нібыта заклікаў паўстанцаў працягваць барацьбу. Насамрэч гэта была пастка: калі людзі адгукаліся, іх імёны фіксаваліся, і ўлады іх арыштоўвалі.

У ХХІ стагоддзі стварыць фальшывую арганізацыю або прывесці пад кантроль наяўную — значна лягчэй, чым сто гадоў таму.

«Капітал не мае нацыянальнасці, — падкрэслівае Сверчак. — Можна без праблем заснаваць фонд, кампанію, банк або СМІ і выкарыстоўваць іх у якасці прыкрыцця для разведвальнай дзейнасці».

Расія, паводле яго, ужо рабіла гэта ў Заходняй Еўропе — у ФРГ і Аўстрыі расійскія структуры куплялі фірмы, якія потым выкарыстоўваліся для аперацый пад прыкрыццём.

«Калі гаварыць пра арганізацыі беларускай апазіцыі, трэба нагадаць, што беларускі КДБ у прынцыпе з’яўляецца экспазітурай расійскай ФСБ. Логіка дзеянняў Расіі, а таксама гістарычная аналогія, паказвае, што расійскія службы могуць ствараць фасадныя апазіцыйныя арганізацыі або іх інтэнсіўна інфільтраваць агентамі», — лічыць Сверчак.

Ён нагадвае, што такія схемы добра вядомыя з гісторыі: у міжваенны перыяд амаль усе арганізацыі «белых» расійскіх эмігрантаў былі пранізаныя агентурай АГПУ — у кіраўніцтвах вайсковых саюзаў і партый сядзелі людзі, што працавалі на Маскву.

«Беларусы выдатна ведаюць, што расіяне інфільтруюць беларускую апазіцыю. Пытанне ў тым: як мы можам дапамагчы эмігрантам у абароне перад КДБ?», — працягвае Сверчак і згадвае:

«Сумным сігналам была гісторыя, якая мела месца нядаўна ў Варшаве, калі беларуская апазіцыя арганізавала навучанне, прысвечанае прадухіленню спроб інфільтрацыі з боку беларускага КДБ. Падчас гэтага навучання на маніторы з’явіўся палкоўнік КДБ Канстанцін Бычак, само ж мерапрыемства было арганізавана і аплачана КДБ».

Прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак з'явіўся ў зуме падчас заняткаў Вольнага беларускага ўніверсітэта. Скрыншот «Белсата»

Эксперт падкрэслівае, што «гэта сталася тут і цяпер, у нас пад бокам. Гэта значыць, што тыя спецслужбы маюць вялікія аператыўныя магчымасці і не баяцца прыцягваць да сябе ўвагу польскай контрразведкі».

«Але таксама трэба падкрэсліць рашучасць беларускай апазіцыі, бо ў ёй шмат людзей сапраўды ідэйных, якія для КДБ сапраўды цвёрдыя арэшкі», — заўважае Сверчак.

КДБ і ФСБ спакушаюць эмігрантаў

Сверчак падкрэслівае, што найбольш схільнымі да вярбоўкі расійскімі спецслужбамі на тэрыторыі Польшчы з’яўляюцца ўкраінцы і беларусы, якія жывуць у складаным матэрыяльным становішчы. 

Як і ў часы ІІ Рэчы Паспалітай, калі агенты АГПУ вербавалі беднякоў памежжа. Гэта быў танны спосаб генеравання проксі-агентуры, які не патрабаваў ні выдаткаў, ні спецыялізаваных кадраў.

Цяпер, адзначае Сверчак, вярбоўка ажыццяўляецца праз Telegram. У маладых украінцаў, якія не маюць грошай, можна лёгка выклікаць цікавасць, прапанаваўшы сімвалічны заробак — некалькі дзясяткаў даляраў за фота або кароткае заданне.

«Такіх людзей не трэба навучаць, яны не павінны ведаць польскую мову. Яны проста выканалі задачу — і былі «спаленыя». (…) Гэта чыста прагматычны падыход з боку расіян: грошы і лёгкасць доступу», — тлумачыць Сверчак.

Праблема, паводле яго, у тым, што Польшча не мае поўнага разумення складу ўкраінскай міграцыі. Невядома, якая яе частка — рускамоўная, мае родных у Расіі і спажывае расійскую прапаганду. Менавіта гэтая група збольшага і падпадае пад уплыў расійскай разведкі.

Разнастайныя прыёмы КДБ і ФСБ

КДБ і ФСБ працягваюць вербаваць людзей пад фальшывымі легендамі, выдаючы сябе за прадстаўнікоў заходніх спецслужбаў. Ёсць і гісторыі іншага тыпу: нядаўна быў выкрыты іспанскі псеўдажурналіст Пабла Гансалес, які насамрэч быў расійскім агентам.

«Колькі яшчэ такіх людзей працуе ў фондах, медыя, сярод актывістаў — мы не ведаем», — кажа Сверчак.

Эксперт канстатуе, што ўмовы сучаснага поліэтнічнага і шматмоўнага грамадства, дзе людзі свабодна перамяшчаюцца праз межы, ствараюць для варожай разведкі цяплічныя ўмовы. Контрразведка ўжо не можа з такой лёгкасцю, як раней, тыпізаваць так званыя зоны рызыкі.

«Здавалася б, маладыя ўкраінцы, якія пераехалі ў Польшчу, уцякаючы ад бамбёжак, або расчараваныя рэжымам Лукашэнкі беларусы, павінны былі б быць тэарэтычна апошнімі, на каго могуць разлічваць расійскія спецслужбы. Тым часам усё паказвае на тое, што гэтыя групы падатныя на вярбоўку і гэта група высокай контрразведвальнай рызыкі», —

кажа Сверчак і заўважае, што расіяне «спрытна гуляюць на ўсіх палітычных, рэлігійна-светапоглядных розніцах, на палітычнай палярызацыі», і таму групы рызыкі існуюць і ў іншых асяроддзях.

Сверчак папярэджвае, што ў Польшчы існуе тэндэнцыя ўспрымаць расіян як нязграбных варвараў, якія дзейнічаюць прымітыўна. Але гэта не так, лічыць ён.

«Гэта людзі, якія спалучаюць славянскую хітрасць з мангольскай бязлітаснасцю, што, на жаль, дае немалую эфектыўнасць». Яны ставяць на абедзве нагі у дзвюхпартыйнай сістэме, якая сфармавалася ў Польшчы, каб гарантаваць свой уплыў незалежна ад таго, хто прыйдзе да ўлады».

Каментары34

  • Šmul Tabačnik
    11.11.2025
    За 5 гадоу́ вы ня здолелі выцягнуць з палону Андрэя Пачобута .
    АБ чым базар
  • імя
    11.11.2025
    Горш за БТ.
    Вашую кругасьветку не выратуюць ніякія заказныя артыкылу, ніякія ботафэрмы і ніякія накруткі падабаек.
    Праект амёба здох.
  • ружовыя поні
    11.11.2025
    Такі цвёрды арэшак, што агент за агентам выяўлецца, а яшчэ новая апазіцыя настолькі абруселая, што любы расіянін можа далучыцца, што зрэшты і робіцца, розныя Зайцавы, Раманавы і іншыя.

    І яшчэ хапае нават тых, напрыклад бабарык, якія адкрыта галасяць прарасейскія лозунгі.

Цяпер чытаюць

На праспекце Незалежнасці неадэкват на BMW пратараніў восем аўтамабіляў4

На праспекце Незалежнасці неадэкват на BMW пратараніў восем аўтамабіляў

Усе навіны →
Усе навіны

Былы прэзідэнт Эстоніі засумняваўся, што ў Расіі даюць восем гадоў за пасты пра Бучу. Яму адказаў былы асуджаны6

З'явілася ВІДЭА ўезду расійскіх вайскоўцаў у Пакроўск22

Работніцы «Мінск-Арэны» далі калонію за «садзейнічанне экстрэмізму»5

У Бярэзінскім раёне знойдзеныя новыя сляды зніклага хлопчыка2

У Беларусі забароняць прадаваць у крамах дробную бульбу2

Падчас візіту ў Аўстралію Святлана Ціханоўская перамяшчалася па Сіднэі на Uber17

Выйшаў трэйлер фільма «Крамлёўскі чараўнік» пра Уладзіміра Пуціна3

Былы адвакат Трампа і галівудскі прадзюсар бяруць пад кантроль ізраільскага вытворцу шпіёнскай праграмы Pegasus

Праца Віленскага аэрапорта зноў была парушана з-за кантрабандных шароў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

На праспекце Незалежнасці неадэкват на BMW пратараніў восем аўтамабіляў4

На праспекце Незалежнасці неадэкват на BMW пратараніў восем аўтамабіляў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць