Памятаеце выпускніка інстытута ФСБ, які раскатваў па Гродне са сцягам Наваросіі? Цяпер ён стаў варшаўскім бізнэсменам
Аляксей Кучар — сын аднаго з экс-начальнікаў Ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці і выпускнік Маскоўскага пагранічнага інстытута ФСБ Расіі — у 2015-м праславіўся сваёй публічнай падтрымкай акупацыі Украіны. У яго вялікія перамены ў жыцці — цяпер ён польскі бізнэсмен, пазбаўлены дома звання. Ягоныя бізнес-партнёры — тыя самыя, што перадалі варшаўскі «Моладзевы хаб» Сяргею Бульбе (Чыславу). А ягоная жонка скончыла вайсковую акадэмію ў Варшаве.
У 2015-м неабыякавыя грамадзяне даслалі ў рэдакцыю «Нашай Нівы» зробленае ў Гродне фота: пад шклом старога «Фальксвагена» сцяг так званай Наваросіі.

Тады па нумары тэлефона, пакінутым пад тым жа шклом, удалося знайсці ўласніка — ім аказаўся ўчорашні выпускнік Маскоўскага пагранічнага інстытута ФСБ Расіі Аляксей Кучар, сын начальніка ўпраўлення накіравання прызыву на вайсковую службу Гродненскага абласнога ваенкамата Сяргея Кучара.
Чытайце архіўны матэрыял: Сын гродзенскага ваенкама вучыцца ў інстытуце ФСБ і ездзіць на машыне са сцягам «Наваросіі»

Да паступлення ў Маскву Аляксей Кучар скончыў Сувораўскую вучэльню, а ўжо з дыпломам інстытута ФСБ паступіў на службу ў Пагранічны камітэт Беларусі.
На заўвагу «Нашай Нівы» пра тое, што Аляксандр Лукашэнка (на той яшчэ момант) не прызнаваў ніякіх «Наваросій», Кучар адказаў «нічога страшнага».

Ніколі больш Аляксей Кучар не трапляў у фокус медыя, але траекторыя лёсу афіцэра аказалася незвычайнай.
Чым ён займаўся на службе, невядома.
Летам 2020-га яму паставілі забарону на выезд з Беларусі. Яе выставіў КДБ згодна з рэзалюцыяй тагачаснага кіраўніка Пагранічнага камітэта Анатоля Лапо.

Чаму была пастаўлена забарона, дакладна невядома. Звычайна забарона ставіцца на пяць гадоў пасля звальнення са службы. Магчыма, Кучар якраз адбыў свой першы кантракт і звольніўся. Вядома, што ў тым жа 2020-м ён паспеў папрацаваць кіроўцам у прыватнай кампаніі.
У любым разе, у Беларусі Аляксей не затрымаўся. Ужо ў лістападзе 2020 года ён у інстаграме віншаваў свайго малога сына з днём нараджэння, адзначыўшы лакацыяй Варшаву. Усе наступныя публікацыі таксама былі з варшаўскім геатэгам, з сакавіка 2021-га Кучар стаў пісаць у інстаграме па-польску.

6 мая 2021 года быў апублікаваны ўказ Лукашэнкі №174, якім пазбаўляліся званняў 86 ваеннаслужачых, сярод якіх Станіслаў Лупаносаў, Яўген Юшкевіч, Мацвей Купрэйчык, Уладзімір Жыгар, Аляксандр Азараў і іншыя. Аляксея Кучара таксама пазбавілі звання капітана запаса.
Чым Кучар заслужыў пазбаўлення звання, інфармацыі няма. Не ўдалося знайсці ні ягоных інтэрв'ю, ні задакументаваных фактаў удзелу ў пратэсце. Але, з іншага боку, у такіх тонкіх пытаннях многае можа папросту не вылівацца ў публічную сферу.

Згодна з польскім рэгістрам юрыдычных асоб, Аляксей Кучар значыцца старшынёй праўлення кампаніі HUB Consulting — юрыдычнай асобы з шырокімі заяўленымі сферамі дзейнасці: рознічны гандаль (асноўны задэклараваны від дзейнасці), будаўніцтва, маркетынг і вывучэнне рынку, рамонтныя работы і іншае.

Яшчэ два члены праўлення гэтай кампаніі — Анастасія Баравікова і Андрэй Ракевіч. Тыя самыя фігуранты скандала з «Беларускім моладзевым хабам», які яны перадалі Сяргею Бульбе (Чыславу), выкінуўшы з праўлення Алеся Лапко. Гэта была гучная гісторыя.
Чытайце таксама: Памятаеце вайну з Беларускім моладзевым хабам у Варшаве? Даведаліся, што там адбываецца цяпер
Сама кампанія была створана ў 2019 годзе, а Кучар з'явіўся ў HUB Consulting толькі ў снежні 2021-га.
Разам з Кучарам выехала і ягоная жонка Ганна, з якой яны сустракаліся яшчэ з часоў вучобы ў інстытуце ФСБ. Імаверна, яна мае ўкраінскае паходжанне, у Беларусі працавала на мытні.
У Linkedin Ганны Кучар адзначана, што пасля прыезду ў Варшаву (2021-2023) яна паступіла ў Варшаўскую акадэмію вайсковага мастацтва (гэта вялікая вайсковая ВНУ) і паспяхова скончыла магістарскую праграму па міжнароднай бяспецы і дыпламатыі.
Чым займаецца цяпер — невядома.
Бацька Аляксея, палкоўнік Сяргей Кучар, які раней раздзімаў у сваіх сацсетках рускі дух, чакаючы танкі Шайгу пад Кіевам, цяпер, імаверна, на пенсіі.

Сяргей разам з жонкай Ірынай актыўна падарожнічаюць. За апошнія пару год былі ў Брытаніі, Італіі, Францыі і гэтак далей.
Цяпер у іхніх сацыяльных сетках, якія яны вядуць пад іншымі імёнамі, нічога не сведчыць аб ранейшых поглядах.
Хіба што толькі на старой старонцы Ірыны Кучар у «Аднакласніках» засталася аватарка, дзе яна акурат па цэнтры герба расійскага ФСБ.

«Наша Ніва» адправіла Аляксею Кучару пытанні аб прыродзе ягонага ідэалагічнага кульбіта, а таксама пра дэталі гісторыі з пазбаўленнем звання. Аляксей прачытаў пытанні, але нічога не адказаў.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары