Грамадства33

«Пакуль не іду ў «Жабку». Але цяжка рабіць настолькі мала». Як жывецца мужам айцішніц у эміграцыі

Як жывуць жонкі праграмістаў, мы збольшага ведаем з сацсетак: яны шмат падарожнічаюць, наведваюць майстар-класы і спа-салоны, возяць дзяцей на творчыя гурткі, спрабуюць сябе ў розных прафесіях і могуць сабе дазволіць наогул не працаваць (калі што, мяккая іронія).

Фота: Christian Charisius/picture alliance via Getty Images

А як жывецца мужам праграмістак? Ці маюць яны гэткую ж свабоду для самаразвіцця і самарэалізацыі? І ці могуць перастаць хвалявацца пра грошы? Асабліва пасля рэлакацыі ў іншую краіну, высвятляў Devby.io.

Сяргей, 38 гадоў: «Я нават жартую, што я шчасліўчык!»

Сяргей выходзіць на відэасувязь з офіса, дзе адказвае за гаспадарку і дабрабыт. Як ён сам смяецца, цяпер ён «крэпкі хазяйственнік». У Беларусі ён займаўся продажам тэхнікі, вазіў турыстаў у Еўропу, кіраваў культурнай прасторай у Мінску. А цяпер яны з жонкай і двума дзецьмі жывуць у Лодзі.

«Зусім не камплексую з гэтай нагоды!»

Я за жонкай паехаў у Польшчу, яна ж у мяне айцішніца. Цяпер жонка зарабляе ўдвая больш за мяне, працуючы тут лідом у аддзеле UI/UX дызайнераў. Але так было не заўжды. Раней я больш зарабляў, калі быў дырэктарам культпрасторы, а жонка мела магчымасць вучыцца на курсах і развівацца. З часам мы проста памяняліся ролямі. Я сядзеў апошні год з дачкой у дэкрэце, каб жонка выйшла працаваць на айцішную пасаду. 

Я не скажу, што гэта ідэальная сітуацыя для мужчыны з псіхалагічнага боку. Але ў прынцыпе гэта хутчэй гендарны стэрэатып — я гэта добра ўсведамляю. Даўно ўжо з гэтай роллю звыкся, мне абсалютна камфортна ўжо.

Наадварот, я нават жартую, што я шчасліўчык! Жартую з іншых працаўнікоў, што, маўляў, вось так трэба ўладкоўвацца ў жыцці. Знайсці багатую айцішніцу — і ўсё будзе ў шакаладзе. Зусім не камплексую з гэтай нагоды! Усе мне зайздросцяць ці ненавідзяць, напэўна, што я ўвесь такі ўладкаваны.

У сяброў падобная сітуацыя. У аднаго цяпер таксама жонка айцішніца і зарабляе ўдвая больш. А яшчэ адзін сябар наогул у дэкрэце з чатырма дзецьмі і ў прынцыпе нічога не зарабляе, а жонка працуе рэпетытаркай, у яе ўрокі адзін за адным. І вось на ім усё: гурткі дзяцей, школы, садкі, гатаванне, прыбіранне, увесь дом.

У часы эмансіпацыі і фемінізму гэта даволі частая бізнэс-мадэль у сем’ях, асабліва ў беларускім эмігранцкім асяроддзі.

І хоць я зарабляю ў два разы менш, але ў мяне ў тры ці чатыры разы больш вольнага часу! Нават падчас працы. У мяне няма сазвону за сазвонам, няма жорсткіх дэдлайнаў… Я працую спакойна сваю офісную працу: ёсць праца — робіш, няма — сваімі справамі займаешся. І гэта файна. Ты можаш адскочыць дзесьці дзяцей завезці да лекараў, забраць з басейна. Я звычайна гатую ўсе вячэры, прынамсі, у працоўныя дні. Раблю закупы, то бок гаспадарка збольшага на мне таксама. Плюс я яшчэ і зарабляю.

«Я не іду адным шляхам, раз на пяць гадоў змяняю працу»

Усе мае апошнія працы — гэта пра самарэалізацыю з розных бакоў. Тут я раблю тое, што добра ўмею — адказваю за жыццяздольнасць польскіх офісаў кампаніі, і даволі паспяхова, ужо чатыры гады. Раней гэта была культура і бізнес — таксама файнае спалучэнне, бо я ўмею прадаць усё. Я нават з купленай кватэры ў Лодзі прадаў старую офісную мэблю яшчэ на тысячу даляраў! А калі я вазіў турыстаў, гэта было веданне і культуры, і моваў, і гісторыі Еўропы. Я не іду адным шляхам, я раз на пяць гадоў змяняю працу. Усё ж мая цяперашняя праца ў офісе — тупіковая прафесія і даволі руцінная. 

Сядзець цалкам на шыі ў жонкі таксама не хочацца. Хоць я абсалютна лёгка псіхалагічна магу гэта сабе дазволіць, бо ўжо двойчы ў жыцці я адпачываў ад папярэдняй працы на працягу года. Аб’ектыўна такія перыяды патрэбныя людзям, каб штосьці змяніць, пайсці на курсы ды папросту адпачыць. І нават калі ў яе такі будзе перыяд, гэта будзе цяжка фінансава, але я разумею, што гэта часам патрэбна.

Мы эмігранты. І нам асабліва не даводзіцца выбіраць. У эміграцыі хто першы, той і лепшы… У каго атрымліваецца больш зарабляць, той і зарабляе, а іншы не выбірае. 

Хоць я планую гэта змяніць: хачу паступіць ва ўніверсітэт на клінічную псіхалогію, я яшчэ ў студэнцкія гады хацеў перайсці на псіхалагічны, але плыў па інэрцыі. Цяпер перагледзеў, падумаў і нарэшце зразумеў, чым сапраўды хацеў бы займацца.

Яўген, 32 гады: «Бацькі ў адзін голас гаварылі, што я дурань»

Яўген пазнаёміўся з будучай жонкай на студэнцкім конкурсе «Студэнт года». Потым Яўген працаваў на «Азоце» і паралельна даваў урокі хіміі, а жонка прайшла курсы бізнэс-аналізу і знайшла працу ў ІТ-кампаніі. Цяпер яны з двума дзецьмі жывуць у Гданьску. Падчас сазвону Яўген робіць каву і заносіць яе жонцы, якая сёння працуе з дому.

«Мы ведалі, што гэта будзе стрэс для сям’і»

Да 2015 года я працаваў на дзвюх працах, а потым перайшоў выключна на рэпетытарства. А жонка кім толькі не працавала! І на тэлебачанні, і ў медуніверсітэце. Але там зарплаты былі малыя. Тады больш зарабляў. А падчас другога дэкрэту жонка пайшла на курсы, я браў менш урокаў і сядзеў з дзецьмі, пераклаў на сябе большую частку хатніх справаў: пранне, прыбіранне, гатаванне. 

Калі я пакідаў працу на «Азоце», то нашы бацькі ў адзін голас гаварылі, што я дурань, што страчваю стабільную працу… А калі я звольніўся і набраў шмат гадзін рэпетытарства, пачаў зарабляць больш, чым на «Азоце», то прынялі мой выбар. Былі і сябры з «Азоту» з тым самым менталітэтам, з культам стабільнасці. Але сябры з часам змяняюцца. Калі змяняюцца мары, змяняюцца і сябры.

Мы ўжо даўно планавалі, што будзем пераязджаць. Але 2022‑і год падказаў, што час. Жонку рэлакавалі ў Гданьск. Мы даўно хацелі жыць на моры. І вось нашы мары збыліся. 

Першы год, як мы пераехалі, я не працаваў увогуле. Было складана, бо аднаго заробку не хапала. Прыходзілася, як звычайнаму беларусу, калі не хапае грошай, здаваць даляры. Мы ведалі, на што ідзём, што гэта будзе стрэс, былі падрыхтаваныя псіхалагічна. 

Цяпер жонка зарабляе недзе 60%, а я 40% сямейнага бюджэту. Яна працуе днём, а я праводжу ўрокі ўвечары, выкладаю хімію дзецям.

Цяпер грошай нам хапае. У хуткім часе плануем купляць сваё жыллё ўжо ў Польшчы. Падарожнічаем таксама, па Польшчы катаемся. Я адказны ў сям’і за планаванне падарожжаў. Шукаю, куды можам паехаць, як спланаваць лагістыку: дабрацца, пераначаваць, паесці, у якое месца зайсці.

«Мы на адной хвалі з жонкай»

Хатнія справы цяпер у нас размяркоўваюцца дэмакратычна: хто свабодны, той і робіць. Няма такога, каб быў кантракт нейкі, у якім было б напісана, што мне рабіць, што — ёй. Я маю час і сілы, то я зраблю. Як я захварэў, напрыклад, то жонка можа зрабіць. 

Мы на адной хвалі з жонкай, бо калі пераязджаеш і няма падтрымкі ад бацькоў, то трэба падтрымліваць адно аднаго. Без гэтага тут, ведаю, многія разыходзяцца ў поглядах, а затым і ўвогуле разыходзяцца.

Я паралельна займаюся стэндапам, і любыя сямейныя непаразуменні — не нагода для сваркі ці крыўды, а нагода напісаць новы тэкст на выступленне. Праўда, пакуль за гэта я яшчэ грошай не атрымліваю. У мяне шмат маналогаў пра сямейныя адносіны і пра дзяцей. Там не толькі вобраз настаўніка хіміі, але яшчэ і стомленага бацькі. Часам жартую, што жонка ў мяне дужа трывожная. Яна непакоіцца пра будучыню і пра мінулае, пра тое, што ў інсце пабачыла і што сама зрабіла не так. Яна вельмі шмат працуе, а потым стомленая садзіцца ў фатэль і заліпае на гадзіну-дзве ў рылсах. Там наглядзіцца, набярэ ў галаву і пачынае баяцца будучыні. Я больш спакойны, стараюся з жартам, з гумарам падыходзіць да жыцця. Выцягваю яе пакрысе з дэпрэсіі.

Адчуваю і на сабе цяжар адказнасці. Таму я ў стэндапе развіваю свае праекты, наладжваю сувязі, можа, гэта прынясе нейкі плён. Яшчэ разглядаю ідэю свайго бізнесу. Жонка мяне падтрымлівае ў гэтым пытанні. Але і яна можа пайсці ў іншую сферу, змяніць прафесію, тады я буду больш працаваць.

Галоўнае, каб быў баланс. Каб кагосьці хапала на грошы, кагосьці хапала на дзяцей. Каб дзеці таксама не былі абдзеленыя ўвагай, без бацькоў, без бабуль і дзядуляў.

Канстанцін, 44 гады: «Я пачаў страчваць веру ў сябе, але жонка ў мяне верыць»

Канстанцін яшчэ студэнтам захапіўся творчасцю і пачаў пісаць апавяданні, гумарыстычныя тэксты і п’есы. Нават здаў быў ужо кнігу ў выдавецтва, але яна так і не выйшла. Сышоў у журналістыку, звязаную з камп’ютарнымі гульнямі, але пасля 2022 года ўсё змянілася. Размаўляем мы ў варшаўскай рэстарацыі, дзе Канстанцін заказвае салату і хачапуры па-мегрэльску з сабой, каб павячэраць разам з жонкай.

«Мне пашанцавала, што жонка добра зарабляе»

Мы пазнаёміліся ў Tinder. Тады яна была лідом арт-аддзела ў беларускай IT-кампаніі, а я займаўся арганізацыяй тэлевяшчання Еўрапейскіх гульняў. Дагэтуль я яшчэ працаваў у Wargaming у відэааддзеле, а таксама на тэлеканале, прысвечаным камп’ютарным гульням. Займаўся сцэнарыямі для серыялаў і перадач. Ну і нешта для сябе заўсёды пісаў.

Але ў 2022 годзе ў мяне ўсё абарвалася праз вайну, бо адна праца была звязаная з кампаніяй, якая ўзаемадзейнічала з дзяржавай, і я ўжо не хацеў там працаваць… А другая — украінская кампанія, з якой адразу стала цяжкавата, бо было зразумела, адкуль ляцяць ракеты.

Мне псіхалагічна было цяжка першы час працаваць, менавіта пісаць. Здавалася, што ўсё, што я раблю, не мае сэнсу. Не хацелася рабіць тое самае, што і ўсе астатнія. Не хацелася займацца крытыкай гэтых падзей. Я адчуваў, што не магу прыўнесці нічога новага. 

Мне пашанцавала, што жонка добра зарабляе, і я пакуль магу дазволіць сабе не працаваць, пабыць у ролі хатняга гаспадара. Я прашу грошы ў жонкі, бо лічу, што не маю права свабодна імі распараджацца. Я хоць і ўнёс як муж нейкую лепту ў існаванне сям’і, але гэта не мае грошы. Калі хачу патраціць на сябе — напрыклад, на канцэрт ці паездку на фестываль, — мы гэта абмяркоўваем.

Вядома, сітуацыя не самая радасная, і гэта мая віна. Я засеў у тым стане, у якім апынуўся з пачатку вайны. Намагаўся нешта рабіць, але гэта не давала выніку, і ў нейкі момант я пачаў страчваць веру ў сябе. Але жонка ў мяне верыць, я адчуваю яе падтрымку. Яна мяркуе, што я мог бы напісаць добрую кнігу. А я ў гэта не надта веру, бо якраз кніга — гэта тое, з чаго я пачынаў, але паступова прыйшоў да высновы, што не ведаю, што хачу сказаць.

«Гэта сумесь бяссілля і перфекцыянізму»

Я шукаю ў сабе сілы ўзяцца за нешта — гэта тэма маёй працы з псіхолагам. Я ўжо шмат чаго рабіў, але не бачу ў гэтым фінансавай перспектывы. Лагічна, што хатнія абавязкі леглі на мае плечы, але я не даю рады эфектыўна працаваць у кароткіх паўзах паміж паходамі ў краму, гатаваннем і развязаннем побытавых пытанняў. Штодня я сядаю пакруціць тэкст, чамусьці павучыцца, паглядзець відэа, нешта пачытаць, але атрымліваецца не вельмі. А пасля вячэры мы з жонкай праводзім час разам: гуляем у відэагульні, глядзім фільмы або выбіраемся кудысьці. Мы вельмі рэдка бавім час паасобку.

У момант крызісу, калі раптам нешта здарыцца, я гатовы ўключыцца ў паляванне на маманта. Але пакуль я не іду працаваць у «Бедронку» ці ў «Жабку», каб проста існаваць. Пакуль мы можам дазволіць сабе не проста існаванне, я ўсё ж спрабую зрабіць нешта для самарэалізацыі, што ў выніку і фінансава будзе больш выгадна.

Мне сапраўды падабаецца пісаць сатыру, гумар. Сам момант стварэння тэксту нават даражэйшы за рэакцыю на яго. А вось фармат стэндапу мне ніколі не падабаўся. Я выступаў у старым савецкім фармаце. Я люблю чытаць з паперкі. У асноўным гэта маналогі, але могуць быць і аповеды, і нават міні-п’есы на аднаго-двух чалавек. Цяпер так ніхто не робіць.

Праз тое, што я не развіваюся, я закрыўся ад камунікацыі. А што я скажу? Якую страву навучыўся гатаваць? Я не кажу, што хатнія справы — гэта не праца, але гэта далёка ад самарэалізацыі. 

Часам у мяне запытваюць, што чуваць з працай. І я адчуваю расчараванне ў сабе, бо разумею: за той час, пакуль мы не бачыліся, нічога не змянілася. Мне цяжка не рэалізоўвацца. Рабіць настолькі мала. Я ж працаваў з жывой аўдыторыяй, я ведаю, якую рэакцыю выклікалі мае творы. На мае п’есы прыходзіла па 600—800 чалавек. І, напэўна, я ўсё ж веру, што ў мяне яшчэ нешта можа атрымацца.

Каментары3

  • 22 cm
    08.12.2025
    Шкада вас, хлопцы. І не таму, што зарабляеце меньш за жонак... Прапаную стварыць "партыю сапраўдных мужыкоў": набіраем 100 000 членаў, штомесячны партыйны ўзнос 1 даляр з чалавека, ствараем баявое крыло з маладых, самых моцных і фізічна развітых, прыкладна 10 000 асоб, на партыйныя грошы экіпіруемся, рыхтуемся, робім бліцкрыг на Мінск, бярэм уладу і "жывём сваё лепшае жыццё", а не вось гэта ўсё: гатоўка, пранне-прыбіранне. Чакаю 100 000 лайкаў на каментар і паехалі...
  • Феминизм победил?
    08.12.2025
    Какая-то дискриминация получается. Жены айтишников живут свою лучшую жизнь - путешествия, курсы, бьюти и шоппинг туры, ботокс процедуры, массажи, эпиляции разных зон. А мужья айтишниц готовят, стирают, убирают, носят кофе на зум созвоны, занимаются всеми хозяйственными делами…
  • 22 см
    08.12.2025
    Феминизм победил? , гэта не перамога фэмэнізму, гэта духоўная параза беларускіх мужыкоў...

Цяпер чытаюць

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Усе навіны →
Усе навіны

Cмехаёга: мастацтва выклікаць смех штучна2

Лукашэнка на перамовах у Амане ўставіў такое слова, што перакладчыца на арабскую разгубілася8

У Лідзе пабраліся шлюбам 15‑гадовыя хлопец і дзяўчына. Самай маладой маме Гродзеншчыны таксама 156

Фрыдман: Трампа цалкам задаволіць аўтарытарны рэжым у Мінску, які працягне арыентавацца на Расію16

«У плане былі яшчэ некалькі краін». Маршрут Лукашэнкі складалі так, каб не надта біла па здароўі5

«У Заліве так прынята». Эйсмант апраўдалася, чаму Лукашэнка лётаў у Аман з сынамі12

«Хачу ствараць звышлюдзей». У Бельгіі 15‑гадовы вундэркінд абараніў ужо другую доктарскую дысертацыю па фізіцы8

«Госці хацелі сесці за сталом з канапамі, але гэта небяспечна». Мінскае кафэ пракаментавала скандал з дзяўчынкай з інваліднасцю4

Беларусам можна не плаціць па крэдытах, якія аформілі махляры. Вось у якіх выпадках

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

У Брэсце кіроўца маршруткі гуляў у анлайн-казіно падчас паездкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць