Грамадства33

У Ціханоўскіх першы сямейны Новы год за 5 гадоў. Як ставяць ялінку і хто будзе наразаць салаты?

Сёлета сям'я ўпершыню за пяць гадоў будзе сустракаць Новы год у поўным складзе. Як цяпер у іх, ужо палітыкаў, выглядае святкаванне і наколькі яно тыповае? Бо зараз на звычайнае жыццё накладваюцца абавязацельствы, графік, а яшчэ меры бяспекі. «Белсат» задаў Святлане Ціханоўскай 10 пытанняў пра святкаванне Новага года.

— Калі вы ставіце ялінку? Раскажыце, якую выбіраеце, Ці ёсць нейкія сямейныя рытуалы, любімыя цацкі ў дзяцей?

— У Беларусі на лецішчы была жывая. У кватэры ставілі штучную. Ёсць любімы набор цацак, але ён застаўся ў нашай кватэры ў Беларусі. Тут цацкі, у асноўным, падораныя беларусамі або сябрамі. Хэнд-мэйд анёлкі, саламяныя павукі і іншыя выдатныя рэчы, зробленыя сваімі рукамі.

Самае галоўнае для нас у Новы год — быць разам, усёй сям'ёй. Сяргей абавязкова прыязджаў з любых камандзіровак. Мы рыхтаваліся да свята, чакалі гасцей, часам з'язджалі толькі сям'ёй на лецішча, а калі заставаліся ў горадзе — выходзілі на гарадскую ёлку. Гэтая традыцыя ўпершыню перапынілася 1 студзеня 2020 года: Сяргей быў на сутках за ўдзел у мітынгах супраць інтэграцыі з Расіяй у абарону суверэнітэту Беларусі, якія ў снежні 2019‑га праводзіў Мікалай Статкевіч. А наступныя пяць гадоў вы і самі ведаеце, як было.

І вось зараз мы зноў разам. Час адраджаць сямейныя традыцыі, а то і закладваць новыя. Паглядзім, як пойдзе.

— Цяпер вы не проста муж і жонка, бацькі, а палітычныя лідары. Як выглядае ваш навагодні стол і без чаго не абыходзіцца? Будзеце гатаваць самі або замовіце дастаўку?

— Мы ж у першы раз будзем сустракаць разам у такой якасці! Будзем гатаваць, вядома. Раней заўсёды збіраліся вялікай кампаніяй, з сябрамі, блізкімі, таму на навагоднім стале заўсёды быў велізарны выбар страў. У гэтым годзе будзем толькі сваёй сям'ёй, учатырох. Таму ежы нам трэба няшмат, каб не сапсавалася, але і так, каб было што даядаць 1 студзеня!

Думаю, навагодні стол як ва ўсіх: «гарошак» (аліўе), «кукуруза» (з крабавымі палачкамі) і селядзец пад футрам. Ну і, вядома, куды ж без катлет па-ціханоўску!

— Хто ў сям'і наразае салаты і хто будзе адказваць за іх сёлета: Сяргей ці Святлана?

— Хто вольны, той і наразае. Спадзяюся, гэтым разам у абоіх будзе час. Так што папрацуем разам. Ну і дзеці падключацца: яны ўжо дарослыя, будуць дапамагаць. А вось мангал і мясное — заўсёды на Сяргею.

«У цуды я больш не веру»

— Калі звычайна сядайце за стол? І ці ёсць гэтае знаёмае шмат каму «да 12 яшчэ далёка, а мы ўжо пад'елі»?

— Звычкі з часам мяняюцца. Залежыць ад таго, у якім коле святкуеш, звычайна садзіліся за гадзіну-дзве.

Ведаеце, звычайна мамы кажуць: «Не чапай, гэта на Новы год!» Але я не бачу нічога дрэннага ў тым, каб сёлета спакойна павячэраць, а ў Новы год проста выпіць шампанскага, загадаць жаданне і не сядзець за сталом да «перамогі». Думаю, сядзем за стол разам з беларусамі паводле беларускага часу, каб разам праводзіць год, які сыходзіць, і сустрэць Новы!

— Ці глядзіце ваш навагодні зварот з дзецьмі? Сёлета Сяргей зможа ўпершыню яго паглядзець. Ці глядзелі ў вашай сям'і зварот Лукашэнкі раней і ці звяртаеце на яго ўвагу цяпер?

— Глядзелі тое, што паказвалі, выбару асабліва ж і не было. Але ў першую чаргу — на гадзіннік, каб Новы год не прапусціць. Цяпер выбар ёсць, і, вядома, глядзім наш зварот. Па-першае, я ж яго ў гатовым варыянце таксама ў першы раз бачу. Ну, і я ж не адна — там шмат беларусаў. Дарэчы, глядзім абавязкова і Зяленскага. А пасля паўночы-навагоднія шоу, якія робяць беларусы: на «Белсаце», «Маланцы» і ў іншых медыях.

— А 00:00 загадваеце жаданне?

— Абавязкова загадваем! І гэтым разам яно часткова споўнілася! Сяргей выйшаў на волю, выйшлі яшчэ амаль 200 палітвязняў. Гэта вельмі крута. Але ў цуды я больш не веру, калі шчыра. Усё дасягаецца працай і намаганнямі. Таму жаданні — гэта як мэта, да якой мы павінны імкнуцца.

— Ці дорыце адно аднаму падарункі? Адкрываеце адразу пасля пачатку новага года?

— Безумоўна. Дзецям стараемся пакласці пад ялінку. Сабе — па-рознаму. У нас няма абавязковай традыцыі, што раніцай 1 студзеня ідзем адкрываць падарункі. То самі не вытрымаем і раней падорым, то замоўленае пазней прыйдзе, то дзецям нецярплівіцца, і яны бягуць адкрываць адразу пасля наступлення Новага года. Так што бывае па-рознаму.

«Вельмі балюча, што не магу ўсім патэлефанаваць, як раней»

— У святы на вас як на сям'ю палітычных лідараў як-небудзь уплываюць правілы бяспекі?

— Пабачым. Першы раз мы будзем святкаваць «сям'ёй палітычных лідараў». Але ў любым выпадку — гэта сямейнае свята, хатняе. Так што ні на што асабліва правілы бяспекі паўплываць не могуць. Мой дом — мая крэпасць.

— Беларусы любяць у першыя гадзіны 1 студзеня «ісці на ёлку», сустракацца са знаёмымі і далей адзначаць разам. Вы рабілі так у Беларусі і ці выходзіце на вуліцу цяпер?

— Абавязкова пасля сустрэчы Новага года трэба было кудысьці выйсці. Калі побач была ёлка, хадзілі на ёлку. Калі на лецішчы святкавалі — ішлі на вуліцу, запускалі феерверкі, хлапушкі. Цяпер, вядома, гэтага не робім: трэба берагчы прыроду. Калі маладзейшыя былі, і па гасцях хадзілі. Але выхад з дому абавязкова быў!

— Таксама ў многіх пачынаецца кругазварот званкоў блізкім, сябрам з віншаваннямі. Да таго, як палітыка змяніла ваша жыццё, у вас такая ж звычка была? Тэлефануеце камусьці цяпер і ці стаў спіс нумароў меншы?

— Вельмі балюча, што не магу ўсім патэлефанаваць, як раней, каб не нашкодзіць. І я ведаю, што такая сітуацыя знаёмая многім беларусам. Жудасна, што людзей пераследуюць за званкі «не тым» або «лайкі не туды». Жудасна, што гэта стала звыклым. І наша задача — нагадваць адзін аднаму, што гэта не нармальна. Так не павінна быць!

Але з'явілася і шмат новых нумароў у спісе — па ўсім свеце. І нашы беларусы цяпер усюды, і саюзнікі-партнёры-сябры з іншых краін. Камусьці пішу сама, камусьці адказваю. Я зараз вось і спецыяльнае віншаванне для замежных лідараў па-ангельску запісваю. Праўда, не на Новы год, а на Каляды: тут больш іх адзначаюць.

— Уявіце ваш першы Новы год у Беларусі. Дзе, з кім і як бы вы яго хацелі правесці?

— О! Мы з задавальненнем вып'ем шампанскага! А беларусы колькі вып'юць! Думаю, гуляць будзем разам — як у 2020-м. Вельмі хацелася б прайсці па вуліцах Менску — і каб з бел-чырвона-белым сцягам! Уяўляю гэты момант — што зноў можна збірацца ўсім разам, не баяцца, тэлефанаваць родным і весяліцца… Ажно мурашкі па скуры.

Каментары3

  • бе
    30.12.2025
    Кому это интересно? Надоел искусственный пиар.
    К Мелкозерову не пришли прощаться
  • сказ
    30.12.2025
    А чаму патэлефанаваць не можа? Інтэрнэт не аплацілі?
  • ЯНКА
    01.01.2026
    [Рэд. выдалена]

Цяпер чытаюць

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу13

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў, што больш не абавязаны думаць пра мір, бо яму не ўручылі Нобелеўскую прэмію міру23

Калеснікава: Я не разумею, чаму Еўропа не пачала перамовы з Лукашэнкам раней за ЗША85

Асудзілі 33‑гадовую бухгалтарку з Брэста — імаверна, па справе Гаюна

Сталі вядомыя новыя падрабязнасці ДТЗ у Грозным: загінуў кіроўца аўто, у які ўехаў картэж Адама Кадырава8

ДТЗ на МКАД: таксоўка ўрэзалася ў дарожную тэхніку, пацярпелі двое дзяцей

Якія гістарычныя аб’екты ў Мінску адрэстаўруюць у наступныя гады1

Аварыя на цепламагістралі ў Мінску — жыхары пяці раёнаў могуць застацца з халоднымі батарэямі4

Больш за 20 чалавек загінулі на поўдні Іспаніі ў чыгуначнай катастрофе5

«Праспект Нежалезнасці» Мікіты Найдзёнава: жар, нахабства і шмат любімага Мінска3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу13

Пракуратура пра смерць Мелказёрава: журналіст меў хранічную хваробу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць