Вялікае рабаванне банка ў Германіі. Як злачынцы скарысталі Каляды і абчысцілі амаль усе ячэйкі
З сейфаў выкралі каля 30 млн еўра наяўнымі і каштоўнасцямі.

Злодзеі выкарысталі вялікую дрыль, каб прабрацца ў банк Sparkasse на ажыўленай вуліцы горада Гельзэнкірхен на захадзе Германіі. Рабаванне было арганізавана ў ціхія выходныя пасля Калядаў. З сейфаў выкралі каля 30 млн еўра наяўнымі і каштоўнасцямі, паведаміла паліцыя, піша Бі-бі-сі.
Прадстаўнік паліцыі параўнаў гэтае рабаванне з галівудскім фільмам «Адзінаццаць сяброў Оўшэна», адзначыўшы ў каментарыі для агенцтва AFP, што яно было «выканана вельмі прафесійна».
Падчас рабавання ў аддзяленні банка Sparkasse ў горадзе Гельзенкірхен злодзеі ўзламалі больш за 3 тысячы сейфавых ячэек. У іх захоўваліся грошы, золата і каштоўнасці.
Паліцыя паведаміла, што даведалася пра злачынства пасля таго, як раніцай панядзелка, 29 снежня, спрацавала сігналізацыя.
На гэты момант нікога не затрымалі. Злачынцы застаюцца на волі. Першыя вынікі расследавання сведчаць, што злодзеі трапілі ў банк і ўцяклі праз суседні паркінг.
Сведкі распавялі, што бачылі ў гаражы некалькіх мужчын, якія ў ноч з суботы на нядзелю неслі вялікія торбы.
Паліцыя заявіла, што на відэазапісах відаць чорны Audi RS6, які выязджае з гаража на вуліцы Дэ-ла-Шавалье раніцай у панядзелак, 29 снежня. Адтуліну, якая вяла да падземнага сховішча, выявілі пасля спрацоўвання пажарнай сігналізацыі. Паліцыя разам з пажарнымі агледзела будынак.
У аўторак, 30 снежня, паліцыя перакрыла ўваход у аддзяленне банка пасля таго, як каля яго сабралася вялікая колькасць кліентаў, якія патрабавалі інфармацыі.
«Я не мог заснуць той ноччу. Мы не атрымліваем ніякай інфармацыі», — распавёў адзін мужчына нямецкаму тэлеканалу Welt.
Паводле даных Reuters, людзі казалі, што ў банку захоўваліся іх зберажэнні на старасць. У Sparkasse паведамілі, што злодзеі ўзламалі 95% сейфавых ячэек кліентаў.
Таксама ў банку дадалі, што змесціва кожнай ячэйкі застрахавана на суму да 10 300 еўра і параілі кліентам праверыць, ці маюць яны дадатковую хатнюю страхоўку.
-
Бенгальскія агні на шампанскім сталі прычынай пажару ў бары ў Швейцарыі, дзе загінулі 40 чалавек
-
Кіруючая партыя Германіі хоча высылаць сірыйцаў, якія беглі ад грамадзянскай вайны, назад на радзіму — нават рэгулярнымі рэйсамі
-
Еўракамісія пачала расследаванне з-за тыктокаў, створаных з дапамогай штучнага інтэлекту, якія заклікаюць да выхаду Польшчы з ЕС
Цяпер чытаюць
Топавы перакладчык паехаў у Беларусь мяняць пашпарт — і сеў за данаты. «КДБ паглядзеў на суму і вырашыў, што ніхто ў здаровым розуме не можа выдаткаваць столькі ўласных грошай»
Каментары
І рабаваньне таксама Вялікае