Пісьменнік і краязнавец Леанід Лаўрэш апублікаваў дзве кнігі, якія знаёмяць чытача з гісторыяй міжваеннай Вільні і Заходняй Беларусі.
Адна з іх — скарочаны пераклад «Віленскага альбома» Станіслава Лорэнца, другая — зборнік выбраных артыкулаў віленскага пісьменніка і журналіста Юзафа Мацкевіча. Тэксты перакладзеныя з польскай мовы і даступныя для вольнага сцягвання ў фармаце PDF на сайце Academia.edu, паведамляе Bellit.info.
У зборнік «Тут заўсёды было сэрца Вялікага Княства…» ўвайшлі пераклады некаторых газетных артыкулаў Юзафа Мацкевіча 1930‑х гадоў, перадусім тых, якія на думку перакладчыка былі б цікавыя беларускаму чытачу. Сярод іншага, некалькі інтэрв’ю з драматургам, тэатральным дзеячам і празаікам Францішкам Аляхновічам пасля адбыцця некалькіх гадоў катаргі ў Салавецкім лагеры.
«Дадам яшчэ, што мне як пісьменніку, было небескарысна займацца перакладам Мацкевіча, бо яго проза, яго стыль, яго крытычны і саркастычны розум, па-сапраўднаму завабліваюць. Есць у гэтым зборніку і некалькі тэкстаў яго брата Станіслава, якія сэнсава дапаўняюць артыкулы Юзафа Мацкевіча», — піша ва ўступным слове перакладчык Леанід Лаўрэш.

«Віленскі альбом» — выбраныя ўспаміны доктара Станіслава Лорэнца (Stanisław Lorentz), віленскага кансерватара ў 1929—1935 гадах, які адказваў за захаванне і рэстаўрацыю гістарычных помнікаў.
У выданні згадваюцца важныя для беларусаў прозвішчы: ад Фердынанда Рушчыца і Яна Булгака да Адама Міцкевіча і Антона Луцкевіча
Абедзве кнігі змяшчаюць каментары ад укладальніка і перакладчыка Леаніда Лаўрэша.
Каментары